Люты лютаваў. Амаль штодзённыя завеі, моцныя маразы ўскладнялі дзеянні партызан. Атраду, камандзірам якога быў Тамкоў, вельмі не хапала харчоў, не ставала цёплай адзежы. Паўкажушкі, валёнкі, шапкі-вушанкі былі ўзяты на строгі ўлік. Іх перадавалі з рук у рукі толькі тым, хто ішоў на баявыя заданні.
Але сёння да бою рыхтаваліся ўсе. Атрад атрымаў заданне выбіць з вёскі, якая знаходзілася на ўскраіне партызанскай зоны, узмоцненую роту карнікаў. Фашысты з’явіліся ў вёсцы напярэдадні ўвечары, і, відавочна, моцны мароз і завіруха не дазволілі ім адразу ж прыступіць да знішчэння вёскі.
Сувязны, які прыбег уначы ў атрад на самаробных лыжах, паведаміў, што немцы, з цяжкасцю дабраўшыся да вёскі на машынах і двух танках, выставілі на ўскраінах моцныя заслоны. Фашысты разумелі, дзе знаходзяцца, і былі гатовыя адбіць атаку партызан.
Тамкоў далажыў аб тым, што адбылося, камандзіру брыгады. Гэта вельмі ўстрывожыла Глазкова. У вёсцы жылі многія сем’і партызан, у надзейных людзей хаваліся цяжкапараненыя байцы.
Славін таксама быў нямала ўсхваляваны. У гэтай вёсцы жыла яго маці. Але Настассі Георгіеўне дала прытулак адзінокая бабулька. Разам яны бавілі цяжкія дні, глядзелі гаспадарку. Уладзімір ужо тройчы паспеў сустрэцца з маці. У апошні раз быў у яе разам з Жэняй. Пры расстанні Настасся Георгіеўна далікатна пагладзіла дачку, абняла сына, паплакала: «Беражыце, дзеткі, сябе. Бо адны вы засталіся ў мяне.»
І вось зараз маці апынулася ў смяротнай небяспецы.
Збіраючыся ў паход, Уладзімір нацягнуў на сябе ўсё, што ў яго засталося з адзежы. Горш было з абуткам. Старыя кірзавыя боты зусім разваліліся. І ён паміж анучамі ўклаў праслойку з нямецкіх газет, добра, што боты былі вялікія і газеты туды свабодна ўваходзілі. Тупнуў левай нагой, тупнуў правай, прайшоўся па зямлянцы. «Нічога, вытрымаю», — падумаў Уладзімір і стаў рыхтаваць зброю. Праверыў аўтамат, набіў магазін патронамі, прышпіліў да шырокага трафейнага рэменя адзіную гранату, зірнуў на Грыбава і Бартошыка:
— Ну што, хлопцы, гатовыя?
Неўзабаве ўсе трое выйшлі на паляну, дзе строіўся атрад.
Раніцай партызаны наблізіліся да вёскі з трох бакоў. Як наліха, нечакана супакоілася завіруха. Празрыстае марознае паветра пранізвалі яркія прамяні сонца. Вакол вёскі ляжала чыстая некранутая цаліна. Ахопліваючы вёску кальцом, партызаны паўзком набліжаліся да хат. Два бранябойшчыкі пакуль засталіся на ўзлеску, хаваючыся ў хмызняку. Яны трымаліся ў рэзерве на выпад ак з’яўлення фашысцкіх танкаў. З адзінай у атрадзе 45-міліметровай гарматы вырашылі ўдарыць па нямецкіх кулямётчыках, якія асядлалі дарогу пры ўездзе ў вёску.
Уначы карнікаў атакаваць было б лягчэй. Але камандаванне атрада разумела і іншае: начны бой у вёсцы небяспечны для мясцовых жыхароў. Разлік быў на тое, што немцы менш за ўсё могуць чакаць нападу днём, што большасць з іх, калі пачнецца бой, акажацца на вуліцы, дзе іх лягчэй будзе знішчыць. Каб пасеяць паніку ў лагеры праціўніка, Лапко пасадзіў сорак байцоў на коней, даў гэтай групе два кулямётныя разлікі, якія размясціліся на санях. Перад імі была пастаўлена задача — з ходу ўварвацца ў вёску, скаваць дзеянні праціўніка.
Роце, якой камандаваў Крайнюк, трэба было атакаваць вёску з процілеглага боку.
Славін, цяжка дыхаючы, поўз побач з іншымі байцамі. Да бліжэйшага хлява, за якім пачыналіся сялянскія двары, заставалася метраў дзвесце. Раптам з-пад даху хлява гулка застрачыў буйнакаліберны кулямёт. Байцы замерлі на месцы, глыбей закопваючыся ў снег.
— Бяры з сабой Панчанкава, зайдзіце з фланга, знішчыце кулямёт! — распарадзіўся Крайнюк, звяртаючыся да Грыбава.
Славін адшпіліў ад рэменя гранату і працягнуў яе Панчанкаву:
— Вазьміце! Спатрэбіцца.
Грыбаў і Аляксей Іванавіч Панчанкаў, бацька загінуўшага Сяргея, узяўшы крокаў на пятнаццаць у бок, хутка папаўзлі наперад.
Крайнюк наўмысна даручыў Панчанкаву і Грыбаву знішчыць кулямётчыкаў. Антон, як і ўсе байцы атрада, бачыў, што гэты пажылы чалавек пасля страты сына змяніўся, стаў маўклівым, часта сыходзіў у лес, доўга блукаў там, а ў баі дзейнічаў напралом, нібы не разумеў, што яго таксама ў любую секунду можа зваліць варожая куля.
І цяпер Славін увесь час асцерагаўся, што Аляксей Іванавіч не вытрымае, кінецца ва ўвесь рост на кулямёт. Але Крайнюк думаў інакш. Панчанкаў быў вельмі адказным чалавекам, і, атрымаўшы загад знішчыць кулямёт, ён будзе, канешне, асцярожным, разумеючы, што ад яго прадуманых дзеянняў залежыць многае.
Партызаны, як краты, закопваліся ў снежныя гурбы. Некаторыя, выбраўшы лепшую пазіцыю, вялі прыцэльны агонь па даху хлява. Некалькі разоў кулямёт захлынаўся, відавочна, партызанскія кулі дасягалі цэлі. Крайнюк, асцярожна выглядаючы з гурбы, заўважаў, што ў многіх месцах байцы знішчылі нямецкую абарону і ўварваліся ў вёску. «Вось бы хто-небудзь здагадаўся ўдарыць па хляве з тылу», — падумаў ён. Але пакутліва цягнуліся хвіліны, а кулямёт не змаўкаў, паліваючы атакаваўшых свінцовым агнём. Антон убачыў, як недалёка ад хлява ўскочыў на ногі Грыбаў, зрабіў некалькі крокаў і зваліўся. «Забілі! — пахаладзеў ад здагадкі Крайнюк. — Флангі таксама прыкрылі жывадзёры!» Ён перадаў загад па ланцугу засяродзіць агонь на дах хлява і з трывогай падумаў пра Панчанкава: «Дзе ж ён? Ці дойдзе?» І тут жа ўбачыў знаёмую постаць. Патанаючы па пояс у снезе, Аляксей Іванавіч прабіраўся ўздоўж сцяны хлява. «Дабраўся! — узрадаваўся Антон. — Але як ён закіне гранату?»
А Панчанкаў нечакана адскочыў на некалькі крокаў ад хлява і ўзмахнуў рукой. На даху разарвалася граната, кулямёт адразу ж захлынуўся. Панчанкаў другі раз узмахнуў рукой, і выбух раздаўся там, адкуль яшчэ некалькі хвілін назад біў аўтамат. І ў гэты момант кароткая аўтаматная чарга, пасланая з іншага канца даху, паразіла Аляксея Іванавіча, і ён зваліўся ніцма ў снег.
Крайнюк ускочыў на ногі:
— За мной! Ура-а-а!
Партызаны кінуліся наперад. З абодвух канцоў хлява чуліся вінтовачная стральба, аўтаматныя чэргі, але яны ўжо не маглі спыніць імклівую атаку. Супраціўленне немцаў было падаўлена, і наступленне перакінулася ў глыб вёскі.
Але ў гэты момант становішча рэзка змянілася. З-за крайняй хаты выскачыў танк, пафарбаваны ў белы колер. Раскідваючы снег, ён ішоў проста на байцоў Славіна, вырыгваючы кулямётны агонь. У шэрагах партызан пачалося замяшанне: адны кінуліся назад — да хлява, другія — наадварот, наперад, да недалёка размешчаных хат. Кожны адчуваў сябе зусім безабаронным перад бязлітаснай машынай, закутай у тоўстую браню. Убачыўшы гэта, Тамкоў накіраваў на выручку групе Славіна адну санную запрэжку з бранябойшчыкам. Першы жа стрэл аказаўся на рэдкасць удалым: сталёвая махіна задымілася і спынілася. Толькі цяпер Славін заўважыў, што ён стаіць у самай сярэдзіне вялікай гурбы, патануўшы ў ёй па пояс. Выгляд танка, які з’явіўся нечакана, ашаламіў, прыкаваў да месца. Уладзімір азірнуўся і ўбачыў, што двое партызан нясуць Грыбава. «Значыць, жывы!» — абрадаваўся ён, рынуўшыся наперад, да цэнтра вёскі.
Славін бег уздоўж высокага частакола і, эканомячы патроны, вёў агонь толькі па бачных цэлях. Раптам ён адчуў рэзкі пранізлівы боль у жываце і, трацячы прытомнасць, зваліўся ў снег.
Славін ачуўся праз некалькі гадзін ад нясцерпнага болю. Расплюшчыў вочы, убачыў шэрае неба. Яму здалося, што яно чамусьці калышацца. Уладзімір паглядзеў наперад, і погляд яго ўтаропіўся ў спіну чалавека. Здагадаўшыся, што яго нясуць, падумаў: «Хто яны? Немцы ці свае?» — і зноў страціў прытомнасць.
Уладзімір ачуняў у нейкай хаце, у прыцемку ўбачыў нізкую куродымную столь і нечы схілены над ім твар. Угледзеўся, пазнаў Тамкова. Той усміхнуўся:
— Расплюшчыў вочы! Трымайся, хлопец, усё наладзіцца!
— Дзе я? — ледзь чутна спытаў паранены. Яго сухія вусны крыху варушыліся. Тамкоў нахіліўся яшчэ ніжэй:
— Што ты сказаў?
Валодзя адчуў, як яго твару кранулася штосьці прахалоднае. Хтосьці, хто стаяў у галовах, намачыў вільготнай ваткай яго губы. Ён паспрабаваў піць. З паўзмроку пачуўся жаночы голас:
— Нельга табе, родненькі. У цябе раненне ў жывот. Патрывай, цяпер паедзем далей, там цябе доктар паглядзіць. Усё будзе добра.
Уладзімір адчуў, што яго падымаюць моцныя рукі, кладуць на насілкі, нясуць у двор, апускаюць у нізкія санкі. Побач села жанчына, а наперадзе нейкі стары, які адразу ж крануў за лейцы каня, і сані асцярожна заслізгалі наперад.
Толькі цяпер Валодзя пазнаў жанчыну. Гэта была Панчанкава. Ён успомніў Сяргея, яго сястрычку Надзю. Потым ва ўяўленні паўстаў Аляксей Іванавіч у той момант, калі ён прабраўся да хлява і кінуў на дах адну за адной дзве гранаты. Уладзімір ледзь чутна паклікаў Панчанкаву. Жанчына нахілілася над ім:
— Што ты хочаш, сынок?
— Цётка Дуся, што з Аляксеем Іванавічам?
Жанчына адвяла вочы.
— Усё ў парадку, трохі паранены ён.
Яна не магла сказаць праўду гэтаму хлопцу. У яго самога жыццё ліпела на павуцінцы. Славін спытаў:
— А мая мама жывая?
— Жывая, жывая. Ты ляжы спакойна, табе нельга размаўляць.
Уладзіміру сапраўды было цяжка гаварыць, але ён сабраўся з сіламі і зноў спытаў:
— Што са мной?
— Паранены. Куля цябе трошкі ўчапіла. у жывот патрапіла. Але ты не хвалюйся. Усё будзе добра.
— Немцаў з вёскі выбілі?
— Так-так. Далі мы ім у косці як трэба.
— Куды мяне вязуць?
— Да доктара. Ён цябе ў іншай вёсцы чакае.
Хлопец замоўк. Ён ляжаў, сціснуўшы зубы і заплюшчыўшы вочы, — моцна балеў жывот. Здавалася, што ён зноў страціў прытомнасць. Але пасля некаторай паўзы Уладзімір ледзь чутна спытаў:
— Цётка Дуся, я буду жыць?
Слёзы пакаціліся па шчоках жанчыны. Для яе, якая страціла ўжо сына слова «жыць» набыло асаблівы сэнс. Яна была санітаркай і добра ведала, што значыць раненне ў жывот, ды яшчэ ў сітуацыі, што ўзнікла. Паспешліва глынаючы словы, Панчанкава прагаварыла:
— Што ты кажаш, сынок! Вядома, будзеш жыць! Падумаеш, раненне. Было і горш, аднак нічога, выжывалі людзі. Ты толькі менш размаўляй, сілы беражы, — яна тыцнула ездавога ў спіну: — Падганяй каня! Хутчэй трэба!
Неўзабаве яны заехалі ў вёску, дзе ў памяшканні школы ўжо знаходзіўся ўрач. Яго спецыяльна выклікалі з суседняга атрада. Мажны прысадзісты мужчына, гадоў пяцідзесяці, нахіліўся над ранай. Густыя чорныя бровы ссунуліся да пераносся, хвілін праз дзесяць ён выпрастаўся і ціха сказаў Тамкову, які знаходзіўся ў далёкім куце:
— Раненне сляпое, аперацыю рабіць нельга, ды і няма чым, трэба спадзявацца і чакаць.
Мінула некалькі дзён. Славін ляжаў у хаце, гледзячы ў нізкую столь, імкнучыся зразумець, што з ім, дзе знаходзіцца. У свядомасці праплылі апошнія падзеі, бой, язда на санях, цётка Дуся. Успомніў урача з густымі чорнымі бровамі. «Цікава, зрабілі мне аперацыю ці не?» — ён зірнуў убок і ўбачыў Панчанкаву. Яна сядзела на табурэтцы, сумна глядзела ў акно. Уладзімір разумеў, як ёй цяжка, але яна рукі не апусціла, стараецца ўсім дапамагчы.
А Панчанкава якраз у гэту хвіліну думала пра яго. У душы яна сумнявалася, што хлопец выжыве, і, часта гледзячы на яго, мімаволі ўспамінала свайго Сяргея. Бо яны былі амаль аднагодкамі, сябравалі.
Адчуўшы на сабе погляд параненага, Панчанкава рэзка азірнулася. Убачыўшы, што ён ачуўся, усміхнулася:
— Што, сынок, прачнуўся? Гэта добра. Значыць, на папраўку ідзеш.
Ён таксама ледзь прыкметна ўсміхнуўся:
— Цётка Дуся, дзе я?
— У хаце, Вовачка, у хаце, у вёсцы Дунічы.
— Дунічы?! — здзівіўся Славін. — Як жа далёка завезлі! Пэўна, немцы насядаюць, — і тут жа спытаў: — Маме маёй перадалі, што я паранены?
— Не, сыночак. Камандзір сказаў, што яна хварэе. Загадаў не хваляваць. А сястра ведае. Яна была тут. Сёння раніцай у свой атрад адправілася. У яе нейкае тэрміновае заданне. Сказала, што праз пару дзён зноў прыйдзе. Так што ляжы спакойна, сіл набірайся.
Але так здарылася, што Жэня не прыйшла. Буйныя сілы немцаў усё больш і больш адціскалі партызан, і на наступны дзень Славіна зноў паклалі ў сані, запрэжаныя парай коней. Меўся быць далёкі шлях, у самую глыб партызанскай зоны.