18. БЫВАЙ, РОДНЫ МЕНСК!


Ужо назаўтра Кастусь зразумеў, што трэба складаць манаткі й хутчэй выязджаць з Менску. На ўсходніх ускраінах гораду ўначы былі ўжо чуваць выбухі - водгульле далёкіх баёў. Кастусь пайшоў разьвітацца з сваёй добрай знаёмай, што была закаханая ў яго. Галя жыла недалёка ад вакзалу. Па дарозе Кастусь бачыў, як ўсё больш параненых жаўнераў грузілі ў цягнікі. Некаторыя пешкі прыцягнуліся з фронту, параненыя ў руку ці ў голаў, але здольныя яшчэ ісьці. Яны часта спыняліся спытаць, дзе вакзал.

Кастусь пабачыў Галю каля яе хаты. Дзяўчына бегла памыць рукі: запляміла іх, памагаючы на вуліцы аднаму параненаму.

- Галя! - гукнуў яе Кастусь.

- О, Косьця, добрае раніцы! - зьбянтэжылася ад нечаканасьці дзяўчына.

- Я прыйшоў разьвітац�а: Вось еду ў сьвет, нямаведама куды.

- Я так і ведала... Цяпер усе едуць кудысьці. Сьвет вялікі, а падацца няма куды. Табе-ж, пэўна, нельга тут заставацца. А я застаюся пры бацькох. Нікуды не паеду з роднае зямлі.

- Табе можна, ты ні ў якой установе гэтыя тры гады не працавала, - згадзіўся Кастусь. - Няма да чаго прычапіцца. А мне прыходзіцца падацца на Захад. Каб ты ведала, як ня хочацца пакідаць родны кут. Кажны раз, як прыязджаў з Рыгі, ведаў, што хутка ізноў прыеду. А цяпер пакідаю Менск без аніякае надзеі калі-небудзь убачыць ізноў родны край. Магчыма й цябе цяпер бачу апошні раз.

Яны зайшлі на панадворак. Драўляны дамок тануў у рознаколерных кветках, пасаджаных клапатлівай рукою на чорных грудах. Кастусь бачыў, што й тут вельмі любяць родны тут, выпешчаны гадамі жыцьця і працы.

Седзячы на лавачцы каля хаты, Кастусь і Галя чулі зыкі лётаючых з кветкі на кветку пчолаў. Каля іх ног уляглася і замурлыкала рудая кошка. Ён не асуджаў Галіну за намер застацца ў Менску. Кастусь ведаў, што ёй няма куды падавацца і ня было асаблівай патрэбы бегчы. Тут бацька з маткай, у горадзе жывуць і іншыя родзічы. А яго з ёй дачыненьні яшчэ не сталіся такімі, каб яны не маглі-б разлучыцца. Было, што будучы ў Менску, Кастусь па колькі дзён ня бачыў яе. Праўда, ішоў ён сюды не без намеру прапанаваць Галі ехаць разам. Але цяпер, пабачыўшы яе каля дому й пановаму адчуўшы яе прывязку да роднае хаты, ён не адважыўся сказаць аб сваім намеры. Але не здагадаўся Кастусь, што Галя адно гэтага чакала ад яго. Яна сказала сумысьле, што не пакіне хаты, каб хутчэй даведацца аб ягоных плянах ды намерах адносна яе. Галя ўсё чакала, што Кастусь загаворыць пра галоўнае. Магчыма, яна й наважылася-б падзяліць зь ім наканаваныя яму незьведаныя дарогі й прыгоды лёсу. Аднак Кастусь ужо думаў пра іншае. Ён сур'ёзна ўспрыняў яе заяву на пачатку размовы аб намеры не пакідаць роднае хаты. З аднаго боку, яе рашучасьць вызваляла яго ад абавязку абавязкова забраць яе з сабою ў тую далёкую Нямеччыну, дзе нямаведама, як яно будзе. Усё-ж чужына ёсьць чужына. Чужыя людзі і чужы хлеб, які часьцей бывае горкім і нясмачным. Аднаму яму з маці, можа, як-небудзь і ўдасца перамыкаць гора. А з сям'ёю гэта значна будзе цяжэй. Хоць, з другога боку, удваім і сухая скарынка можа здацца смачнейшай. Абы быць побач з роднай душой, тады й бяда ня страшная. Чаму-ж Галіна ані слова не сказала ў патрэбным кірунку? Можа ўсё было-б цяпер іначай.

Але Галя не дачакаўшыся прапановы, пачала ўжо злавацца на Косьцю. Пэўна, думала яна, ён наважыўся ехаць адзін і цяпер адно зубы загаворвае. Прыйшоў яшчэ раз глянуць на яе, перад тым, як кінуць. І раптам ўсё ейнае нутро закіпела ад раптоўнай злосьці.

- Вось што, Косьця, я табе скажу, - не ўтрымалася яна. - Нямеччыну, дык з лёгкім ветрам! А я буду каля бацькоўскай хаты пільнаваць ганак, каб людзі вуглоў не разьнесьлі. Нашыя дарогі разыходзяцца. Такі, відаць, наш лёс. Бывай здаровы! Зычу табе там шчасьця й уцехаў з цнатлівай баваркай.

І яна ўхапіла ягоную руку ды паціснула яе. І бадай-што ў тую-ж самую хвіліну ўжо шкадавала, што сказала тыя зьнянацку выпаленыя словы. Але было ўжо позна. Кастусь чамусьці падумаў, што Галіна хоча хутчэй вызваліцца ад ягонай прысутнасьці. Ён узьняўся й холадна сказаў:

- Жадаю табе шчасьця! Дзякуй за часіны добразычлівасьці! Я буду заўсёды памятаць вечары, калі мы сустракаліся. Дзякуй яшчэ раз!

І ён абняў яе й пацалаваў у шчаку. Тады паціснуў руку й пайшоў.

Галя доўга не магла апамятацца. Гэта-ж ніколі ня было, каб ён цалаваў яе адно ў шчаку. «Разлюбіў, вось таму так лёгка і пакідае, да той сваёй у Рыгу паедзе, каб забраць яе ў Нямеччыну», - думала яна. Яшчэ доўга сядзела Галіна на той лаве. Напачатку ёй жадалася пабегчы за ім і перапрасіць за ўсё гэтак неабдумана сказанае. Але дзявочы гонар не дазваляў зрабіць гэта. Пакрысе яна ачуняла й выбегла на вулку. Доўга глядзела ў той бок, куды пайшоў Кастусь. Але таго і сьлед прастыў.

Калі Кастусь вяртаўся дахаты, ён убачыў сумятню, якая апанавала многіх жыхароў гораду. Людзі на каламажках везьлі свае манаткі на вакзал. Дзе-нідзе хатнім барахлом грузіліся падводы. Дома Кастусь адразу загадаў маці зьбірацца. Што маглі, давезьлі да зборнага пункту каля будынку Рады. Наступнага дня былі ўжо на таварнай станцыі й неяк з боем дасталіся ў вагон. Народу з клумкамі налезла туды, як у бочку селядцоў. Пасьля доўгага манэўраваньня цягнік нарэшце рушыў на захад.

Хутка праносіліся прад вачыма прывакзальныя хаціны, склады, каменныя вышкі. Прамільгнуў наводдалі сілуэт Дому ўраду, заблішчэлі сонечным водбліскам вежы касьцёлу на Пляцы волі, ружовым полымем шугануў у неба Новы касьцёл. Затым пачалі бегчы ў адваротным кірунку маленькія домікі й гародчыкі менскіх ваколіцаў, дываны прыдарожных кветак...

«Бывай, родны Менск, бывай, магчыма, назаўсёды, - думаў Кастусь. - Ня прыдзецца мне больш ісьці ізноў тваімі вуліцамі й удыхаць пах веснавога цьвету каля Старажоўкі. Ніколі ўжо не пабачу цябе, Татарскі мост, пад якім хлопчыкам я лавіў келбаў у празрыстай тады й лагоднай Сьвіслачы. Ня прыдзецца мне ўжо разразаць на сажонкі твае павольныя воды, або верхам на кані пераплываць твае глыбейшыя яміны, як гэта было ў дзяцінстве, калі купаў салдацкіх коней з бліжэйшае казармы. Бывай, Менск школьных і студэнцкіх гадоў! Ніколі ўжо ня вернуцца хвіліны, калі ранкам, з ранцам у руцэ, ішоў на заняткі ў Альма Матэр маладой тагочаснай інтэлігэнцыі - Беларускі Пэдагагічны Тэхнікум імя Ўсевалода Ігнатоўскага. А пазьней, бадай-што тымі-ж дарогамі - у Беларускі ўнівэрсытэт. Мінуліся тыя гады, як і іншыя. А цяпер канчальнае і незваротнае «Бывай» пасылаю табе, каханы горад!».


Загрузка...