Пяцёра выйшлі з лесу і накіраваліся да вёскі. Ішлі асцярожна, ледзь перастаўляючы ногі па суглінкавым разараным полі. Нарэшце яны апынуліся ля хаты Лешыка. Адзін з іх штосьці сказаў сваім спадарожнікам, і тыя, перамахнуўшы праз плот, пачалі абыходзіць з двух бакоў будынак. Усе былі ўзброены: адзін з аўтаматам, астатнія з абрэзамі. Той, у якога вісеў на плячы аўтамат, вычакаў трохі, сам абышоў хату, зазіраючы ў вокны, падняўся на ганак, падышоў да дзвярэй, асцярожна пхнуў іх — адчынена. Ён пастаяў трохі, ступіў у цёмныя сенцы. Намацаў клямку, адчыніў дзверы, паглядзеў на людзей, якія знаходзіліся ў пакоі. Не вітаючыся, спытаў:
— Як маецеся?
Стары Лешык падняўся з табурэткі:
— Усё як трэба. Заходзь у хату — не халадзі.
Фядзько выняў руку з кішэні брызентавай курткі, увайшоў у пакой. Прывітаўся са Славіным, загадаў старому:
— Дай што-небудзь душу сагрэць, змакрэў наскрозь! — затым прысеў на лаву, кінуў погляд на Ядзю: — А ты сцягні боты: сатры бруд, анучы на печцы рассцялі.
Ядзя ледзь сцягнула мокрыя, брудныя боты, разматала анучы. Увайшоў гаспадар з бутляй самагонкі і закускай. Паставіў на стол. Фядзько наліў і залпам асушыў поўную шклянку, падсунуўся да Славіна.
— Колькі прынёс?
— Не лічыў. Падбіць бабкі можна цяпер.
Уладзімір увесь напружыўся: вось-вось павінен прагучаць умоўны сігнал, і тады трэба кінуцца на бандыта, не дазволіць яму схапіцца за зброю, даць магчымасць аператыўнікам уварвацца ў хату. У двары нечакана пачуўся прыглушаны стогн. Стары і Фядзько не ўчулі яго, а Ядзя насцярожылася. Яна моўчкі падышла да акна, прыклала да шкла далонь рабром, паспрабавала разгледзець, што адбываецца. У сенцах пачуўся шум. Славін зразумеў: свае! Не разважаючы, колькі было сіл, ён гваздануў правай рукой у сківіцу Фядзько. Ва ўдар Уладзімір уклаў усё: і злосць, і нянавісць да вылюдка, перад якім ужо не трэба было маскіравацца, і турботу за сваіх таварышаў, і велізарнае жаданне адпомсціць за тых, у каго адняў жыццё гэты гад! Сцяпан паляцеў уздоўж лавы і, урэзаўшыся галавой у бярвеністую сцяну, без прытомнасці грукнуўся на падлогу.
Дзверы адчыніліся, у пакой уварваліся супрацоўнікі. Усё адбылося настолькі нечакана, што ні Ядзя, ні стары не паспелі і ахнуць.
Мачалаў загадаў усіх затрыманых сабраць у хаце, звязаць іх, а сам, кіўнуўшы галавой Славіну, маўляў, ідзі за мной, выйшаў з хаты.
У двары ён паціснуў руку Уладзіміру:
— Ну, першы іспыт здаў удала. Пайшлі да Рудакоўскай. Калі ўгаворым яе паказаць, дзе хаваецца банда, лічы, што заўтра адрапартуем пра выкананне задання.
У хаце, дзе жылі бацькі Ванды, гарэла святло. Няцяжка было здагадацца, што там цяпер адбываецца. Аднак чакаць не заставалася часу, і Мачалаў пацягнуў дзверы на сябе. Аператыўнікі дзейнічалі хутка. Нельга было дапусціць, каб Ванда апамяталася. Здуру яшчэ зброю выкарыстае.
Хутка ўвайшлі ў пакой. Там былі старыя і дачка. Ванда — маладая сімпатычная дзяўчына з вялікімі блакітнымі вачыма — з жахам глядзела на іх. Стары Рудакоўскі, відавочна, адразу вырашыў, што незнаёмыя мужчыны — гэта і ёсць галаварэзы з банды Фядзько. Маці запытальна, з трывогай глядзела на Уладзіміра. Толькі пасля таго, як Мачалаў прадставіўся, пачуўся немы жаночы плач: расплакалася маці.
Ніякай зброі пры Вандзе не аказалася. Мачалаў папрасіў старых апрануцца, выйсці на некалькі хвілін на ганак. Маці, верагодна, палічыла, што яе дачка цяпер будзе расстраляная, забожкала яшчэ гучней, кінулася ў ногі начальніку:
— Не чапайце яе, напрамілы Бог! Малю! Не забівайце! Яна нічога дрэннага не зрабіла. Яе Сцяпан Лешык сілком у лес зацягнуў.
— Устаньце і перастаньце галасіць! Савецкая ўлада людзей не расстрэльвае проста так. Нам трэба пагаварыць з Вандай сам-насам.
Мачалаў пачакаў, пакуль выйдуць бацькі, і падышоў да дзяўчыны. Цяпер ён блізка ўбачыў яе твар, заўважыў на ім хваравітую азызласць, прыпухлыя павекі. Жыццё ў лесе, вядома, давала пра сябе ведаць.
— Ванда! Фядзько, ён жа Лешык, і яго сябрукі толькі што затрыманы. Для нас, зрэшты, як і для цябе, яны ўжо не небяспечныя. Цяпер трэба як мага хутчэй ліквідаваць астатнюю частку банды, якая надзейна акружана нашымі салдатамі. Мы не хочам, каб дарма пралівалася кроў людзей. Таму прапануем табе паказаць дарогу праз балота. Гэта дапамога будзе ўлічана пры вырашэнні твайго лёсу. Згодна?
Вочы дзяўчыны напоўніліся слязьмі. Яна малітоўна склала рукі на грудзях:
— Дзядзечка, міленькі, добры! Што хочаце рабіце са мной, толькі не пытайце. Яны заб’юць мяне! Зарэжуць! Павесяць на першай хвоі.
— Ніхто цябе пальцам не кране. Бандытаў у гэтых краях больш ніколі не будзе. Мы з імі скончым раз і назаўжды. Дык што ж? Вырашай, дзяўчына!
Славін таксама падышоў да яе бліжэй.
— Ванда! Успомні, што яны зрабілі з Юзэфам. А твая асабістая крыўда? Няўжо прабачыш? Няўжо дапусціш, каб гэтыя забойцы гулялі на волі, сеялі смерць і гора?
— Баюся! Вы яшчэ не ведаеце іх.
— Каго іх? Не ведаю гэтых вылюдкаў?
— Правільна. Яны вылюдкі, усе да аднаго людажэры, якіх свет не бачыў. Таму і страшна.
— Не бойся, Ванда! Павер нам. Зразумей, цяпер дарагая кожная хвіліна. Калі бандыты штосьці пранюхаюць, не мінуць кровапраліцця.
На твары дзяўчыны лёгка было прачытаць, якая складаная барацьба адбываецца ў гэтыя імгненні ў яе душы. Яна пачала ўжо разумець, што магутны жорсткі чалавек, пры якім яна трапятала, абясшкоджаны. Цяпер ён, пэўна, не ўяўляе ніякай сур’ёзнай небяспекі.
Цяпер трэба пераадолець страх, адважыцца. Нарэшце Ванда вырашылася:
— Добра. я павяду. толькі каб ніхто не ведаў.
— Вось цяпер ты кажаш разумна. Адразу б так! — ухваліў Уладзімір.
У лесе было яшчэ цёмна, калі невялікі атрад дасягнуў месца, вакол якога размясцілася ўзмоцненая рота аўтаматчыкаў. Мачалаў загадаў трохі адпачыць. Начальнік сабраў старшых груп, паставіў перад кожным выразную задачу. Не пакінуў ён без увагі і бандыцкі сакрэт, які непрыкметна абышлі бокам. Для ліквідацыі гэтага сакрэту Мачалаў накіраваў аддзяленне салдатаў на чале з Бартошыкам і растлумачыў:
— Там не больш трох чалавек. Паспрабуйце зняць ціха. Пасля гэтага заставайцеся на месцы. Чакайце завяршэння аперацыі. Спатрэбіцеся для справы — каманду перадамо праз сувязнога. Пароль — «Мінск».
Ванда ўпэўнена ступіла ў ржавую балотную ваду. Следам за ёй крок у крок адправіліся Мачалаў, Славін, Антошын і ўсе астатнія, хто меўся схапіцца з бандытамі.
Ісці прыйшлося доўга, часам па грудзі патанаючы ў сцюдзёнай багне. Нарэшце адчулася пад нагамі цвёрдая глеба. Рудакоўская адразу ж павярнула крута налева. Шэптам растлумачыла Мачалаву:
— Прама нельга — там засада!
— Колькі чалавек?
— Звычайна два.
Мачалаў адправіў чатырох чалавек для захопу засады. Атрад рушыў далей. Неўзабаве байцы спыніліся перад невялікай палянай. На ёй размяшчалася шэсць зямлянак. Кожная група па камандзе начальніка рушыла да «свайго бярлогу», астатнія салдаты хутка акружылі паляну.
Ва ўсіх шасці зямлянках дзверы не замыкаліся. Салдаты дзейнічалі спрытна і рашуча. Бандытаў бралі прама ў пасцелях, тут жа выводзілі вонкі. Толькі ў адной зямлянцы глуха грукнуў адзінкавы стрэл: прыйшлося прыстрэліць аднаго з бандытаў, які паспрабаваў выхапіць з-пад падушкі пісталет.
Неўзабаве ўсё было скончана. Бандыты, акружаныя з усіх бакоў аўтаматчыкамі, моўчкі стаялі, унурыўшы галовы.
Ужо зусім развіднела, калі канвой даставіў і тых бандытаў, якія былі схоплены ў сакрэтах. Мачалаў загадаў пераправіць затрыманых невялікімі групамі праз балота, да вёскі. Туды, па яго разліках, ужо прыбываў абоз, каб забраць бандыцкую зброю, боепрыпасы і нарабаваныя імі маёмасць, каштоўнасці.
Славін падышоў да Рудакоўскай:
— Ванда! Рады, што бачу цябе цэлай, ды і да таго ж у нядрэнным настроі. Страх, спадзяюся, прайшоў?
— Як вам сказаць? Гляджу на іх, — яна грэбліва паглядзела ў бок бандытаў, якія стоўпіліся, — і вачам веры не даю: пацішэлі! Нібы авечкі згрудзіліся ў кучу. А яшчэ ўчора любы з іх горш за лютага звера быў.
— Не шкадуеш, што паслухалася нас?
— Не! Што вы! Дзякуй.
— Чым зараз будзеш займацца?
— Да бацькоў вярнуся. Трэба наладжваць новае жыццё, калі дазволіце.
Падышоў Мачалаў. Ён чуў апошнія словы.
— Давядзецца дазволіць. Як ты на гэта глядзіш, Уладзімір Міхайлавіч?
Усцешаны такім паважлівым зваротам — па імені па бацьку яго яшчэ рэдка звалі, — Уладзімір пачырванеў, аднак збянтэжанасць пераадолеў:
— Вінаватую галаву меч не сячэ, таварыш начальнік. Магу нават паручыцца за Ванду.
— Правільна разважаеш. А зараз дазволь цябе павіншаваць з перамогай! Малайчына па ўсіх артыкулах! Так трымаць!..