Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Купрэйчык

Аляксей лічыў сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Адслужыўшы ў пагранічных войсках, ён скончыў афіцэрскую школу міліцыі і быў накіраваны ў Гродна. Так ён стаў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. У той час Аляксей сустрэў Надзю Кір’янаву і пасябраваў з ёй. Дзяўчына скончыла медыцынскае вучылішча і працавала ў Гродне. Аказалася, што яны з Надзяй з адной вёскі. І не былі знаёмыя толькі таму, што бацькі Аляксея пераехалі туды параўнальна нядаўна, калі Аляксей служыў у Чырвонай Арміі. Ішоў час. Неўзабаве яны абое зразумелі, што пакахалі адно аднаго.

І вось сёння вяселле. Аляксей ужо які раз разглядаў сябе ў старым, пабітым іржавымі плямамі, яшчэ, напэўна, дарэвалюцыйным, люстэрку, што стаяла ў хаце яго бацькоў.

Чорны касцюм, белая кашуля вельмі пасавалі яму. Аляксей гарэзна падміргнуў сабе і выглянуў у акенца: як бы не сапсавалася надвор’е, бо вяселле вырашылі гуляць у садзе. Здаволена хмыкнуў: «Парадак! Надвор’е як на заказ, спецыяльна для нядзелі».

Падумаў трохі і ўслых нягучна дадаў:

— І для вяселля.

У пакой увайшоў стрыечны брат Аляксея — Пётр:

— Ну як, гатовы да застольных бітваў?

— Рыхтуюся, — адказаў Аляксей і, каб схаваць збянтэжанасць, дадаў: — Вяселле ж першае.

— Упэўнены, што і апошняе.

Пётр прайшоўся праз увесь пакой і прысеў на драўляную лаву:

— У нас з табой ні сярод блізкіх, ні сярод далёкіх сваякоў дваяжэнцаў не было. Усё пражылі ці жывуць з той, якую пакахалі ў маладыя гады.

Пётр толькі сёння прыехаў, і пагаварыць яны яшчэ не паспелі. Пётр быў участковым упаўнаважаным, старшым лейтэнантам. Працаваў і жыў ён у вёсцы.

Аляксей ставіўся да стрыечнага брата з павагай. Дзіва што! Пётр быў не толькі старэйшы за яго і па ўзросце, і званні. Яму давялося многае пабачыць у свае трыццаць пяць. Можа, таму ён і ў міліцыю прыйшоў з некаторым спазненнем — у дваццаць восем гадоў.

Аляксей сеў побач з братам. Яны пагаварылі пра сваю работу. Пётр расказаў пра сям’ю: жонку Таццяну, дзесяцігадовую дачку Юлю і васьмігадовага сына Ванюшку.

— Ведаеш, — казаў ён, — Ваня дакладна пойдзе маёй дарогай. Вельмі любіць міліцэйскую форму. Надзене часам фуражку — і гайда да хлопцаў. Адразу гульні ладзіць — то ў бандытаў, то ў шпіёнаў.

— Шкада, што ты жонку і дзетак не ўзяў, паглядзець бы на іх. Даўнавата не бачыліся.

— Але ты ж ведаеш: Таня дзяцей са школы і сваіх дзяцей у піянерскі лагер павезла. Што зробіш, у іх, настаўнікаў, свае клопаты. Але нічога. Атрымаеш адпачынак і прыязджайце з Надзяй да нас, быццам вясельнае падарожжа зробіце. У нас цяпер добра! Хата вялікая, месца шмат, дый прадуктаў хапае, не тое што дзесяць гадоў таму.

Загаварыўшыся, яны і не заўважылі, як праляцеў час. Паступова пачалі збірацца госці. Аляксею трэба было зайсці ў хату бацькоў Надзі і потым ужо удваіх прыйсці да стала.

Ён выйшаў у двор і каля варот сустрэўся з міліцыянерам. Аляксей не ведаў яго прозвішча, але ў твар паспеў ужо запомніць: як-ніяк, яны разам працавалі ў адным аддзеле. Міліцыянер, убачыўшы Купрэйчыка, паднёс руку да казырка:

— Здравія жадаю, таварыш лейтэнант! А я — па вас.

Купрэйчык здзіўлена зірнуў на трывожны твар міліцыянера.

— Як гэта па мяне? У мяне ж вяселле!

Міліцыянер паглядзеў прама ў вочы Аляксею і дрыжачым голасам сказаў:

— Таварыш лейтэнант, вайна!

Загрузка...