Ня думаў, не гадаў Кастусь, што яму ізноў прыдзецца сустрэцца з тым, ад чаго ён у той-жа дзень уцякаў. Яму было няведама, што этап, які ён пакінуў на прывале, на прыдарожнай пасецы, пазьней абагнаў яго, калі ён салодка драмаў у ляску ў палоне трывожных бачаньняў. Яшчэ здалёк Кастусь заўважыў дзіўны натоўп людзей, якія прытуліліся на левым баку каля дарогі. Толькі дзе-каторыя зь іх стаялі наводдалі ад самае гушчы людзкога зборышча, што сядзела на зямлі, паадстаўляўшы ногі наперад. Калі падыйшлі бліжэй, Кастусь пазнаў, што гэта калёна зьняволеных. Але ён яшчэ не дапускаў думкі, што гэта тыя-ж людзі, зь якімі ён кагадзе ішоў і ўзьбіваў пыл на Магілёўскай шашы. Толькі калі параўнаўся зь імі, ён убачыў, што гэта тыя-ж самыя небаракі, зь якімі ён да сяньняшняе раніцы падзяляў лёс і з стану якіх яму пашэньціла гэтак неспадзявана выйсьці. А колькі фігураў наводдалі - нішто іншае, як канваеры з вінтоўкамі.
Вострае адчуваньне небясьпекі адразу ўкалола сьведамасьць Кастуся. Нешта нібыта абарвалася ў сярэдзіне, захаладзела нутро. Ногі адмаўлялі паслухмянасьці. «А што, як заўважаць, або нехта пакажа пальцам ды скажа канваеру: «Вось ён той самы бягляк, якога не далічыліся, як варочаліся з рачулкі. За яго нам усім было адмоўлена ісьці да вады. Гэта дзеля яго, гада, мы паўдня цярпелі смагу ды ледзь вытрымалі без вады. Хапайце яго людзі!» - рысавалася ўяўленьню Кастуся страшная сцэна, якой магла скончыцца здабытая адвагаю воля. - Але-ж хіба ім цяпер да мяне? Ды хто пазнае мяне, акрамя маіх аднакамэрнікаў? Ды й яны не павераць сваім вачам. Падумаюць, ім здаецца. Хіба магчымая такая мэтамарфоза: учора яшчэ быў разам зь імі, а цяпер на волі зь іншымі, вольнымі людзьмі. Хутчэй падумаюць, што якісь чалавек падобны да тога, які быў зь імі ў камэры. Дарэмна пужацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі», - падбадзёрваў сябе Кастусь ды крочыў у тым-жа кірунку. Праўда, голаў ён увагнуў яшчэ больш у плечы й пастараўся трымацца далей ад краю дарогі, каб засланіць сябе ад вачэй этапнікаў. Аднак тут на дарозе, як на ліха, ня было шмат людзей, каб схавацца ад цікавых вачэй зьняволеных. Але тыя абыякава пазіралі на вольных людзей, праводзячы ўсіх аднолькавым паглядам зайдрасьці да лепшае долі.
Кастусь мусіў змагацца з жаданьнем глянуць на тых, зь кім яго лучыў нядаўні агульны лёс. Ён баяўся гэта рабіць дзеля небясьпекі. Сілком пераадольваў спакусу зірнуць хоць краем вока на сваіх нядаўніх калегаў. Нарэшце, калі ўжо параўнаўся з этапам, ягоная цікавасьць узяла верх над пачуцьцём перасьцярогі. Ён рашуча павярнуў голаў у бок людзей, якія былі так блізка ад яго. За колькі мэтраў ад яго былі тыя, ад якіх яго цяпер адлучала, здавалася, непераходная мяжа. І вось дзіва, сярод зьняволеных, якраз бліжэй да дарогі, сядзеў чалавек у белым летнім гарнітуры й проста глядзеў на Кастуся. Ягоны пагляд выдаваў вялікае зьдзіўленьне, на твары віднела зьбянтэжанасьць, перамяшаная з радасьцю пазнаньня знаёмага чалавека. Ён нібы не верыў і пільна ўглядаўся ў Кастусёў твар, прымяркоўваючы, той гэта ці ня той, што яшчэ надоечы ў турме прыцягнуў ягоную ўвагу й якога ён надоўга запамятаў.
Кастуся аж абдало холадам. Ён маланкава адарваў свой пагляд ад сьвідруючых вачэй знаёмага па камэры агранома. «Пазнаў напэўна, няма сумненьня. Вось, каб толькі ні сказаў каму іншаму. Канваеру ён ня скажа, можна спадзявацца, бо ён не такі чалавек», - мільганула думка, але ня прынесла спакою. І яшчэ доўга пасьля дарогаю адчуваў ён на сваёй сьпіне той-жа сьвідруючы зрок аграномавых вачэй. І далей ён ішоў ўтуліўшы голаў. «Быць вольнаму, ці ня быць? Жыць ці ня жыць? Варта толькі пальцам ткнуць на мяне канваеру, як адразу мне тут і канец быў-бы», - разважаў Кастусь. І ўраз ўва ўсёй жорсткай канкрэтнасьці ўспомніў апавяшчэньне перад пачаткам паходу: крок ўправа ці ўлева будзе лічыцца спробай уцёкаў і будзе карацца расстрэлам на месцы. «Вось тут і было-б гэта відавочным спосабам ажыцьцёўлена на маім прыкладзе, для навукі іншым вязьням».
І хоць Кастусь ужо далёка адыйшоў ад тога злавеснага месца непажаданага спатканьня, аднак ён яшчэ доўга ішоў засмучаны й утрапёны. Ягоныя вочы выяўлялі спалох і трывогу. Новае знаёмства пачынала Кастуся бянтэжыць, наводзіла непатрэбныя думкі.
«Але-ж, як цяпер пазбавіцца гэтага дарожнага сяброўства? Ня кінеш-жа й не пабяжыш ад іх зьнянацку. Тады сапраўды што-небудзь благое падумаюць. Не, трэба чакаць лепшае нагоды, так, каб гэта выйшла натуральна й само сабою. Можа ў часе налёту, калі ўсе пабягуць у поле ці лес. Ці ў які-небудзь іншы зручнейшы час. Гэта трэба зрабіць, каб ніякіх падозраньняў ня выклікаць ні ў іх, ні ў тых, каму яны могуць расказаць. А цяпер буду трымацца зь імі. Дайду да Сьмілавічаў, а там пабачу. Магчыма, адшукаю там свайго стрыечнага брата, пра якога калісьці чуў, што працуе ні то ў пажарнай камандзе, ні то ў міліцыі. Але як адшукаць яго?.. Ніякага адрасу ня маю... Прыдзецца пытацца ў людзей...»
Нечаканае відовішча перапыніла думкі Кастуся. Чамусьці людзі запыняліся каля прыдарожнае даўгое й глыбокае канавы, што цягнулася неадступна ўздоўж шляху. Кастусь таксама падыйшоў да краю й убачыў тое страшное, ад якога ён, кіруючыся дазнаньнем, і ўцякаў цяпер. Адзін за адным поруч на дне глінянага рова ляжалі забітыя людзі. За плячыма некаторых былі відаць сялянскія палатняныя кайстры. Выглядала, што іх яшчэ нядаўна гналі ў нейкім этапе з турмы й застрэлілі па дарозе. Дзеля таго, што ўсе яны выглядалі старымі й змарнелымі, Кастусю ясна ўявіўся абраз жахлівае расправы з тымі, хто ня мог пасьпяваць за ўсімі. Толькі за тое, што яны былі слабейшыя, мусілі разьвітацца з жыцьцём. Нелюдзі з рэвальвэрамі ў руках спакойна адрабілі сваю катнюю справу й пагналі іншых далей для чарговае расправы. У Кастуся ад абурэньня сьціснуліся кулакі. Вусны шапталі словы пракляцьця тым, хто адабраў жыцьцё бездапаможным людзям.
Адзін высокі й хударлявы стары, яшчэ стаяў у рове, абапёршыся аб гліняную ўзбочыну. Зьбялелы твар перасмыкаўся чырвоным струменем сьвежае крыві. Правая нага час ад часу сударгава ўздымалася ўгору й затым падала зьмярцьвелай долу. Па часе яна ізноў павісала ў паветры й пасьля, як дасюль, валілася ўніз. Напаўадплюшчаныя вочы нібы яшчэ прасілі літасьці, калі душа ўжо пакідала чалавека.
Далей ішоў Кастусь разважаючы аб страшной гіроніі лёсу, які зьдзекаваўся з людзкіх уяўленьняў аб справядлівасьці й дастачаў крыважэрнай машыне тэрору столькі ахвяраў, - працаўнікоў ральлі й духу, сыноў працоўнага народу. Яшчэ доўга відовішча тога рову стаяла ў ваччу Кастуся. А далей ізноў на вялікім жоўта-пясочным пляцы прыдарожнага ўзвышша, ляжалі доўгім шэрагам забітыя ў жаўнерскай зялёна-жаўтаватай форме замежнага пакрою. На гарачым сонцы іхныя твары распухлі, вочы павылупліваліся й тварылі жудаснае падобішча сьмерці. Людзі казалі, што гэта летувіскія жаўнеры, якіх давялі сюды, каб тут даканаць.
Кастусь пастараўся не запыняцца каля гэтых новых доказаў масавага забойства чалавека чалавекам. Крыху далей ля дарогі ізноў ляжаў забіты чалавек у чорным гарнітуры. Недалёка стаяў грузавік з колькімі чырвонаармейцамі на ім і патрулём на доле. Той тлумачыў зьдзіўленаму народу, што гэта ляжыць нямецкі шпіён.
Кастусь сабе падумаў: «Усе ў вас - шпіёны. Праўду казаў той Дастаеўскі ў «Бесах», што ўсе яны будуць у палоне шпіёнаманіі, кожны будзе адзін за другім шпіёніць і даносіць. Вось яна праўда, як абяртаецца. Простаму чалавеку гэтак убілі ў голаў пра паўсюдных шпіёнаў, што ён ужо не ўяўляе сабе забітага чалавека іначай, як шпіёна. А таго ня ведае, што кожнага, хто ў этапе не пасьпявае ісьці, таму канваеры да ілба дула нагана прыстаўляюць. Такі-ж гэта няшчасны чалавек, як і ўсе пазабіваныя на дарозе. А колькі іх сяньня ўслалі сабою бальшакі ўздоўж шырокага фронту - аднаму толькі Богу ведама!»
Зьнячэўку Кастусь зьвярнуўся да ўсявышняга: «Памажы, Божа Ўсемагутны, ім, бязьвінным, да твайго багаславеньня дайсьці. А неразумным, якія ня ведаюць, якое яны зло твораць на зямлі, памажы дайсьці да розуму. Асяні іх зразуменьнем сваіх чорных справаў, твораных імі на жаданьне дыябальскае навалы, што апанавала нашу зямлю сьвятую».
Калі па дарозе да Сьмілавічаў ногі ўва ўсіх моцна падбіліся, яны зьвярнулі ў першы густаваты лясок наводдалі ад дарогі. Там у зацішку яны затрымаліся. Вельмі-ж прыемна было нагам і ўсёй постаці адчуць асалоду адпачынку на мяккай траўцы й перасохлым імху, што суцэльным дываном слаўся ад аднаго дрэва да другога. Калі ізноў выйшлі на дарогу, сонца перайшло свой зеніт і пачынала хіліцца да долу.
- Ого, колькі мы ў лесе праседзелі... Паглядзеце на сонца, яно было проста над галавою, а цяпер ужо вунь да тых вяршалінаў наблізілася, - першым выказаўся аб гэтай зьмене малы Ягорка.
Калі ўваходзілі ў мястэчка Сьмілавічы, сонца села яшчэ ніжэй. Кастусь пачаў пакрысе пазбаўляцца ад свайго невясёлага настрою. Новыя ўражаньні, прыліў бадзёрасьці змусілі забуяць уздымным настроям. Ён ішоў ізноў з высока паднятымі вачыма, стараўся зацеміць усё, што пасылала доля ягонай цікаўнасьці. Ягоныя вочы стараліся не прапусьціць ніводнае зьявы, усяго таго, што тварыла жывы ход штодзённага местачковага жыцьця.
Кастусь уважліва прыглядаўся да драўляных пабудоваў. Неяк неспадзявана проста ў прасьцягу вуліцы ён убачыў могілкі з невялікай белаю царкоўкай пасярэдзіне, а вакол вялікі натоўп людзей. «Што за ліха, - мільганула ў галаве Кастуся, - няўжо яны ізноў абагналі мяне й цяпер расьселіся якраз на нашым шляху. Ня можа быць такога супадзеньня... Няўжо гэта лёс гэтак зьдзекуецца нада мною?»
Кастусь ізноў пільна ўгледзеўся ўперад. Яму здалося, што той-жа аграном, які гэтак узіраўся ў яго тады, цяпер ізноў сядзіць на першым пляне й якраз тварам насустрач Кастусю. «Гэта яны, - як электрычным токам працяла думку, - трэба мяняць кірунак хады. Але як гэта зрабіць? Не магу-ж сказаць аб гэтым Гэлі ці ейнаму бацьку. А марудзіць нельга...»
І вось наўсуперак развагам розуму, неяк інстынктоўна й нясьведама, Кастусь раптам запыніў крок, павярнуўся назад і, нічога нікому ня кажучы, спакойным крокам пайшоў да першага павароту вуліцы. Тут ён павярнуў налева. І як толькі апынуўся схаваным ад вачэй тых, зь якімі ішоў у кірунку могілак, ён пачаў бегчы. Ягоны розум у гэты момант не даваў сабе справаздачы, што гэтым, наадварот, ён мог прыцягнуць увагу да сябе іншых людзей у мястэчку.
Дабегшы да чарговага рогу вуліцы ён павярнуў направа, а затым налева. Прабегшы колькі кварталаў, ён супыніўся й прайшоў паволі некалькі невядомых вуліц. Сэрца моцна калацілася ў грудзях. Аддыхаўшыся, спытаў нейкае жанчыны, ці няма тут у мястэчку якое харчоўні, каб перакусіць ці чаго купіць зьесьці. Жанчына паказала кірунак, якім можна дайсьці да будынку сельска-гаспадарчага тэхнікума. Там, паводле ейных словаў, усім бежанцам даюць хлеб.
Крыху абнадзеяны, Кастусь хутка знайшоў тую тэхнікумскую камяніцу. Аднак, ужо было позна, ніякага хлеба больш не давалі. Казалі, што ўвесь раздалі.
Ідучы ні з чым, ён ўбачыў, што перад ім ізноў тыя могілкі, на якіх адпачываў этап. Праўда, на гэты раз могілкі выглядалі пасірацелымі. Толькі адзінотныя ўцекачы-падарожныя дзе-ні-дзе прыткнуліся да зарослых дзірваном магілак, каб даць перадышку сваім нагам. Кастусь, асьцярожна аглядаючыся па бакох, каб не натрапіць на бяду, падыйшоў да могілак. Упэўніўшыся, што бяда мінула, а этап пайшоў далей сваім шляхам, ён прысеў на часінку на зваленую мармуровую пліту й прызадумаўся.
«Ну вось я й адзін. Каля мяне ні Гэлі, ні ейнага дапытлівага бацькі. А ці лягчэй мне? Здаецца, наадварот. Зь імі было хоць адчуваньне локця, што пад бокам ёсьць нейкія людзі, зь якімі магу гаварыць, дзяліцца ўражаньнямі. Усё-ж гэта неяк скрашвала маю адзіноту. А цяпер я застаўся ізноў з маімі трывогамі, якіх ніхто ня можа разьвеяць, адцягнуць маю настырлівую думку аб доме, пакінутых бацькох у Менску. О, Божа мой, што-ж зь імі цяпер? Як-бы я хацеў, каб ім Бог паслаў вестку, што я тут, жывы й здаровы, а галоўнае - на волі. Так, на волі! О, сьвятое слова ВОЛЯ! Я цяпер маю цябе, я паўнапраўны чалавек, дарма, што гіцлі бегаюць побач, каб накінуць пятлю й запыніць жыцьцё. Але цяпер, калі што, жывым ня дамся. Лепш загінуць, чым стацца паслухмяным баязьліўцам. Калі я не пабаяўся кінуцца на волю амаль што з-пад дула нагана, дык цяпер падаўна пазмагаюся за яе. Цяпер маё права й мой сьвяты абавязак прыняць на сябе бой да рэшты, як казаў той паэт. Я мушу прабіцца ў Менск, што-б гэта мне не каштавала. Хоць на дарогах стаяць заставы й страляюць кожнага, хто варочаецца ў Менск, я пайду й прайду. Я мушу пабачыць сваіх бацькоў. І ніхто мяне цяпер ня спыніць... Вялікая любоў будзе кіраваць мною на гэтым шляху. Іду...»
І ў гэты час нешта ўнутры яго зусім выразна й чутна, нібы ў голас, гаварыла: «Ідзі, ідзі... Там чакае цябе вялікая радасьць сустрэчы. У родным месьце, дарма што разбураным, ты залечыш свае раны й адшукаеш сваё шчасьце... Ідзі, ідзі...»