8. УЦЁКІ АД СЬМЕРЦІ


Над местам стаяла глыбокая ноч, калі калёна вязьняў мінула апошнія завулкі ўздоўж даўгога бітага шляху на ўсходняй акраіне Менску. Відаць было нібы ўдзень. Ці то ад бясконцага сьцягу зорак і месяца, якія, як і ў мірныя дні цяпер сьвяцілі быццам яшчэ з большым імпэтам, ці, магчыма, і ад зарава пажараў, якое ня выпускала з сваіх абдымкаў палову неба, неяк нязвычна вуліцы вышчарыліся й сталіся відочнымі кожнаму пешаходу сваім разварушэньнем. Дзе-нідзе збоку дарогу перагараджалі зваленыя на ходнікі тэлефонныя слупы. Каля вырванае бомбаю ямы ляжала забітая жанчына. На сьвежай жаўтавата-рудай гліне відаць былі згусткі крыві. Адкінутыя ўбок валасы былі ўтаптаныя ў глебу, а расплюшчаныя вочы з дакорам глядзелі ў дымнае неба, нібы ўпікаючы яму за вялікае няшчасьце.

Зьняволеным часта прыходзілася адыходзіць на край дарогі, каб даць магчымасьць праехаць грузавікам, поўным хатняга дабра высокіх савецкіх урадоўцаў, якія ратавалі свае сем'і. На кожным запынку шафёры лаяліся, выбягалі з кузаваў, крычэлі на пешаходаў. А народ тысячамі займаў усе дарогі, кіруючыся на ўсход. Жанчыны й мужчыны несьлі дзяцей на руках. Некаторыя яшчэ валаклі поўныя чамаданы. Шмат людзей сядзела на ўзбочынах дарогі і ў кустох уздоўж шляху каля сваіх большых клумкаў і, не знаходзячы ў сабе змогі адцурацца ўзятага з сабою дабра, з жалем паглядалі на сваю паклажу, што ўжо пасьпела адцягнуць ім рукі ды пазбавіць сілы.

Праз усю ноч ня было ніводнага бамбардаваньня, але ў ваччу кожнага стаяў неадступна страх і жаданьне як мага далей адыйсьці ад зазнанага ўдзень пякельнага выпрабаваньня. Былі моманты, калі на дарозе людзей назьбіралася гэтак шмат, што ўжо зьнікала выразная мяжа паміж вольнымі й этапам пад канвоем. Часам вольныя людзі на дарозе дакраналіся пляча таго ці іншага зьняволенага. І ўсе разам глыталі густы й ўедлівы дарожны пыл.

Тысячы ног гэтак узьбілі й перамалолі верхні пласт дарожнага глею, што ад хмары шэрае парахні ня відно было бітага шляху. Гаркавы пыл поўніў нос і рот, перасушваў горлы падарожным. Чыхаўка мучыла старых і малых, няспынна кашлялі й плакалі дзеці.

За ноч гэтак падбіліся ногі, што зусім ня слухаліся загадаў галавы. Часамі ў падарожных падкошваліся ногі. Родныя дапамагалі яму сыйсьці з дарогі на перапынак. Ня мелі такое выгоды толькі вязьні. Канваеры бясконца падганялі іх, загадвалі стала рухацца ўперад.

Кастусь ішоў спачатку ў сярэдзіне калёны. Але навага зьнікнуць з этапных шэрагаў ды згубіцца ў натоўпе вольных людзей змушала яго трымацца бліжэй да краю. Паступова ён апынуўся побач з чалавекам, за якім, здавалася, канчаўся шэраг. Гэта быў прысадзісты, на выгляд моцнага складу, стары. Але ад пылу й бегатні па дарозе ён пачаў здавацца й штораз цяжэй дыхаў. Гады бралі сваё. Пасьля турэмных выпрабаваньняў гэтая апошняя этапная дарога выйшла для яго найцяжэйшай. Ён часта запыняўся й хапаўся за левы бок, нібы дотыкам рукі стараўся дапамагчы збалеламу сэрцу. А тое пачало ўжо часьцей рабіць перабоі. Тады канваеры брыдкімі словамі, а пасьля й прыкладамі стрэльбаў падштурхоўвалі яго да паскарэньня хады. На гэты раз ён запыніўся неяк даўжэй звычайнага й запыніў на момант рух тых, што йшлі за ім. Канваер падбег падштурхоўваць. І на гэты раз не абыйшлося без адборыстага прыгадваньня маці. Стары, нібы ўпёршыся, стаяў і калупаў пальцам у носе. Гэта абурыла няўклюжага, з расьсечанай губою, канваера.

- Што, сьвярбіць? - зароў ён немым голасам на старога. - Ну, дык я табе зараз пачашу!

Ён вокамгненна выхапіў з кабуры наган і прыставіў халоднае, бліскучае дула да самага носу старога. Пачуўся стрэл, і на вачох этапнікаў, побач Кастуся, той павольна асунуўся на зямлю. Па твары й шыі пабег чырвоны цурок. Сьмерць прыйшла раптоўна.

Не пасьпеў Кастусь выказаць слоў абурэньня: - Зьвяры, што вы робіце? - як канваер аперадзіў яго крыкам на ўсіх не запыняцца.

- Уперад марш, бяз спынку, бо кожнаму будзе гэтак! - заскуголіў ён ні сваім, дрыжачым дыскантам на спужаных людзей. Калёна паслухмяна падалася ўперад. У кожнага з тых, хто гэта бачыў, усю дарогу стаяў у ваччу твар з цурком крыві. Жахлівы абраз бачанага прыгінаў галовы вязьняў дадолу, рабіў іх паніклымі й бездапаможнымі. Кожны мог чакаць сабе такога-ж канца. Куды вядзе іх доля й дзе іх чакае наканаваны канец? Зусім магчыма, што якраз недзе на ўзбочыне дарогі ляжа й іхнае прабітае куляю цела. Ад гэтых ашалелых няўдачаю гадаў нічога добрага чакаць нельга. Але й выратавацца наразе з гэтага становішча няма як. Усе пакорліва й бяздумна сунуліся ўперад, ледзьве перастаўляючы ногі. Слабейшыя цягнуліся ззаду. Тых, каго пакідалі сілы, чуваць было, як аднаго па адным расстрэльвалі тут-жа пры канцы калёны, вычакаўшы, калі этап адыйдзе крыху ўперад.

Кастусь пасьля бачанага выпадку ня сунуўся да краю. Наадварот, ён стараўся ізноў быць у сярэдзіне калёны. Ён бачыў, як былога аднакамэрніка, старога краўца, іншыя падтрымваюць пад рукі. Часамі ён зусім ня ішоў, а валачыўся, падвешаны на чужых руках пад пахі. Адмаўляліся слухацца старыя, ужо зусім аслабелыя ногі. Сябры як маглі, ратавалі яго ад немінучай загубы. Варта было пакінуць на волю лёсу, як ён адразу ляжаў-бы на дарозе з прастрэленай галавой. «Сьвет ні бяз добрых людзей», - падумаў Кастусь і сам наблізіўся, каб пры нагодзе зьмяніць тых добрых людзей, што ў гэткі цяжкі час ня страцілі спачуваньня да няшчасьця другога і, выбіваючыся з сілаў самі, ратуюць ад сьмерці іншага. Якраз у гэты момант былы Кастусёў сукамэрнік, аграном у белым летнім гарнітуры, які падтрымваў чалавека зьлева, сам нешта пачаў угінацца й нібыта цяжка валачыць ногі. Кастусь адразу выхапіў з ягоных рук старога й моцна пачаў прытрымваць праваю рукою ягоную левую паху. У вачох агранома засьвяцілася ўдзячнасьць.

- Няхай Бог дапаможа ў тваім жыцьці, навядзе на дарогу збаўленьня ад гэтае напасьці, - прагаварыў стары, заліваючыся сьлязьмі, што размывалі раўчукі пылу, які густа пакрываў змарнаваны твар.

Кастусь адчуваў, як гэтыя словы акрылялі яго надзеяй на лепшы канец. Цяпер, у гэтым агульным горы, зварот да Бога быў збаўчым прыцягальнікам і надзеяю ў нешта лепшае. Кастусь прыняў адкрытаю душою гэтыя словы з глыбіні ўдзячнага сэрца пакутніка. Ён прыняў іх на веру, тая ізноў сьветлаю іскрынаю залунала ў абнадзеянай душы, што шукала збавеньня. Кастусь крочыў цяпер больш упэўнена. Нябачная сіла акрыяла ў ім і надавала нейкае ўзьнятасьці. Ён нёс на сваёй правай руцэ палову цяжару чалавека й нібыта не адчуваў ніякае стомы. Калі праз нейкі час аграном хацеў яго замяніць, ён адмовіў яму яшчэ на гадзіну. Да раніцы яму прышлося некалькі раз брацца памагаць чалавеку, і кожны раз ён адчуваў вялікае задавальненьне з сьведамасьці, што ён выратоўвае чалавека ад лютае сьмерці, што крок у крок ішла неадступна па сьлядох і толькі чакала зручнага моманту праглынуць у сваёй ненажэрнай пашчы чарговую ахвяру.

Перад сьвітаньнем, пасьля няспыннага начнога маршу па пыльным бальшаку, этап дайшоў да шырокае пасекі па абодвых бакох дарогі. Тут канваеры загадалі ўсім сыйсьці з дарогі й разьмясьціцца на адпачынак на макраватым полі паміж кароткіх пнёў, рэштак нядаўна высечанага лесу. Нявольнікі мусілі сядзець на кукішках, або ляжаць, але не ўставаць. Уставаць пад пагрозаю сьмерці забаранялася. Хоць і нязручна было сядзець на сырым імху, але ўсё-ж лепш, чымся ісьці, выбіваючыся з апошніх сілаў. Людзі былі рады выцягнуцца на ўвесь рост ды старацца як мага больш адпачыць. Некаторыя паселі каля пнёў, паклаўшы ногі ўгору, каб ацякалі. А дзе-хто смактаў мох, стараючыся такім чынам перабіць сваю смагу. Нехта знайшоў у зямлі невялічкую ямінку й высмактаў зь яе рэшту затрыманае там вільгаці.

Праз колькі часу далучылі этап прыгнаных зь Летувы жанчынаў. Іх таксама, як небясьпечных, гналі тымі-ж дарогамі на ўсход, далей ад фронту. Бальшыня гэтых жанчынаў мела пры сабе курыва. Яны расьселіся сярод нашых і пачалі гаворку й роспыты. Але як адным, гэтак і другім у думках карцела толькі аб вадзе.

- Піць! Піць! Піць! - неслася з усіх бакоў бадай ад кожнага зьняволенага. Усе прышвартаваныя да зямлі, дарма што дзень ня елі, цяпер толькі й прасілі, каб напіцца вады. Канваеры бездапаможна й ніякавата разводзілі рукамі. Больш сумленыя зь іх выяўлялі сваімі тварамі спачуваньне. Яны больш маўчалі на бясконцыя ляманты аб вадзе. Іншыя адбрэхваліся мацяршчынай. Некаторыя крычалі немым голасам на кожнае вымаганьне вады. Нарэшце ўсе змоўклі, пабачыўшы, што няўмольных не ўламаць і вады ад іх не дапрасіцца. Але тут, якраз побач Кастуся, раптам спыняецца адзін канваер у скураной куртцы, малады, рухавы й абвяшчае:

- Хто хоча напіцца, няхай падыходзіць да мяне.

Усе, хто пачуў гэты заклік, кінуліся да канваера. Каля яго ўраз утварыўся натоўп. Ён-жа адабраў дзесяць чалавек і загадаў ім ісьці за ім.

Сярод шчасьлівае дзесяткі быў і Кастусь. Яму пашчасьціла падбегчы першым і трапіць у лік абраных. Ён ішоў усьлед за правадніком па дарозе ў адваротным кірунку да руху й думаў толькі аб тым, як ён зараз нап'ецца тае жыватворнае вільгаці, што цяпер кожнаму становіць найпершы ідэал і мяжу першапачатных жаданьняў. Канваер ішоў ўперадзе й нават, здавалася, зусім не аглядаўся на людзей. Аднак ніхто не адважыўся загубіцца ў натоўпе падарожных людзей. Думка аб вадзе не дапускала мрояў аб уцёках. Сама думка аб волі ў гэты момант магла здацца нязбытнай.

Калі дайшлі да невялікага каменнага мосьціка праз зьвілістую й балоцістую рачулку ўнізе, пачалі спускацца з насыпу да вады. У Кастусёвага суседа знайшлася конаўка. Ён напіўся сам і даў яе Кастусю. Кастусь зачарпнуў ёю вады й прыпаў да яе губамі. Вада аж булькала, льлючыся ў горла. Кастусь азірнуўся на іншых. Усе бяз вынятку яшчэ пілі. Бальшыня проста ляжала на беразе тварам да рэчышча й нагбом сёрбала з паверхні плыні. Канваер адвярнуўся тварам да кустоў і задумна ўглядаўся ў даль па той бок ракі, дзе разьцягнуліся, як вокам сягнуць, шырокія прасторы зялёных, роўных паплавоў. На даляглядзе чарнеліся паміж зяленіва саламяныя стрэхі сялянскіх сялібаў. Кастусь павярнуўся тварам да дарогі. Там паранейшаму рухаўся ўсё той-жа бясконцы людзкі натоўп. Людзі запаўнялі дарогу на ўсход на зьмену тым, якія мінулі гэтыя мясьціны раней. Рух ані ня зьменшыўся ўначы. Падобна было, што якраз тады ён набыў найбольшага размаху. Відаць, начны перапынак у бамбардаваньні быў скарыстаны мянчанамі для масавага выхаду зь небясьпечнага места. Кожны стараўся быць далей ад ізноў чаканай калатні, каб не апынуцца пад бомбамі ўдзень. Усё новыя й новыя грамады людзей тварылі суцэльны людзкі затор на дарогах. Кожны пакідаў за сабою жудасны абраз дымнага слупа, што стаяў над вогнішчам Менску. З гэтым дымам у агні зьнікалі ня толькі скарбы й набытак шматгадовай працы, але й падзеі пражытага. Як жывы напамін аб толькі-што ўчыненым непапраўным няшчасьці, гэты слуп дыму гнаў людзей у сьвет з родных хатаў на нязнаныя выпрабаваньні. Ён стаяў страшным відовішчам у зьбянтэжаных вачох кожнага выгнанца зь беларускае сталіцы.

Усё гэта раптоўна пранеслася ў галаве Кастуся й на момант прыцягнула й ягоную ўвагу да гэтага злашчаснага слупа дыму над родным местам. Але таксама ліхаманкава хутка думка адразу-ж падказала, што цяпер, як ніколі, ёсьць добрая нагода зьнікнуць з вачэй аховы ў натоўпе падарожных. Кастусь яшчэ раз зірнуў на канваера. Той паранейшаму стаяў адвярнуўшыся, нібы сьведама даваў нагоду зьняволеным шукаць ратунку. Усе яшчэ ўсё пілі, або стараліся перадыхнуць, каб ізноў прыпасьці да гэтае, гэтак жыцьцядайнае цяпер, вады.

І хоць Кастусь марудзіў з пастановай уцякаць ці не, нейкая невядомая, інстыктыўная сіла штурхнула яго хутка ўзьняцца на насып. Тут ён заўважыў на сабе сьвідруючы, зьдзіўлены пагляд аднае маладое жанчыны з падарожных. Каб неяк разважыць ейную спасьцярогу, Кастусь запыніўся й ціха запытаўся ў яе, куды вядзе гэтая дарога. Гэта было неасьцярожнае запытаньне, бо яно толькі больш спужала яе. Ейныя вочы бліснулі спалохана, і яна ад перапуду анямела й не ўстане была што-колечы сказаць. Кастусь ня стаў чакаць адказу. Пачуцьцё самааховы падказала яму хуценька загубіцца сярод падарожных. Ён зрабіў колькі крокаў падбегам і хутка выбраўся наперад сярод выгнанцаў. Далей ён ішоў ужо вольным чалавекам у тым-жа кірунку, куды ішлі іншыя. Дарма, што калацілася, ледзь ня выскакваючы з грудзей, сэрца, аднак твар ня выдаваў адзнакі гэтага ўзрушаньня.

Праз колькі часу пачуў стрэлы. Абярнуўшыся, ён пабачыў, як далёка ўжо ад яго канваер штосьці крычыць і час ад часу страляе ўверх з нагана ды размахвае ім над галовамі людзей. «Відаць, не далічваецца чалавека, - ураз прабегла думка ў Кастусёвай сьведамасьці. - Ліха тваёй галаве. Лічы, ня лічы, нічога цяпер табе не дапаможа. Стрэлам зьбеглага ня вернеш, пішы - прапала».

І ён яшчэ шпарчэй падаўся ўперад, што-раз апераджаючы сваіх падарожных суседзяў. Сьпярша Кастусь быў поўны пачуцьця няпэўнасьці адносна раптоўна здабытай волі. Неяк было нязвычна пачуваць сябе вольным, так адразу, раптоўна. Кастусь ішоў і ўсё неяк боязна аглядаўся па бакох. Яго сьведамасьць муляла тое, што ў кішэні ляжала копія дакуманту аб зробленым вобыску. Такая копія давалася звычайна зьняволеным, і яна цяпер была ў яго бадай-што адзіным сьведчаньнем нядаўняга арышту. Адылі, гэта быў адзіны й сваеасаблівы дакумант - пасьведчаньне асобы. Ніякага-ж пашпарту пры ім ня было - пашпарт недзе ляжаў там, на турэмным панадворку, у сьмецьці. Таму можа цяпер хоць гэты шматок паперы будзе доказам асобы. У такі благі час, калі кожнага бездакумантнага могуць палічыць за нямецкага шпіёна, магчыма лепш мець хоць гэтую фількаву грамату: усё-ж даводзіць, што носьбіт яе - ніякі ні чужынец, а свой небарака, савецкі чалавек.

«А раптам здарыцца які-небудзь кантроль, праверка дакумантаў, а ў мяне акрамя гэтае цыдулькі ніякіх іншых папераў, - спасьцеражліва кальнула думка Кастуся. - Адразу падумаюць, што ўцёк. Буду цьвердзіць, што адпусьцілі. Але хто дасьць веры ў гэтай завірусе? Пасьля трэба будзе яшчэ даводзіць, за што быў зьняволены. Ну, пэўна-ж, трасцу ім у бакі, ня прызнаўся-б, што палітычны. Казаў-бы, што за спазьненьне на працу на паўгадзіны па дэкрэту ЦК партыі й ураду. Але ці паверылі-б, віламі пісана. Не, лепш адразу пазбыцца гэтага клопату. Трэба зьнішчыць гэты дакумант, каб аб арышце ўсе канцы ў ваду схаваліся».

За гэтым роздумам Кастусь ня даў асаблівае ўвагі, як проста насустрач перад вачыма ўсё вышэй і вышэй над сінімі грэбнямі лясоў падымалася сонца, і вакол усё ажывала. Кастусь зьвярнуў у прыдарожны лясок, выцягнуў зь кішэні тую небясьпечную паперку, падраў на дробныя шматкі й раскідаў пад кусты. Пасьля з аблягчэньнем, нібы скінуўшы вялікі цяжар з плячэй, адыйшоўся ў малады сасоньнік і прысеў адпачываць на ўзгаркаватым, сухім курганчыку. Вакол сядзелі й ляжалі падарожныя. Кастусь незаўважна паддаўся пераможнай дрымоце. Усяму целу сталася гэтак лёгка, што Кастусю здалося, быццам ён узьняўся й паляцеў у нябесную высь. Там перад ім лунала ў вышыні празрыстая постаць ягонае маці. Яна выцягвала да яго рукі, ён памыкаўся дайсьці да іх, але яны ізноў адлучаліся ад яго. Маці вабіла яго за сабою й вачыма маўкліва клікала далей, туды, дзе нібыта быў ягоны бацька. Твар старога то паказваўся, то зьнікаў. На ім рысаваўся вялікі жаль і гэткі нясьцерпны боль, што Кастусю рабілася балюча журботна. Колькі разоў ён ні памыкаўся наблізіцца да постаці маці, яна кожны раз расплывалася ў прасторы, а бацькавы вочы з далячыні даносілі тужлівы дакор за адзіноту, на якую асуджаў іх злы лёс.

Калі Кастусь прачнуўся, ён заўважыў, што цень пад ялінкаю значна пакарацеў, а ягоныя ногі купаліся ў зыркім сонечным сьвятле. Ён хуценька прахапіўся, атросься й выйшаў на дарогу. Неўзабаве ён заўважыў высокі зруб, ля якога запыняліся падарожныя. Падаўшыся туды, ён зьнянацку натрапіў на знаёмую дзяўчыну, студэнтку-мэдычку. Кастусь не памятаў нават ейнага імя. Спачатку не прыгадваў, дзе ён зь ёю пазнаўся. Яна-ж вясёлымі вачыма глядзела на яго й яшчэ здалёк прывабна ўсьміхалася. Ён адказаў тым-жа, і яна першая зрабіла крок у ягоны бок, нібы жадаючы зь ім пагутарыць. У ягонай самоце гэта было неспадзяваным дарункам лёсу. Кастусь прыглядзеўся да рысаў ейнага твару й успомніў, што некалі танцаваў зь ёю на вечары ў доме Мэдычных Працаўнікоў у Менску. Ён тады не прыдаваў гэтаму асаблівае вагі. Але ёй ён чамусьці запамятаўся, і цяпер яна не хавала свае радасьці ад спатканьня.

- Кастусь? - ціха, але станоўка назвала яна ягонае імя.

- Дзякуй за памяць, - адказаў спакойна Кастусь. - А мне даруйце, не памятаю, як вас завуць.

- А я вам тады называла маё імя. Мабыць ня цікава было памятаць.

- Відаць, ня буду ведаць.

- Гэта вам кара за кароткую памяць.

- Сапраўды, ня вінаваты, памяць на імёны благая. Помню чалавека з твару праз усё жыцьцё, а вось прозьвішча ня ўспомню.

- А гэта таму, што забагата маеце іх на памяці, дзявочых асабліва.

- Няхай будзе й гэтак. Куды-ж вы кіруецеся?

- А туды, мусіць, куды й вы.

- Адна ў дарозе?

- Не, з бацькам і малым брацікам. Тата, Юрык, хадзеце сюды, - гукнула яна.

Бацька Апанас і малы брат звычайна пазнаёміліся з Кастусём. Доўга не марудзячы бацька ўзяўся за чамаданчыкі й прапанаваў ісьці.

- Гэля, запрашай маладога чалавека ісьці разам. Пойдзем у кірунку Сьмілавіч, на Чэрвень.

- Так, так, пойдзем разам, - і яна кранула Кастусёву руку, каб скіраваць яго ў іхны бок.

- Ну вось я й даведаўся пра ваша імя, Гэля. А некалі, здаецца вы называлі іншае імя... Няпраўда?

- Дык хіба першаму сустрэчнаму кажуць сапраўднае імя?

- А я-ж, вам, як бачыце, сказаў сваё...

Пакрочылі далей. Кастусь азірнуўся на захад. Пабачыў тое самае. Слуп дыму не разплываўся. Кастусь коратка выказаў Гэлі адчуваньне вялікага суму па родным месьце. Далей яны ішлі моўчкі. Сонца сьвяціла проста ў вочы, ад яго жмурыліся, але патроху й весялелі. Гэля дала Кастусю ладны кавалак хлеба з маслам. Пасьля кароткага адпачынку ў лесе, Кастусь пачуў сябе больш бадзёрым. Ісьці было лягчэй. Гаворкі з Гэляй пра ўнівэрсытэт, аб нядаўных спадзяваньнях дзяўчыны на заканчэньне асьветы, скрашвала падарожжа й адрывала Кастуся ад трывожных думак пра невядомасьць. Употай ён быў вельмі рады гэтаю сустрэчаю.

Раптам над бальшаком пачулася моцнае гудзеньне матору. Аднекуль зьнячэўку вынырнуў самалёт і пранёсься ўздоўж дарогі. Ён хутка зьнік на даляглядзе. Людзі прынялі яго за свайго. Але неўзабаве паказаліся вялікія летакі з даўгімі, як літара П, хвастамі. Яны ляцелі на ўсход. Праз колькі часінаў удалі загрымела выбухамі. Зямля пад нагамі падарожных лёгка хістанулася. Недзе недалёка былі скінутыя чарговыя грузы бомбаў. Незадоўга тая самая чарада самалётаў вярталася назад. На гэты раз яны ляцелі ня так высака й нарабілі вялікага перапалоху. Усе стрымгалоў пачалі разьбягацца з дарогі. Людзі беглі ў поле, пакідаючы на дарозе свае манаткі. Нечакана з чарады самалётаў адарваўся адзін лятак з выразнымі крыжамі на крылах і пачаў страчыць па дарозе кулямётнаю чаргою. Недалёка ад Кастуся павалілася жанчына. Кулямётная строчка ўздымала на дарозе роўны шнурок прыўзьнятага пылу. Кастусь з Гэляю, а за імі бацька з малым Юркам кінуліся подбегам у лясок, што вытыркаўся купкаю ялінак і стракатых сасонак на зялёным абапал полі. Малы калаціўся ад пярэпалоху. Гэля ўхапілася за Кастусёву руку, нібы шукаючы ў ёй паратунку. Яны прытуліліся да смалістага дрэва й гэтак прастоялі нейкі час. Ужо ня чутна было прарэзьлівых гукаў летака, а людзі ўсё яшчэ не вярталіся на дарогу. Калі Кастусь з сваімі знаёмымі выйшаў з прылесься, перад ім было нязвычнае відовішча. На дарозе далей валяліся чамаданы й клумкі. А людзі ўсё яшчэ туляліся полем. На дарозе-ж колькі асобаў стагнала й нема прасіла дапамогі. Прабітая куляю жанчына ўжо аддавала Богу душу. Густая кроў сачылася зь ейнае шыі й цурком зьбягала з грудзей зьнікаючы ў дарожным пыле. Незаплюшчаныя вочы страшнымі зрэнкамі бяздумна ўзіраліся ў даль, а над усім гэтым трызвоніла няспынная капэля птушак і ціха траскучых палявых конікаў.

Невясёлым ішоў Кастусь далей на ўсход. Ён бачыў, як ненажэрны молах вайны нідзе не пакідае бедных людзей. Нават тут, далёка ад якога-небудзь вайсковага аб'екту, ён нагнаў гэтых нявінных уцекачоў. Забітая жанчына ўсё яшчэ стаяла ў ваччу. Хто яна такая, чаму яна адна ішла ў невядомасьць? Магчыма яна вось таксама, як Кастусь, была выгнаная з роднага Менску якімі-небудзь асаблівымі абставінамі і ў дарозе толькі й думала пра сваіх, аб хуткай сустрэчы. Бязьлітасны-ж лёс раптоўна адабраў у яе жыцьцё, і цяпер ніхто з родных ніколі гэтак і не даведаецца, што зь ёю сталася. Пасьцягваюць вакольныя сяляне зь яе вопратку й закапаюць недзе ў невядомай агульнай магіле.

І што чакае кожнага выгнанца ў гэтай дарозе? Сёньня быў толькі першы налёт самалётаў, а хто ведае, колькі іх яшчэ будзе заўтра, пасьлязаўтра? Якім марным выдаваўся цяпер людзкі лёс у гэтым ходаньні вялікім народаў і кантынэнтаў. Эгаістычныя інтарэсы кіруюць правадырамі, а бедныя людзі мусяць цярпець. Было яно гэтак заўсёды й гэтак будзе далей. На гэтым уся гісторыя чалавецтва пабудаваная.

Гэля, заўважыўшы задуманасьць Кастуся, далікатна кранула яго сваёю рукою й чульліва сказала:

- Жывы аб жывым думае. Годзе смуткаваць. Выберамся зь бяды, іншае пабачым.

Кастусь зірнуў у ейныя поўныя ласкі й страху сьветлыя вочы. Прыўзьнятай да сонца галавою ён улавіў на сабе подых цяплыні. Словы дзяўчыны запалі ў душу, як мудрая парада. Ён павесялеў. Тады Гэля нячутна для іншых запытала:

- Я не хацела адразу пытацца, але мне карціць ведаць, чаму вы пастрыжаныя. Вы-ж мелі такую чупрыну, што за яе адну можна было ў вас закахацца.

- Цяпер жа лета, гарачыня, для ўмацаваньня валасоў згаліў іх, - адказаў унікліва Кастусь і хуценька зьвёў гутарку на іншую тэму. А сам у гэты момант падумаў, што гэта няйначай бацька ейны навёў яе на гэтую думку.

«Трэба лепш маўчаць, мала што можа быць. Яшчэ, барані Бог, як-небудзь неасьцярожна выкажа каму адно слова, а там, глядзі, і бяда мне ўчыніцца, - спасьцярожліва падумаў Кастусь і пастанавіў быць скупым на прызнаньні. - Тым больш мне зусім нязнаны яе бацька. Як кажуць, беражонага й Бог беражэ. Хто ведае, што ў яго галаве. У гэты час нат брату роднаму нельга поўнасьцю давяраць. А чужым людзям і тым больш. Яны-ж мяне амаль ня ведаюць. Таму трэба быць вельмі асьцярожным».

Каб неяк разьвеяць ніякаватасьць, Кастусь сьведама пачаў гутарыць з Ягоркам, а той цікавіўся ўсім і быў рады, што дзядзька стаў ўважлівым да яго...


Загрузка...