12. У ЗЬНІШЧАНАЙ СТАЛІЦЫ


Калі раніцай наступнага дня Кастусь пайшоў у места шукаць кватэру, ягоную ўвагу прыцягнулі расклееныя на сьценах ды слупох адозвы. Гэта гарадзкі камісар паведамляў, што ўсе жыды бяз вынятку павінны да пэўнага дня перасяліцца ў вызначанае для іх месца. Апісвалася дакладнае вызначэньне таго раёну й папяраджалася, што калі хто ў вызначаны час не пераселіцца, будзе расстраляны.

- Вось яно, пачынаецца фашыстоўскі парадак, - падумаў Кастусь. Праўда, ён і раней чуў, што ў акупаванай Польшчы існуюць «гэто», куды перасяляюць польскіх жыдоў, а заадно звозяць іх туды й зь Нямеччыны ды іншых акупаваных земляў. Але канкрэтная праява антысэміцкае палітыкі на беларускай зямлі скаланула яго. Ягоную душу нібыта пакарабаціла. Век свой ён пражыў побач з рознымі людзьмі, былі ў яго сябрамі й жыды, але ён ніколі ня меў на іх ніякага жалю. А цяпер іх вылучаюць, каб пасьля магчыма й горшае зь імі зрабіць. Ён ня мог зьмірыцца з такой крыўдай. Кастусь прыгадаў Зьмітрака Бядулю й усё тое добрае, што ён зрабіў для беларускае літаратуры.

У будынку гарадзкой Управы яму сказалі, што можа займаць абы-якую пакінутую камісарамі кватэру ў месьце. На Камсамольскай вуліцы Кастусь у глыбіні двара ўбачыў духпавярховы дом. Дом здаўся пакінутым. Падыйшоўшы да яго, убачыў, што ўнізе жывуць людзі. Гэта была сям'я дворніка. Той сказаў, што сям'я камісара выехала й кватэра пустуе, штопраўда людзі пасьпелі ўжо яе абабраць. Засталіся толькі ложкі. Кастусь неадкладна заняў гэтую кватэру, зарэгістраваў яе ў Управе ды падаўся па бацькоў. У канцы таго-ж дня Кастусь са сваімі старымі як-бы спраўляў уводзіны. Усе неяк утульна разьмясьціліся. Маці з бацькам узялі сабе пакоік з грубкаю, каб было цяплей, калі настануць маразы. А Кастусь пасяліўся ў вялікім праходным пакоі, дзе адразу старанна пачаў меркаваць, дзе знайсьці месца на кніжныя паліцы... Разгледзіўшыся, пайшоў на места паглядзець, што творыцца. А рабілася там нябылое: усе цягнулі сабе дамоў усё, што трапляла пад рукі. У Менску адбываўся самы вялікі ў гісторыі рабунак. Дзеці й жанчыны бралі пераважна ежу з разбураных складаў. Старэйшыя - мужчыны несьлі на плячох поўныя мяхі вопраткі, скруткі паркалю ды іншае дабро. Спрытнейшыя ваколічныя сяляне прыяжджалі падводамі й вязьлі ў вёскі розныя гандлёвыя тавары. Вазы аж ламаліся ад дабра. У дзе-якія павозкі былі запрэжаныя па двое-трое коней. Гэтак людзі, дабраўшыся да дармовае здабычы, давалі волю сваім прымітыўным ухілам. Да самага цямна бралі й цягнулі ўсё... Кастусь глядзеў на гэта й думаў горкую думу пра свой народ... Нейкі чалавек вынес з дому вялікую скрыню й тут-жа на вуліцы разьбіў яе. Разчараваўся, калі пабачыў, што ў ёй былі кнігі. Плюнуў і пакінуў іх ляжаць на вуліцы. Ніхто да тых кніжак не падыходзіў. Кастусь пастанавіў падабраць некаторыя кнігі, каб дарэмна ня гінулі. Наклаўшы нейкім пакінуты мех, пацягнуў іх праз вуліцы ў свой новы дом. Кнігі аказаліся з галіны зусім блізкай да Кастусёвых інтарэсаў, - зь гісторыі сусьветнага мастацтва. Кастусь вельмі ўсьцешыўся выпадковай знаходкай...

Гэтак пачалося ўстаткаванье жыльля на новым месцы. Кожны дзень Кастусь здабываў колькі нікому не патрэбных кніжак. Неўзабаве ўся правая сьцяна з вокнамі на панадворак была занята паліцамі з кнігамі. Яны ляжалі й на стале, і на крэсьле, і на шафе. А калі разьбіралі пакінутую на волю лёсу бібліятэку работнікаў мэдыцыны, Кастусь наняў нават падводчыка прывезьці цэлы грус кніжак, каб ня даць ім загінуць. Ізноў цешыўся сваёй бібліятэкай Кастусь і пачуваў сябе ачунялым пасьля апошніх перажываньняў.

На працу Кастусь уладкаваўся ў беларускую газэту, якая пачала выдавацца ў Менску. Ён пісаў у газэту нарысы пра культурнае жыцьцё: тэатральныя паказы Менскага тэатру ды мастацкія выстаўкі, якія пачалі паступова ладзіцца ў беларускай сталіцы. Напісаў колькі нарысаў зь гісторыі Вялікага Княства Літоўскага й ягоных дзяржаўных мужоў, як Л.Сапега, які быў выдатным сынам нашага народу. Найбольш цікавілі Кастуся старонкі беларускага народнага мастацва, як Слуцкія паясы ці народныя ўзоры арнамэнту. Багата пісаў Кастусь і пра гісторыю беларускага тэатру, разьвіцьці беларускай драмы. Праўда, немцы хутка забаранілі пісаць пра Янку Купалу, бо ён быў па тым баку фронту. Тое-ж здарылася й зь Якубам Коласам. К.Каліноўскі трапіў у няласку дзеля таго, што быў правадыром паўстаньня... Падрыхтаваная ўжо да апошняй рэпэтыцыі п'еса Міровіча «Кастусь Каліноўскі» была забароненая нямецкай цэнзурай. Усе высілкі й выдаткі на гэтую пастаноўку пайшлі марна. Таксама не дазвалялася выдаваць беларускія кніжкі. Прапанавалі з гэтым пачакаць. З вышэйшым школьніцтвам былі таксама свае праблемы. Нельга было слухаць радыё, - гэта засьцярога быццам ад бальшавіцкае прапаганды. Уначы не дазвалялася выходзіць на вуліцу без адмысловых пропускаў. Не заўсёды дапамагаў і пропуск...

Аднойчы Кастусь разьвітаўся зь дзяўчынай пасьля камэнданцкай гадзіны. Нямецкі патруль стрэліў каля самага вуха Кастуся, дарма, што ён пераконваў яго, што мае пропуск на права хадзіць пазьней. Нахабству немцаў ня было межаў ні ў установах, ні на людзях...

На чале аддзелаў у гарадзкой Управе працавалі беларусы. Але немцы мелі верх. Неяк вышэйшы нямецкі начальнік выклікаў дырэктара адзьдзелу мастацтваў і тэатру спадара Ільінскага. Нечым не спадабаўся ён немцу. Можа быў занадта самастойным. Разюшаны немец перадаў яго ў нямецкую паліцыю бясьпекі й адтуль ён ужо, відаць, ня выйшаў. Больш пра Ільінскага ня было чуваць, кануў у вечнасьць. Цікава, што ніхто не адважыўся й пікнуць у абарону забранага. Забралі, скажам, ксяндза Гадлеўскага... Ізноў маўчаньне. Усё гэта вымоўна нагадвала забіраньне ў лёхі НКВД перад вайною. Абсалютнае маўчаньне... Так можа быць толькі тады, калі народ пазбаўлены хоць-якога голасу ці права на сваю абарону.

Кастусь усё больш і больш праймаўся нянавісьцю да фашысцкага ладу, але маўчаў, бо ведаў, што пугай абуха не пераб'еш. А жыць неяк трэба. Даволі нацярпеўся за савецкім ладам. Ад кулі ўдалося ўцячы толькі выпадкам, дзякуючы таму, што пачалася вайна. «Жыві й аглядайся, бо гэтую навуку трэба памятаць, - разважаў Кастусь. - Часы бунту даўно мінуліся, навучыўся цярпець... Дык цярпі й спадзявайся на лепшае». І Кастусь цярпеў ды аглядаўся...

Тым часам у месьце пачыналася падпольная праца. Да яе тайна далучыўся й працаўнік рэдакцыі - Матусэвіч. Перад тым, як зьнікнуць, выказаўся Кастусю, што трэба йсьці ў лес. Кастусь адказаў, што няма ў тым ніякага выйгрышу. А сам падумаў: «Толькі што вырваўся зь пятлі, якая пагражала сьмерцю, чаму маю йсьці назад на спатканьне з тою-ж пятлёю... Гэта было-б падобным на дабраахвотнае зашморгваньне тае пятлі на сваёй шыі. Не, браце, дзякую за такую ідэю... Лепш пачакаю, можа палепшыцца, чымся йсьці да тых нелюдзяў...»

Чалавек заўсёды жыве надзеямі на лепшае. Жыў імі й Кастусь. У Менску хутка разгарнула сваю дзейнасьць адзіная дазволеная арганізацыя дабрадзейнасьці. На чале яе стаў лекар з Прагі-Чэскай Іван Ермачэнка. Зусім не абазнаны зь гісторыяй Беларусі й яе культурай, Ермачэнка рабіў уражаньне выпадковае асобы ў беларускім руху. Заміж выкарыстоўваньня магчымасьцяў працы для адраджэньня Беларусі, ён больш дбаў аб асабістым дабры й дабрабыце тых людзей, якіх настаўляў зь ліку сваіх родзічаў на розныя пасады. Задуманая ўстанова памагаць народу ў цяжкія гады ваеннага ліхалецьця, яна давала мала карысьці. На мясцох гэтая арганізацыя ператварылася ў дапаможную ўстанову, ня толькі для беларускага народу, але й для немцаў. Мянчане вельмі хутка расчараваліся ў гэтай установе й мала зьвярталі на яе ўвагі. А культурнікам няраз даводзілася спрачацца з гэтай установай па пытаньнях дапамогі працаўніком. Кастусь ніколі туды не хадзіў. Пазьбягаў яе і ў сваёй журналістычнай дзейнасьці.

Былі, праўда, людзі вельмі патрыятычнага складу з тых, каго прысылалі на працу ў Беларусь. Ужо зь першых дзён вылучаўся доктар Чарняўскі, які прыехаў на бацькаўшчыну з дэвізам «Жыве Беларусь!» і ўсюды, дзе мог, яго прапагандаваў. У мянчукоў, што ня звыклі да такога віншаваньня, ён часам выклікаў зьдзіўленьне. Аднак сваімі паводзінамі й верай у адраджэньне Беларусі будзіў давер і пашану. Людзі пачыналі задумвацца аб лёсе сваёй бацькаўшчыны... А доктар Чарняўскі спалучаў сваю мэдычную дапамогу зь дзейнасьцю на карысьць адраджэньня Беларусі.

Менскую беларускую газэту рэдагаваў У.Казлоўскі. Быў гэта даволі здольны чалавек, пісаў нават не благія вершы ў Заходняй Беларусі. У Менску ён пісаў рэдакцыйныя артыкулы ў газэту. Відаць, дзеля гэтага ён стаў на прымеце падпольшчыкаў. Загінуў Казлоўскі ад рукі супрацоўніка беларускае газэты Матусэвіча... Казлоўскі пакінуў па сабе добрую памяць у рэдакцыі тым, што насіў матэрыялы газэты ў Генэральны Камісарыят на цэнзуру да ўпаўнаважанага для гэтых спраў немца - Сівіцы. Маючы да сябе давер, ён рэфэраваў пра зьмест чарговага нумару й лёгка здабываў дазвол на друк. Гэтым палягчалася праца рэдакцыі й фактычнаму рэдактару ня трэба было марнаваць час на атрыманьне цэнзурнага дазволу. Ён канцэнтраваў сваю ўвагу на мове, стылістыцы ды падборы адпаведных матэрыялаў. Гэтак агульнымі высілкамі рабілася справа прабуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці.


Загрузка...