Нягледзячы на глыбокую восень, дзень выдаўся цёплым і сонечным. Жыхары невялікай вёсачкі былі заняты ў дварах і агародах. У вёсцы было каля дзясятка хат. Вакол раскінуліся палі, а далей — кола лесу.
З зараснікаў выйшаў малады хлопец. Спыніўся, узіраючыся ў вёску. Сонца свяціла прама ў вочы, і ён, прыклаўшы далонь да лба, доўга глядзеў наперад, не спяшаючыся, пераводзіў погляд ад адной хаты да другой. Потым паправіў на плячы рэчмяшок і нямецкі карабін, пайшоў па пыльнай прасёлкавай дарозе. Вышэй сярэдняга росту, чарнавокі, у салдацкай ватоўцы без пагонаў, у кірзавых ботах, ён быў падобны на дэмабілізаванага. Але вайна яшчэ не скончылася, і з войска прыходзілі толькі інваліды ці тыя, хто быў вельмі патрэбен народнай гаспадарцы як спецыяліст.
Хлопец падышоў да крайняй хаты, прыпыніўся ля брамкі, пхнуў яе, увайшоў у двор. Забразгаў ланцугом і зласліва забрахаў вялікі кудлаты сабака. На шум з хаты выйшаў стары. Ён, падслепавата жмурачыся, моўчкі глядзеў на госця. Той, перш чым прывітацца, таксама паспеў хутка і ўважліва разгледзець сухарлявага, з кудлатай галавой гаспадара і толькі пасля гэтага спытаў:
— Скажыце, тут пражывае Браніслаў Лешык?
— Я і буду Лешык.
— Тады дзень добры! Я прыехаў з горада. Буду займацца нарыхтоўкамі.
— Чаго-чаго? — не зразумеў стары.
— Я ўпаўнаважаны па нарыхтоўках прадуктаў. Накіраваны да вас аддзелам працоўнага забеспячэння Брэст-Літоўскай чыгункі. Мне сказалі, што я змагу ў вас спыніцца. Вы не хвалюйцеся, я заплачу.
— А хто вам сказаў?
— Былы стараста Мараўскі, мы з ім цяпер разам працуем. «Спыніся, — казаў ён, — у Лешыка. Чалавек ён прыстойны і надзейны, і месца ў яго шмат». Ён перадае вам прывітанне. Прасіў пасяліць часова. Я не буду надакучаць. Пакуль цёпла, і на вышках спаць можна. А днём буду раз’язджаць па бліжэйшых хутарах і вёсках.
— Гэта на чым жа? — яхідна ўсміхнуўся стары.
— Абяцалі праз пару дзён каня выдзеліць. А пакуль на сваіх дваіх, — і ён пляснуў рукой па халяве бота. — Ногі ў мяне здаровыя.
— Гэта я паспеў заўважыць, калі ты да хаты падыходзіў. Падумаў, што з гэтымі нагамі на Берлін крочыць трэба, а не па нашых глухіх месцах такія добрыя боты зношваць.
Хлопец перастаў усміхацца і ўжо сур’ёзна адказаў:
— А вы пра мае боты не турбуйцеся. На фронт мяне не ўзялі. Не ведаю, можа, з-за бацькі, а можа, проста вырашылі, што я тут патрэбней. Ну то дасце мне прытулак ці ісці да іншых людзей прасіцца?
— Чаго ўжо там, уваходзь. Раз сам Мараўскі прасіў, то адмовы ад мяне не будзе.
Стары накіраваўся да хаты. Следам за ім пайшоў хлопец. У хаце было чыста, утульна. З-за фіранкі, якая вісела каля печы, выйшла жанчына. З выгляду ёй можна было даць гадоў трыццаць пяць. Бледная, са спалоханымі вачамі, яна насцярожана глядзела на няпрошанага госця. Той прывітаўся і прадставіўся:
— Славін Уладзімір. Прыбыў да вас па справе. Калі не пацясню, пажыву ў вас трохі, а затым у іншую вёску перабяруся.
Стары зірнуў на жанчыну:
— Ну, што стаіш? Пакармі чалавека, нябось, з дарогі стаміўся.
Неўзабаве на стале з’явіліся чыгунок з гарачай бульбай, салёныя агуркі, сала. Славін пакорпаўся ў рэчмяшку, дастаў паўлітроўку, два слоікі мясных кансерваў і палатняны мяшэчак з цукрам. Паклаў усё гэта на стол:
— Калі пагодзіцеся, каб я ў вас застаўся, буду плаціць грашыма.
Стары не адказваў, задуменна глядзеў у акно. Ён ледзь хаваў хваляванне.
Адчувалася, што прыход незнаёмага чалавека моцна ўстрывожыў яго.
Славін паеў, падзякаваў гаспадару і гаспадыні. Устаў з-за стала.
— Калі дазволіце, адпачну з гадзінку. У вас сена ў хляве ёсць?
— Канешне, дабра гэтага прызапасілі. Ядзя, дай хлопцу посцілку, хай паспіць на сене.
Уладзімір узлез на вышкі і, удыхаючы прыемны пах сена, аналізаваў, як прайшло знаёмства. Аператыўныя работнікі ведалі, што верхавод банды Сцяпан Фядзько да вайны быў жанаты. Але дзе цяпер яго жонка — невядома. І вось высветлілася, што яна нібыта жыве ў хаце Лешыка, бацькі Сцяпана. Караткоў і Мачалаў параілі Славіну спыніцца менавіта ў хаце Лешыка. Яны лічылі, што Сцяпан, які хаваецца пад прозвішчам Фядзько, не падставіць пад удар бацьку і жонку, пабаіцца знішчаць прыезджага хлопца, да таго ж прадстаўніка ўлады.
Славіна не бянтэжыла насцярожанасць старога. Яна зразумелая. Стары баяўся ўсяго, і з’яўленне новага чалавека, вядома, устрывожыла яго. «Цяпер галоўнае, — думаў Уладзімір, гледзячы на саламяную страху хлява, — прыжыцца тут. Дакументы ў мяне ў парадку, гаспадары паглядзяць і, можа, супакояцца». Ён уявіў, як у гэту хвіліну Ядзя па загадзе старога назірае за дзвярамі хлява, а Лешык корпаецца ў яго рэчмяшку. «Хай корпаецца», — усміхнуўся Уладзімір і, паправіўшы схаваны пад кашуляй пісталет, загадаў сабе спаць.
Прайшло пяць дзён. За гэты час Уладзімір абышоў усе хаты, дамовіўся з гаспадарамі пра кошт на прадукты, якія можна закупіць. Увечары, седзячы за сталом пры падслепаватым святле газавай лямпы, ён ажыўлена расказваў, што яму ўдалося выгандляваць у сялян.
— Хутчэй бы каня далі. Аб’ехаў бы бліжэйшыя хутары, а там можна і абоз заказваць.
— А шмат чаго нагандляваў? — спытаў стары, макаючы бульбіну ў тлушч на патэльні.
— Увогуле нямала. Адных свінняў каля дзясятка, сала салёнага, бульбы пудоў шэсцьдзясят.
— Чым расплачвацца будзеш? У глухмені нашай грошы не ў цане.
— Ведаю. Затое газы вам трэба пабольш, соль патрабуецца, боты гумовыя, ватоўкі. Сёй-той папросіць гарнітуры, паўкажушкі. Дарэчы, а вы нічога не хочаце прадаць?
Стары і жанчына зірнулі адно на аднаго. Лешык выцер рукі, устаў з-за стала і толькі пасля гэтага адказаў:
— Мы пакуль пачакаем. А там паглядзім. Яшчэ не меркавалі, колькі сабе трэба пакінуць.
Славін думаў пра сваё. Ад яго погляду не выслізнула, што гаспадары проці ночы паляць печ. Там стаяла некалькі вялікіх чыгуноў. Уладзімір, калі яшчэ толькі ўваходзіў у хату, звярнуў увагу на тры мяхі з бульбай, што стаялі ля сцяны. «Ці не чакаюць яны гасцей сёння?» — падумаў ён і ўслед за гаспадаром выйшаў з-за стала.
— Дзякуй за вячэру. Пайду спаць. — Уладзімір пайшоў да кута, дзе стаяў карабін, узяў яго за ствол. — Як кажуць паляўнічыя, стрэльба павінна быць побач з гаспадаром.
Стары нечакана сказаў:
— Вось ты, чалавеча добры, сказаў, што цябе з-за бацькі ў войска не ўзялі, а вінтоўку, ці бачыш, даручылі. Гэта чаму ж?
Славін усміхнуўся:
— Ты што, дзед, лічыш, быццам улада мне зусім не давярае? Я ж як-ніяк амаль цэлы год у партызанах быў, ды і час цяпер такі, што вінтоўка ў кожнага вартаўніка ёсць, а я, хоць і маленькі, але ўсё ж прадстаўнік дзяржаўнай установы.
— Ну, калі далі, то і цягай яе па сенавалах, — пагадзіўся дзед.
Славін выпіў кружку хлебнага квасу і выйшаў з хаты.
Лешык жыў заможна, у вялікай хаце. Да яе прылягаў велічэзны, на дзве паловы, хлеў. Хата і гарод былі абнесены моцным высокім плотам.
Калі Славін размаўляў з аднавяскоўцамі Лешыка, то ўлавіў адну характэрную асаблівасць — усе ставіліся да дзеда з нейкай павагай і нават з затоеным страхам. Стараліся пра яго не казаць, а калі Уладзімір асцярожна і цікавіўся ім, то адказвалі ўнікліва. Толькі ў адной хаце, размешчанай на іншым краі сяла, гаспадыня з насмешкай сказала: «А чаго ты, хлопец, па дварах матаешся? Узяў бы і закупіў усё, што табе трэба, у свайго дабрадзея — і справе канец».
Славін паспрабаваў асцярожна выведаць, што яна мае на ўвазе, але гаспадар цыкнуў на жонку, і тая сцяла зубы. «Трэба прыдумаць прычыну і зноў пагаварыць з ёй», — вырашыў тады Славін, развітваючыся з гаспадарамі. Пра ўсё гэта Уладзімір успомніў, як толькі дабраўся да вышак Лешыка. Яго ўвага зноў пераключылася на старога і яго нявестку Ядзю, чые паводзіны, як ён заўважыў яшчэ сёння раніцай, былі зусім не звычайнымі. «Печ на ноч паляць, бульбы ў мяшкі насыпалі. А што, калі Фядзько ў госці ўваліцца?» Ад гэтай думкі ён неспакойна заварочаўся на сене. Праз некалькі хвілін падняўся на ногі, падышоў да процілеглага боку хлява. Прысеў. Намацаў рукамі дах, паволі выдраў некалькі шматкоў саломы, прарабіў невялікую адтуліну для агляду. Убачыў ледзь асветленае акно ў хаце гаспадара. Уладкаваўшыся ямчэй, Уладзімір зірнуў на гадзінік. «Цікава, чым яны цяпер займаюцца? Мабыць, нявестка бліны пячэ, а стары тытунь крышыць».
А ў гэты момант Лешык і Ядзя ўкладвалі ў невялікую кадку сала, роўным стосам склалі на лаве вымытую бялізну. Потым стары падняў дваццалітровую бутлю з самагонкай, паставіў каля дзвярэй і буркліва сказаў Ядзі:
— Ты б акно завесіла, а то з двара як на далоні.
— Чаго баяцца?
— А гэты зборшчык? Можа паціху падысці да акна і ўсё ўбачыць.
— Трэба гэта яму як сабаку пятая нага. Храпе ўжо даўно.
— Ужо надта даверлівая ты. Не такі ён просты, як табе здаецца.
Ядзя, не адказваючы, працягвала важдацца ля печы.
Прайшла гадзіна. Наступіла поўнач, а ў хаце дагэтуль свяцілася акно. Славін паспеў ужо заўважыць, што Лешык беражэ газу. Калі часам і запаліць лямпу, то кнот на самы маленькі агеньчык паставіць і праз кароткі час запатрабуе, каб усе сямейнікі спаць клаліся. А тут ужо за поўнач, а святло ўсё яшчэ гарыць.
Уладзімір, стараючыся не шумець, спусціўся з вышак. Ён паціху адчыніў дзверы, выйшаў у двор. Не верылася, што ўжо восень — стаяла цёплая ноч.
Славін паціху падышоў да асветленага акна. Асцярожна зазірнуў. Ядзя стаяла спінай да яго, штосьці складала ў мяшок. Старога не было відаць, і Уладзімір зрабіў некалькі крокаў направа, каб паглядзець на іншую частку пакоя. Нарэшце ён заўважыў Лешыка. Той апранаў ватоўку. «Напэўна, у двор выходзіць збіраецца. Трэба схавацца!» Уладзімір адышоў ад акна, пералез праз невысокі плот, які адгароджваў двор ад агароду, стаіўся за кустом. У сенцах рыпнулі дзверы, выйшаў Лешык. Пастаяў з хвіліну, відавочна чакаючы, каб вочы абвыклі да цемры, затым спусціўся з ганка і павярнуў за вугал хаты. «Глядзі, не да брамкі накіраваўся, а ў агарод!» — здзіўлена падумаў Славін і крануўся следам.
Лешык падышоў да тыну, абапёрся, Славін залёг метраў за дзесяць. Ён разумеў, што стары можа пачуць любы рух. А тут, як на ліха, захацелася чхнуць. Хлопец, кусаючы сабе рукі, цёр пераноссе. Неўзабаве па той бок тыну пачуўся нягучны насцярожаны голас:
— Гэта ты, бацька?
— Я, Сцяпан, я! Даўно чакаю.
— Як справы?
— Быццам ціха. Толькі вось не ведаю, як цябе ў хату зваць. Мараўскі даслаў аднаго пастаяльца.
— Які яшчэ Мараўскі? Гэта той, што старастам быў?
— Так, той самы, які быў старастам. Яго не пасадзілі. Напэўна, не ведаюць, кім ён пры немцах быў. А пастаялец гэты па хутарах ездзіць, прадукты выменьвае для чыгункі. Спіць, праўда, на вышках, але, таго і глядзі, у хату заваліцца.
— Так, справы дрэнь. Ці той ён, за каго сябе выдае? А раптам лягавы?
— Хто? Як ты сказаў?
— Ну, з НКУС.
— Не, быццам бы не падобны. Прамацваў яго.
— Да Ядзькі не прыстае?
— Куды яму, блазнюку! Ад роду гадкоў дваццаць, не больш. Не думаю, што такіх у іх нэкэвэду браць будуць. Але, як кажуць, сцеражонага Бог сцеражэ. Таму і баюся цябе ў хату зваць.
— Так, кажаш, прадукты скупляе? Ты ведаеш, гэта добра! Хай збірае.
— Ты што, Сцяпан? Здурнеў? Калі ў маёй хаце вы яго хоць пальцам кранеце, не знасіць мне галавы. Час-та ваенны. Пачнуць шукаць, даведаюцца, хто ёсць ты на самай справе, і тады пішы прапала. Не забывай, што ў акрузе цябе многія ведаюць.
— Разумею, бацька, не вучы. Хай збірае свой харч. Калі павязе, на дарозе сустрэнем.
— Гэта іншая справа. Калі з’едзе ад мяне, можаш рабіць, як хочаш.
— Што прыгатаваў нам?
— Усё, што мінулы раз прасіў. Вось толькі патронаў не знайшоў.
— Дрэнна. Патроны канчаюцца, і трэба, што б там ні было, здабыць.
— Можа, паспрабаваць праз мальца?
— Якога яшчэ мальца?
— Ды які ў мяне. Я зазіраў у яго рэчмяшок. Там патроны ад карабіна. Не менш як сотня ляжала.
— А ён што — з карабінам?
— Цяпер карабін даюць любому вартаўніку.
— Сотня патронаў? Гэта замала.
— Ды не пра сотню тлумачу. Калі яму сказаць, што, маўляў, ёсць людзі, якія за тры-чатыры тысячы патронаў тры вялікіх свінні аддадуць, то ён задумаецца.
— А калі спытае, што за людзі?
— Скажам — жыхары аддаленых глухіх хутароў. Займаюцца паляваннем. Можна нават паабяцаць і дзічыны падкінуць. Павінен клюнуць.
— А што? Можа, і твая праўда. Тады давай зробім так. Раніцай, як бы між іншым, скажы яму, што чакаеш у госці далёкага сваяка, які, маўляў, жыве на хутары. Заадно пагавары, каб ён сустрэўся са мной, скажы, маўляў, можам дамовіцца і тады я прадам яму харчу. А я прыеду заўтра ўвечары, прамацаю яго.
— А не небяспечна?
— Чым мы рызыкуем? Убачым, што западозрыў, — прыбяром, і канцы ў ваду.
— Не, не. Толькі не ў маёй хаце! — запратэставаў стары.
— Не турбуйся. Знайду месца. А цяпер ідзі ў хату. Я паклічу сваіх.
Стары моўчкі павярнуўся, прайшоў каля Славіна метры за тры. Той сціснуўся, нават дыханне стаіў. Фядзько знік у цемры. Славін не рызыкнуў падымацца з зямлі і ісці за старым — небяспечна. Хто ведае, ці не з’явіцца цяпер яго сын ззаду? Уладзімір хутка адпоўз убок і замёр. Вырашыў вычакаць, калі вернецца Фядзько, а затым дзейнічаць паводле абставін. Цішыня і цемрадзь стаялі вакол. Славін ведаў, што яго чакае, калі напорацца на яго сынок Лешыка ці хто-небудзь з яго сябрукоў, і таму выцягнуў з-за пазухі пісталет, паціху паслаў патрон у патроннік. Прайшло некалькі хвілін, ціха рыпнуў тын. Па шуме ён здагадаўся, што праз тын пералезлі некалькі чалавек. Лёгка зарыпелі колы. Фядзько камусьці ціха сказаў:
— Падводу падгані бліжэй. Глядзі, каб конь не заржаў, дай аўса.
Уладзімір не бачыў, колькі было бандытаў, але па тупаце ног і прыглушаных галасах вызначыў, што не меней чым чатыры. «Адзін застаўся ля каня», — заўважыў ён. Затым вычакаў, пакуль яны адыдуць далей, і, падняўшыся на ногі, асцярожна пакіраваўся следам.
Вось і хата. Уладзімір праслізнуў, замёр ля дзвярэй хлява. Доўга стаяў, слухаў цішыню і, толькі пераканаўшыся, што ў двары нікога няма, увайшоў у хлеў. Акно ў хаце было завешана коўдрай. Славіну нічога не заставалася, як назіраць праз дзірку ў саламяным даху.
У Лешыка бандыты не затрымаліся. Неўзабаве з’явіліся на ганку. Калі прыадчыніліся дзверы, вузкая палоска святла выхапіла іх постаці. Агародамі яны накіраваліся да тыну, а гаспадар, правёўшы іх, вярнуўся дахаты.
Славін хутка заладзіў дзірку і лёг спаць. Лешык, патушыўшы ў пакоі святло, доўга глядзеў праз фіранку ў двор, на дзверы хлява. Мабыць, штосьці яго турбавала.
Да раніцы рэзка пахаладала. Падзьмуў моцны парывісты вецер. Раздажджылася. Нізкія аблокі, нібы ўчапіўшыся за дахі драўляных хат, закрылі ўсё неба.
Славін мыўся ў двары калодзежнай вадой. З хаты выйшаў Лешык.
— Добрай раніцы! А я і не заўважыў вас.
Дзед пахмурна адказаў:
— Якая яна добрая? Глядзі, што з надвор’ем робіцца.
— Што ж паробіш. Восень. Такое надвор’е зараз будзе часта.
Лешык хацеў штосьці сказаць, але, заўважыўшы, што ля варот спынілася фурманка, напружана пачаў сачыць за мужчынам, які адчыняў брамку. Мужчына быў апрануты ў брызентавы плашч з каптуром. Ён прывітаўся з гаспадаром, а ўбачыўшы Славіна, заўсміхаўся:
— Прывітанне, Валодзя! Ледзь знайшоў цябе. Вось начальства загадала аўтамабіль на коннай цязе перадаць. Калёсы на гумовым ходзе. У любое надвор’е ты можаш па вёсках газаваць.
Славін пазнаў Бартошыка і, падыгрываючы яму, адказаў:
— Нарэшце! А я ўжо вырашыў, што пра мяне забыліся. Без каня тут далёка не дабярэшся. Заганяй у двор «аўтамабіль», ды з дарогі за стол прысядзем, якраз дожджык перачакаеш.
— Не, дзякуй. Мне — назад у дарогу. Хачу завідна да гасцінца дайсці, на спадарожную машыну думаю паспець. Сам ведаеш, калі сцямнее, ніводзін шафёр не спыніцца. Так што, калі хочаш, падкінь трохі на гэтым дрындулеце. Заадно па дарозе і пагаворым.
Славін зразумеў, што Бартошык не мае намеру затрымлівацца.
— Добра, толькі збяруся. — Ён заскочыў у хату, узяў карабін і, праходзячы міма Лешыка, сказаў: — Я хутка. Падкіну кіламетраў з пятак і вярнуся.
Фурманка сапраўды была лёгкай на ход. Аўтамабільныя шыны, напампаваныя паветрам, каціліся мякка, амаль бясшумна. Конь без асаблівых высілкаў цягнуў воз па дарозе.
Яны ад’ехалі моўчкі ад вёскі, і толькі тады Бартошык спытаў:
— Як ты тут?
— Пакуль усё спакойна. Стары асцярожны і хітры, але мне ўчора пашанцавала. Удалося сустрэцца з Фядзько.
— Як сустрэцца? — устрывожыўся Бартошык.
— Звычайна, — усміхнуўся Уладзімір і расказаў усё па парадку.
Бартошык уважліва выслухаў.
— Мэта Фядзько ясная. Паспрабуе выцягнуць з цябе пабольш патронаў, потым дасць харчы ці запросіць на які-небудзь хутар, каб ліквідаваць.
— Яно так. Але ты забываеш адну чыста псіхалагічную дэталь. Колькі, па-твойму, бандытаў мог сабраць Фядзько?
— Чалавек сорак, — няўпэўнена адказаў Бартошык.
— Хай пяцьдзясят. Выключым з гэтай кампаніі параненых, хворых, колькасць якіх расце з кожным днём, ды яшчэ і тых, хто паволі дае драпака. Бо яны разумеюць, што лепш адбыць тэрмін, чым атрымаць кулю ў лоб, калі зачыніцца пастка. Вось і атрымліваецца, што ў Фядзько справа з людзьмі швах. А гэта значыць, што за кожнага чалавека ён будзе змагацца і, вядома, клапаціцца пра папаўненне сваёй банды. Скажы, а чым я не падыходжу для вербавання ў яго хеўру? Бацька мой, як я сказаў Лешыку, рэпрэсіраваны, маю асабістую крыўду — мяне бо нават у войска не ўзялі.
— Хто ведае, Валодзя, можа, і так. Табе відней. Мачалаў прасіў сказаць, што Сцяпан Лешык не проста ардынарны бандыт, які выплыў на паверхню. Гэта прыроджаны злачынец, умее прыстасоўвацца. Яшчэ пры Пілсудскім ён фігураваў як крымінальнік, які цалкам сфарміраваўся. Калі ў трыццаць дзявятым наша войска вызваліла Заходнюю Беларусь, Сцяпан Лешык выдаў сябе за рэвалюцыйнага барацьбіта, апынуўся на волі. Пакуль нашы разбіраліся, высвятлялі, хто ён ды што, пачалася вайна. Падчас акупацыі Лешык здабыў дакументы на прозвішча Фядзько, стаў гітлераўскім памагатым. А калі зразумеў, што дні фашысцкай Германіі злічаны, прыйшоў у партызанскі атрад. Там таксама не паспелі распазнаць, што гэта за птушка. І вось наша войска турнула немцаў. Народ тутэйшы асаблівы. Многія людзі ведаюць Сцяпана Лешыка як аблупленага. Толькі ім неўздагад: як гэта можа адзін і той жа чалавек пры паляках быць крымінальнікам, пры немцах — нібы партызанам, а пры Саветах — бандытам. Пярэварацень нейкі! Усё адно выкруціцца. Ужо лепш трымаць язык за зубамі, маўляў, мая хата з краю. Вось так бяспечней. І ты ведаеш, Валодзя, сялян гэтых цалкам можна зразумець. Для іх Лешык — вяршыцель лёсаў людскіх, які сам тут усталёўвае парадкі і законы. Таму Мачалаў прасіў перадаць, што важна не толькі высачыць, знішчыць гэта асінае гняздо, але і паспрабаваць выявіць сярод мясцовага насельніцтва людзей, якія маглі б даць следству сведчанні супраць Фядзько і яго сябрукоў і такім чынам развянчаць сумную славу ўсёй бандыцкай групы.
Славін успомніў нядаўнюю гутарку ў сялянскай хаце, рэпліку гаспадыні: «А што ты, хлопец, па дварах матаешся? Узяў бы і закупіў усё, што табе трэба, у свайго дабрадзея — і справе канец». Ён расказаў пра гэты выпадак сябру і, як бы падводзячы вынікі гаворкі, растлумачыў:
— Мне здаецца, яны штосьці ведаюць пра Лешыка, але баяцца прагаварыцца. Я яшчэ тады вырашыў зноў зайсці да іх, а цяпер бачу, што гэта трэба зрабіць абавязкова.
За гутаркай яны і не заўважылі, як паглыбіліся ў лес. Бартошык спахапіўся:
— Хопіць, Валодзя. Паварочвай назад. Далей пайду адзін.
Славін запратэставаў:
— Яшчэ трохі праводжу.
— Не трэба. Можам натыкнуцца на Фядзько. Тады нам абодвум канец: не выстаіць ад спакусы такі воз адхапіць, ды і бачыць нас удвух яму не трэба. Да шашы засталося кіламетраў сем. Прайдуся. А там нашы чакаюць.
Уладзімір павярнуў назад. Толькі цяпер звярнуў ён увагу на тое, які тут густы, цёмны лес. Суцэльная сцяна непраходнага ельніку служыла надзейнай хованкай для бандытаў.
Уладзімір зарадзіў карабін, паклаў яго побач пад правую руку, паправіў пад адзежай пісталет, каб у выпадку неабходнасці можна было хутка выхапіць яго. А дождж, які гадзіну таму толькі імжыў, цяпер усё больш узмацняўся.
Славіну стала холадна. Можна было саскочыць з воза, прайсціся пешшу і трохі сагрэцца, але гліністая зямля набракла, стала слізкай. Заставалася толькі адно: прыспешваць каня.
Лешыка ён заспеў у двары. Стары, прыкрыўшы галаву і плечы мяшком, важдаўся каля хлява. Славін адчыніў веснічкі, заехаў у двор.
— Дзядуля! Можна каня ў хлеў завесці?
— А куды ж ты быдла дзенеш? Не будзе ж ён пад дажджом, на холадзе тырчаць, заводзь!
Славін пачаў распрагаць каня, а сам цішком, краем вока назіраў, як гаспадар уважліва сочыць за ім. Лішні раз правяраў свайго пастаяльца. «Не хвалюйся, стары хрыч! — падумаў Уладзімір, здымаючы з шыі каня хамут. — Гэтаму я даўно навучыўся, можаш глядзець, пакуль не надакучыць».
Ён завёў каня ў хлеў, павесіў яму на шыю торбу з аўсом, выйшаў у двор. Славін разумеў, што Лешык вось-вось павінен загаварыць пра «госця», які абяцаў сёння з’явіцца ў хаце. Было заўважна, што той падбірае зручны момант для такой гаворкі. Уладзімір вырашыў дапамагчы старому. Ён заклапочана, нібы разважаючы ўголас, сказаў:
— Глядзі, як надвор’е змянілася! А я якраз сёння збіраўся рушыць па хутарах, тым больш конь з’явіўся.
Стары «клюнуў»:
— Гэта, вядома, справа твая. сёння да мяне прыйдзе адзін мужык. Ён з хутара. Далекавата, праўда, адгэтуль, але ты мог бы з ім пагаварыць. У тым краі такіх хутароў з дзясятак, і ў гаспадароў тавар для цябе знайшоўся б.
— Колькі туды ехаць?
— Вёрст дваццаць будзе, — і, асцерагаючыся, што такая адлегласць адаб’е ў Славіна ахвоту сустрэцца з Фядзько, Лешык працягваў:
— А табе — што? На такім фаэтоне — рукою дастаць. Так што пачакай. Увечары пагаворыш, глядзіш, і старгуешся.
— Ну, калі ўжо так, то пачакаю, — пагадзіўся Славін і накіраваўся да ганка.
Увесь астатні час прайшоў у пакутлівым, неспакойным чаканні.
Сцямнела рана. Уладзімір сядзеў у пакоі, размаўляў з Ядзяй. Яна важдалася ля печы, рыхтавала вячэру. Лешык хваляваўся, часта падыходзіў да акна, двойчы яму здалося, што ў двары штосьці грукнула, і ён выходзіў на ганак.
Фядзько з’явіўся нечакана. Бразнула клямка, адчыніліся дзверы. На парозе стаяў ён — высокі, худы, зарослы рудаватым шчаціннем, у ватоўцы, па-над ёй — армейская зялёная плашч-накідка. Фядзько насцярожана азірнуўся па баках і, гледзячы на Славіна маленькімі, нейкімі бясколернымі вачамі, кінуў з парога:
— Добры вечар, людзі паважаныя! Ці можна перадыхнуць у вас? На вуліцы такое дзеецца, што нават сабакі пахаваліся.
Славін адказаў на прывітанне, заўважыўшы: «Боты ўсе ў брудзе. Праз агарод ішоў. Сябрукі, напэўна, хату акружылі і цяпер у вокны зазіраюць». Толькі ад аднаго ўсведамлення, што яго цяпер разглядаюць бандыты, гатовыя ў любую секунду шаснуць па ім з аўтамата, Уладзіміру стала не па сабе, захацелася ўстаць, перасесці на лаву ў куце. Ён ледзь прымусіў сябе застацца на месцы. Фядзько па-гаспадарску прайшоўся па пакоі, усеўся за стол.
Ядзя замітусілася, ставячы на стол ежу. З’явілася літровая бутэлька з самагонкай. Фядзько звярнуўся да Лешыка:
— Я гляджу — у вас госці, — ён павярнуўся да Славіна. — Кім будзеш, хлопец?
— Упаўнаважаны па нарыхтоўцы харчу.
— Што нарыхтоўваеш?
— Рознае. Бульбу, мяса, яблыкі.
— Як плаціш?
— Грашыма, некаторымі таварамі, газай. А вы што можаце прадаць?
— Я? — Фядзько ўхмыльнуўся. — Я ўсё магу прадаць. Ёсць жыўнасць, дзічыны шмат. Дарэчы, паслухай, хлопец. У нашых месцах без карабіна нельга. Давай так дамовімся: ты нам — патроны, мы табе — свінняў, дзічыны.
— Колькі вам трэба патронаў?
— Колькі зможаш, чым больш, тым лепш.
Славін зрабіў выгляд, што задумаўся.
— Патронаў, кажаце? Патроны, вядома, ёсць. Вінтовачныя ці можна і іншыя?
Фядзько хацеў быў адказаць сцвярджальна, але своечасова спахапіўся:
— Не, для палявання толькі вінтовачныя падыходзяць. Іншай зброі не маем. Ну што? Змовімся?
— Мне трэба пагутарыць з адным чалавекам. Давайце цяпер агаворым, што вы можаце прадаць і колькі, а заўтра з’езджу ў горад і ўдакладню.
— Хто гэты чалавек?
— Знаёмы. Працуе на складзе. Там у яго патронаў — колькі пажадаеш. А грошы, якія зэканомлю, з ім падзялю.
— Малайчына! — пахваліў Фядзько. — Гаспадарскі ты мужык. Правільна жывеш!
Ён відавочна супакоіўся, залпам выпіў шклянку самагонкі, пачаў вячэраць. Цікава паводзілі сябе людзі, якіх злучала сваяцтва. Фядзько змушаны быў рабіць выгляд, што ён зусім старонні чалавек і для бацькі, і для жонкі. Затое старэйшы Лешык і Ядзя не маглі схаваць хвалявання. «Дзіўнае ў яго жыццё, — думаў Уладзімір, — дзеля чаго ён так жыве? Дзе яго шчасце? Загіне, як сабака. Нікому карысці — ні людзям, ні сабе».
Пасля вячэры Фядзько падсеў да Славіна бліжэй:
— Сябар, вер мне. Ніколі не падвяду, давай так: ты — мне, я — табе.
— Такі падыход люблю! — Уладзімір зрабіў выгляд, што захмялеў. — Гэта — па мне. І наогул лічу, што чалавек чалавеку павінен дапамагаць.
— Галоўнае, трэба разумець адзін аднаго, — п’яна страсянуў галавой Фядзько. — Калі паедзеш у горад, высветлі наконт патронаў. Добра?
— Заўтра ж паеду. Чаго адкладаць? Надакучыла мне ў гэтай дзірцы сядзець.
— Правільна! Вернешся назад, старому скажы — ён перадасць мне. Ты не бойся. Тут усё надзейна. Добра заробіш.
Славін слухаў Фядзько, а сам непрыкметна сачыў за старым і Ядзяй. Бачыў, як яны тройчы штосьці выносілі ў сенцы. Ясна, што там іншыя бандыты абіваюцца, верхавода чакаюць.
Прайшло не меней гадзіны, пакуль Фядзько вячэраў. Потым, не зважаючы на Славіна і Лешыка, ён аблапаў Ядзю, павалок яе ў іншы пакой. Уладзімір устаў з-за стала:
— Ну што, дзядуля? Пайду спаць.
Стары схамянуўся:
— Пачакай у хаце, я зараз прыйду, — ён выскачыў за дзверы.
«Пайшоў папярэдзіць, — падумаў Уладзімір. — Ну што ж, хай папярэдж — вае. Наступіць час, і гэтага зрабіць не паспее». Праз некалькі хвілін стары вярнуўся з кажухом у руках:
— Атулішся, а то холадна будзе. Ледзь адшукаў у сенцах — цёмна.
«Хітры, падла. Нават кажуха не пашкадаваў, абы я не здагадаўся, чаго ў двор выбег. Вось толькі забыўся боты добранька выцерці. Бач, якія слядзішчы на падлозе пакідае».
— Дзякуй. Дабранач.
Славін выйшаў на ганак. Жудасная цемра акружала яго. Здавалася, кожным нервам ён адчуваў прысутнасць бандытаў. Яны тут, дзесьці побач. Зрабі некалькі крокаў убок і напэўна натыкнешся на каго-небудзь з іх. Уладзімір, імкнучыся не намачыць ногі, прайшоў па двары, намацаў дзверы хлява, адчыніў іх. У кішэні ляжаў ліхтарык, але запальваць не стаў. Вобмацкам адшукаў лесвіцу, узлез на вышкі, накрыўся кажухом, паспрабаваў заснуць. Але моцнае нервовае напружанне не праходзіла. Зноў і зноў аналізаваў ён свае дзеянні. Атрымлівалася, што пакуль справы ідуць нядрэнна. Фядзько, без сумнення, паверыў яму, і гэта галоўнае. Гульня пачалася.
Да раніцы дождж скончыўся. Дзьмуў толькі моцны сівер. Славін выйшаў з хлява, пацепваючыся ад холаду, па звычцы накіраваўся да студні. Памыўся, але галаўны боль ад выпітай учора самагонкі ўсё яшчэ адчуваўся. У роце было непрыемна і суха. Ён выпіў проста з вядра калодзежнай вады, падставіў твар насустрач ветру. Гэта падзейнічала лепш за ўсялякія лекі.
Уладзімір увайшоў у хату, прывітаўся з гаспадарамі. Ядзя адказала на прывітанне, сарамліва апусціўшы вочы. Стары — як звычайна, суха, з поўнай абыякавасцю.
— Госць сышоў? — Славін паглядзеў на Лешыка. — Як вы думаеце, ці не хвастануў ён па п’янцы?
Стары энергічна паматаў галавой:
— Не, ён не балбатун. Нават калі сыходзіў, і то прасіў нагадаць пра нейкія патроны.
— Ах, так! Ледзь не забыўся. Ён жа прасіў дастаць вінтовачных патронаў. — Уладзімір задуменна пацёр падбародак. — Ёсць у мяне сябар адзін, уласна вы яго ведаеце — гэта Мараўскі. За грошы ў яго можна многае купіць. Добра, сёння скончу ўсе справы тут, у вёсцы, а заўтра прыскокну ў горад. Пагавару, думаю, старгуемся.
Пасля сняданку Славін накіраваўся да хаты, дзе жылі старыя, якія цікавілі яго. Дакладней, ён намерваўся пагаварыць толькі з гаспадыняй і цяпер на хаду разыгрываў варыянты гутаркі на выпадак, калі дома будзе стары. Аднак Уладзіміру пашанцавала — гаспадыня была адна.
— Добрай раніцы! Праходзіў міма, дай, думаю, зазірну яшчэ разок да добрых людзей.
— Добрай раніцы, сынок! Праходзь, садзіся, — бабулька звыклым рухам працерла анучай лаву ля стала, спытала: — Можа, ты, сынок, галодны? Дык я пакармлю.
— Думаеце, Лешык не корміць? — пажартаваў Славін. — Корміць, нікуды не дзенецца, ды і харчуюся ў яго не за так — грошы плачу. Вось хутка ў горад паеду, крупы, газы, мыла прывязу. Так што Лешыку нельга Бога гнявіць і на мяне жаліцца.
Старая ўсміхнулася:
— Жаліцца не пойдзе. Але я, сынок, бачу, што ты чалавек добры, і не раю наступаць яму на хвост.
Славін нядбайна махнуў рукой:
— Што ён мне зробіць?
— Ой, не махай, хлопец, рукамі, не махай! Скажу табе адно: беражыся яго.
— Чаму?
Гаспадыня нечакана заплакала. Славін моўчкі чакаў. Унутры ў яго ўсё напружылася. Ён бачыў, што гаспадыня штосьці ведае і, напэўна, нейкая таямніца цяжкім грузам ляжыць у яе на сэрцы. Нарэшце бабулька трохі супакоілася і спытала:
— Колькі табе гадкоў, сынок?
— Дзевятнаццаць хутка будзе.
— А майму Юзэфу было б дваццаць.
— Загінуў?
Бабулька ўтрымалася ад прамога адказу, уважліва паглядзела на хлопца:
— Як цябе клічуць?
— Уладзімірам.
— Уладзімір. Валодзя, бойся старога Лешыка, ён можа ўцягнуць цябе ў брудную справу.
— Бабуля! Бачу, хочаце штосьці сказаць, ад чагосьці перасцерагчы мяне, але не можаце адважыцца, баіцеся.
— Каго баяцца? Я сваё ўжо пражыла. Не хачу, каб табе дасталася такая доля, як майму Юзэфу.
— Што з ім здарылася?
— Мне сказалі, што чырвоныя забілі.
— За што?
— Сама не ведаю. Але чуе маё сэрца, што ашукалі мяне.
— Хто ашукаў? Вы не бойцеся, скажыце мне. Можа, змагу даведацца, што здарылася з вашым сынам.
Гаспадыня трохі памаўчала, абдумваючы штосьці:
— Валодзя, як ты лічыш, Лешык добры чалавек?
Славін разумеў, што ад яго адказу зараз залежыць многае: скажы ён пра Лешыка што-небудзь добрае, значыць, бабулька замкнецца ў сабе, адкрытай гутаркі не будзе; скажы, што яго гаспадар — гідкі чалавек, — можа здзівіцца, што за такі кароткі час даведаўся, і не паверыць. «Што ж ёй адказаць?» — задумаўся аператыўнік.
— Вы ведаеце — жыву ў яго нядаўна, прыгледзецца да яго пакуль не паспеў. Але бачу, што дзіўны нейкі. Імкнецца штосьці выпытаць, то раптам маўчыць цэлымі днямі. Суседзі да яго не ходзяць, а вось нядаўна ўначы цэлая кампанія ў хату ўвалілася, а ўчора позна ўвечары чалавек з далёкага хутара абвясціўся.
— З далёкага, кажаш? — схамянулася гаспадыня. — Як ён выглядае?
— Высокі, худы.
— Ён!
— Хто ён?
— Пра што ён казаў?
— Сказаў, што дзела для мяне ёсць.
— Сказаў! Не вер, сынок! Не звязвайся з ім!
— Бабуля, скажыце прама, што такое!
— Скажу табе, сынок, скажу. Ведай жа — гэта быў сын Лешыка. Абодва яны — бандыты. І бацька, і сын!
— Як так — бацька і сын? У Лешыка ж няма дзяцей. Ён сам казаў.
— Не вер! Не вер, Валодзя!
Бабулька пачала ўсхвалявана расказваць.
— У Браніслава Лешыка ёсць сын. Клічуць яго Сцяпанам. Гэты бандыт ужо шмат гадоў людзей рабуе. Не ведаю, як гэта атрымалася, але панадзіўся мой Юзэф да старога Лешыка хадзіць, звязаўся там са Сцяпанам. Той звабіў яго на свой бок, у лес. Потым пацягнулася за ім і Ванда, суседская дзяўчына. Яна з Юзэфам сябравала.
— Калі гэта было?
— Перад прыходам вашых. Чырвонай Арміі. Напалохаў Сцяпан Юзэфа: прыйдуць, маўляў, чырвоныя і ў Сібір сашлюць або расстраляюць. Казаў, што немцы сыходзяць ненадоўга. І мой дурань паверыў. Колькі са старым ні ўгаворвалі, колькі слёз маіх праліта — усё дарма. Сышоў з Лешыкам. — Гаспадыня замоўкла, стомленым рухам зняла з галавы вязаную хустку і, стрымліваючы рыданне, выціснула з сябе: — Праз месяц яго не стала. Прыйшоў да нас стары Лешык і сказаў, што забілі чырвоныя.
— Чырвоныя? І вы паверылі?
— Я ўжо тады зразумела, што тут штосьці не так. А калі папаўзлі чуткі пра нейкіх бандытаў, якія забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей, і нават дзяцей, то пераканалася, што Сцяпан — самы сапраўдны гад. А Браніслаў, бацька яго памагаты. Ён прыходзіў да нас яшчэ адзін раз і сказаў, што калі мы асмелімся куды-небудзь скардзіцца, то нам на свеце не жыць і хату нашу спаляць. Вось муж і спалохаўся. У нас жа ёсць яшчэ адзін сын.
— Дзе ён?
— Ваюе.
— У немцаў?
— Не, у Чырвонай Арміі. Ён афіцэр.
— Значыць, ваюе з фашыстамі за нас з вамі.
— А чаму ты не ваюеш?
Гэта пытанне кальнула ў самае сэрца Славіна. Ён моўчкі апусціў галаву. Што рабіць? Сказаць ёй, што ён таксама рвецца на фронт, што ўжо некалькі разоў пісаў рапарты пра накіраванне ў дзеючую армію? Не, пра гэта нельга казаць. Трэба праглынуць горкую пілюлю:
— Мне сказалі, што маё месца тут.
— Тут і баба ўхадзілася б, а на фронце забіць могуць! — нечакана злосна выпаліла гаспадыня.
Славін ціха сказаў:
— У такім разе навошта вы мяне папярэджвалі сцерагчыся Лешыка?
Старая пільна паглядзела на Славіна:
— Гляджу на цябе, як дзіцё малое, а пагаварыла, бачу — дарослы. Скажы, ты сапраўды закупляеш тут прадукты?
— Людзям жа есці трэба. Цяпер цяжка, бабуля, і яны маюць патрэбу ў дапамозе. Вось і мяне паставілі на гэту работу. Дарэчы, а дзе цяпер Ванда?
— Не ведаю. Калі верыць старому Лешыку, то ў Сцяпана.
— Скажыце, але вы ж не хочаце, каб Сцяпан уцягнуў у сваю банду і другога сына? Вайна ўжо хутка скончыцца, і ён, напэўна, вернецца дахаты.
— Не, не! Я кожны дзень малюся, каб Бог захоўваў яго, а гэты бандыт, Сцяпан Лешык, каб згніў у балоце.
— А як бацькі Ванды глядзяць на тое, што іх дачка знікае ў бандзе?
— Запалоханы яны і маўчаць, толькі плачуць. Ванда нядаўна была тут, сказала, што калі яна вернецца дахаты, то бандыты знішчаць усю сям’ю. Што тут паробіш? Вядома, будзеш маўчаць. Тут парадкі лясныя: хто мацней, той і воўк.
— А дзе іх логава?
— Хіба яны скажуць? Мой стары казаў, што чуў ад іншых людзей, быццам каля хутара Чорны Луг хаваюцца.
— Хто гаспадар хутара?
— Ён пусты цяпер. Гаспадар у паліцыі служыў, дапамагаў катаваць людзей, а калі немцы адыходзілі, сышоў з імі.
— Хто яшчэ ведае, што Сцяпан Лешык арганізаваў банду?
— Многія ведаюць, але мала хто скажа пра гэта.
— Чаму?
— Баяцца.
— А скажуць, калі Лешыка і яго сябрукоў зловяць?
— Не ведаю, але мне здаецца — многія маўчаць не будуць.
Славін зірнуў на гадзіннік: прайшло ўжо шмат часу. У любы момант можа з’явіцца гаспадар, трэба сыходзіць. Уладзімір як мог суцешыў бабульку, паабяцаў ёй высветліць, што на самай справе здарылася з Юзэфам, выйшаў на вуліцу. Цяпер ён ламаў галаву над тым, што рабіць далей: ці ехаць неадкладна ў горад, ці заставацца на месцы. «Не, нельга рызыкаваць. Я даведаўся калі не дакладнае, то хоць бы прыблізнае месца хованкі бандытаў. Трэба звязацца са сваімі». Паступова нараджаўся план далейшых дзеянняў. Ён зводзіўся да таго, каб заўтра пад выглядам паездкі па патроны, накіравацца ў горад, паведаміць здабытыя звесткі, прасіць дазволу на ўстанаўленне кантакту з бандай для высвятлення яе дакладнага месцазнаходжання і колькасці.