На рагу дзвюх небрукаваных вуліц спыніўся стары патрапаны «опель». З машыны выйшаў малады чалавек, апрануты ў брызентавы плашч, падняў галаву, жадаючы зразумець, ці хутка скончыцца дождж, і, павярнуўшы за рог, пашыбаваў па драўляным тратуары. Але праз метраў пяцьдзясят тратуар скончыўся, і малады чалавек рухаўся далей, старанна абыходзячы лужыны і бруд. Гэта быў оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Антон Крайнюк. Ён выконваў першае даручэнне новага начальніка аддзела каштана Мачалава. Антону падабаўся Караткоў, але калі даведаўся ён, што новым начальнікам прызначаны Мачалаў, то вельмі ўзрадаваўся. Свой чалавек, аднавясковец.
Антон бачыў, як цяжка было слухаць Пятру Пятровічу пра дарагіх яму людзей, якіх ужо няма ў жывых. Са слоў Валодзі Славіна Мачалаў ведаў, як сябравалі і дапамагалі адна адной маці Антона і Таццяна Андрэеўна. Цяпер іх абодвух — Крайнюка і Мачалава — аб’ядноўвала страта родных. Антону таксама было нялёгка пераносіць тое, што здарылася. Першым часам Глазкоў і Тамкоў нават баяліся за яго. Хлопец рваўся ў бой, не лічачыся ні з якой небяспекай, і калі яму там, у атрадзе, прапанавалі накіравацца разам са Славіным, то Антон адмовіўся. У той час ён марыў як мага хутчэй патрапіць на фронт і далей помсціць ворагу за смерць маці. З вялікай цяжкасцю ўдалося Караткову і Глазкову ўгаварыць Антона, што яго вопыт ляснога байца вельмі патрэбен на новым месцы. Тады Караткоў і Глазкоў вырашылі не прызначаць Антона старэйшым групы. Кіраўніком быў прызначаны Славін. Баяліся, што Крайнюк, убачыўшы гітлераўцаў, можа ўступіць у бой.
Атрымалася так, што група Славіна прыбыла да месца прызначэння разам з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі, і калі б не Караткоў, які з’явіўся ў горадзе адразу ж, то хто ведае, можа, Крайнюк не ўтрымаўся б зноў ад жадання пайсці на фронт.
Нарэшце Антон падышоў да патрэбнага дома і азірнуўся. Вуліца была пустой, ды і каму хочацца ў такое надвор’е з дому выходзіць. Крайнюк адкрыў рыпучую брамку, прайшоў па абкладзеным камянямі доўгім і вузкім двары і пхнуў уваходныя дзверы. Яго, відавочна, заўважылі праз акно, таму што ў калідоры сустрэў пажылы мужчына.
— Дабрыдзень, — сказаў Крайнюк, — вы Мараўскі?
— А вы хто будзеце? — не адказваючы на пытанне, спытаў гаспадар.
«Бач ты, які асцярожны, — падумаў Антон, — напэўна, гэта ён і ёсць.
Рост, узрост супадаюць, дый бародаўка, пра якую казаў Мачалаў, на носе».
— Я па справе. Дык гэта вы будзеце?
— Я. А што вы хочаце?
— Ну вось і добра, Казімір Казіміравіч, я — ад Караткова. Да дома не стаў пад’язджаць. Машына за рогам. Накіньце на сябе што-небудзь, на двары дождж, і падыходзьце туды, я вас буду чакаць.
Крайнюк павярнуўся, выйшаў на вуліцу і пайшоў назад. «Баязлівы мужык, у вачах толькі страх, і як ён толькі ў старасты патрапіў? Хоць чаго тут дзівіцца, такіх толькі і прызначалі».
Антон сеў на задняе сядзенне і стаў чакаць. Шафёр не зачыняў капот і працягваў рабіць выгляд, што корпаецца ў маторы. Нарэшце з’явіўся Мараўскі. Ён палахліва агледзеўся па баках і пайшоў да машыны. Каля машыны спыніўся і сцягнуў з плячэй кавалак брызенту. Крайнюк прыадчыніў дзверцы:
— Садзіцеся, Казімір Казіміравіч!
Пакуль стары, крэкчучы і вохкаючы, уціскаўся ў маленькі салон, шафёр зачыніў капот, сеў на сваё месца і завёў матор. Машына развярнулася і, падскокваючы на выбоінах, паехала да цэнтра горада.
— А чаму Сяргей Міронавіч не прыехаў?
— Зараз даведаецеся.
Мараўскі падазрона паглядзеў на Крайнюка. Яго, напэўна, некалькі збянтэжыў адказ Антона, і недавер да незнаёмага яшчэ больш узмацніўся.
— А чаму нават машына іншая, не тая, на якой Сяргей Міронавіч прыязджаў?
— Якая патрапілася, — коратка адказаў Антон, якога пачынала раздражняць падазронасць старога.
Ён, калі даведаўся са слоў Мачалава, што Мараўскі — былы стараста, здзіўлена сказаў: «Пётр Пятровіч, і чаго мы з ім важдаемся? Ён памагаты немцаў, а мы яго яшчэ павінны на машыне вазіць, няньчыцца з ім, быццам ён заслугоўвае гэтага. Ды яму, гаду, адна цана — куля ці вяроўка!» — «Супакойся, Антон, — усміхаўся Мачалаў, — не кожнага ворага трэба да сценкі ставіць. Прывыкай да гэтага, ты ж аператыўны работнік. Эх, вучыць цябе трэба. Вось ачысцім вобласць ад бандытаў і пашлём цябе ў школу. Ну, а што да Мараўскага, то ён, хоць і хадзіў у немцаў у паслугачах, але шкоды Савецкай уладзе і людзям не чыніў. Мне Караткоў расказаў, што калі прыйшла Чырвоная Армія, то ён сам з’явіўся ва УНКУС і паведаміў пра сваё мінулае, ды заадно падказаў, дзе група былых паліцаяў у лесе хавалася, і цэлы склад зброі дапамог знайсці. Дый пра Фядзько нам ён паведаміў і пра тое, што жонка Фядзько ў бацькі яго хаваецца. Праўда, палахлівы ён, гэты Мараўскі, збег з наседжанага гнязда і цяпер разам з жонкай тут, у горадзе, у роднага брата жыве».
І вось цяперз Крайнюк, выконваючы загад, вязе гэтага былога старасту да сябе ў аддзел, ды яшчэ, седзячы побач, павінен адказваць на яго дурныя пытанні. Ад абурэння Антон адвярнуўся ад старога і пачаў глядзець у запатнелае шкло.
Машына развярнулася і спынілася ля невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел па барацьбе з бандытызмам. Яны выйшлі з машыны, і Крайнюк правёў Мараўскага ў кабінет Мачалава. Спытаў:
— Мне можна ісці, Пётр Пятровіч?
— Не, пабудзь з намі, — адказаў Мачалаў і, прывітаўшыся з Мараўскім, сказаў: — Давайце знаёміцца: я — новы начальнік аддзела капітан Мачалаў. Завуць мяне Пятром Пятровічам. Пра вас, Казімір Казіміравіч, мне расказаў Сяргей Міронавіч Караткоў. Ён вам перадаваў прывітанне і прасіў прабачэння, што не развітаўся з вамі. Ён вельмі спяшаўся і ледзь паспеў справы здаць. Я трошкі асвоіўся і вырашыў сёння пазнаёміцца з вамі. Таму і паслаў за вамі.
— Ну і дзякуй Богу, — недарэчы чамусьці сказаў Мараўскі.
— Што, вы таксама хацелі сустрэцца са мной? — усміхнуўся Мачалаў.
— Не, не. — збянтэжыўся стары, — я, калі ўбачыў вось гэтага хлопца, сеў да яго ў машыну, крыху спалохаўся.
— Чаго ж вы спалохаліся?
— Ведаеце, Сяргей Міронавіч ніколі мяне не запрашаў сюды. Ён сам прыязджаў да мяне, і мы звычайна з ім сустракаліся і гутарылі ў іншых месцах.
— Правільна. Я надалей буду рабіць тое ж самае, але пагадзіцеся, калі б я сёння прыехаў да вас і пачаў гутарку, дык вы б мне, напэўна, не паверылі, а цяпер пабывалі ў нас у аддзеле, бачыце, што я той, за каго сябе выдаю, і ў вас сумненняў ніякіх не засталося. Ці не так?
— Так, так, вы маеце рацыю і паступілі правільна, — хутка пагадзіўся Мараўскі.
— Ну вось і цудоўна. Зараз давайце пяройдзем да справы. Ці не здаецца вам, Казімір Казіміравіч, што пара ўладкоўвацца на працу?
— Мне? Куды? Кім?
— Ну, напрыклад, на чыгунку, скажам, кладаўшчыком, які ўзначальвае склад, дзе, акрамя розных тавараў, маецца зброя сякая-такая і боепрыпасы.
— Але я ніколі на такой пасадзе не працаваў.
— Нічога, і старастай да вайны вы таксама ніколі не былі. Скажу вам прама. Нам гэта трэба для таго, каб скончыць з бандай Фядзько. Мы вам, як бачыце, давяраем і просім аказаць дапамогу. Месца для вас гатова, і з заўтрашняга дня вы павінны прыступіць да работы.
— І што я павінен рабіць?
— Працаваць і чакаць, пакуль да вас з’явіцца Фядзько ці хто-небудзь ад яго. Калі ў вас спытаюць вось пра гэтага чалавека, — Мачалаў працягнуў Мараўскаму лісток паперы, — дык вы павінны адказаць, што ён працуе ў аддзеле працоўнага забеспячэння ўпаўнаважаным па нарыхтоўках харчу, ездзіць па вёсках і што вы рэкамендавалі яму спыніцца на пастой у надзейнага чалавека — Браніслава Лешыка. Калі ў вас будуць прасіць зброю і патроны ці патрабаваць іх пагрозай ці шантажом, то ў прынцыпе згаджайцеся, але скажыце, што атрымаць у вас усё гэта і вывезці за межы базы можа толькі ваш сябар, які займаецца нарыхтоўкамі.
— Але гэта ж небяспечна. Вы ж, пан, прабачце.
— Пётр Пятровіч, — падказаў Мачалаў.
— Так, так, прабачце, Пётр Пятровіч, самі ведаеце, што з Фядзько жарты кароткія.
— Ведаю. Таму і хочам назаўжды скончыць з ім і яго бандай. Вы ж разумееце, што яму даравання не будзе, а гэта значыць, што вы зможаце спакойна вярнуцца ў вёску, у сваю хату.
— А Фядзько і яго сябрукі не даведаюцца, што я вам дапамагаю?
— Выключана. А для таго, каб вы адчувалі сябе смялей, з вамі будзе працаваць на складзе рабочым вось гэты хлопец, — Мачалаў кіўнуў у бок Крайнюка, — клічуць яго Антонам, прозвішча — Крайнюк. Ён чалавек новы ў гэтых месцах, і яго пакуль ніхто не ведае. Ну то, Казімір Казіміравіч, згодны?
Мараўскі чамусьці пажаваў вуснамі, нервова пакратаў гузікі на кашулі, а затым, дакрануўшыся рукой да калючай барады, адказаў:
— Я ж разумею, што адмаўляцца не маю права. Дый сам бачу, што гэта трэба, можа, і сапраўды да сябе ў хату змагу вярнуцца. Добра, Пётр Пятровіч, я згодзен.
— Ну вось і добра, — задаволена сказаў Мачалаў і паглядзеў на Крайнюка. — Што зажурыўся, рабочы склада, прысаджвайся бліжэй і давайце абмяркуем дэталі.