У шпіталі панавала радаснае ажыўленне. Толькі што па радыё паведамілі пра вызваленне Варшавы. Параненыя падоўгу стаялі ля карты, прыкідваючы адлегласць да Берліна.
Купрэйчыку ўжо два тыдні як дазволілі ўставаць, ён штодня стараўся хоць бы разок спусціцца ўніз, у прыёмнае аддзяленне, куды паступалі прама з фронту параненыя. Ён шукаў сярод іх знаёмых, але пакуль нікога не сустрэў.
А шпіталь, размешчаны ў будынку школы, амаль штодня папаўняўся ўсё новымі параненымі. Людзі былі розныя: адны — маўклівыя і панурыя, другія крычалі, лаяліся ад болю, трэція — енчылі. Паветра ў шпіталі было сапрэлым, цяжкім, наскрозь прасякнутым пахам бінтоў, старых ран, карболкі, лекаў.
Прачыналіся звычайна рана, слухалі зводку Інфармбюро, чакалі, калі прынясуць газеты.
Побач з Купрэйчыкам на ложку, які стаяў у куце, з’явіўся новы сусед. Яму адарвала абедзве нагі. Першыя двое сутак ён трызніў. Сёння новенькі ачнуўся. Ён доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма і прыслухоўваўся да размоў.
Аляксей гучна сказаў:
— Ну вось, браткі, і наваселец наш прачнуўся.
У палаце наступіла цішыня, тыя, у каго ўжо добра пазажывалі раны, жадаючы дапамагчы новенькаму хутчэй асвоіцца, пачалі пытаць, хто ён, адкуль.
— Капітан Волкаў, танкіст, — адказаў ён яшчэ слабым голасам і дадаў: — Завуць Паўлам.
— Дзе быў паранены? — пацікавіўся рудавалосы, з абгарэлым тварам лейтэнант Назараў. Ён таксама танкіст. Яго танк падбілі немцы, і ён загарэўся. З усяго экіпажа застаўся жывы толькі Назараў. У палаючым камбінезоне вываліўся з танка, але далей рухацца не змог. У яго было два асколачных раненні: адно ў нагу, другое — у спіну. Пехацінцы, што суправаджалі іх танк, затушылі адзежу Назарава, але ён паспеў атрымаць моцныя апёкі рук, твару і спіны. Калі лейтэнант трохі падлячыўся, то вельмі перажываў за свой абпалены твар і ў хвіліны даверу казаў: «Ведаеце, хлопцы, якая ў мяне жонка прыгажуня! Не прыме зараз яна мяне з такой фізіяноміяй. Навошта я ёй?»
Новенькі павольна павярнуў галаву і, адшукаўшы вачыма Назарава, адказаў:
— На подступах да Варшавы. З гаю іх самаходка ў бок майму танку ўляпіла. Што далей было — не памятаю. — Затым капітан перавёў погляд на Купрэйчыка, які сядзеў на сваім ложку, і папрасіў: — Браток, атулі мне ногі лепей, а то змерзлі штосьці.
Купрэйчыка кінула ў жар: «Дык ён нават не ведае, што ў яго няма ног!» Хаваючы вочы, ён паправіў там, дзе павінны быць ногі, коўдру, сеў на месца і падумаў: «Можа, і добра, што ён убачыў твар Назарава, лягчэй будзе і сваё гора пераносіць».
Настрой сапсаваўся, на душы стала нядобра. Аляксей лёг на ложак і заплюшчыў вочы. У памяці ўсплыў апошні бой, у якім яго параніла.
Прыйшоў ён у сябе на плыце, падчас пераправы праз тую злапомную раку. Над ім адразу ж схіліліся твары яго хлопцаў. «Трымайся, камандзір, мы з табой!» — сказаў Лугавец, а ў самога вочы чырвоныя. Купрэйчык здагадаўся, што ён плакаў, і падумаў: «Напэўна, здорава мяне зачапіла, калі нават такі крэмень, як Жэня, слязу пусціў». Ён спытаў, што з астатнімі хлопцамі. Сцяпаныч супакоіў: «Усё ў парадку, дзядзька, усе цэлыя. Праўда, Пецю Губчыка злёгку зачапіла за руку, але ён нават у шпіталь не пайшоў. Вось цяпер прычалім да берага, а там — увесь узвод нас сустракае. Хлопцы рукамі машуць».
Але Аляксею так і не давялося ўбачыць свой узвод. На вочы наплыла смуга, неба пацямнела, і ён ізноў знепрытомнеў.
Апрытомніў ужо ў шпіталі. Абое раненні аказаліся сур’ёзнымі, да таго ж старшы лейтэнант страціў шмат крыві. З першага шпіталя ён трапіў у другі, затым у трэці, і вось ужо больш за месяц ляжыць у чацвёртым, які размясціўся ў невялікім мястэчку пад Брэстам. Тут і знайшла яго жонка.
У Аляксея на душы палягчэла пры ўспаміне пра яе. Ён добра памятаў той дзень. Яна ўбегла ў палату і стала пільна ўзірацца ў хворых. Слізганула па твары Аляксея вачыма і адразу не пазнала. Купрэйчык хацеў паклікаць яе, але не мог. Горла стала сухім, язык — непаслухмяным, і ён моўчкі працягваў глядзець на жонку. Надзя зноў паглядзела на яго і кінулася да ложка. Яна ўпала на калені, прытулілася да яго твару і расплакалася. Тыя параненыя, якія маглі хадзіць, паспешна выйшлі з палаты, а іншыя адвярнуліся да сцяны, каб не замінаць іх сустрэчы. Калі прайшло першае хваляванне, Надзя расказала Аляксею, як ёй удалося адшукаць яго. Аказалася, што калі на імя Купрэйчыка прыйшоў яе ліст, то хлопцы напісалі пра тое, што здарылася, і паведамілі, куды ён быў дастаўлены. Надзя напісала ў перасоўны палявы шпіталь. Ёй адказалі, куды накіраваны Аляксей. Яна напісала туды, атрымаўшы адказ, накіравала ліст у наступны шпіталь і так пісала датуль, пакуль не даведалася, дзе ён знаходзіцца.
Аляксей сказаў, што ён ёй некалькі разоў пісаў, але адказу так і не атрымаў. Лічыў, што віной таму яго частае перамяшчэнне па шпіталях. Надзя растлумачыла: «Лёшачка, у мяне змяніўся адрас, і цалкам магчыма, што калі прыходзілі твае лісты па старым адрасе, то іх не перасылалі мне. Сам ведаеш, вайна».
Гэтым разам у Надзі часу было вельмі мала, і яна ўвечары з’ехала. Цяпер Надзя працавала ў шпіталі, размешчаным за дваццаць кіламетраў адгэтуль. Яна ўжо тройчы прыязджала да Аляксея. Яму ўспомнілася ўчорашняя гутарка ў двары шпіталя.
Аляксею ўпершыню дазволілі выйсці ў двор, і якраз прыехала Надзя. Маладзенькая медсястра, якая дапамагала Аляксею надзець стары шпітальны кажух і валёнкі, убачыўшы Надзю, смеючыся, сказала: «Ведае, калі прыязджаць. Толькі сабралася яе мужа адвесці, а яна тут як тут». Надзя зрабіла сур’ёзны твар і пагразіла пальцам: «Ну-ну, паспрабуй толькі!» І, узяўшы Аляксея пад руку, сама павяла яго ў двор.
Спачатку Аляксей цешыўся, што побач Надзя, а потым засмуткаваў, што яна хутка з’едзе і побач з ёй будуць іншыя мужчыны. Жонка старалася яго развесяліць, яна расказвала нейкія смешныя гісторыі. Аляксей глядзеў на яе, расчырванелую ад марозу, і ад гэтага яна выглядала яшчэ прыгажэйшай, і змрачнеў. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь рэзкае, крыўднае. Калі Надзя вырашыла адвесці яго ў палату, сказаўшы, што яе час мінуў і ёй пара з’язджаць у свой шпіталь, ён не стрымаўся і злосна кінуў: «Што, ужо знудзілася па больш здаровым?»
Надзя здзіўлена ўскінула на яго вочы і нечакана ўсміхнулася. Потым асцярожна, каб не патрывожыць рану, прыхінулася да яго грудзей і ціха сказала: «Мілы, ты адзін у мяне, — і, сарамліва сунуўшы нос у расшпілены на яго грудзі кажух, прашаптала: — Я ж і жонка, і нявеста адначасова, так што, калі будзем разам, ты.» — і, не дагаварыўшы, пачырванела, але прымусіла сябе на секунду адарваць твар ад яго грудзей і паглядзець яму ў вочы.
Ад гэтых слоў і адкрытага позірку Аляксею стала горача. Ён адчуў зноў галавакружэнне і слабасць. Аляксей моцна прыціснуў да сябе і пацалаваў жонку.
І цяпер, лежачы на ложку, успамінаючы гэтую размову, Аляксею здалося, што ён зноў чуе яе голас. Не, Купрэйчык не недачуў, яго сапраўды хтосьці клікаў. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў медсястру, якая злосна сказала:
— Ты што, Купрэйчык, не чуеш, на перавязку!
Старшы лейтэнант падняўся і марудліва пайшоў да перавязачнай, а калі выйшаў адтуль, твар яго ззяў. Доктар сказаў, што дзён праз дзесяць яго выпішуць. «Значыць, ёсць шанец, — думаў Купрэйчык, — што я і да Берліна дайсці змагу». І ён, насвістваючы, накіраваўся ў палату.