У Генэральным Камісарыяце Беларусі сярод урадоўцаў панавала нязгода. Прыехалі сюды розныя людзі, якія пераважна шукалі лёгкай нажывы. Было многа балтыйцаў. Яны лічыліся знаўцамі Беларусі й яе народу. Былі яны людзьмі пераважна расейскае арыентацыі. Немцы-балтыйцы Гільдэбрандт ды Шульц занялі высокія пасады. Яны не любілі карэнных немцаў Штэтэра й др. Курца. Быў тут яшчэ й Юрда ды яго хутка выгрызьлі за нейкія правіны. Гэтыя людзі кіравалі культурнымі справамі Беларусі. На пачатку цэнзарам быў Гэрцаг, чалавек вайсковай выпраўкі й энтузіяст розных рамёстваў. Ён хваліў Матусэвіча за артыкул у «Беларускай газэце» пра кавальства. Пазьней замяніў яго Сэпп Сівіца, які таксама стаўся дарадцам у культурных пытаньнях. Сівіца ў свой час скончыў Львоўскі ўнівэрсытэт і добра валодаў польскаю моваю. У Менску Сівіца сачыў за беларускім друкам.
Быў у Камісарыяце яшчэ немец з Латвіі - Штэрнбэрг, які некалі скончыў беларускую гімназію ў Рызе. Трэба зазначыць, што карэнныя й балтыйскія немцы зжываліся ў Менску даволі цяжка.
Вільгэльм Кубэ быў прызначаны Генэральным Камісарам Беларусі яшчэ да вайны ў 1941 годзе. Але гаўляйтэр з упаўнаважаньнямі Гітлера прыехаў у Менск і распачаў сваю дзейнасьць недзе ў верасьні 1941 году.
Пасяліўся В.Кубэ ў доме на вуліцы Энгельса на другім паверсе. Тры кварталы, што адлучалі яго дом ад будынку Генэральнага Камісарыяту, ён любіў нетаропка праходзіць пехатою пад аховаю жаўнераў. Ягоную напалеонаўскую фігуру можна было сустрэць па дарозе ў Генэральны Камісарыят каля Пляцу Волі. Вільгэльм Кубэ быў адзіным гаўляйтэрам, які падпарадкоўваўся беспасрэдна самому Гітлеру, а не камісару ўсяго Ўсходу ў Рызе. Давер правадыра рабіў яго ў Беларусі асабліва важным. Сваім часам Кубэ пісаў вершаваныя драмы на рамантычныя тэмы нямецкае гісторыі. Нават Менскі гарадзкі Тэатр ставіў адну ягоную драму перакладзеную на беларускую мову.
Жонкаю В.Кубэ была прыгожая бляндынка з арыстакратычнымі рысамі, казалі нядрэнная жанчына. Хадзілі чуткі, што ў маладосьці В.Кубэ любіў завіхацца ля маладзіцаў. У Менску-ж ён быў пад відавочным уплывам жонкі...
Абшар Генэральнага Камісарыяту Беларусі быў абрэзаны, бо ня ўходзілі ў яго ні Берасьцейшчына, ні Беласточчына, ні Горадзеншчына. Смаленшчына, Магілёўшчына й Гомельшчына падначальваліся вайсковаму кіраўніцтву. В.Кубэ адчуваў сябе ў разадранай Беларусі поўнапраўным каралём. Трэба зазначыць, што ён стараўся быць прыхільнікам беларусаў. Паклікаў ён Раду Даверу зь беларускага актыву, дазволіў арганізацыю Саюзу Беларускае Моладзі, не пярэчыў існаваньню самааховы ў вёсках. Дазволіў арганізацыю беларускага пачатковага й прафэсыйнага школьніцтва... В.Кубэ, на дзіва сваіх памагатых, наведваў раённыя цэнтры бяз большае асабістае аховы. Нават невялікая добра падрыхтаваная партызанская група магла лёгка зрабіць замах на гаўляйтэра. Але чамусьці партызаны былі бязрадныя...
Ды вось у верасьні 1943 году Кубэ быў забіты мінаю ў сваім ложку. Падзею забойства гаўляйтэра савецкая прапаганда прыпісала ў заслугу А.Мазанік, якая працавала пакаёўкаю ў сям'і Кубэ. А.Мазанік прызналі ў Маскве гонар называцца гэроем Савецкага Саюзу...
Генэральным Камісарам Беларусі назначылі генэрала Готтбэрга. Першым мерапрыемствам нованазначанага камісара было акружэньне і арышт усіх людзей, што жылі ў блізкіх кварталах ад Генэральнага Камісарыяту. Нямаведама якога памеру дасягнула-б акцыя зьнішчэньня беларускага насельніцтва, каб не асабістая інтэрвэнцыя жонкі В.Кубэ - Аніты. Яна заявіла, што насельніцтва не вінаватае.
- Гэта сам Вільгэльм вінаваты. Зьвязаўся ён з распусьніцамі й Бог яго пакараў... - заявіла яна нямецкім уладам. Пагалоску гэтую пусьціў нехта з Генэральнага Камісарыяту зь невядомымі мэтамі. Гэтак яно, ці ня гэтак, аднак масавыя рэпрэсіі не адбыліся...
Калі распускалі прысьвіслацкі лягер інтэрнаваных, жыдоў ня выпусьцілі. Іх перавезьлі ў Менскую турму. Пасьля стварэньня жыдоўскага «гэто», іх перасялілі туды. Усю восень, пад аховай канваіраў, іх групамі ганялі на розныя працы па ўсім месьце.
Працавалі яны цяжка й задарма, толькі за кавалак хлеба. Невялікую групку жыдоўскіх дзяўчатаў прыводзілі на працу ў рэдакцыю. Тут яны працавалі пры пераборы папераў, якія на просьбу рэдакцыі былі прывезены з будынку Акадэміі Навук. Быў гэта архіў Інстытуту літаратуры й мастацтва, які выкінулі нямецкія салдаты, што пасяліліся ў будынку Акадэміі. Немцы ў халодную зіму таго году палілі ўсё ў жалезных печках, пастаўленых у пакоях акадэмічнае ўстановы. Пасьля шматлікіх скаргаў беларусаў, немцы нарэшце дазволілі забраць рэшту папераў ды перавезьці ў рэдакцыю газэты. Ляжала гэтае папяровае сьмецьце без дагляду. Нарэшце прыдзялілі гэтых жанчынаў разьбіраць яго. Маладзіцы пачалі капацца ў тых паперах дастаючы ўсё, што нагадвала рукапісы ці нешта вартаснае. Кастусь паабяцаў кожнай жанчыне па бохану хлеба за добрую знаходку. Тыя стараліся, як маглі. Найбольш было розных канцылярскіх папераў - справаздачаў ды іншае пісаніны, але часамі трапляліся й рукапісы.
Няшчасныя жанчыны ня ведалі, што іх чакае ў недалёкай будучыні. Яны спадзяваліся на палепшаньне свае долі. Але на пачатку лістападу 1941 году неяк уначы немцы падвезьлі да «гэто» колькі аддзелаў свае паліцыі ды групы бяздушных забойцаў. Апошнія набіраліся з розных крыміналістаў. Перад сьвітаньнем яны занялі месца паводле раней выпрацаванага пляну й па сыгналу пайшлі па хатах забіваць бязьвінных людзей: і старых, і малых, і жанчын, і дзяцей. Гэтыя забойцы выконвалі загад Гітлера пра канчатковае вырашэньне жыдоўскага пытаньня. Пачуліся стрэлы й за імі па ўсіх акружаных кварталах панесьліся людзкія крыкі й лямэнт аб ратунку. Людзі выбягалі з хатаў у чым спалі й беглі па вуліцы. Іх даганялі кулі й валілі на зямлю. На ходніках ляжалі забітыя. Страшэнны вэрхал працягваўся праз цэлы дзень. Забойцы шныралі па кішэнях забітых, шукаючы золата ды іншых каштоўнасьцяў...
Жанчыны з «гэто» ў рэдакцыю на працу ўжо не прыйшлі. Было ціха й нязвычна ў тым пакоі, дзе ляжалі паперы. Цяпер ніхто тых папераў не чапаў і куча іх ляжала, чакаючы пакуль выкінуць іх са сьмецьцем.
Глыбокім жалем ахінула душу Кастуся гэтая крывавая падзея. Гэта-ж былі людзі - кожны зь іх быў чалавекам, а чалавек, гэта - гучыць горда, як казаў яшчэ за цара Максім Горкі. Кожны зь іх марыў аб лепшым. Моладзь імкнулася вучыцца. Шмат жыдоў паходзіла з працоўнага асяродзьдзя. Іхнімі папярэднікамі былі местачковыя краўцы ці шаўцы, вясковыя кавалі, рамесьнікі. Аб іх пісаў наш пісьменьнік Зьмітрок Бядуля. Іх пазабівалі... Ну, а дзеці!.. Калі малое дзіцянё працягвае рукі да чалавека ў надзеі дастацца да матчынай цыцкі, а ён пускае ў яго забойчую кулю, такому чалавеку - праклён. Нелюдзі без чалавечага аблічча сталіся звыраднелымі забойцамі... Кастусю стала нават страшна думаць пра такіх нелюдзяў...