Яго павялі праз ускраінныя вуліцы, мабыць сумысьле, паводле інструкцыі, каб не спатыкацца з магчымымі праходжымі, якія часьцей маглі трапляцца на вялікай вуліцы. Спачатку йшлі ўздоўж, зь дзяцінных гадоў добра ведамай яму, Стара-Віленскай вуліцы. Гэта ёю можна было незаўважна выйсьці да старога Ніжняга рынку, адтуль, прайшоўшы каля колішніх гандлёвых шэрагаў, падняцца па Козьма-Дземянскай вуліцы на Пляц Волі, далей, прайшоўшы сквэрыкам, можна было апынуцца на былой Турэмнай, цяпер Інтэрнацыянальнай вуліцы, што проста ўпіралася ў колішнюю гарадзкую турму, цяпер цэнтральны ізалятар НКВД БССР. Якраз, праходзячы гэтай вуліцай, на поўдарозе да турмы ў яе ўпіралася невялічкая вуліца Ўрыцкага, што проста налева ўгору, праз адзін квартал, вяла да будынкаў Галоўнае Ўправы НКВД з адмысловай турмой, знанай Амэрыканкай. Гэтая апошняя ўжо даўно была ведамая Кастусю сваімі каменнымі мяхамі-камэрамі, ды вялізарнай колькасьцяй прыстасаваных для тутэйшых мэтаў скляпеньняў. Турма заўсёды была поўная пакутнікаў-арыштантаў, што ляжалі даўгія месяцы або гады, на сырых камянёх і чакалі вырашэньня свайго лёсу - шматгадовых прысудаў да прымусовае ссылкі за ўяўную контррэвалюцыйную дзейнасьць.
Моўчкі, без ніводнага запытаньня, ішоў Кастусь з клумкам пад пахай уздоўж Інтэрнацыянальнай вуліцы. Канваеры, нібы трохі засаромленыя сваім службовым учынкам, ішлі таксама моўчкі. Можа і ў іхных заспаных душах, дарма што прывыклі да ўсяго, апошняя сцэна разьвітаньня Кастуся з сваімі старымі бацькамі, зрабіла якісь гуманны зрух і змусіла задумацца. І хоць іхныя душы й былі закарузлыя ад тое чорнае няўдзячнае працы, да якое яны прызвычаіліся, як да нармальнае дзейнасьці, нешта-ж чалавечае магло абудзіцца і ў гэтых бяздумных выканаўцаў загадаў свайго начальства. Пэўна-ж, людзкая самасьведамасьць заганяная ў падпольле, можа выйсьці часамі зь яго й заявіць пра сваё існаваньне. Усё залежыць ад абставінаў. І тады чалавек становіцца тым, чым ён мусіць быць - чалавекам зь вялікае літары. У абставінах нагляду за чалавекам і страху пакараньня за праявы чалавечае спагады, спачуваньня ці толькі жаданьня дапамагчы ў бядзе або няшчасьці, ва ўмовах сталае пагрозы пазбавіцца становішча, усіх матэрыяльных перавагаў, а не, дык проста й жыцьця, чалавечая істотнасьць бывае праявіцца толькі адным сваім невялічкім бокам, пасьля спалохаецца за сваю рызыку й ізноў адыйдзе ў падпольле.
Яны йшлі брукам, пасяродку вуліцы, балазе ня было ў гэты час аніякага руху, і ім ня прыходзілася збочваць на ходнікі. Усе трое маўчалі, як-бы заварожаныя водгульлем іхных гулкіх крокаў.
Кастусь мінаў родныя, знаёмыя й дарагія з раньняга дзяцінства мясьціны. Яны будзілі прыемныя ўспаміны пра незваротныя гады, калі ён хлапчуком абегаў тут кажнае мейсца, і ці мала вытаптаў тут травіцы каля платоў. Мінулі колішнюю сэмінарыю, пазьнейшую Беларускую вайсковую школу, а цяпер проста вайсковы гатэль, дзе калісьці на вялікім даступным двары ён гайсаў з раньня да вечару зь ягонымі аднагодкамі, і дзе ачуў першыя інтарэсы да тэатральных пастановак, да кінапаказаў, шахматаў ды спартовых забаваў.
Мінулі татарскі мост праз Сьвіслач, пад якім калісьці прастойваў гадзіны ў вадзе, ловячы рыбу, або выпорваючы дубцамі чарных мянтузоў з-пад карчоў.
Гэта недалёка адгэтуль некалі ўзімку малым, калі яшчэ ня плаваў, зазнаў патрэбу вучыцца плаваць, калі адпіхваючы ад краёў крыгу, пасьлізнуўся ды ўваліўся ў досыць глыбокую плынь. Вада ў момант аднесла яго далей ад лёду, на якім маці паласкала бялізну. Пакуль тая заўважыла, ужо значная адлегласьць адлучала ейнага сынка ад яе. Спалоханая, яна пачала крычаць, каб плыў сюды, да берагу. І малыш інстынктам пачаў як мага мацней біць рукамі паверх вады, гроб пад сябе яе, і неяк рухамі ўтрымаўся на вадзе. Нават пачаў набліжацца да маці.
Селянін, што ехаў з рынку й павярнуў да ракі, каб напаіць каня, здалёку заўважыў боўтаньне ў вадзе й падбег на дапамогу. Косьцік ужо быў блізка ад берагу, і маці нагнулася над вадой падаць яму руку, адылі сама пасьлізнулася й ледзь-ледзь не ўвалілася ў ваду. Аднак затрымалася на самім ускраю лёду і ўсё-ж такі выцягнула мокрага й абцяжэлага хлопца.
Косьцік вобміргам пабег дамоў, зьдзеў мокрую адзежыну, і да матчынага звароту ўжо сядзеў пераапрануты й адагрэты на печы ды з спалохам пазіраў уніз, чакаючы новых матчыных настаўленьняў. Але ўсё абыйшлося ціха.
Тут-жа калісьці, яшчэ за пару гадоў да гэтага выпадку, будучы зусім малым, гадоў чатырох ці болей, усеўся ён у човен, пакінуты нейкім рыбаком пад мостам каля берагу. Човен неяк адплыў ад берагу й паплыў па волі плыні. Неўзабаве човен плыў пасярод ракі, а хлапчанё ў ім чуць не заходзілася ад страху ды крычала: Ратуйце! За якіх сотню мэтраў човен урэшце прыгнала бліжэй да берагу, і большыя хлапчукі, закасаўшы нагавіцы, падыйшлі да яго й падцягнулі човен да берагу...
І ці мала яшчэ ўспамінаў мог узбудзіць у Кастуся гэты мост і рака, каб ня чорныя думы пра лёс ягоных родных, што цяжкім насланьнем адганялі ўспаміны даўняга.
Прыемныя ўспаміны пра ясныя сонечныя дні дзяцінства мяшаліся з гораччу жыцьцёвай явы. Гэтая апошняя выціскала ўсе сны дзяцінства й панавала над душой Кастуся, як ноч, што разляглася скрозь і безаглядна.
Калі яны дайшлі да ўспамінанай вуліцы Ўрыцкага, адкуль льга было зьвярнуць да будынку НКВД, або далей проста да вязьніцы, малодшы канваер азваўся.
- Куды павядзём яго, у наркамат (ён меў на ўвазе НКВД) ці ізалятар? - спытаў ён скрозь зубы старэйшага.
- Вядзем проста ў ізалятар, - адказаў старэйшы, мусіць зусім прыпадкам, тут-жа, нахаду, рашаючы, куды адвесьці Кастуся.
Ніхто, ні яны, ні зьняволены, у гэты момант ня мог ведаць, што гэтае, прыпадковае, тут на вуліцы рашэньне канваераў было найзначнейшай у жыцьці Кастуся пастановай, якая нібы штось напісанае яшчэ на раду чалавека, вызначыла ўвесь далейшы ягоны лёс. Ад гэтага прыпадковага рашэньня залежыла існаваць ці не існаваць Кастусю, застацца жывым на гэтым белым сьвеце, ці за якіх усяго толькі некалькі дзён разлучыцца з жыцьцём на векі вечныя.
Выбіраючы гэтую пастанову, магчыма ў канваераў і былі нейкія меркаваньні, што для драбнейшае рыбы - мяльчэйшыя мясьціны перабываньня. Можа скляпеньні самога НКВД прызначаліся для больш значных палітычных нявольнікаў. Іншай-жа драбязе і ў турме месца знойдзецца, каб адразу хутчэй адтуль на высылку прызначыць. Але абярнулася гэтая пастанова, як ня трэба спрыяльна для Кастуся. Ён сам дойдзе да зразуменьня гэтага пазьней ужо ў разбураным Менску, пасьля памятных здарэньняў, што зьіначылі зусім ягонае жыцьцё.