Старшы лейтэнант Мачалаў

Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў стомлена цягнуўся па глухой лясной дарозе. Амаль цэлы тыдзень ліў дождж. А сёння з раніцы пачаў ісці снег. Паветра стала яшчэ халаднейшым і вільготнейшым. Зямля была глейкай і набраклай. Але людзі ішлі, імкнучыся не зважаць ні на холад, ні на снег, ні на слізкую мокрую дарогу. Яны адступалі і спяшаліся вырвацца з гатовага вось-вось замкнуцца варожага кола.

Ужо каторы раз Мачалаў і яго новыя таварышы з пачатку вайны вось так, як і цяпер, выходзяць з акружэння. Было пакутліва думаць пра тое, што вораг топча нашу родную зямлю, а яны, савецкія воіны, вымушаны хавацца і адступаць.

— Калі ж гэта ўсё скончыцца? Калі мы ўрэшце выйдзем да сваіх? — нервова і злосна спытаў лейтэнант, які крочыў побач.

Але Мачалаў у адказ толькі зірнуў на яго, а сам думаў, што колькі такіх разрозненых батальёнаў, рот, узводаў і маленькіх груп чырвонаармейцаў і камандзіраў глухімі сцежкамі адыходзяць на ўсход з надзеяй, што дзесьці наперадзе нарэшце з’явіцца выразная лінія фронту, дзе будзеш бачыць ворага толькі перад сабой і ваяваць з ім.

Не меней пакутлівай і трывожнай была думка пра жонку і дзяцей. «Як яны там? Што думае пра мяне Таня?»

У гэты момант да Мачалава падышоў баец у падранай плашч-палатцы:

— Таварыш старшы лейтэнант, вас маёр Грыдзін выклікае…

…Мачалаў пайшоў да маёра, той знаходзіўся недалёка адсюль. Паднёс руку да казырка і далажыў:

— Таварыш маёр, старшы лейтэнант Мачалаў па вашым загадзе прыбыў!

Маёр кіўнуў галавой і моўчкі працягваў глядзець на карту. Раптам ён адарваўся ад карты, неяк уважліва і нават здзіўлена паглядзеў у вочы Мачалаву і перавёў позірк на афіцэраў:

— Хоць адзін не забыўся, што ён служыць у войску, а то падышлі некаторыя і голас саромеюцца падаць, як на вечарынку прыйшлі. — І тут жа рэзка змяніў тэму: — Я запрасіў вас, каб параіцца: ці ісці далей, ці, пакуль яшчэ не зусім сцямнела, зрабіць прыпынак, каб людзі паспелі падрыхтавацца да начлегу.

— А дзе мы знаходзімся? — спытаў пажылы капітан і падышоў да маёра, каб зазірнуць у карту. За ім пацягнуліся і іншыя камандзіры. Атрымлівалася, што яны знаходзіліся амаль у цэнтры вялікага ляснога масіву. Рашэнне было аднадушным: застацца на начлег тут. Грыдзін асцярожна склаў, а затым схаваў у планшэтку карту і загадаў:

— Тады аб’яўляйце прыпынак. Вы, таварыш капітан, выстаўце ахову. Астатнім — хутка за работу.

Калона спынілася, і неўзабаве ў лесе пачуліся ўдары сякер. Нягледзячы на стомленасць, людзі дзейнічалі хутка і спрытна. Літаральна на вачах з’явіліся буданы з жэрдак, тонкіх ствалоў дрэў і галін, дзе-нідзе раскінуліся палаткі, забрынкалі кацялкі, успыхнулі вогнішчы. Грыдзін і шэсць камандзіраў, у тым ліку і Мачалаў, размясціліся ў вялікай штабной палатцы. Спехам перакусіўшы, леглі спаць. Грыдзін папярэдзіў, што іх падымуць у пяць гадзін, правядуць нараду, а ў шэсць разбудзяць усіх байцоў.

Мачалаў ляжаў на тоўстым пласце галін, уткнуўшыся ў шынель. Нылі навярэджаныя ногі, балела ўсё цела, а думкі зноў вярнулі яго да першага дня вайны.

Можа, і да лепшага, што ўсё склалася менавіта так. Мачалаў успомніў, як ён, увайшоўшы ў лес, убачыў, што змярканне згушчаецца, і пабег. Бег ён доўга, і калі вырашыў, што вялікая частка шляху ўжо ззаду, перад ім як з-пад зямлі выраслі дзве салдацкія постаці з вінтоўкамі наперавес:

— Стой! Рукі ўгору!

Мачалаў ледзь спыніўся, амаль упёршыся грудзьмі ў рулю вінтоўкі. Але рукі паднімаць не стаў, бо ніколі гэтага не рабіў, і нават у такім нечаканым становішчы пасаромеўся падняць іх.

— Я свой, супрацоўнік міліцыі. Спяшаюся да шашы, — толькі і сказаў ён, перарывіста дыхаючы.

— Глядзі ты, — здзіўлена прагаварыў адзін з чырвонаармейцаў, абыходзячы Мачалава справа і спыняючыся за яго спінай, — другога міліцыянера сёння ў штаб будзем дастаўляць. — І загадаў, падштурхоўваючы Мачалава ў спіну: — Марш наперад і не дуры! У штабе разбяруцца.

У гэту хвіліну Мачалаў нават і не падазраваў, што яго жыццё на валаску. Ён не ведаў яшчэ, што нямала фашысцкіх лазутчыкаў, дыверсантаў і шпіёнаў напярэдадні вайны былі закінуты на тэрыторыю Беларусі. Амаль усе яны былі пераапрануты ў форму камандзіраў, байцоў Чырвонай Арміі і работнікаў міліцыі. За некалькі гадзін да затрымання Мачалава чырвонаармейцы, якія вялі яго ў штаб, схапілі варожага лазутчыка ў форме капітана міліцыі. І можна было ўявіць, як паставіцца камандзір батальёна маёр Грыдзін да чалавека ў цывільнай апратцы з пасведчаннем старшага лейтэнанта міліцыі, чыё месца службы знаходзілася за сотні кіламетраў адгэтуль. Але ў гэты момант Мачалаў, ідучы пад канвоем у штаб, падумаў толькі пра тое, што, магчыма, у часці яму дапамогуць дабрацца да Мінска.

Маёр Грыдзін сустрэў Мачалава адкрыта варожа. Паглядзеў пасведчанне, нядбайна кінуў яго на стол і загадаў абшукаць дастаўленага.

Неўзабаве на стале побач з пасведчаннем Мачалава з’явіліся грабянец, невялікая сума грошай, якая была ў старшага лейтэнанта, насоўка і скарыстаны квіток на цягнік.

Маёр агледзеў грабянец і зло кінуў:

— Бач ты, гад, нават нашым грабянцом абзавёўся.

Мачалаў пабляднеў:

— Абражаць сябе я нікому не дазволю, нават старшаму па званні!

— Што, сваіх паклічаш?

— Якіх сваіх? — не зразумеў Мачалаў.

— Як якіх? — усміхнуўся Грыдзін, — ды тых, хто гэтак жа, як і ты, прыйшоў на нашу зямлю рабаваць і забіваць.

— Ды вы што, лічыце, што я шпіён? — яшчэ больш бляднеючы, спытаў Мачалаў. Толькі цяпер да яго свядомасці стаў даходзіць сэнс слоў чырвонаармейцаў, якія затрымалі яго, і іх камандзіра. А той рэзка сказаў:

— Хопіць выкабельвацца! Спадзяюся, тлумачыць не трэба, што з вамі няньчыцца ў ваенны час не будзем. Таму прапаную неадкладна расказаць праўду. Мяне цікавіць: хто вы, дзе і як перасеклі мяжу? Вашы мэты і задачы?

— Таварыш маёр, — неяк спакойна і нават стомлена загаварыў Мачалаў, — давайце разбяромся па парадку. Мяркуйце самі, калі я вораг, то які сэнс мне хадзіць у цывільнай апратцы. У размяшчэнні любой вайсковай часці на мяне звернуць увагу. Запытаеце Мінск, там наш аддзел кадраў. І вам адразу ж скажуць, хто я.

Затым Мачалаў расказаў маёру, як ён апынуўся ў гэтых месцах.

Грыдзін запрасіў начальніка штаба і сказаў яму штосьці напаўголаса. Капітан прапанаваў Мачалаву ісці за ім. Яны зайшлі ў яго палатку. Аказалася, што начальнік штаба нядрэнна ведаў Мінск, бо раней служыў там. І цяпер ён падвергнуў Мачалава сапраўднаму экзамену па веданні горада. Адказамі застаўся задаволены, але загадаў трымаць Мачалава да раніцы пад вартай. Пры гэтым прабачлівым голасам сказаў:

— Патрываеце, таварыш старшы лейтэнант, да раніцы. Самі разумееце, час ваенны і словам нельга верыць.

А на наступны дзень батальён быў падняты па трывозе і накіраваўся да заходняй мяжы. Затрыманага Мачалава было вырашана здаць у першае ж аддзяленне міліцыі.

Пад вечар батальён спыніўся на прывал. Начальнік штаба сабраў усіх камандзіраў, каб абмеркаваць далейшы маршрут. Тым часам нечакана наляцелі фашысцкія самалёты. Першыя ж бомбы ўпалі побач з тым месцам, дзе праходзіла нарада. Загінулі начальнік штаба, усе камандзіры рот, некалькі іншых камандзіраў.

Камандзіра батальёна выратавала толькі тое, што ён з раніцы паехаў у вёску, што размяшчалася побач, каб звязацца па правадной сувязі з камандаваннем палка. Але тэлефон маўчаў. Тэлефаністка, маладая дзяўчына, са слязамі на вачах растлумачыла, што сувязь перапынілася дваццаць першага чэрвеня вечарам.

— Высветлілі, у чым справа? — спытаў Грыдзін.

— Хтосьці слупы спілаваў і правады пасек.

«Дыверсанты дзейнічаюць, — зразумеў Грыдзін, — трэба будзе ўважліва разабрацца з гэтым міліцыянерам».

Калі ён пад’язджаў на матацыкле да таго месца, дзе размясціўся на адпачынак батальён, то ўбачыў у небе больш як дзясятак самалётаў. І тут жа ў яго на вачах успыхнула чырвоная сігнальная ракета, якая была выпушчана кімсьці з лесу, недалёка ад стаянкі батальёна, і, апісаўшы дугу, упала там, дзе па загадзе маёра цяпер знаходзілася ўпраўленне батальёнам. «Прыеду і прабяру як след жартаўнікоў, — падумаў Грыдзін. — Знайшлі час забаўляцца».

Але тут жа пачаўся налёт. А калі Грыдзін дабраўся да сваіх і ўбачыў, што нарабілі нямецкія самалёты, то пра ракету забыўся. Карціна была страшнай. Смерць начальніка штаба, шматлікіх камандзіраў і байцоў, знішчаная тэхніка, якой і так яшчэ не цалкам сфармаваны батальён быў укамплектаваны толькі напалову, ашаламілі маёра. Ён бледны стаяў на ўзлеску і разгублена глядзеў на тое, што засталося ад батальёна.

Падышоў Мачалаў. Яго ахоўніка забіла асколкам бомбы, а яму ўдалося схавацца ў глыбокай варонцы, дзе ён, уткнуўшыся тварам у яшчэ не астылую зямлю, праляжаў пакуль не скончылася бамбардзіроўка.

Пётр звярнуўся да Грыдзіна:

— Таварыш маёр, я бачыў, як з гарышча вунь таго дома, бачыце, — ён самы блізкі да нас — ракета ўзвілася. І адразу ж бамбёжка пачалася. Упэўнены, што хтосьці паказаў самалётам цэль.

Грыдзін успомніў тую ракету, паглядзеў недаверліва на Мачалава, але, відавочна, начальнік штаба паспеў ужо далажыць яму, што, па яго меркаванні, Мачалаў ніякі не дыверсант, таму махнуў рукой і загадаў:

— Вазьміце чырвонаармейцаў і праверце гэту вёсачку. — Маёр павярнуўся да лейтэнанта, які стаяў метрах у трох ад яго: — Лейтэнант Варанько, дайце старшаму лейтэнанту трох байцоў і два матацыклы.

Праз некалькі хвілін матацыклы падкацілі да дома, на які паказваў Мачалаў. Пётр першым заскочыў у яго. У вялікім пакоі сядзела бабулька.

— Дабрыдзень, — сказаў Мачалаў і, не чакаючы, пакуль бабулька адкажа, спытаў: — У вас у хаце хто-небудзь са старонніх ёсць?

Бабулька даволі хутка і выразна адказала:

— Цяпер ужо нікога няма, а вось калі тут самалёты лёталі, то быў адзін салдацік, але ён сышоў.

— А што за салдацік?

— А хто ведае? Прыехаў ён на матацыкле яшчэ ў абед, пакарміла я яго, і застаўся адпачыць перад далёкай дарогай.

— А дзе ён падчас бамбёжкі быў?

— Што-што? — не зразумела старая.

— Ну, калі самалёты наляцелі і бомбы пачалі кідаць?

— А, — здагадалася бабулька, — я не ведаю, таму што ён мне сказаў у склеп схавацца, бо хутка страляць пачнуць. Ну вось я і схавалася, а ён у доме ці ў двары заставаўся, я нават не бачыла.

— Калі ён з’ехаў?

— Як паляцелі самалёты, я выйшла са склепа, гляджу, а ён з матацыклеткай важдаецца, ніяк завесці не можа. Так і не завёў. Рукамі і папхнуў да лесу.

— А ў які бок?

— А вось па гэтай дарожцы, — і бабулька рукой паказала праз акно, у які бок сышоў яе нядаўні госць.

Мачалаў хутка выйшаў на вуліцу, сеў на задняе сядло матацыкла і паказаў вадзіцелю рукой кірунак. Неўзабаве яны паглыбіліся ў лес. Дарога была роўнай, і ехалі даволі хутка.

Кіламетра праз паўтара, за паваротам, яны ўбачылі чалавека, які важдаўся каля матацыкла. Пад’ехалі і сталі з двух бакоў. Гэта быў лейтэнант Чырвонай Арміі з чорнымі пятліцамі інжынерных войск. Відавочна, ён так захапіўся запускам рухавіка, што нават не пачуў, калі да яго пад’ехалі матацыклы. Зараз ён стаяў выпрастаўшыся. Твар яго заставаўся спакойным, але вочы… вочы казалі Мачалаву ўсё. Бегаючыя, неспакойныя, з затоеным пачуццём страху — такія вочы старшы лейтэнант бачыў у злачынцаў. Стрымана запатрабаваў дакументы. Лейтэнант палез у кішэнь і ў гэты момант нечакана моцна штурхнуў Мачалава ў грудзі і кінуўся да кустоў. Але чырвонаармейцы былі напагатове. Адзін з іх па-байцоўску кінуўся лейтэнанту пад ногі, і той зваліўся. На ім адразу ж апынулася двое чырвонаармейцаў. Звязалі рукі і пасадзілі ў каляску аднаго з матацыклаў. Неўзабаве прыбылі ў размяшчэнне батальёна, а праз паўгадзіны стала ясна, што лейтэнант — пераапрануты дыверсант. Пры ім выявілі, акрамя зброі, ракетніцу і запас ракет.

Пасля гэтага выпадку маёр Грыдзін канчаткова паверыў Мачалаву. Доўга распытваў яго, дзе служыў да міліцыі, а затым нечакана прапанаваў:

— Давай, старшы лейтэнант, прымай роту. Уключым цябе ў спіс асабістага складу, ну а ўсе іншыя дакументы аформім пазней. — Убачыўшы на твары Мачалава збянтэжанасць, сказаў: — Вайна, Мачалаў, вайна! Паглядзі, як яна мяняе нашы планы. — І рукой паказаў вакол сябе. Чырвонаармейцы адносілі забітых да ўзлеску, недалёка ад якога капалі брацкую магілу, баявая тэхніка ператварылася ў груду скарабачанага металу, была страмбавана выбухамі зямлі. Падумаў-падумаў Мачалаў — і пагадзіўся. Вырашыў, што з бліжэйшага паштовага аддзялення пашле дахаты ліст і ўсё растлумачыць.

Прыняў роту. Праўда, пасля таго налёту і іншых баёў, у якіх удзельнічаў батальён, яна па колькасці неўзабаве стала раўняцца ўзводу. Але ў той час рэшткі войск, шматлікіх карпусоў, дывізій і палкоў, нібы раўчукі, якія імкнуліся да ракі, адбіваючыся ад пераўзыходных сіл праціўніка, з цяжкімі баямі прарываліся на ўсход, каб там ізноў стаць паўнапраўнымі баявымі адзінкамі і біць ворага.

Мачалаў неспакойна варочаўся на сваёй лясной пасцелі. Трэба спаць. Заўтра зноў цяжкі марш, і сілы трэба берагчы. Заплюшчыў вочы і загадаў сабе: «Спаць! Спаць! Спаць!»

Загрузка...