Бацька на новым месцы ўсё хварэў і ніяк ня мог ачуняць. Зусім аслабеў і ўжо амаль не падымаўся з ложка. Маці даглядала яго, рабіла спробы пацешыць яго тым, што ня так ужо й блага пры немцах. А ён ня мог ніяк зьмірыцца з новаю акупацыяй Беларусі. Неяк выпаў дзень, калі ён пачуў у сабе даволі сілаў, каб апрануцца ды выйсьці пасядзець на лаўцы ў сквэрыку. Сядзеў ён і аб нечым думаў. Вочы ягоныя сьвяціліся вялікім сумам. Магчыма ён адчуваў свае апошнія дні на гэтым, такім бязрадасным сьвеце. Праўда, птушкі паранейшаму сьпявалі на дрэвах. Зыркімі фарбамі сьвяціліся краскі на клумбах сквэрыку, але парадзеў натоўп людзей. Бывала тут суцэльнай сьцяной мітусіўся менскі мешчанін. Цяпер толькі невялічкая купка людзей праходзіла па сквэрыку ля Пляцу волі, і толькі лічаныя асобы сядзелі на лаўках. Неўзабаве старому надакучыла на гэтым месцы й ён пасунуўся дамоў. Адразу-ж зьлег і ўжо колькі дзён не ўставаў з ложка. Захварэў яшчэ горш. Што маці ні рабіла, каб вылечыць, - нічога не дапамагала. Прыходзіла лекарка, аглядала, але памагчы рашуча не магла. Відаць ня было адпаведных лекаў. Неяк апоўдні памёр бацька на руках сваёй жонкі. Маці сама-ж яго памыла, апранула як належыць, атрымала даведку аб сьмерці ад лекаркі ды на другі дзень старога пахавалі на Кальварыі. Драўляны крыж нагадваў, што пахаваны раб Божы Ільля, народжаны ў 1876 годзе й памёр у 1941.
Яшчэ больш самотным зрабіўся Кастусь пасьля сьмерці бацькі. Адзіная маці й была ўсімі ягонымі родзічамі ў Менску. Ня маючы жонкі, ён яшчэ больш аддаваўся творчай працы. А нацыянальна-культурная праца ў Менску ў тым часе аж кіпела. Як грыбы зьяўляліся пачатковыя школы ўва ўсіх раёнах Менску. Усюды адзінай мовай навучаньня была беларуская мова. Аддзел Асьветы Менскае ўправы падрыхтаваў колькі падручнікаў на беларускай мове й выдаў новы правапіс, падрыхтаваны Антонам Лёсікам. Мастакі ўзяліся за маляваньне беларускіх краявідаў. Тэатр актыўна ўлучыўся ў стваральную працу й падрыхтаваў колькі беларускіх паказаў драмы ды опэры. Кожнага вечару на паказах у тэатры было многа народу. Неяк у летні дзень памешканьне тэатру было адведзена збору беларускае моладзі, паказваўся новы спэктакль. Раптам у глядзельнай залі ўзрываецца міна. Падпольшчыкі прыстасавалі міну да самае ўрачыстасьці. Некалькі маладых энтузіястаў было забіта, параненых было больш...
Кастуся ня было дома. Як толькі даведалася маці пра тую непрыемную навіну адразу, захвалявалася. Яна ведала, што ён няраз праводзіць багата часу ў тэатры. Тым больш, што ўваход для яго быў вольным, як для журналіста. Нямала вечароў ён прабываў на паказах Беларускае Мэльпамэны. Некаторыя паказы ён глядзеў некалькі разоў, кожны раз знаходзячы ў іх новыя адценьні сэнсу й новыя адмены мастацкае характарыстыкі. «Затонуты звон» Гаўптмана ён глядзеў ня менш за 20 разоў і кожны раз яго захаплялі ўсё новыя й новыя выявы філязофскае думкі ды багацьце вобразнага зьместу. Аб усім бачаным ён звычайна дзяліўся з маці. А цяпер, калі багіню тэатра апырскалі крывёю, маці затурбавалася. Напэўна ён там, дзе была такая ўрачыстасьць. Яна доўга стаяла на рагу вуліцы, спатыкаючы тых, хто бег з тэатру. Пазьней яна кінулася зь іншымі шукаць свайго сына. Але яго нідзе ня было... Зусім зьбілася зь сілаў. Ледзь дабрыла дадому. А на рагу вуліцы знаёмая дзяўчына паведаміла Кастуся пра выбух ў тэатры й што маці яго шукае. Ён дабег да брамы й тут убачыў сваю маці...
У наступныя месяцы тэрор супраць беларусаў пашырыўся. Неўзабаве быў забіты старшыня места, старэйшы беларускі дзеяч яшчэ з нашаніўскае пары, прафэсар Іваноўскі. Ён ехаў з рамізьнікам па Нямігскай вуліцы й быў пераняты падарожнікамі на іншым возе. Яны застрэлілі Іваноўскага. Сьмерць прыйшла адразу.
Праз нейкі час у цэнтры Менску былі забітыя старшыня раённай Управы Рабушка й ягоны памагаты... Беларусы апынуліся між молатам і кавадлам. З аднаго боку немцы ды іншыя прышэльцы ціснулі, як мага часта бяз дай прычыны, а з другога боку сталінскія тэрарысты забівалі беларускіх актывістаў, як супрацоўнікаў немцаў. А польскія «ваякі» даносамі на беларусаў у нямецкую паліцыю, нішчылі інтэлігенцыю. Беларусам даводзілася адбівацца аж з трох бакоў і не абы ад якіх ворагаў. Немцы прывезьлі ў Менск сваю вялікую дасканалую паліцыйную машыну пакараньня. А сталінскія падпольшчыкі карысталіся дапамогай былых таўкачоў бэрыяўскага апарату. Аднак, нягледзячы на гэткі бязьлітасны прасьлед з усіх бакоў, беларуская культурна-будаўнічая праца гэтых гадоў была дзівагоднай. Беларуская прэса, школы, мастацтва, тэатр ды дабрадзейнасьць ува ўсіх куткох Беларусі, дзе была цывільная ўлада, квітнелі ды множыліся. Нават на вёсках, дзе немцы няраз па правакатарскіх даносах савецкіх «мсьціўцаў» палілі ды забівалі нявінных людзей, жыцьцё йшло сваім адвечным шляхам. Голаду ня было, бо хлеба хапала і для сябе і для партызанаў і нават на пастаўкі для немцаў. Хапала й самагонкі...
На рынках у Менску можна было купіць усё: і хлеба, і сала, і самагонкі. Праўда, цэны былі немаверна высокія, але людзі неяк лёгка выкручваліся. Горш было для інтэлігенцыі, але й яна давала сабе рады. Спэкуляцыя цьвіла вясновым цьветам. А гэта-ж была татальная, бязьлітасная й сьмяротная вайна. Людзі спадзяваліся, што некалі можа быць лепш... Гэтымі надзеямі й жыў тады чалавек таптанага чужынцамі Краю.
Кастусь, назіраючы актывізацыю рыначнай вымены, думаў аб бясспрэчнай перавазе прыватнай гаспадаркі над калгаснай. У часе ваеннага, страшнага часу, селянін вязе ў места на рынак поўныя вазы рознай усячыны. Сяляне ратавалі ад галоднай сьмерці тысячы мянчанаў ды іншых местачкоўцаў...