Увосень 1944 года берлінскія беларусы атрымалі незвычайны ліст, напісаны на шэрай пакунковай паперы й адрасаваны ў Беларускі Камітэт. Ліст доўга быў у дарозе, трапляў, пэўна, у выпадковыя рукі... Нарэшце яго атрымаў паэта Ўладзімір Гудніцкі, які служыў ва ўласаўскіх фармаваньнях.
Пісаўся ліст у Славаччыне, ахопленай у той час паўстаньнем. Савецкая армія памагла славацкім партызанам зброяй, боепрыпасамі, амуніцыяй, правяла нават для падтрымкі ў верасьні-кастрычніку так званую Карпацка-Дуклінскую апэрацыю. У паўстаньні ўдзельнічалі таксама савецкія партызаны. Тым не меней у другой палове кастрычніка немцам удалося захапіць апорныя пункты паўстанцаў.
У тыя дні па пыльных дарогах Славаччыны валачыліся два падарожнікі. Яны кіраваліся на Захад. Удзень, змораныя да поўнае страты сілы, яны спалі, забіўшыся дзе-небудзь пад плотам ці ў капе на полі. Скрозь трывожны сон яны часам чулі гарматныя стрэлы ды разрывы гранатаў. А ўвечары прачыналіся й ішлі далей.
Адзін з падарожных быў беларускі паэт Дземех Астаповіч. У аднастайнасьці начных дарог ён часта ўспамінаў сваё бесклапотнае дзяцінства, сваю вёску Калесьнікі на Смаленшчыне, родную хату... Дземеху здавалася, што ён нібы бачыць маці, бачыць як яна аж надта рухава завіхаецца каля печкі. Гэта яна, мабыць смажыць яешню, улюбёную сынаву страву... А то вось яна расказвае суседзям, што ня бачыла старэйшага сына Дземеха з таго часу, як быў на вакацыях, яшчэ ўзімку на Каляды. А цяпер ён ужо скончыў Мсьціслаўскі пэдагагічны тэхнікум і едзе ў Менск на пошукі новага шчасьця. Гэта там, у тэхнікуме, - тлумачыць маці, - пачаў ён пісаць вершы па-беларуску. Зь іх смаленскай вёскі ўсе звычайна падаваліся ў Маскву, пісалі парасейску, як вучылі ў школе. Ды й Дземехаў бацька, Емяльян, настаўнічае ўжо за трыццаць гадоў, выкладае па-расейску. Праўда, згаджаецца маці, людзі тут гавораць ня гэтак, як вучаць у школе. Вось і сам Емяльян у хаце размаўляе па-свойму, як усе тут. А Дземех, дык нібыта зусім забыўся тую мову, якой навучаўся ў сельскай сямігодцы. Паўсюль, адно па-беларуску гаворыць. Ведама, на вёсцы ўсе так размаўляюць. Але-ж ён сын настаўніка, скончыў сямігодку, а цяпер мае ўжо дыплём настаўніцкага тэхнікуму...
Прыгадваліся Дземеху Астаповічу й працяглыя гаворкі з бацькам Емельянам у тыя дні, калі ён вярнуўся з Мсьціслаўя. «Гэта, вядома, добра, што ты закончыў пэдтэхнікум, - разважаў бацька. - Але-ж на гэтым у наш час спыняцца ня трэба. Папрацуй пару гадоў, а затым ідзі ва ўнівэрсытэт. Я табе раю; трымай курс на Маскву. З маскоўскім дыплёмам усе дарогі будуць адчыненыя». - «А я, дарагі тата, выбраў сабе другую дарогу, - адказаў тады Дземех. - І яе ўхваліў наш пясьняр Якуб Колас. Памятаеш, як у 1928 годзе я атрымаў ад яго кнігу з надпісам? Гэта фактычна была найлепшая рэцэньзія на мае першыя творы. Сам Колас выказаў тады ўпэўненасьць, што я стану вядомым паэтам. Дык хіба мне цурацца такога прадказаньня?» Бацька згаджаўся з сынам, часам прасіў яго пачытаць новыя вершы. Дземех помніў, як узрадаваўся бацька-настаўнік, калі пачуў сынавы радкі пра пабудову школьнага будынку:
Дзе гоні сінеюць, дзе шэпчуць бары,
Дзе сьцежкі у восеньскім пыле, -
Трыццатыя суткі шумяць цесьляры
І зьмеямі шархаюць пілы.
Капаюць упарта нявораны дол,
Чарнобыль адвеку нязрушны.
Апілкі імчацца бялявым дажджом,
І сьвішчуць вясёлыя стружкі.
Ня стоміць сякера рукі цесьляру!..
Разносіцца гоман наўкола.
І сьцены ўзрастаюць памалу ўгару
З гатоваю шыльдаю: «Школа»...
У тыя дні ён чытаў бацьку розныя вершы, і пра ўсход сонца, і пра славу дарагой яму Беларусі, і пра «вясны агнявеі», і пра «сьветлыя лоні далін». Бацька ўхваліў тады Дземехавы вершы, але сказаў, што аднаго таленту мала, ён вымагае працы й працы, і трэба ісьці далей вучыцца...
Тут, у Славаччыне, начнымі дарогамі прыгадваўся Дземеху Менск, унівэрсытэт, дзе на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні ён запазнаўся з сябрамі, студэнтамі-літаратарамі Кастусём і Андрэем. Яго, Дземеха, разам з паэтамі Ю.Таўбіным ды А.Куляшовым хутка сталі называць Мсьціслаўскай плеядай паэтаў. Ужо на другі год жыцьця ў Менску Дземеху ўдалося надрукаваць некалькі нізак вершаў, прыхільна былі сустрэтыя яго паэмы «Ноч на станцыі Негарэлае», «Абураныя», «Два таварышы». Ён скіраваў свой паэтычны голас і супраць падзелу Беларусі, выказаў вобразны пратэст супраць «суровага бізнэсмэна-банкіра», што распасьцёр свае крылы й над абшарамі Заходняе Беларусі...
За крэсы, край мой, над якім
Ён зьвіў вянок хаўтурных дзён, -
За ўсё
У той час
Нутром сваім
Пачуў ён цяжкі мой праклён, -
пісаў ён тады ў адным з вершаў.
У 1931 годзе Дземеху Астаповічу ўдалося выдаць ажно два паэтычныя зборнікі: «Краіне» і «На ўсход сонца». Многія адзначалі ў ягоных вершах маладую закаханасьць у прыгажосьць жыцьця, пошукі нязвычных словаў і вобразаў... Што-ж, за многія з тых радкоў было сапраўды ня сорамна.
...Узорныя ліштвы на доме,
На ліштвах рукою гарэзнай
Якісьці мастак невядомы
Цудоўных фігур навырэзваў.
А там, у акне, з-за фіранкі
Дзяўчына глядзіць і сьмяецца,
І штосьці таўчэ беспрастанку
Ў бліскучай мядзянай мяжджэрцы.
Ударыць, і ўдар мэталёвы,
Як музыка, чуцен адгэтуль,
І песень вясёлыя словы
Раджаюцца ў сэрцы паэта.
Радачка, ну дзе цябе знаў я?
А стрэча ізноўку ці будзе?..
Мне сум нешта зноў заціскае
Мае неспакойныя грудзі.
Скажы!.. - А дзяўчына фіранкай
Закутала вочы са сьмехам...
І сьмех на вішнёвым прыганку
Рассыпаўся срэбным рэхам.
На даху ўсьміхаліся ляскі.
Замоўклі ў цішы аканіцы...
З якойсьці забытае казкі
Мне гэтая песьня трызьніцца...
У 1932 годзе ў часапісе «Маладняк» Дземех Астаповіч пачынае друкаваць фантастычна-навуковы раман «Вызваленьне сіл»... Але не дало ГПУ паэту-рамантыку доўга слухаць «віхраў завываньне і рокат мора ў валох». Разам з Ю.Таўбінам, Сяргеем Астрэйкам, Лукашом Калюгам, паэтам-узвышэнцам М.Лужаніным, колькі іншымі літаратарамі, у тым ліку й Кастусём, аднае начы 1933 г. Дземеха Астаповіча забралі й кінулі ў лёхі каменнае амэрыканкі. Адно праз восем месяцаў, ужо пераведзены ў памешканьне менскае турмы, Кастусь пабачыўся з сваім найлепшым сябрам, паэтам Дземехам Астаповічам. Кастусь часта ўспамінаў, як тады яны ляжалі побач пад нарамі й гаварылі ціха, каб ніхто не пачуў.
- От каб нейкім цудам турэмная брама адчынілася ды далі-б зброю... - казаў Дземех. - От біў-бы ўсіх гэпэўшнікаў. Цэлую гару набіў-бы іх бяз аніякага жалю. Гэта-ж такі крываспуск робяць яны нашай інтэлігэнцыі й нашаму народу. Прайдзісьветы ўварваліся ў нашу хату й арудуюць у ёй, бяз аніякае літасьці рэжуць нашу культурную інтэлігэнцыю, прыпісваючы ёй самыя горшыя намеры, нават паўстаньне са зброяй у руках. А я ніколі ў жыцьці тога рэвальвэра нават у руках ня трымаў. Сьледчы сунуў мне абвінавачваньне ў збройнай спробе адлучыць Беларусь ад СССР. Ніколі аб гэтым я ня думаў. А цяпер міжвольна задумаешся, што ці ні гэткае паўстаньне толькі й можа прынесьці волю нашаму народу з бальшавіцкіх ціскоў.
Кастусь слухаў тады ўважліва свайго сябру. Паспрабаваў пярэчыць, маўляў, аніякае паўстаньне такога неарганізаванага для змаганьня народу, як беларусы, ня дасьць вынікаў. Адно будуць нязьлічаныя ахвяры і мора крыві, калі-б гэта цудам і сталася.
Дземех адбываў зьняволеньне ў заходне-сібірскіх лягерах, Кастусь у - байкала-амурскіх. Потым дружбакі стрэліся ізноў у Менску, калі прыехалі па даведкі, што яны вучыліся ва ўнівэрсытэце. Зь імі яны паехалі ў Гомель, а адтуль праз колькі месяцаў падаліся на Каўказ, дзе прыладзіліся настаўнічаць. Пазьней зачапіліся за Маскву. Але Кастусь хутка пакінуў яе й зьехаў далей ад бяды. Дземех скарыстаў нагоду прапісацца ў Маскве, дзякуючы таму, што ягоны брат служыў камэндантам у студэнцкім інтэрнаце й меў права прапісваць людзей. Але нядоўга цягнуўся той фэст для Дземеха. Хцівае вока НКВД ужо цікавала яго. Аднаго дня разам з Ю.Таўбіным яго ізноў арыштавалі й павезьлі ў Менск на допыты. Скончылася тое прысудам на восем гадоў за контррэвалюцыйную дзейнасьць. Перад вайною Дземеха зь лягеру ізноў прывезьлі ў Менск на перасьледзтва. Пасьля, этапам ізноў везьлі праз Маскву. Як хворага зьнялі з этапу й скіравалі ў шпіталь. А тут пачалася вайна. У мітусьні не агледзеліся, як у час запісу дабраахвотнікаў на фронт, у ліку тых, хто ачуняў у шпіталі й быў запісаны ў армію, і арыштант Дземех Астаповіч. У арміі адразу зьвярнулі ўвагу на адукаванасьць Дземеха, веданьне нямецкай мовы. Яго прызначаюць інспэктарам у Маскоўскую акругу. У вайсковай форме ён пачаў езьдзіць па Маскве й часам бачыўся там з беларусамі-ўцекачамі.
Дземех Астаповіч быў чалавек адкрыты. Сваім сябром, як вып'е, душу адчыняў. Пад хмелем і расказаў аднойчы гісторыю свайго жыцьця, як ён апынуўся ў арміі ды яшчэ ў раньзе афіцэра. Нейкі зайздросьнік данёс на яго ў СМЕРШ. А гэтая ўстанова хапала ўсіх падазроных і наводзіла жах на ўсіх значэньнем сваёй назвы: «сьмерць шпіёнам». Яна схапіла й Дземеха. Ізноў вынесьлі прысуд на вялікі тэрмін зьняволеньня. Але, улічваючы ваенныя абставіны, яго паслалі на фронт, на перадавыя пазыцыі.
Ізноў Дземеху саслужыла службу веданьне моваў. Яго скіроўваюць з адмысловым вайсковым заданьнем далёка ў тыл ворага. Гэтак ён і апынуўся ў Славаччыне, абнятай агнём антынямецкага паўстаньня. Суправаджаў Дземеха малады хлапец-славак, які ведаў мясцовасьць. Але зь першага дня Дземех заўважыў, што хлапец нешта мае сабе на розуме. Дземеху хацелася падзяліцца зь ім, што на сэрцы, расказаць аб назапашаным вопыце, аб запазнанай ім сутнасьці бальшавізму, аб гадох жыцьця на лягернай баландзе ды штодзённай рабскай працы пад прымусам, аб начных бясконцых жудасных допытах, аб тым, як сьледчыя шылі яму справы, пра якія ён ня ведаў і ня чуў у сваім жыцьці. Хацелася паведаць аб мільёнах бязьвінных ахвяраў тае перасьледнае машыны, што працуе і ўдзень і ўначы, ня спыняе свае працы ні ўзімку, ні ўлетку й для ўтаймаваньня свае смагі патрабуе ўсё новых і новых ахвяраў. А лік іх ўжо мільёны. Але гэты малады славак анічагусенькі ня ведае і, вядома, не паверыць яму. Палічыць за вар'ята. Ды ён, падобна, ужо наважыўся пакінуць Дземяха, каб падацца ў родную вёску Міява, што на захадзе Славаччыны. Яшчэ ў 1940 годзе ён уцёк ад паліцыянтаў новастворанае Славацкае дзяржавы й пад уплывам камуністаў перабег мяжу ў Савецкі Саюз. Доўга з хлапцом вазіліся там, нарэшце вышкалілі на разьведчыка й цяпер вось перакінулі разам з Дземехам пад мянушкай Яна Янаўшака, каб яны наладзілі сувязь з падпольнай цяпер Банскай-Бістрыцай. Ужо колькі начэй яны валачыліся разам... Зь людзьмі заўсёды гаварыў Ян паславацку, гэта здымала падазронасьць. А немцаў яны абыходзілі на далёкай адлегласьці.
У той дзень, калі зьмерклася й захад неба пачаў ізноў расьпісвацца агнёвымі пісягамі, Дземех ачнуўся ад сваіх штодзённых сноў-успамінаў. Трэба было ісьці далей. Дземех інстыктыўна зірнуў у бок свайго спадарожніка і ўбачыў тое, чаго ўжо й чакаў: заместа маладога хлапца было адно ўтаптанае ў сене мейсца.
Што-ж цяпер было яму рабіць? Выконваць заданьне далей? Без тутэйшае мовы, без знаёмых? Дземеху нічога не заставалася, як ісьці далей на захад, далей ад навалы вайны. Набраўшы вады ў ручаі ды падмацаваўшыся сухаром, Дземех крануўся ў дарогу.
Далей ён ішоў нязнанымі сьцежкамі, трымаючыся зорнага вырысу на небе. Ніхто не затрымаў яго, ніхто не стрэўся на дарозе. Уся Славаччына пахавалася па хатах і вёсках, каб не падстаўляць сябе пад небясьпечныя стрэлы з абодвух бакоў. Але сілы пакідалі Дземеха. Яшчэ перад сьвітаньнем ён адчуў надзвычайную млявасьць у нагах і мусіў запыніцца на першай сенажаці з добрай капой сена. Дземех выбраў мейсца найдалей ад дарог, нябачнае здалёку за высокімі алешынамі й маладым хмызьняком, і асталяваўся тут. На мяккім сене прыемна было адчуць спакой і ляноту. Праз нейкі час ён ужо спаў, а калі прачнуўся, сонца было высока й пералівалася сьветлымі блікамі па ўсёй сенажаці. Сваю спрадвечную песьню сьпявалі птушкі.
«Пэўна, прыйшоў час зьдзейсьніць даўні намер», - падумаў Дземех. Яму ўжо колькі дзён хацелася напісаць і паслаць ліст няведамым беларусам, туды некуды ў Бэрлін, дзе, як ён чуў яшчэ ў Маскве, жылі беларусы-ўцекачы. У Маскве іх лічылі супрацоўнікамі нямецкіх акупацыйных установаў. Дземех ня меў іх адрасу, але меркаваў, што там, дзе шмат уцекачоў, павінен быць і нацыянальны Камітэт для рэпрэзэнтацыі. Ён дастаў раней прыхаваную паперу й зрабіў канвэрт, на якім напісаў алоўкам: Беларускаму Камітэту ў Бэрліне. Затым паўтарыў тое самае панямецку. Другую паперу паклаў на халяву сваіх ботаў і пачаў пісаць.
Той ліст пачынаўся словамі: «Дарагія, невядомыя мне й нязнаныя тут нікім беларусы! Пішу вам гэты ліст надта сьпяшаючыся, каб не памерці, ня скончыўшы яго, тут сярод невядомых мне палёў Славаччыны. Піша яго беларускі паэта Дземех Астаповіч, што вайсковымі падзеямі закінуты ў далёкую ад Беларусў горную Славаччыну й цяпер бадай-што даходзіць самотным на капе на лузе. Я знаходжуся недзе кіля Зволена па дарозе з Рымаўска-Собата, куды быў закінуты з самалёта для выкананьня заданьня. Але я ненавіджу бальшавікоў, як найбольшых сваіх ворагаў. Яны ламалі ўсё маё жыцьцё й нарэшце, здаецца, зламалі канчаткова. Я ўжо ня маю сілаў, каб выбрацца з гэтае апошняе мае бяды. Аднак, я хачу, каб сьвет ведаў, што я ня зь імі, я супраць іх, гэтых супастатаў усяго чалавецтва».
Далей у лісьце Дземех досыць падрабязна апісаў свой лёс у гады выгнаньня, арыштаў і пакутаў. Ён згадваў і сваіх дружбакоў, у тым ліку Кастуся і Ю.Таўбіна, які пасьля другога арышту ў 1937 годзе памёр у этапе па дарозе ў Сібір.
Ня ведаў небарака, Дземех, што якраз ягоны сябра Кастусь быў сярод тых, да каго ён зьвяртаўся. Кастусь вядома, быў бы рады дапамагчы свайму сябру, здаецца, усё аддаў-бы за шчасьце бачыць Дземеха ізноў жывым і здаровым. Але паміж імі ляжала вялікае поле вайны і людзкое варажнечы.
Канчаўся той Дземехаў ліст глыбокім, ад усяго збалелага сэрца праклёнам у адрас камуністычнага ладу, што разбурае звычайныя чалавечыя дачыненьні, бурыць сем'і й нявечыць ад веку наканаваныя людзкія стасункі.
Дземех скончыў пісаць, паклаў ліст у верхнюю кішэню свае кашулі. Тады ён устаў, каб пайсьці туды, дзе магла быць паштовая скрынка. Праз якую гадзіну ён дайшоў да ўскраіны нейкага гораду. Гэта быў Зволен. Яго ніхто не запытаў, куды ён ідзе й хто ён такі. Але як кідаў ліст у скрынку, убачыў, што нейкі чалавек пільна ўглядаецца ў яго постаць. Дземех адыйшоўся ад паштовае скрынкі ўжо досыць далёка, калі яго дагнаў той-жа чалавек у цывільнай вопратцы й запытаў паславацку, куды ён ідзе. Дземех адказаў панямецку. Той запытаўся дакумэнтаў. Вядома, не выпадала Дземеху паказваць славаку свае фальшывыя славацкія дакуманты. Ён адразу й прызнаўся, што ўцякае з Савецкага Саюзу й ідзе на захад у пошуках свабоды. Чалавек, нічога больш ня кажучы, накіраваў на яго дула невялічкага рэвальвэра, што трымаў пад палою пінжака й загадаў ісьці зь ім. Дземех і ня думаў супраціўляцца. Сілы яго пакідалі зусім. Ён ледзь перастаўляў ногі. Яны мінулі колькі кварталаў і выйшлі на сярэдзіну невялікага пляцу. Калі падышлі да вялікага будынку, на якім было пазначана, што гэта галоўная паліцыйная ўправа места Зволен, Дземеху сталася ясным, што ад гэтуль яму дарогі назад ня будзе, бо паліцыя працавала тут пад пратэктаратам немцаў. На прыступкі будынка ён ужо ня мог сам падняцца, і яго пад пахі валачыў той-жа чалавек, які затрымаў яго. З тае хвіліны абарвалася пагудка пра зямное існаваньне Дземеха Астаповіча, беларускага паэта ў ролі разьведчыка.
У Савецкай Беларусі пісалі, што Дземех Астаповіч загінуў сьмерцю гэроя, змагаючыся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выдалі ягоную паэму «Эдэм», аповесьць у вершах «Ганна», нізкі антынямецкіх вершаў. У гэтых творах ён застаўся таленавітым паэтам, які дасканала валодаў паэтычнаю моваю, пісаў вобразна і натхнёна.
А ліст той - праклён збалелай душы дайшоў тады да беларусаў у Бэрліне. Копію яго ад свайго сябры атрымаў і Кастусь. Рабіліся захады, каб неяк выратаваць Дземеха Астаповіча з бяды. Але, відаць, было ўжо позна. Сэрца яго ня вытрымала. Змарнелы яшчэ ў дарозе, ён памёр, мусіць, яшчэ на пачатку сьледзтва...