Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Купрэйчык быў засмучаны. Яму здавалася, што іх полк, якраз пасля таго як быў вызвалены Мінск, трапіў у паласу наступлення на Гродна. Але гэтага не здарылася. Полк апынуўся ў складзе войскаў, якія прасоўваліся паўднёвей. Працы ў разведчыкаў было шмат. Цяпер, калі нямецка-фашысцкія войскі імкліва адкочваліся на захад, даводзілася рабіць далёкія пераходы і, каб здабытыя звесткі не састарэлі, перадаваць іх па радыё. Часта бывала і так: разведчыкі, выканаўшы заданне, не вярталіся ў свой полк, а чакалі яго падыходу ці адразу ж ішлі яшчэ далей, выконваючы новы загад. Было цяжка, але затое радасна на душы. Чырвоная Армія завяршала вызваленне Радзімы. Падчас аперацыі «Баграціён» цалкам была вызвалена Беларусь. Наперадзе была Польшча.

З непрытоенай цікаўнасцю байцы ўзвода Купрэйчыка глядзелі на чужую зямлю. У гэту ноч Купрэйчык і дванаццаць разведчыкаў знаходзіліся далёка ад свайго палка. Яны ўжо чацвёртыя суткі здабывалі звесткі пра размяшчэнне нямецкіх войскаў, пра абарончыя збудаванні, і па радыё дакладвалі свайму камандванню аб усім. Толькі што скончыўся сеанс сувязі. Купрэйчык перадаў кароткую радыёграмму і пасля пацверджання прыёму атрымаў загад вяртацца назад.

Пакуль байцы рыхтаваліся да паходу, ён сядзеў, прытуліўшыся спінай да дрэва, і думаў: «Цікава, чаму Васільеў вырашыў адклікаць нас?» Нібы пачуўшы яго, Сцяпаныч спытаў пра гэта.

— Сапраўды, — падтрымаў яго Лугавец, — які сэнс нас ганяць лішні раз праз лінію фронту, калі нашы заўтра самі тут будуць? Як ты лічыш, камандзір?

— Я лічу, што нам пакуль трэба кіламетраў дзесяць адмахаць, каб пераадолець гэта чыстае раўніннае месца. Да раніцы дабяромся да лесу, перадыхнём, а ўначы да перадавой.

Нарэшце ўсе сабраліся, і група з трынаццаці чалавек падалася на ўсход. Ішлі не вельмі асцерагаючыся, наўрад ці немцы размесцяцца на раўніннай бязлеснай мясцовасці.

Арыентуючыся па компасе, ішлі па роснай траве, у густым халодным тумане. Толькі тады, калі начная цемрадзь змянілася яшчэ слабай, ледзь прыкметнай перадсвітальнай зарой, увайшлі ў лес. Адшукалі гусцейшае месца, і, перш чым легчы спаць, Купрэйчык, звяртаючыся да Зайцава і Лугаўца, сказаў:

— Я думаю, што нас адклікаюць таму, што нашы прыпынілі наступленне.

— Гэта чаму ж? — спытаў Сцяпаныч, і Аляксей заўважыў, як усе астатнія разведчыкі насцярожыліся.

— Бачылі ж самі, што немцы рыхтуюцца да абароны, а каб наступаць далей на Варшаву, трэба сабрацца з сіламі.

— А як жа плацдарм, што нашы захапілі на рачулцы? — спытаў Губчык.

Купрэйчык усміхнуўся:

— Ведаеш, Пеця, і дзясяткі такіх плацдармаў не вырашаць стратэгічнай задачы. Гэты плацдарм зручны нашаму палку для пераадолення невялікай воднай перашкоды, што ж тычыцца арміі ці фронту, то там, магчыма, нават і не ведаюць, што полк падпалкоўніка Васільева сілай у адну роту захапіў кавалак процілеглага берага нейкай маленькай рачулкі. Праўда, для нас з вамі гэты плацдарм мае значэнне. Мы да сваіх будзем вяртацца менавіта ў тое месца.

— Дык там жа цяпер сапраўднае пекла, — з сумненнем прагаварыў Сёмін, укладваючыся зручней.

— Так, нясоладка. Але ў іншым месцы пайсці — значыць на міны напароцца, цяпер іх, ведаеш колькі там немцы панатыркалі?

— Добра, браткі, каравульным застанецца Ражноў, астатнім — спаць. Змяняцца будзем па чарзе праз гадзіну.

Перш чым заснуць, камандзір сказаў Ражнову:

— Мікалай, папярэдзь таго, хто будзе за табой дзяжурыць, каб ён мяне разбудзіў, калі яго час міне.

Аляксей адразу заваліўся спаць.

Спаў ён моцна, не чуў, як адбылася змена дзяжурных, але затое імгненна прачнуўся ад лёгкага дотыку да пляча. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Сёміна, той са шкадаваннем сказаў:

— Шкада цябе, камандзір, будзіць. Можа, паспіш яшчэ?

— Не, Грыша, нельга. Пабудзі Лугаўца і Зайцава, трэба маршрут вывучыць.

Спехам перакусіўшы, трое разведчыкаў пайшлі лесам у бок фронту. Праз гадзіну лес скончыўся. Асцярожна вызірнуўшы з кустоў, убачылі поле, зарослае травой. Метраў за трыста віднеліся акопы. У бінокль добра былі бачныя спіны немцаў. Далей, метраў за дзвесце, знаходзілася яшчэ адна лінія акопаў. Яна праходзіла ля самага берага ракі. Там былі свае. Але як да іх дабрацца? У гэты момант ранішнюю цішыню разарвалі гарматныя стрэлы. Пазіцыі нашых пакрыліся фантанамі ўзрываў. «Не меней дзясятка гармат б’юць», — падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўявіць цяпер тых, хто знаходзіўся ў траншэі.

Ён убачыў, як з варожых траншэй пачала вылазіць пяхота. Артылерыйскі абстрэл скончыўся, і да слыху разведчыкаў данесліся аўтаматныя чэргі і крыкі немцаў. Нашы пакуль маўчалі. Купрэйчык падумаў: «Напэўна, бліжэй падпускаюць, а заадно пасля артабстрэлу ў сябе прыходзяць».

У бінокль Аляксей бачыў, што нямала снарадаў патрапілі ў траншэю і развярнулі яе. Лугавец, які ляжаў побач з ім, летуценна прамовіў:

— Эх, камандзір, былі б цяпер тут усе нашы хлопцы! Далі б мы фрыцам ззаду жару! Уяўляеш, трынаццаць аўтаматаў!

«А што, гэта ідэя, — нечакана падумаў Купрэйчык, — можна ўначы наблізіцца да немцаў, закідаць іх гранатамі і — гайда да сваіх».

У гэты момант дружна ўдарылі нашы. Агонь іх чатырох кулямётаў і дзясяткаў аўтаматаў быў знішчальны, і немцы спачатку заляглі, затым пачалі адпаўзаць, а хутка і зусім не вытрымалі і кінуліся наўцёкі.

— Малайцы хлопцы! — не ўтрымаўся ад пахвальбы Сцяпаныч. — Слова гонару, у мяне аж рукі чэшуцца!

Нямецкая артылерыя зноў адкрыла агонь, каб прыкрыць адступаючых. Старшы лейтэнант, гледзячы на Лугаўца і Зайцава, задуменна прагаварыў:

— Дык, відаць, у нашых хлопцаў справы няважныя.

— Гэта чаму ж? — спытаў Лугавец.

— Эх ты, разведчык. Глядзі, як немцы паўкругам абклалі іх. У Арэшкі колькі байцоў? Не больш роты. А ў немцаў? Бачыш? — не меней батальёна.

— Нічога, нашы ўначы сілы падкінуць, і будзе парадак!

— Ты так лічыш? Тады адкажы мне, чаму яны гэтага не зрабілі мінулай ці пазамінулай ноччу? А я табе скажу: нельга было. Паглядзі на флангі — бачыш, узгоркі! А зараз у бінокль уважліва вывучы іх, убачыш, што там і гарматы, і кулямёты.

Лугавец доўга глядзеў у бінокль спачатку на левы узгорак, затым — на правы, а потым адклаў убок бінокль і мацюкнуўся. Але Купрэйчык, жадаючы да канца пераканаць яго, працягваў:

— А зараз высунь нос з-за куста і паглядзі ўздоўж лесу направа.

Лугавец убачыў, што за хмызняком знаходзяцца нямецкія мінамёты. Аляксей, ледзь усміхнуўшыся, спытаў:

— Цяпер разумееш, чаму Арэшка не можа падмацаванне атрымаць? Яны, гады, кожны метр воднай паверхні прыстралялі і нават уначы не падпусцяць падмацаванне. І яшчэ адно. Я добра ведаю, што ў Арэшкі было сем кулямётаў, а калі ты лічыў, то ўбачыў, што атаку адбівалі толькі чатыры. Увогуле, зробім так: уначы прабіваемся да сваіх і застаёмся да падыходу падмогі з імі.

— Правільна, — ухвальна адгукнуўся Зайцаў, — нашы трынаццаць аўтаматаў будуць нядрэннай падтрымкай роце Арэшкі.

Карыстаючыся зацішшам, Купрэйчык уважліва вывучаў варожую абарону. Паступова ў яго з’явіўся дзёрзкі, але даволі рэальны план. Неўзабаве накіраваліся ў зваротны шлях. Да таго месца, дзе адпачывала група, яны дайшлі хутка. Ужо ніхто не спаў, і па ажыўленні, якое з’явілася на тварах таварышаў, Купрэйчык зразумеў — іх зачакаліся.

Камандзір паведаміў, што яны ўбачылі, і сказаў:

— Нам трэба дапамагчы роце Арэшкі. Наша група разбіваецца на дзве. Першую, у колькасці сямі чалавек, узначаліць Лугавец. Ваша задача: незаўважна наблізіцца да мінамётнай батарэі. У нас няма з сабой ні мін, ні толу. Таму трэба знішчыць яе гранатай. Закласці гранату сярод скрынь з мінамі, да чакі прывязаць кавалак дроту ці вяроўкі і камусьці аднаму, схаваўшыся за дрэва як мага далей, тузануць за свабодны канец. Падбярыцеся да мінамётаў з боку лесу. Больш за двух вартавых, я думаю, там не будзе. Сігналам для выбуху будзе наш напад на траншэю. Пасля таго як замініруеце, спяшайцеся да яе, мы там паспеем ужо навесці парадак.

Лугавец задумаўся на імгненне, а потым сказаў:

— Пачакай, камандзір. А калі нам зрабіць так: рвануўшы боепрыпасы, разаб’ёмся на дзве групы, адна з іх возьме крыху лявей вас, другая — крыху правей. Глядзі, якая пятрушка атрымліваецца: вы атакуеце немцаў на гэтым участку траншэі. Закідваеце гранатамі, б’яце іх з аўтаматаў — усё гэта зразумела. Але яны ж таксама не дурні і, вядома, арганізуюць супраціўленне, каб не даць вам далей па траншэі прасоўвацца. І ў гэты момант мае дзве тройкі — ззаду іх гранатамі. А пасля гэтага мы ўсе разам да нашых сіганём.

Купрэйчыку спадабалася гэта думка. «Калі атрымаецца, то панікі ў немцаў будзе яшчэ больш». І ён рашуча махнуў рукой:

— Добра, прымаецца. — І зірнуў на радыста: — Я падрыхтую радыёграму.

Купрэйчык разумеў, што рота Арэшкі ў цемры можа прыняць іх за немцаў і сустрэць агнём. Таму вырашыў звязацца з палком і папрасіць папярэдзіць Арэшку пра начное з’яўленне разведчыкаў. Адначасова трэба было прадбачыць і тое, што вораг перахопіць радыёграму. Памазгаваўшы, камандзір нарэшце працягнуў радысту тэкст: «Скажыце Арэшку, хай сустракае ўначы, прыйдзем з музыкай». Радыст тут жа перадаў, і ўсе пачалі чакаць адказу. Прайшло пяць, дзесяць хвілін. Але вось радыст схамянуўся і пачаў запісваць. Праз хвіліну Купрэйчык трымаў адказ: «Усё правільна. Прыходзьце ў гадзіну». Аляксей зачытаў радыёграму ўсім і тут жа, знішчыўшы яе, падняўся:

— У шлях!

Ішлі асцярожна. Ім даводзілася некалькі разоў залягаць і трывожна прыслухоўвацца да шуму матораў, гаворкі па-нямецку. Але ўсё абышлося, і ўжо ў цемры разведчыкі дасягнулі вызначанага рубяжа.

Каля дванаццаці ночы пайшоў Лугавец і з ім шасцёра разведчыкаў. Праз дваццаць хвілін наперад рушыла і група Купрэйчыка. Паўзлі павольна, стрымліваючы дыханне. Часу было досыць, і старшы лейтэнант не спяшаўся, даючы магчымасць байцам адпачыць перад вырашальным кідком. Вось наперадзе ледзь засвятлела свежая палоска — гэта варожая траншэя. Пры святле ракет, што ўзляцелі на правым флангу, разведчыкі разгледзелі яе і веерам пачалі распаўзацца ў абодва бакі, займаючы пазіцыі ў пяці-шасці метрах адзін ад аднаго. Яшчэ раней яны дамовіліся, што па свісце камандзіра кожны кіне ў траншэю па гранаце і рынецца наперад. Купрэйчык раіў дзейнічаць кінжаламі і прыкладамі. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку. Гэта трэба было для таго, каб не перастраляць у цемры адзін аднаго.

Старшы лейтэнант зірнуў на гадзіннік: да гадзіны заставалася пяць хвілін. Ён уявіў, як у гэты момант група Лугаўца падбіраецца да вартавых, а можа, ужо і зняла іх, і ў душы маліў, каб там абышлося без шуму. Купрэйчык зноў паглядзеў на гадзіннік: «Пара!»

Чарговая ракета ўзвілася высока ў неба, асвятляючы мёртвым святлом роўнядзь ракі і прылеглую да яе тэрыторыю. Купрэйчык гучна свіснуў і плаўным рухам кінуў гранату ў траншэю. Выбухі ўсіх гранат зліліся ў адзіны грукат, які доўжыўся некалькі секунд. Разведчыкі кінуліся наперад. Раней іншых апынуўся ў траншэі Зайцаў, ён убачыў спіну немца, які падымаўся з дна траншэі, і, не разважаючы, усадзіў у яе кінжал. Гэтак жа рашуча дзейнічалі і астатнія байцы, але фрыцаў у жывых засталося больш, чым меркавалі разведчыкі. Купрэйчык нават пашкадаваў, што не даў каманду кінуць па дзве гранаты, але ён іх бярог для таго часу, калі давядзецца разам з ротай Арэшкі адбіваць варожыя атакі.

Неўзабаве ў ход пайшлі і аўтаматы. Вядома, раптоўнасць мела вырашальнае значэнне, і адважная шасцёрка цалкам валодала ініцыятывай. Немцы са сну не маглі зразумець, што адбываецца, хто і адкуль наваліўся на іх. Многія проста выскоквалі з траншэі і на скрут галавы несліся куды вочы глядзяць. Іншыя, прыкінуўшыся забітымі, ляжалі на дне траншэі. Трэція, схапіўшы зброю, стралялі абы-куды, нярэдка прымаючы сваіх за чужых. Купрэйчык, расправіўшыся з чарговым фрыцам, убачыў, як на бруствер выскачыў яшчэ адзін. Не разважаючы, старшы лейтэнант выпусціў у яго кароткую чаргу з аўтамата.

Раптам яркі выбліск асвяціў наваколле, здрыганулася пад нагамі зямля, і аглушальны, страшны грукат ускалыхнуў усю акругу. На імгненне нават сутычка ў траншэі прыпынілася. Але тут жа завязалася з новай сілай.

Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і ўчастак траншэі, у які ўварваліся разведчыкі, быў у іх руках. Праўда, немцы ў адным і другім канцах апамяталіся і павялі агонь уздоўж траншэі. Асабліва небяспечным быў агонь кулямёта, які біў доўгімі чэргамі справа.

«Ён жа пераб’е нас усіх, калі мы пабяжым да сваіх», — жахнуўся Купрэйчык і пачаў абдумваць, як дабрацца да кулямёта. Але тым часам злева і справа пачуліся серыі выбухаў гранат, і кулямёт захлынуўся. «Лугавец з хлопцамі працуюць!» Як было дамоўлена, разведчыкі збягаліся да цэнтра. Купрэйчык паспешліва лічыў: пяць. сем. восем. дзевяць. Не ставала траіх. Ён гучна спытаў:

— Дзе яшчэ трое? Каго няма?

— Ёсць яны. Ражноў і Губчык Грышу Сёміна нясуць.

— Што, паранены? — трывожна спытаў Купрэйчык, узіраючыся ў хлопцаў, якія набліжаліся. Яны на плашч-палатцы неслі Сёміна.

— Не, забіты!

Губляць часу было нельга, і камандзір, загадаўшы двум байцам дапамагчы несці забітага, павёў групу ў бок сваіх. У варожай траншэі панавала панічная блытаніна. Немцы стралялі ў розныя бакі, не ведаючы, адкуль на іх нападаюць. Асабліва моцную сумятню ўнёс выбух на мінамётнай батарэі.

Купрэйчык у траншэю да сваіх саскочыў апошнім. Першым, каго ён убачыў, быў Вахтанг Чалідзе. Ён радасна абняў сябра:

— З вяртаннем, Лёша!

— Дзякуй. Чакай, Вахтанг, а як ты тут апынуўся? Тутака ж Арэшка павінен быць?

— Загінуў ён, учора загінуў. Я нядаўна прыбыў яшчэ з трыма хлопцамі. Усяго добраахвотнікаў набралася восем, але пяцёра загінулі, калі раку пераплывалі. Немцы моцны агонь з флангавых вышынь вядуць.

— А ў мяне Грыша Сёмін загінуў.

Купрэйчык і Чалідзе, параіўшыся, вырашылі, што Чалідзе будзе камандаваць левым флангам, а Купрэйчык — правым. Ідучы да сябе, Аляксей спытаў:

— Вахтанг, не разумею, чаму Васільеў цябе, камандзіра роты, сюды праз раку накіраваў?

— Э, не, дарагі! Калі ад цябе радыёграма прыйшла, сувязі з ротай Арэшкі ніякай не было. Пра яго смерць мы даведаліся ад байца, які прыплыў учора ўначы з гэтым паведамленнем, ён жа сказаў, што рацыю ў іх разбіла снарадам, то паўстала пытанне, каму камандаваць яго ротай і, самае галоўнае, як папярэдзіць пра ваша з’яўленне, вось я і насеў на камандзіра палка. Ён жа ведае, што мы з табой сябры, таму не ўстаяў.

На душы ў Аляксея стала цёпла. Ён быў вельмі ўдзячны сябру і Васільеву. Нават у такі момант зрабілі ўсё, каб дапамагчы разведчыкам.

Але ўслых Купрэйчык сказаў толькі: «Пакуль». І, паціснуўшы руку Чалідзе, накіраваўся на свой правы фланг.

Наступіла раніца. Купрэйчык і Чалідзе, кожны на сваім флангу, рыхтаваліся да атакі.

Перад атакай кожны думае пра што-небудзь самае дарагое. Аляксей думаў пра Надзю. Ён разумеў, што хутка, вельмі хутка выскачыць з гэтай глыбокай, такой утульнай, нават хатняй траншэі, якой яна стала, калі думаў пра атаку, і пойдзе наперад насустрач свінцоваму ліўню. Цяжка, вядома, гэта рабіць, усведамляючы, што ў любы час ты можаш сустрэць сваю смерць. Колькі трэба чалавеку фізічных і духоўных сіл, самаахвярнасці і разумення вострай неабходнасці гэтай атакі! А ў Аляксея мімаволі мільганула думка: «Вось цяпер ззаду, з-за ракі, узляцяць дзве чырвоныя ракеты, і ў атаку пойдуць і смельчакі, і звычайныя людзі. Пра што яны будуць думаць у гэты момант?».

Дзве чырвоныя ракеты, якіх усе чакалі, узвіліся ў неба нечакана. Купрэйчык першым выскачыў з траншэі і, трымаючы ў правай руцэ аўтамат, узмахнуў ім:

— Наперад!

Ён бег і, не паварочваючы галовы, адчуваў, што побач бягуць байцы. Грымнула шматгалосае «ура!», і нават шалёны агонь, які фашысты адкрылі, быў не такім аглушальным. У гэты момант дзесьці на флангах удалечыні дружна забілі аўтаматы. «Нашы прыйшлі!» — радасна падумаў старшы лейтэнант і, паліваючы з аўтамата ўжо блізкую варожую траншэю, рыхтаваўся да рукапашнай. Раптам штосьці моцна штурхнула ў сцягно. Аляксей хацеў спыніцца, але ў гэты момант адчуў адначасова ўдары ў плячо і грудзі. Ён павярнуўся бокам і павольна зваліўся на вільготную, прахалодную траву.

Загрузка...