Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін

Наступіла лета 1943 года. Гітлераўцы ўзмоцнена рыхтаваліся да новай аперацыі ў раёне Белгарада і Курска. Аднак становішча ў тыле акупантаў было неспрыяльным. Партызаны не давалі ім жыцця ні днём ні ўначы. Пачасціліся дыверсіі на чыгуначных вузлах. Народныя мсціўцы ўзрывалі масты. Пад адхон ляцелі эшалоны з гаручым, ваеннай тэхнікай і жывой сілай рэйха.

Для знішчэння партызан гітлераўскае камандаванне накіравала рэгулярныя войскі, у тым ліку танкавыя, артылерыйскія і авіяцыйныя злучэнні.

Партызаны тым часам вялі знясільваючыя блакадныя баі.

Атрад, у якім знаходзіўся Славін, таксама апынуўся ў цяжкіх умовах. Да гэтага часу Уладзімір ужо асвоіўся ў атрадзе. Сціплы і ціхі, ён зусім мяняўся ў баявой абстаноўцы. Валодзя быў падрыўніком, але ў апошні час яго сталі часта пасылаць і ў разведку. Хлопцу гэта падабалася.

Аднойчы, у перапынку паміж баямі, да Уладзіміра падышоў сакратар камсамольскай арганізацыі Косця Царык:

— Славін! Час табе ў камсамол уступаць!

— Мне? — ад нечаканасці Уладзімір збянтэжыўся.

— Табе. Ваюеш ты адважна, іншым добры прыклад падаеш. Сам жа казаў, што ў школе не паспеў уступіць у камсамол, вайна перашкодзіла. Ну, а цяпер мы лічым, што ты цалкам заслужыў гэта. Так што бяры рэкамендацыі і пішы заяву.

— Дзякуй, — толькі і мог прагаварыць Уладзімір, а сам падумаў пра бацькоў. Як бы яны ўзрадаваліся!

Праз некалькі дзён група Крайнюка накіравалася выконваць новае заданне. Партызаны павінны былі падарваць у некалькіх месцах чыгуначную магістраль, а затым ісці на новую стаянку атрада, куды ён атрымаў загад перадыслакавацца.

Для Валодзі ўдзел у новай аперацыі быў не проста баявым заданнем, а як бы іспыт на вытрымку, вынослівасць, на права звацца камсамольцам.

Ішлі амаль увесь дзень. Нарэшце падышлі да чыгункі.

Крайнюк загадаў усім адпачываць, а сам, узяўшы з сабой Славіна, накіраваўся ў разведку. Да дарогі яны дабраліся з боку зарослага хмызняком балота. Міма іх на вялікай хуткасці пракаціўся бронецягнік, затым цяжка гружаны таварняк, праз дваццаць хвілін бронецягнік прайшоў назад. Крайнюк уважліва вывучаў падыходы да дарогі. Разгарнуў карту, штосьці адзначыў на ёй.

— Давай паглядзім, як ахоўваецца дарога паўднёвей, — прапанаваў ён Уладзіміру.

Яны зноў паглыбіліся ў лес, падышлі да дарогі кіламетры праз два лявей. Чыгуначная каляіна пралягла ў гэтым месцы па высокім насыпе, і Крайнюк быў задаволены:

— Глядзі! Калі ў гэтым месцы рванём, то будзе куды вагонам скочвацца. Давай пройдзем далей, за паварот. Там павінен быць невялікі мост.

Яны адышлі ў глыбіню лесу і, зрабіўшы крук, зноў апынуліся каля насыпу. Сапраўды, як і меркаваў Антон, у гэтым месцы дарога праходзіла па невялікім мосце, які быў перакінуты праз рэчышча маленькай рачулкі. Рака даўно высахла, і зараз пад мостам мясцовыя сяляне свабодна праязджалі на падводах. Крайнюк разумеў, што немцы не маглі пакінуць гэты ўчастак без аховы, і таму вырашыў высветліць, ці няма тут паблізу засады. Міма іх на малым ходзе зноў прайшоў бронецягнік. Ствалы гармат і кулямётаў панура глядзелі ў бок лесу. Браняваная махіна пхала перад сабой тры адкрытыя платформы. Першыя дзве былі загружаны пяском, на трэцяй размяшчаліся шасціствольныя мінамёты, абкладзеныя з двух бакоў мяшкамі з пяском.

— Так-а, справунькі, — збянтэжана прагаварыў Крайнюк, паглядаючы на дарогу.

Праз дзесяць хвілін пранёсся таварняк. Неўзабаве бронецягнік пайшоў назад. І раптам яны ўбачылі, як да моста падкаціла мотадрызіна. З яе выйшла шасцёра салдат — пяць аўтаматчыкаў, адзін кулямётчык. Усе схаваліся ў хмызняку метрах у пяцідзесяці ад месца, дзе стаіліся партызаны. Дрызіна прастаяла з хвіліну, затым рушыла назад.

Крайнюк даў знак Славіну адпаўзаць назад і сам вужом праслізнуў за куст. Уладзімір папоўз за ім.

Крайнюк сказаў:

— Давай адыдзем за паварот, перасячом дарогу і з таго боку паглядзім, дзе размясцілася засада.

На другім боку дарогі разведчыкі хутка выявілі немцаў. Тыя якраз устанаўлівалі кулямёт, ламалі галінкі для падсцілкі.

— Бач ты! Камфорт любяць, гады, — прабурчаў Антон, — зямля сухая, а яны ўсё адно галінкі пад пуза.

Неўзабаве ў Крайнюка выспеў план. Ён падаў знак Славіну адыходзіць. Ужо сцямнела, калі яны вярнуліся да сваіх.

У групе было трыццаць чалавек, і Крайнюк вырашыў неадкладна правесці інструктаж. Сабраліся на невялікай паляне. У цемры людзі не бачылі адзін аднаго, хоць і сядзелі побач. Камандзір разбіў атрад на тры групы. Першыя чатыры чалавекі павінны былі выйсці да таго месца, дзе дарога праходзіла па роўным нізкім участку.

— Пра вашу задачу я скажу крыху пазней, — растлумачыў Крайнюк, звяртаючыся да першай групы. — Другая група, у складзе дзевяці чалавек, адправіцца да высокага насыпу. Старшым прызначаю Славіна. Валодзя, ты добра запомніў тое месца?

— Вядома! Перад паваротам, за якім масток, засада.

— Правільна. Усе астатнія ідуць са мной. План нашых дзеянняў такі. Паколькі чыгуначнае палатно ахоўваецца бронецягніком, а мост — шасцёркай немцаў, узброеных ручным кулямётам і аўтаматамі, дзейнічаць пачнём ранкам. Як толькі бронецягнік пройдзе мост і схаваецца з вачэй, частка маёй групы, а ў ёй будзе дзесяць чалавек, з тылу атакуе засаду. Пажадана абысціся без стральбы ці ж, у крайнім выпадку, страляць толькі з блізкай адлегласці, каб справу скончыць праз пару мінут. Пасля гэтага другая частка групы пачне мініраваць мост. Вы ж, — Крайнюк звярнуўся да Славіна, — пасля таго, як пройдзе бронецягнік, адразу ж замініруеце ўчастак дарогі на самым высокім месцы і рваняце яе, калі пойдзе таварны састаў. Састаў, зразумела, — пад адхон, а нам застанецца толькі падняць на паветра мост. Такім чынам мы не дамо бронецягніку вярнуцца назад. Пасля настае чарга першай групы, якая перад гэтым прапусціць таварняк і мініруе ў некалькіх месцах рэйкі. Пачуўшы нашы выбухі, вы падрываеце свае зарады.

Антон казаў не зусім выразна, але партызаны зразумелі яго задуму. Старэйшыя групы дамовіліся пра ўзаемадзеянне, і Крайнюк назваў месца сустрэчы ў лесе пасля выканання задання.

— А зараз усім спаць. Пад’ём у дзве гадзіны ночы. Да світання трэба выйсці на зыходныя пазіцыі.

Нарэшце наступіў час дзеяння. Партызаны, як і было дамоўлена, трыма групамі рушылі да чыгункі. Толькі-толькі замігцеў світанак, як усе занялі свае месцы. Першай павінна была прыступіць да справы група Крайнюка. Антон падвёў дзясятак сваіх байцоў амаль ушчыльную да салдат, якія заселі ў засадзе. Праз кусты ён бачыў, што не спаў толькі адзін кулямётчык і адзін з аўтаматчыкаў, астатнія, накрыўшыся плашч-палаткамі, спалі цеснай групай.

Крайнюк распарадзіўся:

— Чацвёра павінны бясшумна зняць кулямётчыка і аўтаматчыка, астатнія ліквідуюць спячых гітлераўцаў. Але пакуль трэба пачакаць, калі пройдзе бронецягнік.

«А што, калі бронецягнік сёння не пойдзе ці, прынамсі, затрымаецца? Значыць, прачнуцца астатнія фрыцы. Паспрабуй тады абысціся без шуму!» Ён вырашыў пачакаць яшчэ паўгадзіны, паколькі час трываў.

Пачаўся пакутлівы адлік хвілін. Кулямётчык павярнуўся на бок, дастаў з кішэні папяросу, накрыўся плашч-палаткай, запаліў. А світанак браў сваё. Але вось удалечыні пачуўся знаёмы шум, ён паступова нарастаў, і сумнення не было — ідзе цягнік. Толькі які? «А раптам немцы пусцілі вайсковы эшалон, і мы праваронім яго? — з трывогай падумаў Крайнюк. — Трэба было Славіна папярэдзіць, каб падрываў».

У гэты момант немец-аўтаматчык штосьці сказаў свайму таварышу і пайшоў да чыгуначнага палатна. З-за павароту не спяшаючыся выпаўз бронецягнік. Аўтаматчык памахаў рукой немцу, які высунуўся з акенца браняванага паравоза. Той таксама адказаў яму ўзмахам рукі, і аўтаматчык пакрочыў на ранейшае сваё месца. Бронецягнік перасек мост і, ледзь павялічыўшы хуткасць, схаваўся.

Крайнюк уявіў, як гэта махіна цяпер спыніцца на запасным пуці, прапусціць цягнік, які ідзе следам, а затым кранецца назад, пагражаючы ляску сваімі гарматамі і кулямётамі. Калі аўтаматчык вярнуўся на месца і, расцягнуўшыся на зямлі, пачаў глядзець у бок дарогі, Антон падаў умоўны сігнал. Байцы кінуліся наперад. Усё было скончана імгненна, толькі кулямётчык паспеў ускрыкнуць.

Антон скаціўся з пагорка, кінуўся да моста. Тут жа падбеглі астатнія байцы з яго групы.

Замініравалі ў двух месцах мост і чакалі падыходу тых, хто збіраў трафеі і дакументы знішчаных гітлераўцаў. Вось і яны. Хутка працягнулі провад да хмызняка, заляглі. Толькі паспеў камандзір размеркаваць паміж партызанамі груз, а яго аказалася нямала, як з таго боку, адкуль прайшоў бронецягнік, паказаўся цяжкі састаў. Ён імчаўся на вялікай хуткасці. «Ну, Валодзя, не падвядзі!» — у думках усклікнуў Крайнюк.

А Славін у гэты момант ляжаў побач з партызанам, які павінен быў крутануць ручку магнета, напружана прыслухоўваўся да шуму надыходзячага цягніка. Састаў цягнулі два паравозы.

«Напэўна тэхніку вязуць», — падумаў Славін. І сапраўды, на платформах стаялі танкі, накрытыя брызентам. Акрамя таго, да саставу было прычэплена каля дзясятка цыстэрнаў з гаручым.

Уладзімір добра ведаў, што магнета трымае ў руках дасведчаны падрыўнік. Тым не менш, на нейкае імгненне яму здалося, што паравозы паспелі праскочыць фатальную кропку і ніякага выбуху не адбудзецца. І раптам пад пярэднімі коламі галаўнога лакаматыва ўскінулася полымя, неверагоднай сілы грукат аглушыў мясцовасць. Паравозы, а за імі платформы разам з грузам на велізарнай хуткасці, пераварочваючыся, панесліся пад адхон. Далей Славін не глядзеў. Ён ускочыў на ногі, махнуў байцам рукой, і ўсе рынуліся ў глыб лесу. Ззаду чуліся аглушальныя выбухі, языкі полымя прагна пажыралі каштоўны груз, які так і не патрапіў на фронт. Славін нават не чуў, як злева, дзе знаходзіўся Антон са сваёй групай, і справа, у размяшчэнні першай групы, грукаталі новыя выбухі. Уладзімір, спачатку паглыбіўшыся ў лес, прыняў крыху лявей, каб хутчэй сустрэцца з астатнімі падрыўнікамі. І гэта было яго памылкай, бо да падарванага моста падышоў бронецягнік і адразу ж адкрыў шалёны агонь па лесе. На партызан абрынуўся шквал артылерыйскага і кулямётнага агню, але самую вялікую непрыемнасць прычыніў шасціствольны мінамёт. З ім Славін пазнаёміўся ўпершыню. Міны рэдка дасягалі зямлі. Яны, удараючыся аб верхавіны дрэў і буйныя галіны, выбухалі ўгары. Гэта быў першы выпадак, калі фашысты ўжылі ў такіх умовах шасціствольны мінамёт. Вакол ірваліся міны і снарады, віскаталі буйнакаліберныя кулі — было сапраўднае пекла, у якім вельмі цяжка захоўваць стрыманасць і вытрымку. Уладзімір нырнуў у першую ж варонку, што трапілася яму, і ўсім целам прыціснуўся да зямлі, яшчэ дымнай ад выбуху.

Так, у гэты момант Славін упершыню спазнаў, што такое страх. Колькі высілкаў каштавала, каб утрымацца ў варонцы і перачакаць, пакуль супакоіцца агністы шквал!

А немцы, відавочна, вырашылі, што ў гэтым квадраце нікога жывога не засталося, і перакінулі агонь у глыб лесу. Партызаны, аглухлыя і прысыпаныя зямлёй, пачалі выпаўзаць са сваіх хованак і, сяк-так атросшыся, пабеглі далей. Славін страціў лік часу. Ён ужо не мог арыентавацца і проста імкнуўся не адставаць ад вопытных таварышаў.

Нарэшце ім удалося сысці з зоны агню, і яны змаглі трохі перавесці дух. Група Славіна не далічылася чатырох байцоў, траіх не стала і ў групе Крайнюка. Пасля кароткай нарады вырашылі як мага хутчэй ісці да вызначанага месца сустрэчы ўсёй групы.

Ішлі па лесе доўга і толькі да вечара злучыліся са сваімі.

Крайнюк быў рады, убачыўшы цэлага і не параненага Славіна. Як пусцілі цягнік пад адхон, яму ўжо расказалі, і ён паціснуў Валодзю руку.

— Ну што, падрыўнік? Віншую з першым эшалонам! Як перанёс «канцэрт», які арганізаваў бронецягнік?

— Слухаў, скамянеўшы. Не мог заду ад варонкі адарваць, — сумленна прызнаўся Уладзімір і спытаў: — А як ты?

— У мяне жывот быў намазаны смалой. Прыліп да зямлі пад тоўстай хвояй, ледзь падняўся, — адказаў пад рогат таварышаў Крайнюк.

Наступіў момант, калі байцы нарэшце зразумелі, што ўсё ўжо ззаду, знікла вялікая нервовая напруга. Адышлі, пацяплелі душы. Усе цешыліся, што зноў блакітнее неба, ззяе сонейка, а вакол — цішыня. Жыццё працягвалася! Але гэты настрой змяніўся сумам і гаркатой страт.

Партызаны пайшлі шукаць сваіх таварышаў. Неўзабаве знайшлі траіх. Яны былі паранены, прычым адзін ад кантузіі аглух. Аказалі ім дапамогу і працягвалі пошук. Лазілі па пуцях доўга.

Нарэшце адшукалі астатніх чацвярых. Усе яны былі мёртвымі.

Параіўшыся, вырашылі забітых не хаваць, а несці ў атрад.

Толькі ўвечары, калі ўжо сцямнела, Крайнюк вырашыў зрабіць прывал, а ранкам рушыць на злучэнне з атрадам.

Прывал у летні час — не праблема: пара яловых галінак, зверху плашчпалатка ці пінжак. Крайнюк і Славін уладкаваліся побач. Уладзімір адкрыта расказаў сябру пра хваляванні, якія ён перажыў, пра страх, які ахапіў яго падчас артылерыйскага абстрэлу. Крайнюк слухаў, успамінаючы свае першыя крокі ў партызанскім атрадзе. Ён ямчэй уладкаваўся на галінах, даверліва заўважыў:

— Ведаеш, Валодзя, мне таксама гэта знаёма. Па-мойму, кожны чалавек павінен прайсці праз такое выпрабаванне. Зараз ты разумееш, што такое страх. Калі ён не спыніць, як зноў пойдзеш у бой, значыць можаш лічыць сябе байцом. — І раптам спытаў:

— Што чуваць пра бацькоў?

Славін, трохі памаўчаўшы, хмурна адказаў:

— Нічога. Камандзір атрада спрабаваў высветліць — безвынікова.

Яны змоўклі. Валодзя ў думках быў у акупіраваным Мінску: «Што там? Дзе бацька і маці? Ці жывыя? Ці давядзецца калі-небудзь сустрэцца? Эх, калі б тата і мама былі цяпер тут, у атрадзе!»

Неўзаметку для сябе Уладзімір заснуў, а калі прачнуўся, ужо світала.

Крайнюк пачаў будзіць людзей, і неўзабаве іх група, несучы забітых і параненых, рушыла да месца стаянкі атрада.

Сустрэча была цяжкай. Хавалі загінулых у гэты ж дзень.

Крайнюк падрабязна далажыў камандзіру аб праведзенай аперацыі. Выслухаўшы яго, Глазкоў моўчкі прайшоўся па зямлянцы і, спыніўшыся насупраць Антона, сказаў:

— Дзейнічалі вы правільна і граматна. Шкада вельмі загінулых таварышаў. Але што паробіш, Антон, страты непазбежныя. Дзякуй за службу, ідзі адпачывай. Наперадзе яшчэ шмат у нас з табой спраў.

Крайнюк выйшаў з зямлянкі і адразу ж убачыў Славіна. Ён сядзеў на зваленым дрэве і разглядаў трафейны аўтамат.

— Валодзя, ты чаму не спіш?

— Я цябе чакаў, — адказаў Славін і, падняўшыся са свайго месца, ускінуў аўтамат за плячо, — пайшлі…

Прайшло два дні. Сябры сядзелі на невялікай палянцы, акружанай хмызняком. Славін прасачыў вачамі за палётам птушкі, якая пырхнула з дрэва, што стаяла недалёка, і павярнуўся да Крайнюка:

— Ты ведаеш, мне здаецца, што з пачатку вайны прайшло не два гады, а прынамсі дзясятак.

Ззаду пачуўся шоргат. Антон і Уладзімір азірнуліся і ўбачылі Панчанкава Сяргея. Той напрамую праз маліннік прабіраўся да іх:

— Вось вы дзе схаваліся. А я вас паўгадзіны ўжо шукаю. Антон, бяжы да камандзіра, ён цябе чакае.

Крайнюк устаў і накіраваўся праз гэты ж маліннік, дзе толькі што прабіраўся Сяргей, да камандзірскай зямлянкі.

Глазкоў быў адзін. Ён адразу ж перайшоў да справы:

— Антон, возьмеш Славіна ці Панчанкава і пойдзеш на сустрэчу з Мачалавай. Яна павінна перадаць ад нашых медыкаменты і данясенне. Паспрабуй пераканаць яе, каб сыходзіла ў атрад. Пагавары з ёй сур’ёзна. Скажы, што атрад хутка пойдзе ў іншае месца і сувязь з ёй на некаторы час будзе перапынена.

— Ёсць, — дакладна, па-вайсковаму адказаў Крайнюк і спытаў: — Калі адпраўляцца на сустрэчу з настаўніцай?

Глазкоў ледзь прыкметна ўсміхнуўся: ох ужо гэтыя вясковыя звычкі. Даўно павялося ў вёсцы настаўнікаў, старшыню калгаса ды і брыгадзіраў не па імені зваць, а па пасадзе.

— Пойдзеце ўначы. Сустрэча прызначана на тры гадзіны, як звычайна, ля закінутай вузкакалейкі. Дарогу ты ведаеш добра, не заблудзішся, — і нечакана спытаў: — Па маці не занудзіўся?

— Занудзіўся, — прастадушна адказаў хлопец. Яму падумалася, што цяпер камандзір скажа: «Наведай яе», але камандзір мякка прагаварыў:

— Вядома, занудзіўся, але хадзіць туды не трэба. Нельга дапусціць, каб паліцаі пранюхалі, што ты бываеш у маці. Сам ведаеш — не мінуць тады бяды.

Выйшаўшы з зямлянкі, Крайнюк знайшоў Славіна і прапанаваў пайсці з ім.

Яны вырашылі крыху раней легчы спаць, а апоўначы пайсці на сустрэчу з сувязной…

Загрузка...