Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў

Калі батальён маёра Грыдзіна выйшаў з акружэння, байцоў у ім было не больш, чым у роце. Мачалаў думаў, што самы цяжкі час у іх ужо ззаду. Аднак лёс рыхтаваў для яго новыя выпрабаванні.

Тут, на фронце, батальён вёў цяжкія знясільваючыя баі. Тоненькая змейка акопаў з рэдкім ланцужком чырвонаармейцаў паўстала на шляху ўзброенага танкамі, бронетранспарцёрамі і самалётамі пераўзыходзячага па сіле ворага. Былі моманты, калі старшы лейтэнант у думках развітваўся з жыццём, лічачы, што з такога пекла ўжо не выбрацца. Прыйшлося перажыць звычайны чалавечы страх, ганьбу адступлення і нават уцёкі, страты дарагіх сэрцу людзей.

Але вось наступіла і наша чарга. Паспяховае наступленне пад Масквой паказала ўсяму свету, што фашысцкі план маланкавай вайны праваліўся. Немцы тады страцілі больш як паўмільёна салдат, пятнаццаць тысяч машын, тысячу трыста танкаў, дзве з паловай тысячы гармат і шмат іншай тэхнікі. Гітлераўцы былі вымушаны ўцякаць на сто пяцьдзясят — трыста кіламетраў ад Масквы. Гэта была перамога не толькі нашай зброі, гэта было сведчанне высокага маральнага духу чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Мачалаў ганарыўся, што і яго рота знаходзілася на перадавой.

Пасля таго памятнага наступлення прыйшоў загад перайсці да абароны. Мачалаў памятаў, як абураліся тады байцы і камандзіры, усё рваліся ў бой. Але было загадана капаць акопы, мініраваць подступы да пярэдняга краю, ставіць драцяныя загароды, будаваць бліндажы.

Неўзабаве батальён маёра Грыдзіна быў зняты з перадавой і накіраваны ў тыл для адпачынку і папаўнення.

Колькі каштавала сіл Мачалаву, каб выпрасіць на роту хоць бы пяць аўтаматаў. Неяк у дом, у якім знаходзіўся Мачалаў, зазірнуў камандзір палка. Мачалаў, не саромеючыся, што разам з падпалкоўнікам знаходзіўся і Грыдзін, звярнуўся да яго:

— Таварыш падпалкоўнік, дапамажыце мне! — І, заўважыўшы, як у камандзіра палка здзіўлена, выгінаючыся дугой, папаўзлі ўгару бровы, растлумачыў: — Мяркуйце самі, далі мне ў роту папаўненне, а з сарака двух чалавек — трыццаць дзевяць навічкоў. А чаго я прашу? Мізэр, усяго пяць аўтаматаў. А мне — кукіш, не даюць.

— Дык дзе ж я табе вазьму гэтыя аўтаматы? — умяшаўся Грыдзін.

— Калі захочаце, таварыш маёр, то знойдзеце! Гранат амаль няма. Прасіў, дайце хоць адно процітанкавае ружжо — таксама няма. Як жа я буду ваяваць?

Падпалкоўнік сумна ўсміхнуўся. Ён разумеў хваляванне гэтага высокага, з гарачымі ад узрушанасці вачамі старшага лейтэнанта, дасведчанага і адважнага камандзіра. Але як растлумачыць яму, што цяпер яшчэ няма ў арміі ў дастатковай колькасці боепрыпасаў. Артылерыя, напрыклад, атрымала загад расходаваць штодня па адным-два снарады на гармату. Не ставала мін і процітанкавых гармат. Але пра гэта нават свайму падначаленаму, праверанаму ў баях камандзіру, не мог сказаць падпалкоўнік. Толькі две гадзіны назад ён з болем у сэрцы загадаў прыдадзеную яго палку батарэю рэактыўных мінамётаў адвесці ў тыл, бо не было снарадаў.

Падпалкоўнік паглядзеў на камандзіра батальёна:

— Лявон Кандрацьевіч, выдзелі старшаму лейтэнанту пяць ПКШ. — Заўважыўшы, што камбат хоча запярэчыць, строга сказаў: — Без размоў! — І ўжо цяплейшым голасам дадаў: — Я табе кампенсую.

Мачалаў так узрадаваўся, што спачатку хацеў чамусьці крыкнуць: «Служу Савецкаму Саюзу!» — але своечасова спахапіўся і радасна сказаў:

— Дзякуй, таварыш падпалкоўнік!

Камандзір палка накіраваўся да дзвярэй, за ім Грыдзін.

Ужо ля самага выхаду маёр Грыдзін павярнуўся і моўчкі паказаў Мачалаву кулак, але старшы лейтэнант нявінна ўсміхнуўся. Галоўнае было зроблена: аўтаматы, якія толькі пачалі паступаць на ўзбраенне, ён здабыў. Пётр адшукаў старшыну і загадаў яму неадкладна атрымаць аўтаматы.

Зрабіў гэта Мачалаў своечасова, бо камандзір палка на наступны дзень адбыў у дывізію на павышэнне, а маёр Грыдзін быў прызначаны на яго месца.

Камплектаванне заканчвалася, і па ўсім было відаць, што неўзабаве зноў на пярэднюю лінію фронту. Камандзіры рыхтавалі навічкоў да хуткіх баёў. Мачалаў папрасіў вопытных байцоў псіхалагічна падрыхтаваць навабранцаў да тых умоў, у якіх яны апынуцца.

У клопатах і хвалюючым чаканні прайшло яшчэ два дні. І вось паступіў загад высунуцца на баявыя пазіцыі. Зборы былі нядоўгія, а шлях да лініі фронту кароткі. Увечары нядаўна прызначаны камандзір батальёна выклікаў да сябе камандзіраў рот, пазнаёміў са становішчам, якое склалася на іх участку фронту, і зірнуў на Мачалава:

— Вам даручаецца змяніць вось на гэтым участку, — ён алоўкам паказаў месца, — роту батальёна, якая адводзіцца ў тыл для адпачынку і папаўнення. На месцы з дапамогай камандзіра гэтай роты пазнаёміцеся з абстаноўкай і мясцовасцю. Заўтра ў адзінаццаць нуль-нуль чакаю вашага дакладу. Пытанні ёсць?

— Не, таварыш капітан! — адказаў Мачалаў, а сам уважліва зірнуў на камбата.

Тарасаў здаваўся поўнай супрацьлегласцю Грыдзіну. Высокі, рослы, ён неяк падазрона і насцярожана глядзеў на суразмоўцу з-пад паўапушчаных доўгіх веек, нібы чакаў, што яму тут жа стануць пярэчыць. Нягледзячы на стамляльны пераход да лініі фронту, ён быў чыста выгалены і апрануты ў акуратна падагнаную, старанна адпрасаваную форму.

«Нічога, перадавая навучыць цябе больш увагі надаваць не свайму абмундзіраванню, а людзям, з якімі табе давядзецца ваяваць», — падумаў Мачалаў, накіроўваючыся да выхаду. На вуліцы ён паглядзеў на неба, яно было зацягнута аблокамі. Крочачы да сваёй роты, Мачалаў паспеў падумаць, што зіма зацята не хоча здаваць свае пазіцыі. Днём на дарогах па ледзяных жолабах цяклі вясновыя раўчукі, ярка і цёпла свяціла сонца, а цяпер усё падмерзла, дзьмуў халодны вецер.

Камандзіры ўзводаў сабраліся і чакалі прыходу Мачалава. Калі ўваходзіў ён, яны над чымсьці гучна смяяліся. Пётр Пятровіч паведаміў пра загад і разгарнуў на стале карту:

— Становішча вывучыце на месцы. У гутарцы з камандзірамі ўзводаў, якіх будзеце змяняць, абавязкова даведайцеся пра мінныя палі, танканебяспечныя накірункі, пра характар сіл праціўніка, яго паводзінах і агнявых сродках. Аб усім гэтым даложыце мне заўтра ў дзевяць трыццаць. Людзей трэба вывесці ў першыя траншэі сёння ўначы. Абавязкова растлумачце, асабліва новенькім, як трэба паводзіць сябе на пярэдняй лініі. Напэўна, кожная купіна і кожны грудок немцамі прыстраляны. Высунуць днём галаву дзеля цікаўнасці і — гатовыя! Першым часам у дазоры трымаеце вопытных чырвонаармейцаў, ім у дапамогу можна выдзеліць і навічкоў, хай вучацца. Праверце, як акопы прыстасаваны да адбіцця нападаў праціўніка: ці ёсць норы, ці ўмацаваны брустверы, ці не зацякае дно.

Пасля інструктажу старшы лейтэнант спытаў:

— Ну, а зараз скажыце, чаго ржалі, як жарабцы, перад маім прыходам, нават немцы і тыя, напэўна, вырашылі, што да нас артысты прыехалі?

Камандзіры ўзводаў заўсміхаліся і моўчкі паглядалі адзін на аднаго. Нарэшце малодшы лейтэнант Кураўлёў сказаў, ківаючы на лейтэнанта з перавязаным пальцам на левай руцэ:

— Ды вось Хмялько ўспомніў эпізод са сваёй біяграфіі і нас заадно пасмяшыў.

— Ды кінь ты трапацца! — махнуў здаровай рукой Хмялько і патлумачыў Мачалаву: — Гэта я ім расказаў самы кароткі анекдот.

— Калі ён сапраўды кароткі, то паўтары, — папрасіў старшы лейтэнант.

— Гэта можна. Слухайце: прыйшоў да кума ў госці, а ён, падлюка, дома.

Мачалаў засмяяўся разам з усімі. Пётр Пятровіч, падыгрываючы вясёламу настрою камандзіраў, сказаў, звяртаючыся да Хмялько:

— Глядзі, Іван, прыйдзеш мяняць узвод, а ён не ў прыклад твайму куму ўжо з пазіцый у тыл адышоў, так што спяшайся.

Усе, гучна перагаворваючыся паміж сабой, пачалі выходзіць з бліндажа.

Чырвонаармейцам роты ў гэту ноч спаць не атрымалася. Уладкоўваліся на новым месцы, наводзілі парадак у бліндажах. Па загадзе Мачалава нацягалі жэрдак і паскладалі іх на дно акопаў, каб выратавацца ад вады.

Раніца заспела Мачалава ў акопах. Роўна ў дзевяць трыццаць ён выслухаў даклады камандзіраў узводаў і накіраваўся да камбата. Было роўна адзінаццаць гадзін, калі ён адсунуў рукой плашч-палатку, якая вісела ля ўвахода ў бліндаж камбата:

— Дазвольце, таварыш капітан?

— А, Пётр Пятровіч! — зусім іншым голасам, чым размаўляў учора, прагаварыў Тарасаў і, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач, працягнуў руку: — Дабрыдзень! Ну, як уладкаваліся?

— Лічу, што нармальна, — Мачалаў падрабязна далажыў аб участку абароны, які займае рота. Камбат быў вясёлы, уважлівы і добразычлівы. Старшы лейтэнант вырашыў скарыстацца тым, што ў яго добры настрой, і спытаў:

— Таварыш капітан, уся мясцовасць перад мной танканебяспечная, міны ёсць, хоць «пасеў» рэдкі, вось калі б мне хоць адно процітанкавае ружжо!

— Добра, дам, — нечакана лёгка пагадзіўся камбат. Затым распытаў Мачалава, адкуль ён родам, ці даўно ў войску. Даведаўшыся, што сям’я засталася ў акупацыі, спытаў:

— Не звярталіся да камандавання, каб яно праз партызан паспрабавала высветліць што-небудзь пра іх лёс?

— А хіба можна гэта зрабіць?

— Я даведаюся і скажу.

Пётр Пятровіч вяртаўся ў роту ў добрым настроі. Сёння камбат яму адназначна спадабаўся.

Немцы з кулямётаў і стралковай зброі абстрэльвалі пазіцыі роты.

«Добра, што мінамёты рэдка б’юць, — падумаў ён, — навічкоў паступова прывучаць да абстаноўкі. Немцы, напэўна, чулі ўначы валтузню ў нашых акопах і зараз на ўсякі выпадак прашчупваюць нас».

Дзе паўзком, дзе кароткімі перабежкамі ён абышоў увесь участак абароны, папярэдзіў камандзіраў узводаў, каб не адказвалі на стральбу немцаў і тыя не разгадалі сістэму абароны.

Брудны, мокры і стомлены, да абеду дабраўся да свайго бліндажа. Якраз падаспелі харчавікі і старшына — пажылы рыжавусы Леркаў — адразу ж пачаў завіхацца ля скрыні з-пад снарадаў, якая служыла сталом.

Толькі ўзяў Мачалаў у руку лыжку, як у бліндаж уварваўся пасыльны ад камандзіра другога ўзвода:

— Таварыш старшы лейтэнант! Танкі!

Мачалаў загадаў старшыне далажыць пра напад немцаў камбату, а сам падскочыў да сцяны, дзе віселі шынель і новенькі аўтамат, які ён яшчэ не паспеў прыстраляць, і ўслед за чырвонаармейцам выскачыў з бліндажа. Пазіцыі другога ўзвода пачыналіся злева, у ста метрах. Мачалаў са шкадаваннем падумаў, што ён яшчэ не паспеў высветліць, дзе знаходзіцца пазіцыя артылерыстаў. І без бінокля ён добра бачыў, як да нашых траншэй набліжаліся тры танкі і тры бронетранспарцёры. У гэты момант у паветры з’явілася некалькі самалётаў. Яны ішлі прама на пазіцыі роты. Мачалаў з усіх сіл кінуўся да акопаў, у галаве білася адна толькі думка: «Толькі б паспець, толькі б паспець да пачатку бамбардзіравання да акопаў дабегчы!»

І раптам наперадзе ўбачыў адразу некалькі чорных снапоў узрываў. «Што, ужо бамбяць?» — падумаў ён здзіўлена, яму здавалася, што самалёты яшчэ не даляцелі. Вось і акопы. Ён саскочыў на дно. І адразу ж падняў галаву, спрабуючы палічыць, колькі самалётаў у небе.

І зноў здзівіўся, убачыўшы, што чатыры бамбардзіроўшчыкі яшчэ толькі становяцца ў круг. І тады старшы лейтэнант зразумеў, хто дзяўбе мерзлую зямлю: «Як жа гэта я адразу не здагадаўся! Артылерыя б’е». І ён пачаў аглядацца па баках. Чырвонаармейцы, часта ўзнімаючы галовы, валтузіліся на сваіх месцах, рыхтуючыся да бою. З неба неслася пранізлівае выццё. Старшы лейтэнант падняў галаву і ўбачыў, здавалася, пікіруючы прама на яго бамбардзіроўшчык. Яму ўжо шмат разоў даводзілася бываць пад бамбёжкай, бачыць, як ляцяць з выццём да зямлі варожыя бамбардзіроўшчыкі, але кожны раз ад гэтага відовішча скоўваліся мышцы, расслаблялася воля. Гледзячы на самалёт, які прыбліжаўся да зямлі, чырвонаармейцы апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй у акопы. Знізу хтосьці тузануў Мачалава за шынель. Ён здзівіўся, убачыўшы камандзіра ўзвода Хмялько, які, седзячы на кукішках, шчыльна прыціснуўся да мерзлай сцяны акопа:

— Хавайся, старшы лейтэнант! Глядзі, ужо бомбы да зямлі пайшлі!

Мачалаў апусціўся на калені, зноў падняў галаву ўгару, і тут зямля нібы стала бокам, ускалыхнулася, гучна застагнала, і на імгненне адчуў сябе ў стане бязважкасці. Гэта адна з бомбаў звалілася недалёка ад іх. Выбуховая хваля падхапіла Мачалава і шпурнула ўздоўж траншэі. Падаючы, ён моцна стукнуўся грудзьмі аб штосьці цвёрдае. Ледзь прыпадняўся і пачаў праціраць засыпаныя зямлёй вочы. Калі адкрыў іх, то ўбачыў свой аўтамат, які валяўся на дне акопа. Дзесьці далей у акопе пачуўся крык. «Паранены», — здагадаўся Мачалаў, але ўбачыць нічога не змог. Задушлівы, цёмны дым ад узрываў, уперамешку з зямлёй і гарай, зацягнуў траншэю. «А дзе ж Хмялько?» — успомніў пра камандзіра ўзвода старшы лейтэнант і пачаў круціць галавой, спрабуючы зарыентавацца і адшукаць месца, дзе павінен быць камандзір узвода. Нарэшце ён зразумеў, з якога боку прынесла яго выбуховая хваля, падхапіў рукой аўтамат і хістаючыся пайшоў. Ён адразу ж убачыў Хмялько. Той працягваў сядзець у нейкай ненатуральнай позе. У гэта імгненне наперадзе вухнуў выбух. Мачалаў упаў і тут жа адчуў, што на яго звалілася штосьці цяжкае. «Прысыпала», — здагадаўся ён, баючыся адкрыць вочы, каб зноў не зацерушыць іх зямлёй. Паварушыўшыся, вызваліўся ад цяжару і працёр твар. Адкрыўшы вочы, убачыў побач з сабой Хмялько. Лейтэнант ляжаў нерухома, уткнуўшыся тварам у дробныя камякі мерзлай зямлі, перамяшанай са снегам.

— Што, паранены? — спытаў Мачалаў, але голасу свайго не пачуў, усё ўтапілася ў чарговым грукаце выбуху. Ён перавярнуў Хмялько і з жахам глядзеў на яго. Замест твару — суцэльная крывавая, перамяшаная з зямлёй калатуша. «Забіты! Дык гэта ж яго мёртвага шпурнула на мяне выбуховай хваляй».

Старшы лейтэнант паклаў ля сценкі камандзіра ўзвода і прыпадняўся на ногі. Яму хацелася крыкнуць, паклікаць каго-небудзь, але вакол працягвала вухкаць, зямля цяжка ўздрыгвала ад выбухаў.

Ён вызірнуў з акопа і ўбачыў, што танкі, пераадолеўшы траншэі сваёй пяхоты, павольна рухаліся наперад. Мачалаў пабег па траншэі, спатыкаючыся аб забітых і параненых. Ён з жахам думаў: «Няўжо ўсіх пазабівала?» Але вось з-за павароту, яму насустрач, выскачылі два чырвонаармейцы. Яны цягнулі кулямёт. І ў гэты момант наступіла цішыня.

«Цяпер пойдуць у атаку!» — падумаў Мачалаў і, жэстам спыніўшы чырвонаармейцаў, вызірнуў з траншэі. Услед за танкамі беглі цёмныя фігуркі. Камандзір перавёў погляд на чырвонаармейцаў. Пазнаў сяржанта Рубава, другі, верагодна, быў навічок:

— Куды вы?

— На правы фланг, адтуль будзе зручна пяхоту адсякаць.

Мачалаў яшчэ раз зірнуў у бок немцаў і згодна кіўнуў галавой:

— Правільна, дзейнічайце! — А сам пабег далей. Адразу ж за невялікім паваротам убачыў, як у траншэі рыхтуюцца да бою чырвонаармейцы. Гучна спытаў:

— Дзе сяржант Ерамееў?

Па ланцужку пранеслася: «Ерамеева, Ерамеева да камандзіра роты!»

Сяржант з’явіўся хутка. Цыбаты, у куртатым шынялі, ён бег па траншэі нават не прыгінаючыся.

— Ерамееў, Хмялько забіты! Прымай камандаванне ўзводам і накіруй на правы фланг чалавекі чатыры, там усіх забіла. Пастарайся адсекчы пяхоту ад танкаў, падрыхтуй гранаты і бутэлькі. Я — у першы ўзвод.

Ерамееў моўчкі слухаў яго, а сам вачамі адшукваў патрэбных яму людзей, кідаў уважлівыя погляды на атакуючых.

Мачалаў пабег да пазіцый першага ўзвода. Яму здавалася, што гэты ўзвод пацярпеў менш, чым другі, і ён спадзяваўся хоць аднаго аўтаматчыка перакінуць у другі ўзвод. Але варта было яму наблізіцца да пазіцыі ўзвода, як зразумеў, што тут нямецкая артылерыя і самалёты нарабілі нямала бяды. Траншэя ў многіх месцах была разбурана прамымі пападаннямі бомбаў і снарадаў. Аднаго позірку было дастаткова, каб вызначыць, што забіта не меней як дзясятак чалавек. Камандзір узвода Кураўлёў знаходзіўся недалёка і, убачыўшы Мачалава, падбег да яго:

— Прама навідавоку фрыцы падвялі да траншэй танкі і бронетранспарцёры, а затым ударылі з гармат і самалётаў.

— Шмат загінула?

— Сем.

— Параненых?

— Дзевяць, двое — цяжка.

Мачалаў уважліва паглядзеў на нейтральную паласу. Танкаў стала больш, ён налічыў восем. «Так, а колькі бронетранспарцёраў? Ужо пяць. Пакуль нас бамбілі ды гарматамі дзяўбалі, паспелі яшчэ танкі і бронетранспарцёры падцягнуць». Кураўлёў пракрычаў:

— Сувязны твой з’явіўся!

Мачалаў убачыў, як па траншэі бег Чарнышэнка — яго сувязны. Камроты яшчэ раз зірнуў на немцаў. Атрымлівалася, што трэці ўзвод пакуль не падвяргаўся нападу, і старшы лейтэнант загадаў сувязному:

— Чарнышэнка, хутка — да камандзіра трэцяга ўзвода! Хай выдзеліць двух сваіх аўтаматчыкаў і адзін ручны кулямёт у другі ўзвод, а свой агонь засяродзіць на пяхоце. Трэба адсекчы яе ад танкаў.

Сувязны пабег, а Мачалаў пачаў зноў сачыць за ворагам. На траншэі ўжо насоўвалася першая лінія танкаў: два накіроўваліся, здавалася, прама на яго, а адзін правей — на другі ўзвод.

Кураўлёў крыкнуў:

— Падрыхтаваць гранаты і бутэлькі!

Ён пацягнуў за руку Мачалава:

— Пойдзем, там у мяне ў нішы «гасцінцы» для іх прызапашаны.

Яны прабеглі крокаў дзесяць і спыніліся каля невялікай нішы. У ёй ляжалі дзве процітанкавыя гранаты і штук пяць бутэлек з запальнай сумессю. Схапілі па бутэльцы і тут жа прыселі. Над імі, ляскаючы і скрыгочучы гусеніцамі, абліваючы брудам, прайшоў першы танк.

«Галоўнае не спяшацца, — супакойваў сябе Мачалаў, сціскаючы бутэльку ў руцэ, — і не паварочваць бутэльку ўніз рыльцам. — І скамандаваў сам сабе: — Кідаць у зад!» Ён устаў на ногі, кінуў бутэльку на маторную частку і адразу ж прыгнуўся, бо па беражку траншэі стукнула аўтаматная чарга. Толькі цяпер звярнуў увагу на малодшага лейтэнанта, які ліхаманкава соваў яму другую бутэльку і, штосьці пракрычаўшы, пабег да цэнтра пазіцый другога ўзвода.

Мачалаў убачыў, што другая хваля атакуючых, якая складаецца з танкаў і бронетранспарцёраў, ужо блізка. За імі, хаваючыся за браняваныя карпусы, беглі пехацінцы. «Ага, значыць, дастаём да вас, калі хаваецеся за браню!» — падумаў камандзір роты і пракрычаў чырвонаармейцу, які стаяў у двух метрах ад яго:

— Адсякаць пяхоту!

Нават скрозь грукат Мачалаў пачуў адрыўкі каманды, што перадавалася па ланцужку. Паклаўшы на бруствер аўтамат, старшы лейтэнант пачаў біць кароткімі чэргамі па гітлераўцах, што рухаліся за танкам крыху лявей яго. Ён разумеў, што чырвонаармейцам, які проста ішоў на танк, было цяжка паразіць пяхоту, а з флангу гэта зрабіць зручней. Малчанаў убачыў, як пасля яго чаргі звалілася некалькі фашыстаў. Але іх тут жа захіліў ад яго бок бронетранспарцёра, і Пётр перавёў агонь на групу нямецкіх салдат, якія беглі за ім. І зноў некалькі немцаў зваліліся, але астатнія працягвалі бегчы. Яшчэ некалькі танкаў перапаўзлі праз траншэю. Ім услед паляцелі бутэлькі. Грукнуў моцны выбух, і бронетранспарцёр схаваўся ў воблаку чорнага дыму.

«На міну напароўся, — здагадаўся Мачалаў і зірнуў у бок другога ўзвода. Там таксама некалькі танкаў прайшлі праз траншэі, — два з іх гарэлі. — Бутэлькі спрацавалі». Другому ўзводу ўдалося адсекчы пяхоту ад браніраваных пачвар, і яна залягла. Але тут, на ўчастку абароны першага ўзвода, становішча было пагрозлівым. Удар большасці танкаў, бронетранспарцёраў і пяхоты прыйшоўся па яго пазіцыях. «Г алоўнае, каб людзі не завагаліся, — падумаў Мачалаў, — калі пабягуць з траншэі, канец!»

Ён перастаў страляць і пабег па траншэі, падбадзёрваючы чырвонаармейцаў, а сам злаваў: «Дзе ж Кураўлёў? Чаму маўчаць яго кулямёты?» Нечакана метрах у дваццаці ён убачыў немца, той трымаў у руцэ гранату з доўгай ручкай і відавочна збіраўся шпурнуць яе ў траншэю.

— А-а, гад! — крыкнуў Мачалаў і паласнуў па фашысце з аўтамата. Той не паспеў кінуць гранату і павольна апусціўся на зямлю.

Старшы лейтэнант адразу ж перавёў ствол аўтамата на другога фашыста, які трапіў у поле яго зроку, але той паспеў ужо шпурнуць гранату. Яна ляцела прама ў Мачалава. Ён убачыў яе блізка-блізка, паспрабаваў упасці, але, падаючы, зразумеў, што спазніўся. Моцны, гучны выбух — гэта апошняе, што ён чуў, і страціў прытомнасць.

Не бачыў Мачалаў, як з левага фланга дружна ўдарылі па немцах абодва кулямёты першага ўзвода. Гэта Кураўлёў, ацаніўшы сітуацыю, перакінуў кулямётчыкаў на левы фланг, і цяпер кінжальным агнём яны касілі пяхоту. Не бачыў камандзір роты, што ў немцаў гарэла пяць танкаў, што два бронетранспарцёры мёртва застылі, падарваўшыся на мінах. А яшчэ праз некалькі хвілін гітлераўцы ў паніцы кінуліся ўцякаць. Мачалаў ляжаў на боку, а з галавы тоненькім струменьчыкам цякла кроў.

Загрузка...