Прайшло толькі тры тыдні, як пачалася вайна, а Таццяне Андрэеўне Мачалавай здавалася, што прайшлі гады.
Мачалава ўся змарнавалася ад пастаяннай трывогі за лёс мужа. Пётр з’ехаў з вёскі на вяселле да стрыечнага брата. Вяселле павінна было адбыцца 22 чэрвеня, у нядзелю, і раптам — вайна.
Першыя два дні пайшлі на тое, каб хутчэй даставіць з піянерскага лагера дзяцей. А затым пачалося пакутлівае чаканне. Таццяна дні напралёт стаяла на ўскрайку вёскі, глядзела да рэзі ў вачах на дарогу, а Пятра ўсё не было.
Навіны ў вёску прыходзілі з вялікім спазненнем, але ад чырвонаармейцаў, якія спешна праходзілі праз вёску і накіроўваліся на ўсход, людзі ведалі, што немец наступае. Неяк над прасёлкавай дарогай, што цягнулася ад вёскі да лесу, з’явіліся два самалёты з крыжамі на крылах. Яны нізка праляцелі над галовамі людзей, якія ішлі з клункамі ў руках па пыльнай дарозе, развярнуліся і ўдарылі ўніз з кулямётаў.
Пасля таго як сцярвятнікі паляцелі, мясцовыя жыхары пахавалі шаснаццаць чалавек, якія засталіся ляжаць на дарозе і ў кювеце. На чацвёрты ці пяты дзень вайны да Таццяны ў хату прыйшоў старшыня калгаса. Схуднелы, з чорным змардаваным тварам, ён сказаў:
— Табе, Таццяна Андрэеўна, трэба з дзецьмі сыходзіць на ўсход. Можа так здарыцца, што немцы прыйдуць сюды, а ў цябе муж — участковы, сама — настаўніца, і чакаць табе ад іх дабра не трэба.
— Я буду чакаць мужа, — цвёрда адказала Т аня і прытуліла да сябе сына. — Павінен жа ён сюды вярнуцца, а потым ужо на фронт ісці.
Яна ніколькі не сумнявалася ў тым, што Пётр вернецца. Таццяна разумела, што ён, вядома, пойдзе на фронт, але спачатку, хоць на дзянёк, хоць на гадзінку, абавязкова забяжыць дахаты, развітаецца і скажа, што ёй і дзецям рабіць, як быць далей. Яна так і сказала тады старшыні. А той глуха адказаў:
— Гродна, Таццяна Андрэеўна, далёка, і ўсё можа здарыцца ў дарозе. Тым больш, ён чалавек вайсковы, яго маглі прызваць у армію і адтуль. Так што паслухай мяне — і ідзі!
Але Таццяна стаяла на сваім, і старшыня сышоў.
Маладая жанчына спадзявалася не толькі на тое, што муж вось-вось зазірне дамоў, але і на тое, што немцы не дойдуць сюды. «Павінна ж наша армія дзесьці іх спыніць, — думала яна, — не будуць жа ім Мінск здаваць».
І яна чакала. Але праходзілі дні, а Пятра ўсё не было. У вёску дайшлі чуткі, што немцы ўжо ў Мінску, але Таццяна не паверыла і нават аблаяла суседку, якая расказвала пра гэта. Але аднойчы праз вёску днём прайшла нямецкая аўтакалона. Машыны тут не спыніліся і панесліся далей. Выгляд чужых людзей у шэра-зялёнай форме пераканаў Мачалаву ў тым, што немцы ўжо прыйшлі. Таццяна Андрэеўна спрабавала штосьці рабіць па гаспадарцы, пачала збіраць рэчы, якія неабходна ўзяць з сабой, калі вернецца Пётр і ім трэба будзе сыходзіць, але ўсё ў яе валілася з рук.
І вось ужо тры тыдні, як яна чакае мужа.
Таццяна Андрэеўна цяпер не хадзіла на край сяла, яна цэлымі днямі сядзела ў двары. Там яе і заспела суседка Марфа Сцяпанаўна. Абодва сыны Марфы Сцяпанаўны знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, жыла яна ў невялікай старой хацінцы, побач з Мачалавымі. Марфа Сцяпанаўна паўздыхала, павохкала пра лёс людскі, а потым сказала:
— Ведаеш, што я хачу табе сказаць, мілая?
Сэрца Мачалавоай стаілася ў трывозе: няўжо што-небудзь з Пятром здарылася? І, імкнучыся захаваць спакой, села на бервяно, якое валялася ля плота.
— Да мяне дахаты сёння прыходзілі два нейкія незнаёмыя мужыкі, сказалі, што яны людзей перапісваюць, нібы да ўборкі ўраджаю рыхтуюцца, ды заадно і дзецьмі, і настаўнікамі цікавяцца, быццам бы да навучальнага года школу хочуць адкрыць. Пыталі, ці тут ты, дзе муж твой. Ну, а калі сышлі, я ў акенца прасачыла за імі, яны тваю хату бокам абышлі, значыць — нездарма прыходзілі. Вось я і вырашыла папярэдзіць цябе.
Таццяна з палёгкай уздыхнула, калі зразумела, што не з благой весткай пра Пятра прыйшла суседка, і спачатку нават не адчула для сябе ніякай небяспекі, але потым паступова да яе стаў даходзіць сэнс сказанага.
Так, не ўстаючы з бервяна, і праседзела да вечара, думала, што ёй рабіць. «Фашысты, вядома, даведаюцца, хто ў мяне муж. Ну і што? Скажу, што як сышоў напярэдадні войны, так дахаты і не вярнуўся. Што яны мне зробяць? Не будуць жа яны мяне ад дзяцей забіраць, у турму саджаць. Калі будуць прымушаць ісці ў школу працаваць — не пайду! А там — глядзі — і нашы вернуцца. Не стануць жа яны нас на зіму ў акупацыі пакідаць, ці можна будзе з вясковымі мужыкамі звязацца, што ў лес падаліся».
Паступова Таццяна пачала супакойвацца, зноў успомніла мужа, маладыя гады. Успомніла, як пазнаёмілася са сваім Пятром, які дэмабілізаваўся ў дваццаць восьмым годзе з войска. Як пасябравалі, а ў трыццатым пажаніліся.
Гледзячы на дзяцей, якія гулялі ля веснічак, успомніла сваё дзяцінства. Цяжкім яно было. Бацька загінуў у Першую сусветную вайну, маці памерла ў цяжкім дваццатым годзе.
Стала жыць дзесяцігадовая Таня ў бабулі. Усё прыйшлося выпрабаваць: і голад, і холад. Але расла дзяўчынка ўсім на зайздрасць: вясёлай, сімпатычнай, стараннай. Пасля сямігодкі паступіла ў педвучылішча. Скончыўшы яго, зноў вярнулася ў вёску.
Усміхнулася Таццяна, успомніўшы, колькі жаніхоў вакол яе ўвівалася, але спадабаўся ёй не свой вясковы хлопец, а Пётр. Яна ведала, што падчас службы змагаўся малады баец з бандамі басмачоў, а калі ўпершыню ўбачыла і зазірнула ў яго чорныя вочы, то зразумела, што наступіла і яе чарга.
Так задумалася маці, што і не заўважыла, калі падышлі да яе дзеці. А яны сталі побач і з трывогай глядзяць на яе.
Таццяна паднялася і ўсміхнулася:
— Ну, што, родненькія, засумавалі? Хадзем, я вас пакармлю.
І яна, абдымаючы Ванюшку і Юльку за худзенькія плечкі, павяла іх да хаты.