У пятніцу, перад абедам, у кватэру Славіных наляцелі гестапаўцы. Яны ўчынілі сапраўдны пагром: перакапалі ўсе шафы і ложкі, перавярнулі мэблю, разразалі абіўку на крэслах, адарвалі ліштвы ў дзвярах. Настасся Георгіеўна разумела, што вобыск нездарма. Значыць, штосьці здарылася з мужам. Афіцэр, які кіраваў ператрусам, праз перакладчыка загадаў ёй збірацца і ехаць з імі. Славіна хацела напісаць дзецям запіску. Але высокі, худы, з выпуклымі рачынымі вачамі афіцэр не дазволіў. А пры выхадзе ткнуў пальцам у скураное паліто, загадваючы сваім падначаленым забраць.
Настассю Георгіеўну пасадзілі ў закрыты грузавік і павезлі. У кузаве, акрамя Славінай, знаходзілася яшчэ два чалавекі. Жанчына пакутліва думала, куды яе вязуць, дзе яе муж, што з дзецьмі. Нарэшце машына спынілася. Адкрыўся задні борт кузава. Настасся Георгіеўна спусцілася на зямлю. Гэта быў вялікі двор ззаду нейкага будынка. Славіна нарадзілася ў Мінску, ведала горад як сваіх пяць пальцаў. Пакажы ёй фасад любога больш-менш прыкметнага дома, і яна беспамылкова сказала б, дзе ён стаіць. Аднак у большасці двароў Настасся Георгіеўна, зразумела, ніколі не была і зараз ніяк не магла вызначыць, куды ўсё ж прывезлі яе немцы.
Салдат увёў арыштаваную ў змрочны, абстаўлены старадаўняй мэбляй кабінет. За масіўным сталом сядзеў следчы ў цывільным. Допыт пачаў здалёку. Казаў па-руску, знарочыста павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова. Спачатку задаў некалькі пытанняў, якія нічога не значылі, пацікавіўся сям’ёй, узаемаадносінамі з суседзямі, спытаў, дзе яна сама і муж працавалі да вайны. Затым прыступіў да галоўнага.
Адказваючы на яго пытанне, чаму яны не эвакуіраваліся, Славіна сказала:
— Ды пакуль збіраліся, вашы войскі ўвайшлі ў горад.
Немцу адказ, відаць, спадабаўся. Запісваючы, ён злёгку ўсміхнуўся. Затым спытаў, хто наведваў іх кватэру ў апошні час, ці не прыносіў муж дахаты газеты, лістоўкі. Настасся Георгіеўна ўсё адмаўляла.
Следчы скончыў пісаць, паказаў на паперы, дзе трэба распісацца, і, як бы мімаходзь, заўважыў:
— Сёння вас адпускаем. Але, думаю, яшчэ сустрэнемся. Хачу папярэдзіць: калі і ў наступны раз будзеце рабіць выгляд, што нічога не ведаеце, то чакае вас шмат непрыемнасцяў. Так што раю падумаць. Вось пропуск на выхад.
Настасся Георгіеўна ішла па гулкім калідоры разгубленая, прыгнечаная, прад’явіла вартавому пропуск і апынулася на вуліцы. Разабраўшыся, нарэшце, дзе яна знаходзіцца, ці ледзь не подбегам кінулася дахаты. Сэрца трывожна білася: што з дзецьмі?
Валодзя і Жэня былі ўжо дома. Убачыўшы іх, маці ўпершыню за гэты дзень не змагла стрымацца, заплакала. Дзеці пачалі яе супакойваць, распытвалі, дзе была, што адбылося, дзе бацька. Што магла сказаць ім Настасся Георгіеўна?
Валодзя сядзеў ля акна. Вечарэла. Штосьці трэба рабіць, з кімсьці раіцца. Але з кім? Толькі цяпер ён спахапіўся, што так і не ведае нікога з падпольшчыкаў.
«Што магло здарыцца з бацькам? — разважаў хлопец. — Дапусціў прамашку? А можа, знайшоўся здраднік?» За гэты час Валодзя пасталеў, многае спазнаў, сваімі вачамі ўбачыў «новы парадак», які ўкаранялі жорсткія акупанты.
Заняты невясёлымі думкамі, не заўважыў, што маці завесіла ўсе вокны, запаліла газавую лямпу. Селі за стол. Моўчкі пілі чай. Без бацькі было трывожна і маркотна.
Нечакана штосьці стукнула ў акно спальні.
— Мам, патушы лямпу, — сказаў Уладзімір і кінуўся ў суседні пакой. Падняў святломаскіроўку, адшмаргнуў фіранку, расчыніў акно. Было цёмна, і ў густым хмызняку, што разрося ля сцяны, нічога не было відаць. Раптам пачуўся голас:
— Валодзя! Гэта я — таварыш бацькі. У вас прыстаўная лесвіца ёсць? Я б праз акно залез.
— Паглядзіце са зваротнага боку хлява, каля сцяны стаіць.
Праз нейкую хвіліну ў спальню ўлез мужчына. Начным госцем аказаўся ўжо знаёмы Валодзю адзін бацькаў таварыш: бачыў яго раней.
— Паўдня вас высочваў. Бачыў, як дзеці з’явіліся, а потым вы прыйшлі, — ён паглядзеў на маці. — Немцы назіраюць за вашай кватэрай з дома з блакітнымі аканіцамі, з таго, што наўскасяк ад вашага, праз вуліцу.
— Дык гэта ж дом Латаніных! — заўважыла маці. — Іх дачка Светка з немцамі блытаецца. Вы ведаеце, што з Мішам?
— Мы паспелі толькі высветліць, што яго схапілі гестапаўцы проста на рабоце. Выклікалі да начальніка цэха і з яго кабінета павялі. Што будзе далей, цяжка сказаць. Але мы параіліся і вырашылі, што вам трэба ісці ў лес.
Але маці вагалася, усё больш схіляючыся да таго, каб застацца на месцы.
— Мне здаецца, калі немцы даведаюцца, што мы сышлі, то адразу здагадаюцца пра нашу сувязь з партызанамі. І тады ўжо Мішу нішто не выратуе. Дзякуй вам за клопат. Але мы застаёмся.
Да раніцы так і не клаліся спаць. Маці за сняданкам, нібы адчуваючы набліжэнне новай бяды, сказала:
— Дзеткі, калі схопяць мяне, то мой наказ: ідзіце ўдваіх у лес, да партызан. Не чакайце нас з бацькам. Застанемся жывыя — сустрэнемся.
Відаць, пра многае паспела перадумаць Настасся Георгіеўна за мінулую ноч. І цяпер разумела, што дарма не сышлі яны ў лес. Трывога за лёс дзяцей раздзірала душу.
Працоўны дзень падыходзіў да канца. Валодзя прамываў дэталі. У гэты момант да яго падышоў стары работнік з іншага цэха і спытаў:
— Ты Славін?
— Я.
— Дык бяжы да прахадной, дзяўчына нейкая чакае цябе.
Каля прахадной яго чакала Лена Казлова. Схапіла яго за руку, сама дрыжыць і ціха, каб ніхто са старонніх не пачуў, усхвалявана сказала:
— Сыходзь! Немцы маму тваю забралі!
— Калі?
— Ды толькі што.
— Ты Жэню папярэдзіла?
— Не. Як даведалася — адразу сюды.
— Дзякуй, Лена! Ідзі дахаты.
Уладзімір разумеў, цяпер патрэбна захаваць прысутнасць духу, абдумаць, што рабіць далей. Самае галоўнае — атрымаць ад Марціна новы аўсвайс на наступны тыдзень, бо тэрмін дзеяння старога канчаўся сёння.
Імкнучыся быць спакойным, Валодзя сказаў шэфу, што нечакана цяжка захварэла маці, папрасіў адпусціць яго на гадзіну раней і, заадно, выпісаць аўсвайс.
Настрой у шэфа ў той дзень быў добры, ён паблажліва паставіўся да гэтага стараннага хлопца, выпісаў аўсвайс і адпусціў. Не ведаў Марцін, што праз паўгадзіны па Славіна прыйдуць гестапаўцы.
Апынуўшыся за прахадной, Уладзімір з усіх сіл кінуўся да пякарні, дзе працавала сястра. Выклікаў яе. Аднак не паспеў сказаць і двух слоў, як убачыў, што да службовага пад’езда падкаціў «чорны воран». З машыны выскачылі два гестапаўцы і схаваліся за дзвярамі.
— Гэта за табой, Жэня! Сыходзім! — ён пацягнуў сястру за руку. Яны завярнулі ў невялікі завулак, а затым — у другі і пашыбавалі па пустыннай вуліцы.
Жэня плакала, спатыкалася.
— Што будзе з мамай, татам? Што нам рабіць? Куды мы ідзём? — каторы раз пыталася яна, забягаючы наперад.
Гэтыя ж пытанні мучылі і Валодзю. Параіўшыся, яны вырашылі, што дамоў вяртацца ні ў якім разе нельга, і адправіліся да далёкіх сваякоў на Старажоўку. Наступную ноч правялі ў знаёмых. Пра бацькоў нічога не ведалі. Валодзя вельмі шкадаваў, што ў яго няма ніводнага адраса сяброў бацькі па падполлі.
А тым часам іх шукалі падпольшчыкі, чакалі на подступах да дома, за якім звар’яцелыя гестапаўцы яшчэ больш узмацнілі слежку.
Валодзя, хоць і быў маладзейшы за сястру, разумеў, што зараз ён павінен паклапаціцца пра іх лёс.
— Сыходзім у лес, да партызан, — заявіў неяк раніцай.
Жэня пагадзілася, толькі ціха сказала:
— У нас жа няма добрай вопраткі. А ў партызан з адзежай, напэўна, кепска.
— Адзежа будзе. Ты чакай мяне тут. Вярнуся заўтра.
— А куды ты? — захвалявалася Жэня.
Але Уладзімір вырашыў не турбаваць сястру лішні раз. Сяк-так супакоіў яе, сказаўшы, што ідзе шукаць каго-небудзь з падпольшчыкаў, і накіраваўся… у сваю кватэру.
Хто-хто, а ўжо Славін добра ведаў, як непрыкметна падысці да роднага дома. Хаваючыся ў суседнім агародзе сярод густых кустоў агрэсту і маліны, ён цэлы дзень сачыў за вуліцай, імкнучыся разгадаць гестапаўскую сістэму назірання. Ён разумеў, што немцы не маглі пакінуць сваіх людзей проста ў кватэры Славіных. Значыць, яны прыдумалі штосьці іншае.
Валодзя праседзеў у хованцы ўвесь дзень і, хоць у роце не было нават макавай расінкі, а жывот зводзіла ад голаду, застаўся задаволены. Высветліў, што адна група фашыстаў, пераапранутых у цывільную адзежу, сядзіць усё ў тых жа Латаніных, а на вуліцы, як бы выпадкова ходзячы, дзяжураць яшчэ два тыпы. Гестапаўцы ведалі, што кватэра Славіных размешчана на другім паверсе. Прайсці ў яе можна было толькі па драўлянай лесвіцы, а таму ўзмоцнена назіралі за домам з боку вуліцы.
Валодзя дачакаўся цемры, пракраўся ў свой агарод. Адшукаў за хлявом прыстаўную лесвіцу, якая аднойчы ўжо саслужыла іх сям’і добрую службу, прыставіў яе да сцяны, ціха палез да самага акна. На ўсякі выпадак сцішыўся на хвіліну перад адчыненай фортачкай. У кватэры — цішыня. І тады адсунуў шпінгалеты, асцярожна адчыніў акно, ступіў на падлогу і апынуўся ў апраметнай цемры. На імгненне стала страшна, але ён хутка пераадолеў у сабе гэта, пачаў навобмацак абследаваць усю кватэру.
Уваходныя дзверы былі замкнёны на ўнутраны замак, ключы ад якога фашысты, вядома, адабралі ў маці. У цемры, ды яшчэ пасля такога пагрому, шукаць свае і Жэніны рэчы не мела сэнсу, і Валодзя вырашыў дачакацца світанку. Ён узяў крэсла і засунуў адну ножку паміж уваходнымі дзвярамі і ручкай. «Калі і ўздумаюць увайсці ў кватэру, то пакуль сцямяць, чаму дзверы не адкрываюцца, сігану з акна ў гарод і дам драпака», — думаў ён, умацоўваючы як мага надзейней крэсла. Затым асцярожна ўвалок лесвіцу ў пакой, зачыніў акно, каб немцы не заўважылі, калі ўначы захочуць агледзець хату з боку агарода.
Калі замігцеў світанак і ў кватэры можна было сёе-тое разгледзець, Уладзімір знайшоў у каморы стары бацькаў рукзак, кінуў у яго сваю і сястрыну адзежу, адчыніў акно, выставіў лесвіцу, хутка спусціўся на зямлю. Зацягнуў лесвіцу за хлеў. Валодзя ўявіў сабе, як будуць здзіўлены немцы, калі стануць адкрываць кватэру. «Доўга ж ім прыйдзецца ламаць галовы, каб вырашыць загадку: як маглі аказацца замкнёнымі дзверы знутры, якія яны вартавалі днём і ўначы», — Валодзя ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.
Вярнуўшыся ў суседскі сад, хлопец вычакаў час, калі можна будзе хадзіць па горадзе, і адважна пакрочыў па вуліцы: бо ў яго ў кішэні — аўсвайс.
А ўвечары, нібы цені, брат і сястра праслізнулі міма варожых засад. І зноў, ужо каторы раз, Жэня здзівілася:
— Адкуль ты ведаеш, дзе немцы ў засадах сядзяць?
— Мне ўжо даводзілася тут хадзіць, — важна адказваў брат, а сам думаў: «Куды ісці далей? Нас жа ніхто не чакае».
Да раніцы дабраліся да вёскі Пціч, але не спыніліся, пайшлі далей. Да вечара набрылі на хутар. Папрасіліся ў гаспадароў, адзінокіх старых, пераначаваць, спыталі ў іх, дзе можна знайсці партызан. Гаспадары нічога на гэта не адказалі, яны накармілі брата з сястрой і паслалі спаць на сенавале. Старыя ведалі, што цяпер мнгогія людзі шукаюць у лесе партызан. Сярод іх могуць быць і правакатары. Таму крыўдзіцца на старых за недавер было нельга.
Раніцай на хутар зазірнулі партызаны. Іх было чацвёра. Доўга распытвалі яны брата і сястру, імкнучыся зразумець, што за людзі перад імі. Ім асабліва падазроным падалося тое, што хлопец быў абуты ў нямецкія чаравікі. Доўга Валодзя пераконваў партызан, што гэты абутак маці выменяла за бацькаўскі гарнітур.
Партызаны напаўголаса пагаварылі яшчэ аб нечым і нарэшце вырашылі даставіць Славіных у атрад. Прывялі, а спадзяванні Уладзіміра на тое, што тут знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае бацьку ці чуў пра яго, не апраўдаліся. З імі доўга гутарылі камандзір атрада, камісар і начальнік штаба, па некалькі разоў перапытвалі пра раней расказаныя падзеі. Адчувалася, што правяраюць. Валодзя разумеў, што інакш і быць не павінна. Калі ў атрад патрапілі невядомыя, значыць, трэба старанна разабрацца, ці не падаслаў іх вораг.
Прайшло некалькі дзён. Славін ішоў праз невялікую паляну да зямлянкі, у якой пасялілася Жэня. Раптам ён убачыў, як чацвёра партызан складваюць ля штабной зямлянкі зброю. Уладзімір здагадаўся, што яны толькі што вярнуліся з задання, а зброя — іх трафеі. «Шчасліўчыкі, — з зайздрасцю падумаў хлопец. — Колькі зброі прынеслі! Відаць, нямала фрыцаў укакошылі!» Славін падышоў бліжэй і раптам — замер: ён пазнаў аднаго з тых семярых, якіх летась вывеў міма нямецкіх пастоў з горада. Але было яму такое заданне ад падпольшчыкаў, і ён яго выканаў тады. Уладзімір так разгубіўся, што нават забыўся яго імя. А той паклаў у агульную кучу нямецкі аўтамат, выпрастаўся, абыякава зірнуў на хлопца, павярнуўся да сваіх таварышаў. Толькі зараз Валодзя ўспомніў:
— Сяргей Міронавіч!
Мужчына азірнуўся.
— Сяргей Міронавіч! Пазнаяце мяне? Я — Валодзя. Памятаеце, вашу групу з горада выводзіў? Вы яшчэ пыталі, ці не хачу разам з вамі ў лес, да партызан.
Твар мужчыны пасвятлеў. Ён падышоў, моцна абняў Славіна.
— Вось дык сустрэча! Як ты тут апынуўся? Сказаць шчыра, нават не думаў, што ўбачу цябе ў лесе! — Ён адпусціў са сваіх абдымак хлопца. — Даўно ты тут?
Славін сцісла паведаміў пра свае прыгоды.
— І куды цябе?
— Ды пакуль яшчэ нікуды. Усё правяраюць нас з сястрой.
— А што, сястра таксама тут?
— Так, у гэтай зямлянцы.
— А ну, пачакай. Я хутка! — Сяргей Міронавіч імкліва накіраваўся да штабной зямлянкі.
Хвілін праз пяць ён вярнуўся.
— Пайшлі да камандзіра!
Камандзір запрасіў Уладзіміра сесці на тоўсты пень і сказаў:
— Ты не сярдуй за такі прыём. Сам разумееш, час ваенны. Усякае можа быць. Патрабавалася праверка. Але Сяргей Міронавіч пацвярджае. Так што пытанняў больш няма. Цябе залічым байцом у наш атрад, а сястру накіруем на базу, да гаспадарнікаў. Там таксама лішняя пара рук спатрэбіцца.
Да горла Славіна падкаціў камяк, ад радасці закружылася галава.
— Таварыш камандзір! Пра маіх бацькоў нічога не чулі?
— Не, хлопец. Пакуль нічога. Цяпер вельмі цяжка разабрацца. У горадзе становішча складанае. Немцы хапаюць першага сустрэчнага. Тысячы людзей расстраляны.
— Таму нам з табой, — дадаў Сяргей Міронавіч, — трэба мацней трымаць зброю ў руках, каб дапамагчы Чырвонай Арміі. Трэба, Валодзя, хутчэй выбіць гэтую свалату з Беларусі, са сталіцы нашай. Ды і пра дапамогу падпольшчыкам у горадзе не павінны забываць. Бачыў, якія «гасцінцы» здабыў я з хлопцамі? Сёе-тое перашлём і падпольшчыкам.
— Таварыш камандзір, а аўтамат мне дадуць?
— Не, дарагі. У нас такі парадак: ваяваць ты можаш з любой зброяй, якую толькі душа пажадае, але спачатку здабудзь яе ў ворага. Спачатку нашы байцы мелі толькі паляўнічыя стрэльбы. Адзін і цяпер не хоча са сваім драбавіком расставацца. Ты з ім яшчэ пазнаёмішся. Зараз, вядома, час іншы. Ёсць у нас і аўтаматы, і кулямёты, і нават гармата. Хацелася б мець больш мін. Але нічога, пакуль абыходзімся тым, што ёсць.
Славін і Сяргей Міронавіч выйшлі са штабной зямлянкі. Адзін з партызан, якія адпачывалі недалёка ад складзенай трафейнай зброі, крыкнуў:
— Ну як, Караткоў? Выйдуць камандзіры на нашу здабычу паглядзець?
— Пачакайце, браткі, дайце з чалавекам пагаварыць, — адказаў Сяргей Міронавіч.
Караткоў і Славін перайшлі паляну, спыніліся.
— Значыць, вы тады ў гэты атрад патрапілі? — спытаў Уладзімір.
— Так, братка, у гэты.
— А дзе астатнія людзі з той групы?
— Двух ужо няма. Загінулі. Двух чэхаў памятаеш? Камандаванне выклікала на Вялікую зямлю. Яны там больш патрэбны. Астатнія ваююць у іншым атрадзе. Вось такія справы, Уладзімір. Шкада толькі, што наша сустрэча адначасова будзе і расстаннем. Адклікаюць мяне ў Маскву.
— І што, у атрад больш не вернецеся?
— Не ведаю, браток, не ведаю, — Караткоў нечакана ўсміхнуўся. — Зрэшты, пасля нашай сённяшняй сустрэчы я чамусьці веру, што мы з табой яшчэ пабачымся. Ну добра, я пайшоў за аперацыю адчытвацца. Да вечара зайду развітацца, уначы самалёт павінен прыляцець.
Сяргей Міронавіч пайшоў да сваіх, а Славін накіраваўся да сястры.
Так пачаў Славін новае партызанскае жыццё. Развітанне з Жэняй было сумным. Кожны думаў пра адно і тое ж: ці давядзецца сустрэцца зноў? Доўга глядзеў хлопец услед сястрычцы, якая ішла побач з возам, дзе ляжаў паранены баец.