Зіма сорак чацвёртага года была суровай. Маразы, снежныя завеі ўскладнялі барацьбу, але Чырвоная Армія ўпэўнена гнала ворага на захад.
Купрэйчык рыхтаваў групу разведчыкаў да чарговага паходу ў варожы тыл, калі прынеслі пошту. Яму ўручылі два лісты. На адным ён адразу ж пазнаў роўны, акуратны почырк жонкі. Зірнуў на другі — почырк незнаёмы, а ўнізе зваротны адрас і прозвішча — Мухіна. «Дык гэта ж жонка Кузьмы Андрэевіча», — здагадаўся Аляксей, разгарнуў ліст і пачаў чытаць: «Дабрыдзень, Аляксей Васільевіч. Вы даруйце мне, што турбую. Але я ведаю, што вы вельмі сябравалі з маім мужам. У сваіх лістах ён мне часта расказваў пра вас. Прайшло ўжо нямала часу, як я атрымала паведамленне пра яго гібель, аднак паверыць у гэта не магу. У думках быццам бы ўсё ясна, але сэрца не прызнае гэтага. Мне часта здаецца, што адбылася нейкая памылка, і Кузьма жывы. Але ў той жа час я разумею, што, на жаль, гэта не памылка. Выбачце мне, але я вас прашу, напішыце, калі ласка, як загінуў мой муж».
Купрэйчыку стала горача. Ён расшпіліў верхні гузік гімнасцёркі і паспрабаваў прачытаць ліст жонкі. Але перад вачыма ўсплыў вобраз загінуўшага сябра, а памяць з няўмольнай жорсткасцю нагадала той дзень.
Праз некалькі хвілін пасля таго, як Кузьма Андрэевіч выйшаў з бліндажа, пачуліся аглушальныя ўзрывы варожых снарадаў.
Купрэйчык адразу ж падумаў пра капітана. Ён выскачыў з бліндажа і, не зважаючы на артналёт, кінуўся шукаць Мухіна. Кузьму Андрэевіча ён знайшоў метраў за трыццаць ад бліндажа. Ён ляжаў на сырой, рыхлай зямлі. Усё цела, галава былі зрашэчаны асколкамі.
Успаміны пра сябра былі гнятлівымі, і Купрэйчык на час забыўся пра Надзін ліст, які ён машынальна паклаў у кішэнь гімнасцёркі. Пастаянная трывога за жонку прымусіла дастаць ліст і пачаць чытаць. Разгарнуў і нецярпліва зірнуў на апошнія радкі. Убачыў словы «кахаю», «цалую», з палёгкай уздыхнуў. У Надзі пакуль усё ішло сваім парадкам, і, крыху супакоіўшыся, Купрэйчык пачаў рыхтавацца да паходу.
Сёння з ім пойдуць сямёра разведчыкаў. Сярод іх Сёмін, той самы, які быў асуджаны за тое, што ўзяў «мяшок аўса… ну і каня ў дадатак». Аляксей быў задаволены, што не памыліўся тады ў гэтым чалавеку. Рыгор аказаўся адважным, спрытным і вынослівым байцом.
Акрамя Сёміна, Купрэйчык адабраў Губчыка, Зайцава, Пакатава, Ражнога, Чобатава і Лугаўца. Усе вопытныя і надзейныя людзі.
Час яшчэ быў, і Аляксей узяўся пісаць лісты. Хутка адказаў Надзюшы, затым з цяжкім сэрцам узяўся за ліст жонцы Мухіна. Ліст атрымаўся вялікім. Аляксей напісаў пра сваё сяброўства з Кузьмой Андрэевічам і пра тое, як ён загінуў.
Аддаў лісты старшыне Ганчару, а сам, накінуўшы паўкажушак, выйшаў з бліндажа. На душы было трывожна. Успомніў бацькоў і блізкіх людзей. З газет і расповедаў палітработнікаў ведаў, што фашысты амаль цалкам разбурылі Мінск. Шмат яго жыхароў, хто не паспеў эвакуіравацца ці сысці ў партызаны, знаходзіліся ў канцлагерах ці былі забіты. У Мінску ў Аляксея былі сваякі — сям’я роднага дзядзькі Славіна Міхаіла Іванавіча, — пра якіх ён нічога не ведаў.
Задумаўшыся, Аляксей і не заўважыў, як хутка прайшоў час. Ён накіраваўся ў бліндаж. Група была гатовая. Старшы лейтэнант хутка надзеў белы маскіровачны халат, павесіў на шыю абкручаны бінтам аўтамат, праверыў, як прымацаваны пад курткай гранаты, запасны магазін да аўтамата, і ціха, звыкла сказаў:
— Пайшлі, браткі!
Неўзабаве яны ўжо былі ля пярэдняй траншэі, дзе іх чакалі двое апранутых у белыя маскхалаты сапёраў. Абодвух разведчыкі ведалі ў твар. Яны ўжо не першы раз суправаджалі іх у нейтральнай паласе. Прывіталіся. Купрэйчык весела спытаў:
— Не надакучыла вам з намі важдацца, па снезе поўзаць?
— А ў нас служба такая, — усміхнуўся пажылы сяржант.
Зайцаў, які стаяў бліжэй да сапёраў, працягнуў ім пачак папярос:
— Закурвайце, мужыкі.
Сяржант адразу ж узяў пачак, паспрабаваў разгледзець назву, але было цёмна. Тады ён дастаў дзве папяросы і, падзяліўшыся з таварышам, працягнуў пачак назад, спытаў:
— Трафейныя?
— Не, нашы. Але лічы, што трафейныя, мы іх з боем у інтэндантаў здабываем.
Зайцаў пачак цыгарэт у сапёра не ўзяў, велікадушна сказаў:
— Дару.
— Не адмовімся, — адказаў сяржант. Гэта ў яго прагучала як падзяка.
Купрэйчык пачакаў, пакуль перастане мігацець апошняя папяроса, загадаў:
— Наперад.
Першымі, уціскаючыся ў снег, папаўзлі сапёры. За імі павольна адзін за адным рушылі разведчыкі.
Вось яны наблізіліся да драцяной агароджы. Сяржант лёг на спіну і асцярожна ўзяў ніжні дрот аберуч, дачакаўся, пакуль маладзейшы таварыш перакусіў яго нажніцамі, паціху развёў канцы па баках і ўчапіў іх за цэлы дрот. Затым сапёры тое ж самае прарабілі з другой ніткай, і праход быў гатовы.
Сяржант лёгка паціснуў крыху вышэй локця руку Купрэйчыка, і сапёры адзін за адным папаўзлі назад.
Далей разведчыкам трэба было рухацца адным. Адлегласць невялікая — усяго метраў дваццаць — і варожая траншэя. Стрымліваючы дыханне, разведчыкі пачалі набліжацца да яе. Неўзабаве на фоне белага снегу замаячыла постаць вартавога, дакладней, толькі яго спіна. Вартавы, каб не змерзнуць і размяць ногі, хадзіў у траншэі, аддаляючыся ўлева ад разведчыкаў. Калі напярэдадні днём Купрэйчык вывучаў абарону праціўніка, то ён адразу ж звярнуў увагу, што вартавы ад бліндажа ўвесь час сыходзіць налева. Таму старшы лейтэнант і вырашыў праскочыць праз траншэю побач з бліндажом у той момант, калі вартавы будзе аддаляцца ад яго.
І вось ляжаць разведчыкі за сем-восем метраў ад бруствера, насцярожана гледзячы на вартавога. А ён, як на ліха, спыніўся. «Вось жа няўклюда! — лаяў яго Купрэйчык. — Лянота табе прайсціся, топчашся, як мядзведзь, на месцы!» Раптам немец, высунуўшыся напалову з траншэі, пачаў напружана глядзець у іх бок. «Няўжо ўчуў?» — думаў старшы лейтэнант, а сам на ўсякі выпадак асцярожна зняў з рэменя гранату. Але вартавы заняў звычайнае становішча ў траншэі і праз хвіліну пайшоў ад бліндажа. Купрэйчык махнуў рукой: «Наперад!» — і першым пачаў набліжацца да траншэі. Ля бруствера яшчэ раз уважліва паглядзеў у спіну вартавому — ці не павернецца. Не, той працягваў аддаляцца. Яму да павароту ў зваротны бок трэба зрабіць яшчэ крокаў дзесяць. «Паспеем», — вырашыў камандзір і, падняўшыся, пераскочыў траншэю. Прабегшы пяць-шэсць крокаў, разведчыкі заляглі. Зараз трэба паволі адпаўзаць ад траншэі. Яны разумелі, што цяпер, калі вецер дзьме ў бок немца, той можа пачуць нават лёгкі шум. Таму рухаліся вельмі асцярожна, напружана паглядаючы на вартавога, які ўжо набліжаўся да бліндажа. Для разведчыкаў было галоўным, каб ён не заўважыў на снезе іх слядоў. Але той дайшоў да бліндажа і павярнуў назад. Усе ўздыхнулі з палёгкай і па сігнале камандзіра рушылі далей.
Прайшла гадзіна, і яны апынуліся ў невялікім гайку. Тут можна было ісці не прыгінаючыся, даць целу трохі расслабіцца. Неўзабаве зрабілі кароткі прыпынак, падчас якога Купрэйчык вызначыў далейшы маршрут. Карыстаючыся тым, што завея ўзмацнілася, рухаліся далей даволі хутка. Ад ямкі да ямкі, ад кусціка да кусціка. Да світанку былі ўжо там, дзе трэба. Уладкаваліся і замаскіраваліся ў невялікім гаі. Перакусілі і залеглі адпачываць. Наперадзе быў хоць і кароткі, зімовы, але цэлы дзень, на працягу якога трэба было вывучыць становішча, а наступнай ноччу пачаць дзейнічаць.
Завея скончылася ранкам, і, калі канчаткова развіднела, разведчыкі ўбачылі, што штаб размясціўся даволі зручна. Яркае сонца асвятляла дыхтоўныя бліндажы, пратаптаныя і ўтрамбаваныя сярод снежных гурбаў сотнямі ног сцяжынкі.
Сярод афіцэраў, якія хадзілі ад бліндажа да бліндажа, панавала нейкая святочная прыўзнятасць. Начышчаныя, адпрасаваныя, самаўпэўненыя, яны адчувалі сябе за паўтара дзясятка кіламетраў ад лініі фронту ў поўнай бяспецы. У цэнтры знаходзіліся чатыры вялікія бліндажы, туды больш за ўсё і заходзілі афіцэры. Але пракрасціся ў любы з гэтых бліндажоў было немагчыма. Ля кожнага стаіць аўтаматчык, а вось дабрацца да тых, што паўколам ахоплівалі гэтыя чатыры бліндажы, здавалася лягчэй.
Купрэйчык, не адрываючыся ад бінокля, імкнуўся вызначыць, жыхары якога бліндажа, размешчанага на вонкавым абводзе, часцей за іншых наведваюць тыя, што ў цэнтры. «Чым больш ходзяць да начальства, — разважаў ён, — тым больш будуць ведаць».
Гадзіны праз тры старшы лейтэнант ужо вызначыў такі бліндаж. Ён размяшчаўся метраў за дзвесце ад групы, крыху лявей. Афіцэры з гэтага бліндажа ўжо па тры-чатыры разы заходзілі ў тыя, якія старанна ахоўваліся.
«Ну што ж, — вырашыў Купрэйчык, — зараз трэба вызначыць, як ахоўваецца штаб уначы».
Час ляцеў хутка. Дзень хіліўся да вечара. Нарэшце разведчыкам удалося разгадаць усю сістэму аховы штаба. Праўда, гэтаму спрыялі і самі немцы.
З набліжэннем вечара яны сталі расстаўляць парныя патрулі з вонкавага боку сваіх хованак, а каля галоўных бліндажоў колькасць вартавых павялічылася ў два разы. Купрэйчык засёк, праз які прамежак часу патрулі з’яўляюцца ля бліндажа, які ён прыкмеціў. Аказалася, што праз восем-дзевяць хвілін.
— У бліндаж пойдзем я, Лугавец і Сёмін. Ражноў і Губчык сочаць за патрулямі. Пакатаў прыкрывае ўваход у бліндаж злева, Чобатаў — справа. Ты, Зайцаў, застанешся ля дзвярэй. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку.
Вечар прайшоў хутка, штаб супакоіўся, і неўзабаве супакой і цішыня апусціліся на ўсе бліндажы. Толькі металічныя трубы густа дымелі, нібы цвелячы разведчыкаў цяплом і выгодай.
Вычакаўшы, пакуль патруль пройдзе міма патрэбнага ім бліндажа, разведчыкі накіраваліся наперад. Прама па цаліне прабіліся да сцяжынкі і пайшлі ёй да бліндажа. Купрэйчыка вярэдзіла адна і тая ж думка: «Толькі б дзверы не аказаліся на завале!»
Вось і бліндаж. Аляксей злёгку пацягнуў на сябе дзверы — незамкнёна! Ён азірнуўся на сваіх таварышаў — усе на месцах — і паціху адчыніў дзверы. За імі аказалася шчыльная суконная коўдра. У даволі прасторным памяшканні, асветленым вялікай газавай лямпай, за сталом сядзелі двое. Яны былі без кіцеляў, у зеленаватых кашулях. Купрэйчык зрабіў крок у бок ад дзвярэй, даючы магчымасць увайсці ў бліндаж Сёміну і Лугаўцу, і ўскінуў аўтамат:
— Хендэ хох!
Каманда атрымалася нягучнай і, самае галоўнае, не грознай. Аляксей хацеў паўтарыць, але, убачыўшы, што немцы з шырока расплюшчанымі ад нечаканасці і страху вачыма, паднялі рукі, загадаў Сёміну:
— Грыша, забяры пісталеты, яны на нарах ляжаць!
Сёмін, трымаючы аўтамат напагатове, узяў абодва парабелумы і спыніўся ззаду за немцамі. Купрэйчык кінуў позірк на Лугаўца:
— Жэня, загадай ім, каб леглі на падлогу і не ўздумалі шумець, а то будзе каюк.
Лугавец пераклаў, і немцы паспешна выканалі каманду. Аляксей хутка агледзеў памяшканне, запхнуў у рэчмяшок усе дакументы і дзве нейкія карты. Падумаў секунду і абшукаў кішэні кіцеляў, якія віселі на цвіках, убітых у тоўстае бярвенне сцяны. Знойдзеныя ў кішэнях дакументы таксама паклаў у рэчмяшок і сказаў Лугаўцу:
— Хай апрануцца, а то мароз моцны.
Перапужаныя да смерці афіцэры нацягнулі на сябе кіцелі, уцепленыя шынялі.
Купрэйчык загадаў Лугаўцу:
— Жэня, звяжы іх!
Лугавец дастаў з кішэні скрутак тонкай вяроўкі і хутка звязаў афіцэрам ззаду рукі, пры гэтым пакінуў па доўгім кавалку вяроўкі для «павадыроў».
— Кляпы! — пачулася ўслед новая каманда старшага лейтэнанта.
Вычакаўшы дзве хвіліны, Аляксей загадаў:
— Жэня, папярэдзь, каб не дрыгаліся, і выводзь таго, што таўсцейшы, а ты, Грыша, — худога.
Лугавец сказаў па-нямецку:
— Вы ўзяты ў палон, цяпер пойдзеце з намі. Папярэджваем: любая спроба ўцячы ці падняць шум для вас будуць раўназначныя смерці!
Немцы заківалі галовамі.
Старшы лейтэнант, пераканаўшыся, што яны добра звязаны і іх надзейна трымаюць «павадыры», загадаў патушыць ліхтары, а сам вызірнуў на вуліцу. Спытаў у Чобатава:
— Дзе патруль?
— Толькі што міма прайшоў, рушыў на новы круг.
Купрэйчык зазірнуў у бліндаж і, затуляючы ліхтар рукой, пасвяціў разведчыкам, якія знаходзіліся там, каб, выходзячы, не зачапіліся за што-небудзь.
Падштурхоўваючы палонных, разведчыкі кінуліся да гаю, дзе нядаўна знаходзіўся іх назіральны пункт. Там перавялі дыханне і пачалі хутка адыходзіць у бок пярэдняга краю. Поспех нібы акрыліў хлопцаў, і яны, не зважаючы на глыбокі снег, подбегам кіраваліся наперад. У гэту ноч завеі не было, што, вядома, абцяжарвала пераход праз лінію фронту, а тут яшчэ месяц, як на ліха, вылез з-за хмар і асвяціў усё вакол. А пярэдні край усё бліжэй і бліжэй. Ён выразна пазначаны асвятляльнымі ракетамі, якія ўзлятаюць угару.
Купрэйчык выгляду не паказваў, што моцна засмучаны сваёй учарашняй прамашкай. Ён забыўся заладзіць праход у драцяной агароджы. І цяпер пераходзіць лінію фронту ў тым жа месцы небяспечна. Немцы маглі днём заўважыць праход і зрабіць там засаду. Трэба ісці іншым шляхам.
Калі наблізіліся да варожай траншэі, Аляксей вызначыў па ўзлятаючых ракетах, дзе ёсць шырэйшы прамежак паміж асвятляльнікамі, і першым папоўз наперад, але ўспомніў, што палонным са звязанымі ззаду рукамі паўзці немагчыма, спыніўся і загадаў звязаць ім рукі наперадзе. Разведчыкі хутка выканалі загад, і група паўзком пачала набліжацца да варожай траншэі. Купрэйчык дакрануўся рукой да спіны Губчыка. Той апярэдзіў усіх і першым дасягнуў краю траншэі. Зазірнуў у чорную пашчу — пуста, толькі ў нос ударыў спецыфічны «фрыцаўскі» пах. Махнуў рукой, свабодна, маўляў, а сам не стаў чакаць, пакуль яны наблізяцца, перамахнуў праз траншэю, папоўз да драцяной загароды, дастаў з рэчмяшка нажніцы і пачаў рыхтаваць праход. Зрабіў яго шырэй, цяпер турбавацца, што немцы днём выявяць яго, не выпадала.
Скончыўшы работу, Губчык падрыхтаваў аўтамат да бою і размясціўся крыху лявей падрыхтаванага прахода. Калі немцы і выявяць групу, то ён зможа прыкрыць сяброў агнём. Але ўсё прайшло як нельга лепш. Разведчыкі пераскочылі траншэю, пераадолелі праход у драцяной загародзе і прайшлі ўсю нейтральную паласу без адзінага стрэлу.
У штабе палка не спалі. Васільеў, выслухаўшы рапарт Купрэйчыка, абняў і пацалаваў яго:
— Ну, дзякуй, Аляксей, табе і тваім арлам, дзякуй!
Затым падпалкоўнік праз перакладчыка сцісла перамовіўся з палоннымі і адразу ж патэлефанаваў камандзіру дывізіі. Не шкадуючы добрых слоў у адрас разведчыкаў, далажыў, што яны прыбылі. Скончыўшы гаворку, ён загадаў начальніку штаба даставіць палонных у штаб дывізіі і, радасна ўсміхаючыся, павярнуўся да Купрэйчыка:
— Камдзіў загадаў усіх удзельнікаў аперацыі прадставіць да ўзнагарод!
Але Купрэйчык ужо не чуў яго. Ён сядзеў на нарах і спаў, абапёршыся на драўляную стойку.