У горадзе становішча з кожным днём ускладнялася. Акупанты адчувалі, што супраціўленне становіцца ўсё больш арганізаваным і ўпартым. Імкнучыся задушыць яго, фашысты ішлі на ўсё: амаль штодня арганізоўвалі аблавы, за з’яўленне ў начны час без спецыяльных пропускаў людзі расстрэльваліся на месцы. Вобыскі праводзіліся ўжо не ў асобных дамах, а ў цэлых кварталах, шукалі падпольшчыкаў, камуністаў, камсамольцаў, нават тых, хто па дадзеных гестапа да вайны быў перадавіком працы.
Фашысты адных расстрэльвалі ці вешалі адразу ж, іншых, перш чым забіць, доўга катавалі.
Горад быццам начыста вымер. Але гэта была толькі ўяўная цішыня. Амаль штодня, то ў адным, то ў другім канцы праводзіліся дыверсіі.
Не сядзеў без справы і Міхаіл Іванавіч Славін. Ён часта сыходзіў з дому, дзесьці знікаў, бывала цэлымі начамі.
Зрэдку да яго прыходзілі незнаёмыя людзі. Разам з гаспадаром яны зачыняліся ў асобным пакоі, аб чымсьці гаварылі.
Аднойчы вечарам, калі Валодзя ўжо клаўся спаць, бацька прывёў незнаёмага мужчыну і, звяртаючыся да маці, сказаў:
— Настасся! Паглядзі за вуліцай ды заадно і Барыса Плоткіна сустрэнеш. Скажы, хай заходзіць да нас.
Маці накінула стары бацькаўскі пінжак, выйшла ў двор. Міхаіл Іванавіч зазірнуў у Володзеў пакой, гучна спытаў:
— Вова, спіш?
Сын не адказаў. Ён прыкінуўся спячым, каб пачуць, пра што будуць гаварыць мужчыны. Неўзабаве прыйшоў Плоткін. Валодзя ведаў, што ён да вайны разам з бацькам працаваў у друкарні.
Міхаіл Іванавіч запрасіў гасцей у спальню. Валодзя праз тонкую сценку добра чуў іх гаворку. Незнаёмы мужчына, звяртаючыся да бацькі і Плоткіна, сказаў:
— Па рашэнні кіраўніцтва падполля вам, таварышы, неабходна ўладкавацца на працу ў друкарню.
— На якую працу? — абурыўся бацька. — Мы здаровыя людзі і будзем біць фашыстаў.
— Не гарачыцеся, Міхаіл Іванавіч! Нам трэба арганізаваць рэгулярны выпуск газет і лістовак. Гэта не меней грозная зброя ў барацьбе з акупантамі. Так што ніякіх пярэчанняў. Ідзіце і працуйце. Заданні будзеце атрымліваць ад мяне. А цяпер я пайшоў. Хутка наступіць каменданцкая гадзіна.
— А хто знішчыць здрадніка? — спытаў бацька.
— Прыйдзецца вам гэта заданне выканаць, — адказаў госць.
Валодзя чуў, як мужчыны выйшлі ў кухню, а затым — у калідор. Хвілін праз пяць бацька і маці вярнуліся дахаты. Ох, як хацелася Валодзю ў гэты момант ускочыць, падбегчы да бацькі, сказаць, што ён таксама будзе біць фашыстаў. Але, трохі падумаўшы, вырашыў інакш: «Цяпер совацца да бацькі нельга. Даведаецца, што чуў гаворку, можа па шыі панадаваць…»
На наступную раніцу Валодзя з суседскімі хлапчукамі правёў супраць немцаў першую «баявую» аперацыю. На закінутай будоўлі знайшоўся карбід. Прынеслі пустыя бутэлькі, запоўнілі вадой, выразалі драўляныя коркі. У бутэлькі з вадой засыпалі карбід і абгарнулі іх старымі анучамі. Гэта для таго, каб яны не разбіліся, калі іх трэба будзе кідаць. Пасля гэтага хлапчукі стаіліся за плотам, балазе ўжо звечарэла.
Неўзабаве па вуліцах павольна пачала рухацца калона цяжкіх грузавікоў. Хлопцы трывала закаркавалі бутэлькі, і ў кузавы паляцелі самаробныя «зарады».
Адбегшы ў далёкі кут саду, спыніліся пад старой грушай, весела перагаворваліся і смяяліся: «Вось будзе перапалох, калі нашы „гранаты“ пачнуць ірвацца!» Яны, вядома, разумелі, што істотнай шкоды іх «гасцінцы» немцам не прычыняць. Але клопатаў абавязкова зададуць.
Уначы Валодзя прачнуўся ад шуму. Гэта прыйшоў бацька. Ён быў у добрым настроі. Усе абступілі яго. Ён абняў маці, сына, дачку:
— Не, не быць ім тут гаспадарамі! Не будзе гадам спакою ні днём ні ўначы!
— Тата, што здарылася?
Бацька хітра ўсміхнуўся:
— Гэта доўгая казка, сынок. Як-небудзь потым раскажу.
Толькі пазней Валодзя даведаўся, што не пазбег суровай адплаты здраднік, яго пакаралі патрыёты-падпольшчыкі, сярод іх быў і бацька Валодзі.