Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін

Ноч была на рэдкасць лютай. У кузаў крытага грузавіка селі сямёра супрацоўнікаў. Брызент хаваў пасажыраў ад ветру, але моцны мароз залазіў у валёнкі, пад паўкажушкі, неміласэрна хапаў за нос і шчокі. Ехалі моўчкі. Славін сядзеў у кабіне, але пачуваўся ніякавата. Начальнік аддзела вылучыў яму гэтае месца, каб паказваў дарогу, а сам разам з астатнімі аператыўнікамі забраўся ў кузаў.

Уладзімір пільна ўзіраўся ў дарогу, у лес, што прабягаў паўз яе. Ён вельмі баяўся падвесці таварышаў і прагледзець паварот на хутар. Адно — днём, зусім інакш — уначы. Паспрабуй пазнай тую прасеку, якая вядзе да хутара. Спідометр у грузавіку не працаваў, і вызначыць, колькі кіламетраў засталося ззаду, было немагчыма. Уладзімір узрадаваўся, калі машыну моцна страсянула: яна заехала на драўляны масток, перакінуты праз невялікі раўчук. Парэнчаў у мастка не было. Пакрыты снегам, ён амаль не выдзяляўся. Але Уладзімір памятаў, як учора днём іх «казла» гэтак жа моцна падкінула, як цяпер і грузавік. Ён падумаў: «Хвілін дзесяць засталося. Грузавік едзе, мабыць, з такой жа хуткасцю». Вадзіцель, пажылы старшына, флегматычна спытаў:

— Што? Хутка пад’едзем?

— Не хвалюйся, Ваня. Хутка спынімся. Трэба зарыентавацца, — і Уладзімір паглядзеў наперад. Не, не памыліўся.

Роўна праз дзесяць хвілін ён сказаў вадзіцелю спыніцца. Выйшаў з кабіны, агледзеўся і пайшоў да задняга борта.

— Прыехалі, можна выходзіць.

Калі ўся аператыўная група падышла да прасекі, Мачалаў пакінуў з вадзіцелем толькі аднаго аўтаматчыка. Астатнім супрацоўнікам прапанаваў ісці за ім. Праўда, цяпер прабірацца праз густы лес у цемры, па пояс у снезе, было значна складаней. Толькі к сямі гадзінам супрацоўнікі падышлі да паляны. Далей рухацца было рызыкоўна.

Пётр Пятровіч адвёў групу метраў на пяцьдзясят у глыб лесу, яшчэ раз праінструктаваў кожнага супрацоўніка.

— Калі яны на хутары, — растлумачыў начальнік напрыканцы, — то абавязкова будуць выходзіць у двор. Ваша задача — палічыць, колькі іх тут сабралася. Калі будзе ўсё ясна, адзін з вас павінен дабрацца да дарогі, павярнуць у бок горада. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён заўважыць наш грузавік, а крыху ўбаку, ля вогнішча, — нашых людзей. Тыя будуць прыкідвацца, быццам машына сапсавалася і стала на рамонт. Калі да абеду пасланец не з’явіцца, вас падменяць іншыя супрацоўнікі, а вы адправіцеся да машыны.

— А калі бандыты пойдуць у лес, наткнуцца на нас ці выявяць нашы сляды? — пачулася пытанне.

— Ваша задача — назіраць. Але калі раптам здарыцца і такое, дзейнічайце па становішчы. Нездарма ж у вас аўтаматы. Ёсць яшчэ пытанні?

Супрацоўнікі маўчалі.

— Калі пытанняў няма, значыць, заданне зразумела. Займайце кожны сваё месца.

Славін меркаваў, што яму таксама давядзецца назіраць за хутарам, але начальнік вырашыў інакш. Як толькі аператыўнікі размясціліся на сваіх пазіцыях, ён падышоў да дарогі і загадаў Уладзіміру ісці за ім.

— Пётр Пятровіч, можа, я застануся з хлопцамі?

— Не. Прыедзеш сюды з групай захопу.

Далей яны ішлі моўчкі. Машына ўжо развярнулася, стаяла недалёка ад павароту. Уладзімір і аўтаматчык, які застаўся з шафёрам, забраліся ў кузаў, і грузавік паехаў, але праз хвіліну-другую спыніўся. Мачалаў выйшаў з кабіны і, пыхкаючы папяросай, падышоў да задняга борта:

— Пачакаем, цяпер нашы пад’едуць.

І сапраўды, неўзабаве з’явіўся «казёл». У ім прыехала яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, у тым ліку Мамонаў, Бартошык і Крайнюк. Начальнік аддзела, звяртаючыся да Славіна, падкрэслена гучна, каб чулі ўсе, сказаў:

— Ну што, Уладзімір Міхайлавіч? Я так думаю: раз ты ўчапіўся за гэту групу, то табе і канчаць з ёй. Прымай камандаванне, а я паехаў у аддзел. Маса тэрміновых спраў, і ўсе чакаюць свайго рашэння.

Ён сеў у легкавую машыну.

Бартошык, куражачыся, спытаў:

— Што, таварыш начальнік? Пачнём камандаваць?

— А як жа, таварыш Бартошык! — хаваючы ўсмешку, адказаў Славін і знарок загадным тонам дадаў: — А ну, марш распальваць вогнішча!

Усе пайшлі ў лес, і адтуль пачуўся трэск сухога галля. Вадзіцель залез у кузаў, скінуў на дарогу запасное кола, затым падкаціў яго да пярэдняга. Побач на кавалку брызенту расклаў прылады, на капот паставіў паяльную лямпу, а ў матор уставіў завадную ручку. Назіраючы за яго дзеяннямі, Славін ухвальна падумаў: «Вось гэта старшына! Ведае сваю справу!»

Тым часам недалёка ад абочыны весела ўспыхнула вогнішча. У групе аператыўнікаў сабраліся людзі бывалыя: хто прайшоў загартоўку ў дзеючай арміі, хто — у партызанах. Напоўніць кацялок снегам, падвесіць яго над агнём — вучыць нікога не патрабавалася. Антошын прынёс да вогнішча некалькі металічных кубкаў, рэчмяшок, адтуль дастаў цукар, кавалак сала, хлеб. Хітра зірнуўшы на Славіна, падміргнуў супрацоўнікам:

— Вось калі б начальнік здагадаўся прыхапіць што-небудзь больш істотнае, тады б я пагадзіўся працаваць пад яго камандай хоць усё жыццё.

— Бач чаго захацеў! — усміхнуўся Славін. — А кукіш з макам не хочаш?

— Фі, як груба! Не да твару кіраўніку. Хто ж так з падначаленымі размаўляе? — удавана пакрыўдзіўся Антошын. — Вы, таварыш начальнік, як бачу, харчышак з сабой ніякіх не прыхапілі. Хоць за грубасць вас можна пакараць: пакінуць галодным.

Але Славін не здаваўся:

— Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.

Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:

— Добра! Падзелімся, Бог з табой.

Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.

— Дык гэта ж наш! — пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.

І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:

— Уладзімір Міхайлавіч, яны там!

— Дакладна пераканаліся?

— Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.

— Ясна, — працягнуў Славін, зірнуўшы на аператыўнікаў. — Збірайцеся, таварышы. Не забудзься, сябар Антошын, сальца і іншыя смачныя рэчы разам з мяшэчкам у машыне пакінуць.

Антошын, не адказваючы, шпурнуў рэчмяшок у кузаў. Славін загадаў старшыне-вадзіцелю праз паўгадзіны падагнаць машыну на ранейшае месца. Група рушыла ў дарогу.

Гэтым разам яны ішлі напрасткі, па прасецы. Такім чынам удалося скараціць час на дарогу. Неўзабаве ўсе сабраліся разам. Яшчэ раз уважліва вывучыўшы становішча, Славін пакінуў двух супрацоўнікаў на ўзлеску: калі злачынцы паспрабуюць прабрацца ў гэты кут, яны абавязкова патрапяць у пастку. Астатнія ўдзельнікі аператыўнай групы, зрабіўшы вялікі круг, пачалі набліжацца да хутара. З гэтага боку вокны хаты прыкрываў хлеў. Гэтым і вырашыў скарыстацца Славін, каб неўпрыкмет падысці да будынкаў.

Вось і хата. Аператыўнікі на нейкі момант стаіліся за глухой сцяной, намерваючыся больш дакладна ўзгадніць свае далейшыя дзеянні. І тут усе збянтэжыліся: з-за вугла высунулася кудлатая сабачая пыса. Сабака падаўся яшчэ трохі наперад, у нерашучасці спыніўся, гледзячы на чужых людзей. Ён выскаліў вялікія белыя іклы, глуха загыркаў, як здалося супрацоўнікам, не вельмі зласліва. Славін, не разважаючы, выняў з кішэні частку свайго сухога пайка — кавалак каўбасы, — асцярожна шпурнуў сабаку. Той схапіў пачастунак і гультаявата адышоў да сваёй будкі. Уладзімір з палёгкай уздыхнуў, жэстам загадаў траім супрацоўнікам абысці хату справа. Астатніх людзей павёў налева. Хлопцы дзейнічалі энергічна, зладжана. Ля кожнага акна непрыкметна спынілася па адным аўтаматчыку.

Славін і іншыя аператыўнікі, сагнуўшыся, пракраліся пад двума вокнамі, паціху адчынілі дзверы, увайшлі ў сенцы. Трохі пастаялі, каб вочы прывыклі да прыцемку. Наперадзе былі дзверы ў жылое памяшканне. Але што за імі? Ніхто не ведаў размяшчэння пакояў. Таму супрацоўнікі яшчэ ў лесе дамовіліся, што кожны будзе ўрывацца ў бліжэйшы да яго пакой. Славін асцярожна прыадчыніў дзверы, убачыў вялікую сялянскую печ, стол. За ім сядзелі двое мужчын і жанчына. Уладзімір рэзка расчыніў дзверы, прама з парога загадаў:

— Ні з месца! Рукі ўгару!

У гэты момант супрацоўнікі пракраліся ў два іншыя пакоі.

Яшчэ ні пра што не пытаючы, Уладзімір зразумеў, што тыпы, якія сядзяць з паднятымі рукамі за сталом, былі менавіта тымі, каго шукала аператыўная група. На шыі крайняга — зашмальцаваны бінт. У таго, што быў побач з ім, — вялікі шнар на твары. Не даючы бандытам апамятацца, супрацоўнікі вывелі іх з-за стала, звязалі рукі. Жанчыну вывелі ў суседні пакой, каб яна не перагаворвалася з бандытамі.

Усё было зроблена настолькі хутка, што ніхто са злачынцаў нават не паспеў ачомацца.

Агледзелі хату, хлявы. Там аказаліся не толькі выкрадзеныя рэчы, дакументы, каштоўнасці, але і шмат зброі. У гаспадарцы Птушак знайшлося двое вялікіх саняў, якія супрацоўнікі даверху завалілі боепрыпасамі, запрэглі коней.

Славін разглядаў зорку Героя, знятую з кіцеля ўяўнага маёра:

— Як ты мог сваімі бруднымі рукамі чапаць яе?

— Падумаеш! — нахабна ўхмыльнуўся бандыт. — А можа, я пакрасавацца хацеў?

— Нядоўга ж ты красаваўся!

— Што нас чакае? — нясмела, лісліва спытаў «старшына».

— Адплата, — цвёрда адказаў Славін і загадаў збірацца ў шлях.

Загрузка...