6. ТРЫЗЬНЕНЬНІ ПЕРШАЕ НАЧЫ


Чалавек стаяў пасярэдзіне камэры. Быў ён невялікі ростам, у гарнітуры з шэрага шэвёту. Ягоныя хітраватыя вочы зьбянтэжана бегалі па Кастусёвай фігуры, як-бы зьдзіўляючыся і, разам з тым, радуючыся, што ён ужо не адзін тут, сярод гэтых цьмяна-шэрых каменных сьценаў, на два жалезных ложкі, прыкручаных да сьцяны.

Была ноч і абодвы ложкі былі паднятыя. Паміж імі быў зусім вузкі праход, як аднаму праціснуцца.

Чалавек стаяў у гэтым прамежку, маўчаў і толькі, як здалося Кастусю, хітравата бегаў вачыма. У першую хвіліну ён выдаўся за нейкага крыміналістага й не спадабаўся. Адылі, пазьней, разгаварыўшыся, ён пераканаўся, што той гэткая-ж ахвяра НКВД, як і ён сам.

І яго забралі ў першы дзень вайны ў Менску разам з многімі іншымі артыстамі Беластоцкага польскага тэатру, што прыехаў колькі дзён перад тым на гастролі ў Менск. Жыд з паходжаньня, паляк паводле свае культуры, трапіў пад пільнае вока НКВД, як носьбіт заходняе культуры. Як і бальшыня артыстых гэтага тэатру, у першы дзень вайны пачалі арыштоўвацца, быццам небясьпечны элемэнт.

Ён ня ведаў прычыны свайго арышту, як і кожны іншы ў гэтай палітычнай вязьніцы. Нічога ня мог прыгадаць, што магло-б зьявіцца парушэньнем савецкіх законаў і прычынай такога сумнага канца іхных гастроляў.

- Мы-ж ставілі толькі ўладай дазволеныя п'есы й нічога нідзе ад сябе не дадавалі. А чаму арыштавалі? - ніяк ня мог ён зразумець свайго становішча.

- Справа ня ў п'есах. Вы - людзі іншае псыхалёгіі, - паясьніў яму Кастусь.

Сам Кастусь спачатку ўсё неяк яшчэ пабойваўся яго, бо дапушчаў, што можа ён тут падасланы адмыслова, каб даведвацца пра настроі й думкі зьняволеных. Таму Кастусь ня ўступаў надта ўжо ў размовы зь ім.

Ён абраў сабе мейсца ў кутку, бліжэй да вакенца, што ўгары ледзь-ледзь сябе выяўляла, бо ў камэры было цьмяна-мутнае сьвятло ад невялічкае лямпы на столі, а на двары яшчэ не запанавала ранішняе сонца над змрокам перадсьвітаньня. Аднак Кастусь ведаў, што чым далей ад дзьвярэй, тым спакайней, бо пазьней могуць насяліць сюды шмат людзей. Ён разаслаў сваё ватняе паліто ўздоўж сьцяны й з задаваленьнем, больш ад сьведамасьці таго, як добра, што здагадаўся ўзяць яго з сабою, выцягнуўся на ўсю сваю даўжыню. Але ці-ж адразу адолее сон пасьля такіх узварушаньняў? Пачаў успамінаць ранейшыя камэры на гэтым паверху. Тады яны былі вялікія,

на колькі дзесяткаў людзей. Цяпер пераробленыя на малыя, калі лічыць два ложкі ў кожнай. Але ня думаю, каб такая раскоша трывала доўга й каб толькі дзве асобы былі тут. Гэта можа быць, - думаў Кастусь, - толькі на нейкі вельмі кароткі час. Ад бяссоньня ў голаў лезьлі розныя пякельныя ўспаміны. Малюнкі былога, побач з рэальным, пачалі набываць нават чагосьці перабольшана-страшнога. Скрозь трызьненьні пачаў прыгадвацца 1933 год... Тады Кастусь быў маладым, поўным даверу, бязвусым яшчэ юнаком. Уначы першы раз ўвялі яго ў камэру. Бразнулі дзьверы й яго, нібыта ён упіраўся, штурхнулі з усяе сілы ў камэру. Адразу-ж, толькі ступіўшы за парог, ён зачапіўся нагамі за нейкія цёплыя, мяккія рэчы. Па інэрцыі ён перагнуўся ўперад і ўторкнуўся абедзьвумя рукамі ў іншыя, гэткія-ж мяккія й цёплыя, рэчы. Зьбянтэжаны, прыўстаў, узьвёў вочы ўгару й апусьціў долу. Што за ліха? Ці то мне сон сьніцца? Што за фантастычнае відовішча? - ніяк ня мог ён дайсьці да зразуменьня, што гэта перад ім. Пад ледзь прыкметным, як у густым тумане, сьвятлом закуранае й пачарнелае ад выпарваньня лямпачкі пад самай столяй, унізе, на цэмэнтовай падлозе ляжала суцэльная маса скручаных паміж сабою целаў. Яны былі цесна прыціснутыя адно да аднаго й ад нязручнасьці ўвесь час безперастанку паварочваліся, краталіся й рухаліся. Гэтая людзкая маса займала ўсю падлогу камэры аж да самае «парашы» каля дзьвярэй. У сваім сталым руху яна выдалася тады яму за нейкі клубок вялізарных тлустых чарвякоў.

На кароткі момант яго ахапіў жах. Ці ня трапіў ён у камэру больш жахлівую чым сярэднявечна-інквізыцыйная? Можа ГПУ дадумалася да яшчэ больш страшных мэтадаў расправы й катаваньня, вынайшоўшы гэткую камэру, дзе раскормленыя чэрві-вяліканы даканаюць работу, на якую не здатныя нават самыя тэхнічна дасканалыя прылады? І ягонаму ўяўленьню паказаўся малюнак жахлівае сьмерці. Ад уяўленьня ён нават заплюшчыў вочы, быццам баяўся спаткаць свой жахлівы канец.

Рух цела каля ягоных ног выклікаў новы спалох, і ён як ад чумы ці гада хутчэй адставіў нагу назад і ўпёрся плячыма ў самыя дзьверы. Уцякаць далей ня было куды. Жах і спалох адабралі голас, крычаць ён ня мог, ды й ведаў, што дарэмна - ніхто не пачуе й не адгукнецца нават пачуўшы.

«Вось дзе мне канец прыйшоў», - мільгнула думка ў Кастуся й хутка пагасла.

Халодны пот выступіў на сьпіне й лобе. «Няўжо канец, от так бяз суду й сьледзтва, - падумаў ён. - Здавалася-б, нічога не зрабіў, ніякага злачынства ды папраўдзе кажучы, і жыць яшчэ не пачаў, усё толькі вучыўся, каб здабыць веды й розум прасьвятліць. Божа, Божа літасьцівы, за што мяне караеш? - быццам хацелі шаптаць Кастусёвы вусны. - За што-ж Ты наслаў на мяне гэткіх нечалавечых катаў, каб яны мяне, вінаватага толькі ў тым, што ў Беларусі нарадзіўся, гэтак неміласэрна тут зьелі». Ён расплюшчыў вочы й зноў пачаў углядацца ў гэты клубок жывых істотаў. Вочы яго ўжо больш асвоіліся з недастатковым сьвятлом і ўжо выразьней пачалі вылучаць і адрозьніваць рэчы.

Ён зірнуў сабе пад ногі. Каля іх ляжаў мужчына, сагнуты з падкорчанымі нагамі. Праз сон нешта час ад часу ледзь чутна мармытаў і цяжка соп. Кастусь пільней угледзіўся й распазнаў у ім чалавека гадоў пад сорак, няголенага з астрыжанай галавой.

«О, дык я тут не адзін, маю ўжо сяброў-пакутнікаў. Але як-жа гэта ён сьпіць тут, прыціснуўшыся да гэтага клубка?» - падумаў Кастусь. Перавёў вочы далей і ўбачыў зноў чалавека, далей зноў і зноў... «Дык гэта-ж людзі!» - узрадаваўся сам сабе Кастусь.

У гэты момант пасяродку адзін з гэтага клубка падняўся й нібыта лунатык, вобмацкам, наўздагад, не расплюшчваючы вочы, пайшоў паверсе клубка ў бок дзьвярэй і спыніўся каля парашы.

- Так, так, гэта ўсё людзі, - ледзь ня крыкнуў Кастусь. І ён быў гатовы кінуцца на шыю гэтаму чалавеку, абняць яго, цалаваць зь сьлязьмі на вачох. Гэткім дарагім ён выдаўся яму ў гэты момант. Ён - ягоны быццам збаўца ад таго кашмарнага насланьня, у палоне якога ён быў колькі хвілінаў перад гэтым. Такім самым чынам чалавек гэты вярнуўся на сваё мейсца. Чулася толькі, як гучней мармыталі ды рухаліся жывыя істоты, калі той ступаў паверх іх. Як цень, ён зьнік, улучыўшыся ў гэты рухавы клубок.

Па часе другі, трэці ўставалі, адрываліся ад гэтага спрута з людзкіх целаў, крочылі ў тым-жа кірунку да дзьвярэй, а затым вярталіся да гурбы пад гучнейшыя стагнаньні сонных людзей.

Ніхто не зьвярнуў ніякае ўвагі на новапрыбылага. Кожны ў сьляпую добра арыентаваўся йдучы да мейсца адправаў. Выглядала, што людзі былі тут ужо даўно, і гэтая дарога сталася для іх ужо добра абазнанай.

Ці доўга, ці коратка яшчэ падпіраў дзьверы Кастусь, ён ня ведаў, бо змора й сон канчаткова адолелі яго. Ня чуючы ног пад сабою, ён зваліўся на падлогу, на гэтае куртатае як для дарослага чалавека, мейсца, тут-жа каля самых дзьвярэй. Зарухалася жывая маса каля яго, адчуўшы новы націск, на гэты раз - ужо ягонага цела. Ён доўга яшчэ варочаўся з боку на бок, і на кожны ягоны рух яны адказвалі сваімі збольшанымі рухамі. Нарэшце ноч паглынула сьведамасьць, і ўсё зьнікла з памяці.

І цяпер, больш як праз восем гадоў пасьля тых падзеяў, сярод начы яны яшчэ мучылі Кастуся. Няраз сон ніяк ня мог адолець ягонага ўзрушэньня й нэрвовага неспакою. Малюнкі, як жывыя да сёньня стаяць у ваччу Кастуся, і цяпер, у ночнай самоце, ажылі з новай непераадольнай сілай.

Аднак нядоўга давялося яму карыстацца ночным адпачынкам. Праз якую гадзіну дзьверы зноў загрукацелі й у камэру ўкінулі нейкага старога, брухатага, лысага чалавека. Пазьней, у ранішнім сьвятле, выявілася, што гэта колішні, яшчэ да рэвалюцыі, бундавец, цяпер даўно ўжо толькі нейкі працаўнік аднае арцелі. Ён цяпер таксама выдаўся саветам небясьпечным.

Прадбачаньне Кастуся, што нядоўга ім прыдзецца карыстаць камэрную норму плошчы на чалавека, апраўдалася значна хутчэй, чым можна было спадзявацца. Пад раніцу тут было ўжо людна, а ўдзень, у панядзелак 23-га чэрвеня, на другі дзень вайны, новыя нявольнікі запоўнілі камэру да самых дзьвярэй.

Людзі расказвалі пра сябе. Тут былі былыя ўдзельнікі розных партыяў, якія даўно ўжо ня існавалі й людзі пра іх забыліся. Але пра гэта памятала пільнае НКВД. Былі тут простыя абывацелі, якія зь нейкіх прычынаў трапілі ў лік небясьпечных. Некаторых узялі проста з вуліцы або ўстановаў, якія яшчэ ў гэты першы панядзелак працавалі на загад не перапыняць ніякае працы.

Агранома з Народнага Камісарыяту Земляробства ўзялі ў белым летнім палатняным гарнітуры й сандалетах, палетняму без капялюша. Гэткім і ўкінулі ў камэру. Паадлежваў бедалака бакі на цэмэнце падлогі.

Былі тут і жыды - былыя бундаўцы ці ўяўныя трацкісты. Рэдка хто зь іх нават уяўляў, што гэта за трацкісты й чаго яны хочуць.

Кастусь ведаў пра факты антысэміцкіх выступаў у Нямеччыне, аб жыдоўскіх пагромах яшчэ з прэсы 1933-1938 гадоў. Апошнія гады пасьля савецка-нямецкага пагадненьня, гэткія весткі зьніклі з бачынаў газэт, але вусныя ведамкі часта й цяпер пранікалі адтуль і даходзілі да народу. Сам па сабе факт наяўнасьці гэтых людзей у палітычнай турме яшчэ лішні раз даводзіў Кастусю, што сыстэма тэрору кіруецца зусім ня лёгікай, мэтазгоднасьцю й разважлівасьцю. Зусім наадварот, у практыцы - сьляпое выкананьне загаду зьверху й падганяньне жывое лёгікі фактаў пад дырэктыву з гары. Далі загад ізаляваць небясьпечных, а гэткіх ужо знойдзецца даволі паводле фармальных адзнакаў, выпадковых колішніх нагавораў, фальшывых даносаў подлае асокі за кожным. Вынікі - напоўненая да адказу турма людзьмі зусім ляяльнымі, мірнымі, часта зусім старымі й бездапаможнымі, што да палітыкі ці ходу вайны мелі ня большае дачыненьне, чым да руху зямлі вакол сонца.

На гэты выпадак некаторыя апартуністыя адносна сыстэмы тэрору мелі гэткую формулу апраўданьня: «Лес сякуць, трэскі ляцяць». Кастусю ўся гэтая сыстэма безчалавечча выдавалася поўнай адсутнасьцяй правоў чалавека ў СССР і поўнай адсутнасьцяй пачуцьця павагі да асобы чалавека з боку ўладароў і ім падуладных установаў. Ён заўсёды ў глыбі душы з павагай думаў пра правы чалавека жыць, як ён жадае, так як гэта наглядаецца ў краінах заходняе Эўропы.

Але-ж ці скажаш каму-небудзь пра гэта? Хіба толькі сам сабе. Самотным быў Кастусь амаль увесь час ягонага савецкага жыцьця. У гэтым непраўдзівым і хцівым сьвеце хіба льга было быць іншым, каб застацца чалавекам і асобай? Калі зьнішчаюць у жыцьці ўсе сьвятыні ды перасьледуюць высокароднасьць у людзкім сужыцьці, кожны мусіць шукаць іх асобна, сам на-сам. Кастусь вынайшаў іх у сваёй душы, яны пасьціліся й дасьпявалі ў ягонай самоце, задуменасьці, у шчырых думках і сэрцы. Таму ён, хоць і не выяўляўся, заўсёды выдаваўся зайздроснаму сьвету іншым, адменным, чужым і падазронным. Вось-жа й не абмінуў ён перагасаў лёсу, а цяпер ляжыць на гэтым цэмэнце, невядомы сьвету вязень, зможаны гаркавымі развагамі пра сваё й сьвету заўтра. Мозг сьвідравала нібы вострым шылам адна неадступная турбота -

...Што-ж дзень наступны мне рыхтуе?..


Загрузка...