Толькі тады, калі цягнік быў ужо далёка ад Менску, у Кастуся зьявілася ціхае пачуцьцё радасьці. Гэта-ж трэба, вырваўся з пасткі крыважэрнай акулы, якая магла яго праглынуць толькі за тое, што захацеў быць чалавекам са сваёй воляй і галавой. Ды яшчэ таму, што ўсьвядоміў, да якога народу ён належыць.
А ў вагонах на клумках сядзелі людзі. Удзень ехалі з расчыненымі дзьвярыма, нанач іх зачынялі. З раніцы моладзь імкнулася пасесьці бліжэй да дзьвярэй, каб апусьціць ногі навонкі вагона. У адчыненыя дзьверы было прыемна глядзець, як міма праносіліся вёскі, дубровы, палі й лясы. Запамяталася Маладэчна, а затым Ліда. Тут на станцыі да цягніка падыйшлі маладыя людзі й прапанавалі ўсім далучыцца да польскіх партызанаў. Але ніхто не згадзіўся.
Неўзабаве цягнік зь менскімі бежанцамі быў далучаны да вагонаў нейкае ўласаўскае прапагандовае часткі. Уперадзе апынуўся вельмі даўгі састаў вагонаў з людзьмі, што ехалі з фронту на адпачынак пасьля прыфрантовай прапагандовай працы. Тут былі музыкі з духавымі інстумэнтамі, артысты й санітары.
Добра было сядзець на падлозе вагону, аддаючыся цалкам ласкаваму павеву стрэчнага ветру й цёпламу летняму сонцу. Кастусь сядзеў налева ад вагонных дзьвярэй і падцягваў пакрысе беларускую ваяцкую песьню, што сьпявалі тут маладыя хлопцы.
Недалёка ад станцыі Масты на Горадзеншчыне вагон зьнянацку моцна страсянуўся. Кастусь адразу ўсхапіўся са свайго месца й стаў на ногі далей ад дзьвярэй. Вагон моцна страсянула другі раз, і ён пачаў нібыта ісьці ўлукаткі, паступова запыняючыся. Нарэшце ён спыніўся, пахіліўшыся ў бок ды ўнурыўшыся перадам у дол. Кастуся кінула на клумкі, але ён адразу-ж прыўстаў, як нібыта нічога ня здарылася. Кастусёва маці сядзела каля клумкаў, і ёй таксама нічога не сталася. Затое маладому хлапцу, што сядзеў апусьціўшы ногі навонкі, рухам дзьвярэй прыбіла ногі, і ён ня здолеў устаць. Прышлося людзям падымаць яго ды зваць дапамогу.
Усе высыпалі з вагонаў. Людзі цікавіліся, што здарылася з цягніком. У менскіх вагонах, якія былі ззаду саставу, сур'ёзнага нічога не здарылася. Адно дзе каторыя пабілі сабе насы ці галовы ад раптоўнага ўздрыгу й запыненьня. А ўсю сілу ўдару ўзялі на сябе пярэднія вагоны. Кастусь убачыў скінутыя з рэйкаў паламаныя вагоны з заглыбленымі ў зямлю калёсамі. Паміж тармазамі двух вагонаў быў заціснуты чалавек у ваеннай гімнасьцёрцы. Яго вочы нема і безнадзейна глядзелі ў сьвет. Каля наступнага вагону Кастусь убачыў на зямлі чалавека бяз абедзьвох ног, які, яшчэ поўны сьведамасьці, тут-жа паміраў, і ніхто ня мог ужо ўратаваць яго. Кастусь павярнуў назад, да свайго вагону, сеў у кутку на клумкі і ўзяўся рукамі за голаў. Маці, радая, што сын цэлы, моўчкі гладзіла яго па галаве.
Праз гадзіну прыехала з Мастоў каманда з колькіх дзесяткаў чалавек і пачала падбіраць нябожчыкаў і параненых. Усе паламаныя вагоны адчапілі й далі другі паравоз.
Да начы цягнік пераехаў дзяржаўную мяжу і апынуўся ў Прусіі. Раніцай менскіх бежанцаў віталі вежы й старажытныя гатычныя званіцы касьцёлаў места Кенігсберга. Яно жыло далёкім ад фронту жыцьцём. На вуліцах франьцілі добра апранутыя маладыя жанчыны й пажылыя мужчыны. Бесклапотныя, яны верылі, што да іх вайна ня дойдзе. Кастусь падумаў, што калісьці гэтак і расейскі мужычок з-пад Пензы суцяшаў сябе, што рэвалюцыя да яго ня дойдзе. А тут у кажнага немца-прусака была ўпэўненасьць, што Райх сюды чужакоў ня пусьціць. Усе глядзелі на ўцякачоў як на дзіва, якое нейкім чынам дакацілася да іх мірнай зямлі.
Праз пэўны час усіх уцекачоў скіравалі ў лягер пад Бэрлінам. Там пачалося цяжкое лягернае жыцьцё па галоднай норме, з абавязковай працоўнай павіннасьцю для ўсіх працаздольных, з бязконцым чаканьнем канца вайны, з нэрвовым напружаньнем у часе паветраных налётаў амэрыканскіх бамбавікоў, з пажарамі навокал, калі гарэлі цэлыя кварталы гораду... А побач жылі людзі, прывезеныя на працу ў Нямеччыну з Усходу, - остаўцы. Ім было яшчэ горш, чымся ўцякачам. Куды-б яны ні ішлі, яны мусілі насіць на грудзёх начэплены знак «ост». І немцы адразу бачылі, скуль той чалавек, і цураліся яго.
Усе чакалі канца вайны, які ўжо быў не за гарамі. Пасьля кажнага налёту амэрыканскіх летакоў рабілася зразумелым, што перамога саюзьнікаў нямінучая. Нешта трэба было рабіць, каб хутчэй выпутацца зь цянётаў ваеннае завірухі. І Кастусь адважыўся ехаць у Прагу-Чэскую, пакуль што бяз маці, як-бы на разьведку.