Чырвоная Армія рыхтавалася да летняй кампаніі 1944 года, падчас якой планавалася цалкам вызваліць захопленую ворагам тэрыторыю краіны і пачаць вялікі вызваленчы паход па Еўропе.
Капітан Мачалаў нават у думках не дапускаў, што яго могуць адклікаць з фронту.
Пётр Пятровіч толькі што прыйшоў ад камандзіра палка, у якога да хрыпаты выпрошваў папаўненне для батальёна. І цяпер, седзячы разам з начальнікам штаба на палянцы, ламаў галаву, як лепей размеркаваць паміж ротамі беднае папаўненне.
— Таварыш капітан! — Мачалаў адразу ж пазнаў голас ардынарца і незадаволена абярнуўся. — Вас пытаюць.
— Хто?
— Маёр. — ардынарац далікатна і тактоўна вычакаў і, панізіўшы голас, дадаў: — Маёр медыцынскай службы.
«Няўжо Вольга Ільінічна?» — падумаў Мачалаў. У глыбіні душы ён быў упэўнены, што гэта яна. Так атрымалася, што ў апошні час палявы шпіталь, у якім служыла Васілеўская, нібы суправаджаў полк Мачалава, і яны даволі часта сустракаліся. Акрамя таго, Мачалаў добра ведаў свайго ардынарца. Калі б яго пытаў проста маёр медыцынскай службы, то ардынарац далажыў бы пра гэта іншым тонам. Мачалаў падняўся і накіраваўся да сваёй палаткі.
Пётр Пятровіч толькі прайшоў негусты хмызняк і адразу ўбачыў Васілеўскую. Апранутая ў добра падагнаную форму, хромавыя боты, халявы якіх шчыльна аблягалі лыткі ног, яна, заўважыўшы Пятра, усміхнулася і пайшла насустрач. Працягнуўшы руку, сказала:
— Вырашыла наведаць вас і развітацца.
— Як развітацца? — здзівіўся Мачалаў і збянтэжана замоўк. Яго і Васілеўскую аб’ядноўвала адна і тая ж бяда, горыч страты зблізіла іх, зрабіла сустрэчы неабходнасцю для кожнага. І вось Вольга Ільінічна кажа, што прыйшла развітацца! Яна сумна ўсміхнулася:
— Так, Пётр Пятровіч, я прыйшла развітацца. Наш шпіталь пераводзяць на іншы ўчастак фронту. Вайна ёсць вайна, — яна зноў сумна і быццам вінавата ўсміхнулася і працягнула Мачалаву лісток паперы. — Тут мой хатні, даваенны адрас, пасля вайны я вярнуся туды. Калі захочаце напісаць, то нумар маёй палявой пошты вы ведаеце. Ну, а цяпер бывайце, а можа, да сустрэчы, Пеця! Беражы вас Бог! — Яна павярнулася і пайшла, каб ён не ўбачыў яе вільготныя вочы.
А Мачалаў, прыгнечаны і разгублены, глядзеў ёй услед, нібы жадаючы пакінуць назаўжды ў сваёй памяці яе воблік, голас, сумныя вочы.
Неўзабаве Вольга Ільінічна знікла з поля зроку, і капітан, апусціўшы галаву, накіраваўся зноў да начальніка штаба. Ён разумеў, што чым далей час будзе аддаляць яго ад гэтага развітання, тым больш у душы будзе расці неабходнасць сустрэчы з Вольгай, якая стала яму не проста франтавым таварышам, але і сябрам…
Прайшло некалькі дзён, і батальён зноў атрымаў загад атакаваць праціўніка. Мачалаў быў ва ўладзе хуткага бою. Пабываў ва ўсіх узводах і ротах, гутарыў з байцамі і камандзірамі, ставіў задачу. Даўжэй, чым звычайна, затрымаўся ва ўзводзе, дзе служыў заўсёды вясёлы і бестурботны сяржант Кісліцкі, які атрымаў нечаканае «падмацаванне». Некалькі дзён таму да іх ва ўзвод прыбыў радавы Кікнадзе, гадоў сарака двух, грузін. Да гэтага ён ваяваў у іншым палку, быў паранены, і вось зноў на фронце. Кікнадзе, як і Кісліцкі, быў вясёлым і дасціпным апавядальнікам. Ён з задавальненнем слухаў забаўныя гісторыі і не ўпускаў магчымасці самому павесяліць сяброў. Сёння ў яго быў добры настрой. Дзіва што! Ён атрымаў ліст ад сына-разведчыка, якому прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта навіна імгненна абляцела ўсю роту. Байцы радаваліся разам з Кікнадзе. А ён усё расказваў і расказваў пра сына.
Са слоў камандзіра роты Мачалаў ужо ведаў навіну і вырашыў павіншаваць байца. Калі яны падышлі да спехам зробленага бліндажа, то па галасах, якія даносіліся з яго, зразумелі, што там шмат людзей. Увайшлі. Капітан ад душы павіншаваў чырвонаармейца і спытаў:
— А самому не хочацца Героя атрымаць?
— Як гэта не хочацца, таварыш капітан? Я цяпер толькі і думаць буду, які мне подзвіг здзейсніць. Мой Гіві і так часта рабіў не так, як я хацеў, а цяпер без зоркі Героя мне хоць дахаты не вяртайся.
— Няўжо ён у вас такі недысцыплінаваны быў?
— Вай, вай, не так недысцыплінаваны, як. як гэта. — Кікнадзе падбіраў патрэбнае слова, — ініцыятыўны. Вось вазьміце, напрыклад, як ён жаніўся. Гэта было ў чэрвені сорак першага. Памятаю, сяджу я дома адзін. На душы спакойна, нічога дрэннага нікому не зрабіў. І раптам дзверы адчыняюцца, і ў кватэру ўвальваецца цэлая кампанія людзей. Я падумаў — госці ідуць. Радасць у хату! Дарма думаў. Людзі-та ўсе паважаныя — дырэктар школы, настаўнікі, сакратар школьны. І ўсе на мяне наступаюць, крычаць, шумяць, і ўсё лозунгамі: «Гэта ж не трынаццатае стагоддзе, а дваццатае! Як гэта можна! Як ён мог?»
Я, вядома, таксама расхваляваўся ад гэтага крыку, таксама крычу: «Што — дваццатае стагоддзе? Сам ведаю, што дваццатае! Чаго крычыце? Растлумачце, што здарылася!» А яны мне, нібы я глухі, хорам тлумачаць: «Ваш сын дзесяцікласніцу выкраў!» А я хачу ўдакладніць у іх, які сын, іх у мяне чацвёра, і трое з іх тады ў школе вучыліся: адзін у пятым, а двое — двайняты — у чацвёртым. Навошта, думаю, ім дзесяцікласніцу красці. А дырэктар і настаўнікі, замінаючы адзін аднаму, на мяшанай руска-грузінскай мове тлумачаць: «Не, да гэтых вашых дзяцей, дзякуй богу, чарга не дайшла яшчэ. Дзесяцікласніцу выкраў ваш старэйшы сын — Гіві!» Я тут, вядома, супакоіўся і кажу ім: «Замоўкніце і не крычыце на гаспадара дому, у якога вы ў гасцях знаходзіцеся. Скажыце лепш мне, ці прыгожая гэтая дзесяцікласніца і як яе імя?»
З іх слоў зразумеў, што прыгожая. Тады я зноў сеў на сваю канапу і спакойна кажу: «Не разумею, чаго вы турбуецеся. Калі такі прыгажун, як мой Гіві, і выкраў прыгажуню, дык ведаеце, якая прыгожая сям’я будзе?»
Адразу замоўклі ўсе, вылупілі на мяне вочы, адкрытымі ратамі паветра хапаюць, нібы яго ў маёй вялікай і светлай хаце менш стала. Прамармыталі яны мне штосьці пра пракурора, павярнуліся і сышлі. А я сяджу і галаву ламаю, што рабіць і як гэтага падшыванца злавіць, каб не даць яму занадта далёка з гэтай прыгажуняй зайсці. Раптам паштальён прыходзіць, тэлеграму ўручае. Гляджу, а мяне на пошту для міжгародняй тэлефоннай размовы запрашаюць. Сабраўся і пайшоў. Адзначыўся на пошце ў тэлефаністкі, сяджу, чакаю, калі мяне паклічуць. Чую, маё прозвішча называюць, але, што за цуд, яшчэ чыёсьці называюць і запрашаюць нас у адну і тую ж кабіну. Сутыкаюся ля ўваходу ў кабіну з мужчынам і жанчынай. Адно аднаму дарогу саступаем, раскланьваемся, а самі нават не падазраём, што мы сваякі ўжо. Высветлілася, што яны — бацькі гэтай дзесяцікласніцы. Гіві з нявестай у Кутаісі ўцяклі, а адтуль выклікалі бацькоў на перагаворы. Вось так і нас паміж сабой перазнаёмілі.
— Ну і чым справа скончылася? — спытаў Мачалаў.
— Вяселлем.
— Ды вы яго таму ініцыятыўным называеце?
— Вядома. Я яму ўпотай нявесту прыглядаў, а ён сам ініцыятыву праявіў і ў дзевятнаццаць гадоў ажаніўся, зусім яшчэ дзіцём быў.
— Пачакайце, пачакайце, — усміхнуўся Мачалаў, — мяркуючы па вашым узросце, вы таксама не вельмі з жаніцьбай цягнулі. Колькі вам было гадоў, калі жаніліся?
Кікнадзе хітра ўсміхнуўся:
— Дзевятнаццаць, але я такім дзіцём не быў. А ён зусім маленькі ў мяне быў. Але ўсё імкнуўся бацьку апярэдзіць. Вось і Героя раней за мяне атрымаў. Скажыце, таварыш капітан, хіба гэта справядліва?
— Вядома, не. Але вы не хвалюйцеся, будзем спадзявацца, што і вы ад свайго сына не адстанеце.
— Не гаруй, салдат, — умяшаўся ў гутарку Кісліцкі, — мы табе ўсім узводам дапамагаць будзем. Я цяпер кожны танк, падбіты мной, буду на твой рахунак запісваць.
— Э, не, дарагі, дзякуй, я чужых перамог прысвойваць не хачу. Ды ты мяне пакуль дрэнна ведаеш, я і сам яшчэ сёе-тое магу.
З добрым настроем пакінуў пазіцыі батальёна Мачалаў, накіроўваючыся ў свой штаб.
Пад вечар яго нечакана выклікаў да сябе камандзір палка. Пётр Пятровіч быў упэўнены, што гутарка пойдзе пра хуткі бой. У бліндажы, акрамя Грыдзіна, знаходзіўся незнаёмы Мачалаву капітан. Падпалкоўнік сухавата сказаў:
— Знаёмся, Пётр Пятровіч, капітан Жураўлёў. Сёння ж перадасі яму камандаванне батальёнам, а сам выязджай у Маскву. Цябе адклікаюць.
— Мяне? У Маскву? Навошта?
— Не ведаю, але, паколькі табе трэба з’явіцца ва Упраўленне кадраў Наркамата ўнутраных спраў, падазраю, што атрымаеш новае заданне. Часу мала. Ідзі, здавай справы і праз дзве гадзіны будзь у мяне. Я збяру камандзіраў батальёнаў, развітаемся з табой.
Голас у Грыдзіна быў сумным.
Мачалаў чакаў чаго заўгодна, але толькі не гэтага. Далей усё пайшло як у калейдаскопе: здача спраў новаму камандзіру, развітанне з баявымі сябрамі, душны вагон, Масква.
Ва Упраўленні кадраў Наркамата ўнутраных спраў яго адразу ж запрасілі ў нейкі кабінет. Гадоў пяцідзесяці пяці генерал са стомленым і азызлым тварам адразу ж перайшоў да справы:
— Вы адкліканы з фронту для таго, каб вылецець самалётам да партызан, падабраць там людзей і выбыць у адзін з гарадоў, размешчаных на захадзе Беларусі. Там вы ў чаканні падыходу нашых войск азнаёміцеся са становішчам і, калі тэрыторыя вобласці будзе вызвалена, прыступіце да кіраўніцтва аддзелам па барацьбе з бандытызмам. Мы ведаем, што гэта справа вам знаёма, бо вам ужо даводзілася змагацца з бандытамі. Гэта, а таксама вопыт работы ў міліцыі і, вядома, франтавы вопыт, вам спатрэбяцца.
Генерал устаў з-за стала і, паволі прахаджваючыся па кабінеце, працягваў:
— Мы ўпэўнены, што на вызваленай намі тэрыторыі, якая была пад панскай Польшчай, з ліку здраднікаў, крымінальнікаў, паліцаяў, а таксама з тых, хто не паспеў сысці з адыходзячымі гітлераўскімі войскамі, будуць стварацца банды. Яны стануць не толькі рабаваць і забіваць, запалохваць і тэрарызаваць мясцовае насельніцтва, але і прыносіць шкоду новай уладзе, нападаць на партыйных і савецкіх кіраўнікоў, актывістаў, таксама на асобныя вайсковыя аўтамашыны, армейцаў. — Генерал сеў насупраць Мачалава і ўсміхнуўся стомленымі, запалёнымі вачыма. — А басмачы на поўдні чымсьці іншым займаліся?
— Тым, вядома. Бандыты, таварыш генерал, яны ўсюды бандыты.
— Правільна. Разумеючы гэта, мы і адклікаем з фронту людзей, здольных хутка і рашуча скончыць з гэтымі падонкамі, ну а з фашыстамі і без вас на фронце скончаць.
— У партызанскі атрад я адзін палячу?
— Дамо вам яшчэ двух чалавек у дапамогу, а цяпер уладкоўвайцеся ў гасцініцу, нумар вам замоўлены. Заўтра з’явіцеся сюды, атрымаеце неабходныя дакументы, зброю, пройдзеце інструктаж, пазнаёміцеся са сваімі памагатымі і ў шлях.
Нягледзячы на моцную стомленасць, Пётр Пятровіч заснуць ніяк не мог. Думкі пра будучыню і нязвыклая цішыня трывожылі яго.
Раніцай ён накіраваўся ў Наркамат, затым напісаў лісты Купрэйчыку і Васілеўскай. А яшчэ праз суткі цяжкі самалёт узняўся ў неба. Упершыню ў жыцці Пётр ляцеў на самалёце. Натужліва і магутна гулі маторы. Іх роў свабодна пранікаў праз рабрыстыя барты, і размаўляць можна было толькі нахіліўшыся да вуха суразмоўцы. У салоне самалёта, акрамя Мачалава і яго двух новых таварышаў — старшага лейтэнанта Булацкага і лейтэнанта Швяцова, — нікога не было. Гэта быў транспартны самалёт з доўгімі лаўкамі ўздоўж бартоў.
Пасярэдзіне салона ўздоўж лавак ляжаў груз. Па форме скрынь і маркіроўцы на іх Пётр зразумеў, што ў іх зброя і боепрыпасы. Яго хвалявала хуткая сустрэча з партызанамі. Ці зможа ён падабраць патрэбных людзей і давесці іх па варожым тыле да вызначанага месца? З надзеяй паглядаў капітан на спакойны твар Булацкага. Ён кадравік і павінен быць вельмі карысным пры падборы людзей. Лейтэнант Швяцоў, гадоў дваццаці трох, з вялікімі блакітнымі вачамі, густымі чорнымі бровамі, вучыўся ў школе міліцыі, але пасля таго як пачалася вайна, апынуўся на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля выздараўлення працаваў у Маскве оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
Мачалаву замінаў парашут, прымацаваны за спінай. Ён доўга важдаўся, пакуль усеўся, і цяпер спрабаваў засяродзіцца. А тут яшчэ гэты чортаў парашут. Перад вылетам паказалі, як трэба ім карыстацца. Уласна, гэта і так ясна: калі паляціш уніз, то трэба тузануць за колца. Праўда, скакаць давядзецца толькі ў крайнім выпадку. Самалёт павінен прызямліцца на партызанскім аэрадроме, даставіць зброю і боепрыпасы, а назад забраць параненых.
Далёка ўнізе сталі відаць беленькія агеньчыкі ракет, а паміж імі запульсіравалі чырванаватыя кропкі. Яны ляцелі ўздоўж зямлі насустрач адзін аднаму. «Фронт», — здагадаўся Пётр Пятровіч і яшчэ шчыльней прыціснуўся да прахалоднага шкла. Хтосьці крануў яго за плячо. Азірнуўшыся, Мачалаў убачыў бортстралка. Ён нахіліўся яшчэ ніжэй і пракрычаў:
— Праходзім лінію фронту, нас могуць абстраляць. Праверце парашуты!
«Хто ў такую цемрадзь патрапіць у наш самалёт?» — падумаў Пётр, назіраючы, як стралок займае сваё месца ўверсе салона, там, дзе быў усталяваны на турэлі кулямёт. Праверыў, як прышпілены шлейкі парашута, і пракрычаў Швяцову і Булацкаму, каб яны зрабілі тое ж. Пасля гэтага ён зноў прытуліўся да ілюмінатара, але ўнізе і вакол ужо было цёмна. Фронт ззаду.
За гады вайны ён прывык бачыць ворага перад сабой ці нават вакол, але ад таго, што вораг пад ім, што цяпер, можа, сапраўды, як і меркаваў стралок, нямецкія зеніткі наводзяць на гук самалёта свае доўгія, нібы хобаты сланоў, ствалы, каб знішчыць іх, стала нядобра, захацелася перасесці бліжэй да дзвярэй. Але праходзілі адна за другой пакутлівыя хвіліны, а самалёт, па-ранейшаму магутна і роўна гудучы маторамі, ішоў сваім курсам. Неўпрыкметку для сябе Мачалаў задрамаў і нават убачыў нейкі сон. Потым насцярожаны слых улавіў ва ўжо звыклым шуме матораў нейкія новыя гукі — кароткія сухія воплескі. Пётр Пятровіч расплюшчыў вочы, у гэты момант самалёт моцна гайданула, і Мачалаў, інстыктыўна хапаючыся за сядзенне рукамі, не мог зразумець, што ж адбылося. Яму здалося, што ў салоне самалёта ўспыхнула святло. А незразумелыя воплескі за бортам сталі яшчэ больш частымі. «Дык гэта ж нас абстрэльваюць, — здагадаўся Мачалаў, — а ў кабіне стала светла ад пражэктараў, якія адшукалі нас у небе». Але вось усярэдзіне салона стала цёмна, самалёт адразу ж выраўняўся і, не памяншаючы хуткасць, пачаў гарызантальны палёт.
«Няўжо прарваліся?» — яшчэ не верачы ў гэта, падумаў Мачалаў і тут жа пачуў над вухам радасны крык Булацкага:
— Малайцы лётчыкі! Усё ж вырваліся з гэтага пекла!
Праз некалькі хвілін маторы пачалі працаваць спакайней.
З кабіны выйшаў другі пілот. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, падышоў да пасажыраў і нахіліўся да Мачалава:
— Пашанцавала нам, капітан, прарваліся.
— Далёка яшчэ?
— Што?
— Я пытаю, доўга яшчэ ляцець?
— Каля трыццаці хвілін. — Пілот хацеў яшчэ штосьці сказаць, але не паспеў. Усярэдзіне самалёта зноў стала светла ад пражэктараў, якія зноў учапіліся ў яго. Лётчык кінуўся да кабіны.
Вакол самалёта на ўсю моц пачалі рвацца снарады. Лётчыкі прымянілі супрацьзенітны манеўр: то змейкай самалёт павядуць, то рэзка рвануць убок, то кінуць самалёт па нахільнай да зямлі, але ўсё было марным. На серабрыстых плоскасцях скрыжаваліся прамяні трох ці чатырох пражэктараў. Учапіліся моцна, даючы магчымасць зенітчыкам весці прыцэльны агонь. Нават праз надрыўнае выццё матораў было чуваць, як густа рвуцца снарады. Наперадзе стала суцэльная сцяна разрываў, і самалёт рэзка павярнуў направа.
«Эх, пратрымацца б яшчэ пару хвілін, і мы выйдзем з зоны агню!» — падумаў Мачалаў.
Яго плячо моцна сціснула рука Булацкага. Праз шум матораў і гул чарговай серыі ўзрываў Мачалаў ледзьве разабраў словы:
— Правае крыло гарыць!
Мачалаў адчуў пах дыму, які пракраўся ў салон. Пётр Пятровіч хацеў падысці да процілеглага борта, але самалёт нібы натыкнуўся на нябачную сцяну, здрыгануўся і дзяўбнуў носам. Тут жа аглушальна зараўла сірэна. Стралок, зваліўшыся зверху, пракрычаў у твар Мачалаву.
— За мной! Да дзвярэй, будзеце скакаць! Самалёт гарыць!
Мачалаў пацягнуў за рукі сваіх таварышаў і рушыў услед за стралком. Той адкрыў цяжкія дзверы, у самалёт разам з ровам матораў і грукатам уварвалася полымя. Стралок штосьці пракрычаў Мачалаву і выпхнуў яго першым. Магутны струмень паветра адразу ж адкінуў яго ад самалёта і некалькі разоў перавярнуў. Мачалаў палічыў да пяці і тузануў за колца. Адразу адчуў моцны рывок — гэта раскрыўся парашут, і тут жа наступіла цішыня. Мачалаву здалося, што ён аглух, але ўбачыўшы, як далёка злева слізгае да зямлі агорнуты полымем самалёт, зразумеў, што зеніткі спынілі агонь.
«Ці паспелі лётчыкі выскачыць? Ці перадалі нашым пра тое, што здарылася?» — падумаў капітан і ўбачыў, як у гэта імгненне самалёт урэзаўся ў зямлю. Нават адгэтуль, з вялікай вышыні, было відаць велізарнае полымя, якое ўскінулася на месцы падзення. У гэты момант Мачалаў не ведаў, што лётчыкі коштам уласнага жыцця паспелі выратаваць іх, сваіх пасажыраў, і паведаміць па радыё пра тое, што самалёт падбіты.
Разгойдваючыся пад купалам, капітан увесь час круціў галавой, спрабуючы адшукаць у небе сваіх, але вакол была толькі цемрадзь, і тады ён паглядзеў уніз, туды, дзе разгортвалася і шырылася, станавілася ўсё бліжэй і бліжэй чорная, занятая ворагам зямля, якая палохала сваёй невядомасцю.