3. НЕЧАКАНЫЯ ГОСЬЦІ


Нешта каля дванаццатай гадзіны ўначы Кастусь апынуўся ў сваёй каморцы. Там было страшэнна горача. Паправіць гэтую сытуацыю было немажліва. Вокны мусілі быць завешаныя коўдрамі, пакуль у пакоі сьвяціла сьвятло. Пакідаць-жа вокны адчыненымі на ўсю ноч у такія часы выдавалася вельмі небясьпечным. Гэта-ж аднопавярховы маленькі дамок, ды яшчэ тут, на ўскраіне, дзе й да міліцыі далёкавата. Калі гэта было небясьпечна з узгляду на зладзеяў ды забойцаў у мірны час, дык цяпер тым больш загадзя трэба быць асьцярожным. А за дзень пад палкім чэрвенскім сонцам, у той год асабліва пякучым, гэты дамок да таго прагрэўся, што ў пакоі было цяжка дыхаць.

Бацькі даўно ўжо спалі... Маці, падняўшыся на стук і адчыніўшы Кастусю дзьверы, хутка зноў заснула... У цішыні чуваць было яе дыханьне. Відаць, стамілася зьвечару ад думнага бяссоньня й нарэшце, пераможаная сном, здалася яму, змораная да таго доўгім штодзённым хатнім клопатам ад самае раніцы. З кухні ледзь-ледзь чутна даносіліся шорахі дыханьня старога бацькі.

Аднак Кастусю ня спалася. Ці то ад аднае духаты, або, больш падобна, ад узбуджаньня, ён нібыта й ня думаў класьціся спаць.

Затуліўшы зыркае начное сьвятло электрычнае лямпкі вялікім лістом сіняе паперы гэтак, каб яно не сьвяціла на матчын ложак ды ў твар сьпячае, спачатку ён прысеў да стала, разгарнуўшы кнігу.

Але дзе там... Хіба чытаньне йшло ў голаў? Прабягаў вачыма радкі літараў і тут-жа праз часіну лавіў сябе на тым, што нічога ня ўцяміў з прачытанага. Вяртаўся зноў і зноў да прачытанага, але ўсе намаганьні былі дарэмнымі. Думкі кудысь увесь час уцякалі ад чытанага, дарма што змушаў сябе вачыма не адрывацца ад радкоў.

Нарэшце кінуў, падыйшоў да вакна, і, загадзя вылучыўшы сьвятло, адхінуў край коўдры ад шыбы... За вакном была сьветлая чэрвеньская ноч. Чыстае сіняе неба мігацела тысячамі зорак. Кожная зь іх зіхацела, уздрыгвала й пасылала на зямлю свае бледныя халодныя знакі з іншага, далёкага й няведамага сьвету, які яна рэпрэзантавала сабой.

Над местам ня было відаць звычайнага ў такі час дывану агнёў ад вулічных ліхтароў, вакон дамоў ды доўгіх агністых шэрагаў электрычных лямпаў уздоўж чыгуначных шляхоў ды розных прыбудоваў на станцыі.

Усё прыхавалася й як-бы замерла ў цемры... Таму й набралі свае поўнае сілы адвечныя нябесныя сьвяцілы - тысячы зораў, што цяпер ня блекнулі й ня трацілі ў сваім бляску й зыркасьці над морам гарадзкіх агнёў. Яны былі ва ўсёй сваёй чароўнай незацемненай прыгожасьці. Нябесны звод сінеў і набраў свае выразістасьці й азначанасьці. На яго цяпер можна было глядзець і глядзець, дзівячыся Божаму цуду, што стварыў гэткі пекны чар прыроды ды пакінуў на шчасьце й уцеху людзей. Але людзі не разумеюць гэтага багацьця, дадзенага ім з Божых рук і Ягонае ласкі.

Зачараваным зрокам Кастусь прыпаў да небасхілу, і думкі яго снавалі вакол параўнаньняў і асацыяцыяў.

- О, гэтае вечнае хараство! - захоплена прамовіў ён амаль што ў голас да самога сябе. - Яно жыве заўсёды, адвеку, ад самога стварэньня гэтага цудоўнага сьвету, і будзе існаваць вечна... Праявы яго жывуць у душы чалавека, толькі не заўсёды яны выходзяць навідно, - думаў ён далей. - Часамі патрэбен зрух, якаясь надворная падзея ў жыцьці чалавека, каб ён мог ськінуць зь сябе кару нарослых умоўнасьцяў жыцьця, заўсёдняга страху за свой і сваіх блізкіх лёс, пазбыцца накінутых і чужых ягонай натуры звычак і паводзінаў, выйсьці із змушанага падпольля духу, і, расчыніўшы шырака сваю душу павевам вольнага прыгожага сьвету, увабраць яго ў сябе й праз сябе, збагаціўшы аздобамі свае асобы, аддаваць іншым і несьці далей у сьвет, усяму чалавецтву адвечныя каштоўнасьці, прыгожасьць, любоў, літасьць, спагаду ды шчырую сяброўскасьць.

- От-жа ў гэтым можа й сэнс існаваньня чалавека, вянца прыроды, вышэйшае пад Богам жывое істоты.

Сузіраньне й развагі будзілі ў ім пачуцьцё адзінства з сваімі продкамі. Можа яны гэтак-жа сама, наглядаючы за россыпам зорак у небе, пачувалі сябе часьцінай гэтага неабсяжнага сьвету й былі зачараваныя ягонай прыгажосьцю.

Прыгадаўся Ўл. Жылка зь ягонай лірай, дзе

«Зьвініць матыў і кожны тон -

Сусьветнай пекнаце уклон».

Адно, ягоную ўвагу ад гэтага назіраньня адцягвалі якіясь загадкавыя ўспышкі чырванавата-зелянаватага сьвятла над горадам, недзе ў раёне вакзалу. Выглядала, нібы нейкія ракеты ўзносіліся праз пэўныя прамежкі часу высока ў небе й зрабіўшы крывую ў выглядзе няпоўнае дугі на момант асьвятлялі высачыню рассыпаўшыся тысячамі дробных агеньчыкаў-іскрынак, хутка гасьлі. Ад гэтага цемра ставалася на нейкі час гусьцейшай і раптоўна запаноўвала запраўдная ноч, пакуль вочы ня звыкаліся й пачыналі вырозьніваць шэраватыя цені высокіх будынкаў.

Ён глядзеў угору. Вось ізноў узьляцела зялёная, а за ёю чырвоная ракета.

- Гэта, мусіць, нейкія сыгнальныя знакі. Але чые? Савецкія, ці можа... нямецкія?

Яму цяжка было дапусьціць, каб гэта былі ўжо чужыя разьведчыкі ў самы першы дзень вайны.

Не пасьпеў ён узважыць сваіх меркаваньняў, як раптам пад вокнамі, што выходзілі на вуліцу й былі цяпер зачыненыя ваканьніцамі знадворку, пачуліся прыцішаныя мужчынскія галасы. Да вушэй даходзіла нейкая нявыразная гутарка. Было ўражаньне, што некага шукаюць. Кастусь насьцярожыўся й пачаў прыслухоўвацца. Падобна, што й маці прачнулася ды таксама прыслухоўвалася. Праўда, за часіну ўсё прыціхла.

- Сынок, хто гэта ходзіць пад вокнамі? - запытала маці, прыўзьняўшы голаў ды глянуўшы на яго.

У гэты момант Кастусь быў зусім спакойны, зраўнаважаны нядаўным назіраньнем, не прадчуваў нічога благога й не прыдаваў асаблівай увагі пачутаму. Таму, каб заспакоіць маці, ён зусім шчыра, аўтарытэтным голасам сказаў:

- Ат, сьпі, мама, мала хто ходзіць. На кожнае такое адгукацца ня хопіць ні часу, ні змогі. Хай сабе ходзяць, калі ім хочацца швэндацца ўночы пад чужымі вокнамі. Ня трэба гэтаму даваць увагі. Сьпі, мамачка, сьпі...

Маці, нічога не сказаўшы, замружыла вочы, але ўжо заснуць не магла. Нешта нядобрае прадчувала матчынае сэрца. Гэта-ж ужо мусіць за поўнач. Каб хто толькі праходзіў, дык не запыняўся-б гэтак доўга тут ды без патрэбы не пачынаў-бы гэтых гаворак. Ой, нядобрае чулася матчынаму сэрцу...

- Ня дай, Божа, прыйдуць... А час благі... - Яна баялася давесьці думку да канца. Нічым ня выдала сыну сваіх турботаў, ляжала з замружанымі вачыма са сваімі цяжкімі матчынымі думкамі, удаючы, што нібы сьпіць. Нат на правы бок павярнулася, тварам да сьцяны, каб схаваць свой нясьцерпны боль прадбачлівых пачуцьцяў небясьпекі. У думках яна зноў перабірала ўсе моманты ейнага жыцьця. Успомніла пра першае дзіця, ягонае ўзгадаваньне, вучэньне, сяброўства, ростані, шматгадовае бадзяньне, калі ня меў права вярнуцца ў родны горад пасьля засланьня. Урэшце падумала пра сумеснае жыцьцё, пасьля ягонага звароту ў роднае гняздо. І як тое верацяно, без унімку, круціліся ейныя думкі ўсё аб ім.

- Божа мой, Божа! Як-жа яму не шанцуе. Прычапілася ліха зь бядою й ня хоча адчапіцца, што тут не рабі. І няма куды зьбегчы ад яго. А тут гэтая вайна зноў наверзлася... Цяпер дрыжы ды думай, што нешта здарыцца. Насланьне ліхое!

- Чым-жа, Божа, ён цябе ўгнявіў? Ён-жа й вока чалавеку не запарушыць, ня тое, што нешта злое зробіць. Божа, мой Божа, адвядзі ад яго гэту напасьць, пашлі яму ўдачу зьберагчы сябе ў гэтае бясчасьсе. Няхай яно абыйдзе яго ўзбочнымі шляхамі ды адвядзе ад яго ўсе злыя сілы...

- Малю цябе, літасьцівы Збаўца... Збаў нас ад ліха... - шаптала яна ўпотай, нячутна для іншых.

Матчына трывога міжвольна перадавалася Кастусю. Можа ён і ня даў-бы ніякае ўвагі крокам ды гутаркам за вокнамі, каб ня ейныя трывожныя запыты, якія ў яго спарадзілі нейкі нявыразны, захаваны спалох. Гэта ня быў страх за свой лёс. Зусім не. У гэты момант ён зусім не адчуваў ніякага страху за самога сябе. Яму і ў думку не прыходзіла, што якаясь небясьпека можа гэтак хутка стаць перад ім адразу-ж, у гэтую першую ваенную ноч.

Небясьпека магла пагражаць значна пазьней, калі, скажам, фронт зрушыўся-б, і Менск апынуўся ў раёне блізкім да франтовых дзеяньняў. Выглядала, што пройдзе час, пакуль улады агледзяцца ды пачнуць зьбіраць «ворагаў народу» ды ізаляваць небясьпечны элемэнт.

- А чым-жа я небясьпечны? - думаў ён. - Што ў маёй душы ды ў сэрцы - гэта-ж мне аднаму толькі ведама. А ў іншых адносінах я запраўды нічога благога рабіць ня зьбіраюся. Сакрэтамі ніякімі не ўладаю, доступу ў забароненыя дзялянкі дзяржаўнае абароны ня маю, у партыях удзелу ніколі ня браў, вось-жа - звычайны шэры чалавек.

- Каму я патрэбны? - цешыў ён сам сябе. Такіх, як я, - тысячы... На ліха я ім здаўся... А гэтыя выпадкі... ў Інстытуце ды іншыя... дык, фактычна, гэта вялікае глупства... Цяпер у вайну не да гэтага ім... Не да дробнае рыбы. Трэба раней шчупакоў ім вылавіць. А да драбязы калі й дойдзе час, дык... толькі-ж ня сёньня... - думаў ён, разам з тым ловячы сябе на дарэмнай спробе пацешыць ды заспакоіць сябе.

- Вось-жа, лепш ня думаць...

І можа больш з мэтай адвесьці ад сябе гэтыя чорныя думкі ды адшпурнуць гэтае насланьнё няпрыемных развагаў ён адчыніў дзьверы ды падаўся на панадворак.

Сьвежае, даволі халаднаватае, як з хаты, паветра прыемна абдало яму твар і адразу вярнула да належнае роўнавагі. З прыемнасьцяй, нібыта той бальзам, што адразу ратуе ад усіх хваробаў, ён удыхаў яго поўнымі грудзьмі й раз-па разу адчуваў сябе здаравей і здаравей. Прыходзіла бадзёрасьць і прыўзьнятасьць.

Сіні полаг неба, усыпаны тысячамі зораў, пачаў ужо здаваць у сваёй сіняве. Відаць, ноч перайшла сваю першую палову й набліжалася да часу сьвітаньня.

З садка, адгароджанага ад панадворку драўляным старым пахіленым плотам, несла сьвяжынёй адыйшоўшага ад расы лісьця й пахам узбуялых у начным халадочку кветак. Дрэвы стаялі нібы тыя стройныя мачты параплаваў каля прыстані. Ні шолаху, ні руху. Усё ў мораку быццам заснула й застыла ў нярухомасьці. Ня чуваць было ні шоргату чалавечых ног, ні шапаценьня лісточкаў.

- Вось, гэта казка! - яшчэ раз пасьпеў ён выказаць сваё зьдзіваваньне чарам начное прыгажосьці ў прыродзе.

У гэты самы момант зноў узьнік, як з пад зямлі, якісь шум каля брамы. Хтосьці шоргаў ботамі, перамінаўся з нагі на нагу, і чагосьці не знаходзіў, а другі даволі гучна наракаў на немагчымасьць штосьці азначыць.

Кастусь падыйшоў бліжэй да брамы. Цяпер пачаў разьбіраць ужо асобныя словы. Але ўсё неяк ня мог дайсьці да сэнсу гэтых гаворак.

Сьвятло ручнога ліхтарыка бездапаможна бегала па верхніх перакрыцьцях весьніцаў, дарэмна спрабуючы адшукаць нумар дому. Да гаворкі ўсё часьцей пачала дамешвацца адборная лаянка са слоў спрадвечнага расейскага «мату».

- Што ім патрэбна? Каго яны шукаюць? - зацікавіўся Кастусь і рушыў да брамы насустрач незнаёмым. У гэтую часіну яму й на момант не прыходзіла думка, што гэта могуць якраз шукаць яго. Ён проста кіраваўся жаданьнем дапамагчы людзям у нейкіх цяжкасьцях, што нечакана ў начы напаткалі іх.

Адчыніўшы весьніцы ды сьмела высунуўшыся на другі бок, ён заўважыў дзьве шэрыя ў мораку постаці.

- Прабачце, таварышы, каго вы шукаеце? - ветлівым нягучным голасам запытаў ён.

- А вы хто будзеце? - заміж адказу запытаўся бліжэйшы зь іх, і яны абодвы падаліся да Кастуся.

Толькі тут Кастусь пабачыў, што гэтыя людзі былі апранутыя ў надта добра знаныя яму ўжо даўно цёмна-зялёныя мундзіры. Іх галовы аздаблялі сіня-зялёныя высокія шапкі з чырвонай акаймоўкаю навокал.

Сьведамасьць таго, зь кім мае справу, няпрыемна кальнула яго й дзесьці ў сярэдзіне захаладзела. Аднак устаяў, ня даючы яшчэ й найменшае веры, што гэта па яго.

«Мала чаго яны шукаюць у такі час. Ці мала ёсьць людзей на гэтай вуліцы? А гэта-ж звычайны для іх працы час», - заспакойваў сябе Кастусь.

«Можа гэта толькі нагляд за тым, каб зацямненьне праводзілася так, як належыць?» - падумаў ён.

- Я тутэйшы жыхар гэтага дому. Выйшаў, пачуўшы вашыя галасы, каб дапамагчы.

- Як прозьвішча?.. Імя?.. Зь якой кватэры?..

Атрымаўшы адказ, ды не знаходзячы мусіць лепшых словаў, каб распачаць выкананьне свайго заданьня, яны, як згаварыўшыся, абодвы накінуліся на яго са словамі дакору за быццам-бы парушаныя правілы зацямненьня.

Пачуўшы гэтыя закіды, Кастусь яшчэ больш пасьмялеў. Ён добра ведаў, што ягоныя вокны зусім добра былі пазавешваныя тоўстымі ватнімі коўдрамі (адмысловае сіняе паперы яшчэ не пасьпелі здабыць для гэтае мэты). Акрамя таго, знадворныя вокны, што на вуліцу, пазачыняныя на ваканіцы. Ды дарэчы ўжо прайшло колькі часу, як ён наагул вылучыў сьвятло. Так што ніякай і адзнакі, ня то што самога праменьчыка сьвятла, не магло паказвацца навонкі зь ягонае хаты. А суседзі з двух іншых кватэраў доміку ўжо даўно спалі й ніякага сьвятла не было ўлучана. Што за ліха іх змушае чапляцца да таго, чаго няма.

Вось-жа ў той момант ён усё яшчэ не здагадваўся, у чым палягала прычына іхняе візыты. Ён толькі рашуча запярэчыў, цьвердзячы, што тут якраз у яго ўсё ў парадку. І вокны завешаны, і сьвятло ня ўлучана.

- Можна зайсьці да вас у кватэру? - азваўся адзін зь іх, відаць старэйшы.

- А як-жа, калі ласка, заходзьце, - прапанаваў ён, паказваючы рукой кірунак.

Кастусь пайшоў першым паказваць ім дарогу ў ягоную хату. Яны йшлі за ім крок у крок. Штосьці было злавеснае ў постуку іхных ботаў па бруку на панадворку па дарозе ў хату.

Прагрукацелі яны за ім праз першую прыбудову да сенцаў, затым праз сенцы й нарэшце ўваліліся сьледам на кухню. Там, зірнуўшы на старога, як лунь, бацьку, што прачнуўся ад іхнага грукату і, улучыўшы сьвятло, жмурыўся ад ягонай рэзкасьці, не даючы яшчэ рады, што адбылося, пайшлі яны ў пакой цяпер без папярэдняга запытаньня дазволу.

Напалоханая маці, прыўзьняўшыся на ложку, толькі й пасьпела сказаць балючым голасам:

- Ужо, ужо прыйшлі...

Як-бы на нейкі час яна заціхла, спрабуючы ўцяміць, што з гэтага будзе. Неўзабаве яна пачала пры іх надзяваць на сябе вопратку.

Тут толькі, пры сьвятле, Кастусь убачыў іхныя прыпухлыя бледныя твары з няяснай ухмылкай. Старэйшы зь іх меў аж два ромбы на сваім каўняру і, відаць, быў у гэты адказны час мабілізаваны проста з габінэту сьледчае працы на гэтую апэратыўную, паважнейшую цяпер, працу вылоўліваньня «небясьпечных элемэнтаў». Ды й другі, прыдадзены яму на дапамогу, таксама, відаць, быў у нейкім чыне, бо меў кубікі на каўняры ды новенькі бліскучы галаўны ўбор паверх гладка прычэсаных і намазаных валасоў.

З прычыны поўнае мабілізацыі ўсіх апэратыўных работнікаў, прышлося самім сьледчым ды іхным практыкантам упрэгчыся ў гэтую чорную працу арыштоўваньня ворагаў. Не хапала ўжо для гэтае мэты ні чорных воранаў, ні звычайных аўтамабіляў, якімі ў спакойныя часы езьдзілі па сваіх ахвяраў.. Не з дабра пайшлі пехатой... ды яшчэ не радавыя, а самі афіцэры, гэтак багата расплоджаныя хуткім павышэньнем за выслугі ў гэтай катняй працы.

Зірнуўшы на зьбянтэжаную старую маці й ня хочучы выдаваць адразу мэты свайго неспадзяванага начнога наведваньня, старэйшы зь іх зноў пачаў з таго, што й каля брамы:

- Чаму ў вас зацямненьне не наладжана? Га?..

Кастусь ужо памкнуўся да вокнаў, каб давесьці, што яны ў іх зусім добра ўладжаныя... Але тыя раптоўна перайшлі на іншы тон:

- Давайце вашую зброю!.. - як з пісталета выпаліў другі.

Толькі тут Кастусю сталася зразумелай і яснай мэта іхнае візыты. Гэтыя словы маланкай прарэзалі ягоную сьведамасьць. Нешта важкае абарвалася ў сярэдзіне, і ўсё там захаладзела ў нейкім шчыпячым, цягучым, доўгім і млосным болю.

Сэрца пачало паскорана стукаць у грудзёх.

- Дык вось яно што! - адразу бліснула зразуменьне сытуацыі. - Гэта прышлі па мяне.

Ён добра ведаў, што патрабаваньне аддаць зброю - гэта стары выпрабаваны спосаб пачаць вобшук з мэтай арышту. Толькі маці яшчэ не разумела гэтага й зьдзіўлена запярэчыла:

- А якая гэта ў нас зброя можа быць? Што вы, адумайцеся, адвеку яе ня мелі.

- Мама, - перабіў яе Кастусь, - не пярэч, я табе мушу праўду сказаць. Мяне, бачу, палічылі небясьпечным і мусяць адаслаць далёка ў тыл паводле сёньняшняга ўрадавага загаду аб ізаляцыі палітычна-небясьпечных элемэнтаў. Ты ня турбуйся, нічога страшнага мне не пагражае, - з зразуменьнем, дзеля заспакаеньня маці, сказаў Кастусь.

Аднак для маці гэтая праўда прагучэла зусім не заспакойліва. Якраз яна й вярнула яе да сьведамасьці бесспагаднага лёсу, што зноў навальваецца на яе сям'ю. Яна пачала ўжо чуць не галасіць.

Тады ў службоўцах абудзілася нейкая спагада, відаць, праняло трохі й іх чужое няшчасьце. І, каб як уцешыць маці, абодвы пачалі яе запэўніваць, што нічога, усё выясьніцца, вернецца яе сын дамоў.

Выглядала, што часу яны мелі не багата, стараннага вобыску рабіць не маглі, бо трэба было йсьці шмат каго яшчэ арыштоўваць. Таму насьпех павярхоўна акінуўшы зрокам пакой, запатрабавалі пашпарт ды іншыя дакуманты. Кастусь схітрыў, - пашпарт даў, а вайсковы білет надумаўся ўтаіць, каб хоць што-небудзь на будучае захавалася. Сказаў, што на працы пакінуў, хоць ён і ляжаў за кнігамі тут-жа на стале.

- А што за кнігі маеце?

- Калі ласка, глядзеце, вось яны ўсе тут на стале, - упэўнена й сьмела прагаварыў ён. Ведаў, што на стале ў яго колькі кніжок найноўшых выданьняў у расейскай мове па моваведзе, якія ня могуць ніяк быць залічаныя да забароненых і ня могуць яго нічым скампрамітаваць нават у ваччу гэткіх пільных змагароў супраць усялякае крамолы й адхіленьняў.

І запраўды, яны толькі абыякава перагарнулі зь дзьве-тры першых, што трапілі ім у рукі ды адразу пакінулі займацца нявартасным зь іх гледзішча матэрыялам.

- А вы другое якое літаратуры ня маеце, старых выданьняў, беларускіх кніжак?

- Не, ня маю, - схлусіў Кастусь, бачачы іх сьпешку й неахвоту пароцца па куткох.

Падбадзёраны ўдачай з утоеным вайсковым білетам, ён спадзяваўся, што шукаць ня будуць. А ў самога аж ёкнула ў душы, бо ўраз прыгадалася яму цэлая паліца кніжак старых выданьняў і прыхованых на кухні высока пад самай стольлю, пад пажоўклай, укрытай густым пылам паперай, да якое ён сам ужо колькі гадоў не дакранаўся. Гэта там перахоўвалася шмат кніжак, набытых праз гады студэнцкага жыцьця, калі ён сьпяшаўся купіць кожнае беларускае выданьне, як-бы баючыся, што неўзабаве яго ня будзе - забароняць. А яно гэтак і было ад 1930 году. Не пасьпее кніга выйсьці, як у «Зьвязьдзе» або ў якой іншай газэце яе ўжо вінавацяць у нацыянал-дэмакратычным ухіле. Гэта значыла, што будзе яна неўзабаве забароненая. Справа толькі ў часе - пакуль бюракратычны апарат Наркамасьветы або Глаўліту выдасьць загад аб забароне. І кожны, сьведамы нацыянальных інтарэсаў з пачуцьцём болю за разбурэньне роднае культуры, сьпяшаўся купіць гэтую кнігу. Купіць, пакуль яшчэ яе не зьнялі з гандлёвых паліцаў ды як забароненую ня выкінулі на ўтыль-паперу.

Гэтак было з усімі акадэмічнымі выданьнямі калішняга Інстытуту Беларускае Культуры, пазьнейшай Акадэміі Навук Беларусі, або з творамі беларускіх пісьменьнікаў, якіх што два-тры гады арыштоўвалі групамі й кнігі якіх пасьля хутка зьнікалі з прадажы.

Кастусь не прапускаў ніякае нагоды, калі заводзілася якая капейка ці то ад свае студэнцкае стыпэндыі, ці то ад першых сваіх невялічкіх ганарараў, і абавязкава заўсёды з гораду да хаты прыносіў партфэль набіты даверху кнігамі.

А тады, калі лепшы беларускі літаратурна-мастацкі часопіс «Узвышша» разносіўся ў друку, як кулацка-буржуазны, але яшчэ разам з тым льга было на складзе танна купіць цэлыя камплекты яго за ўсе мінулыя гады, Кастусь не прапусьціў нагоды набыць яго. Аднаго разу заплаціўшы ў канторы за патрэбныя кнігі, пайшоў з квітанцыяй на склад.

Старэнькі вартаўнік адчыніў яму дзьверы ў якуюсь хлева-падобную будыніну ды прапанаваў падбіраць кнігі самому, - яму старому не да гэтага. Перад вачыма ляжала вялікая гара розных выданьняў без ніякага ладу й парадку. Відаць, ссыпалі гэта сюды, каб перадаць па часе на зьнішчэньне. Забалела ў Кастуся сэрца па гэтых здабытках роднае культуры. Узяўшы вялізарны мяшок, ён адабраў сабе спачатку поўныя камплекты. Тады набраў яшчэ боль і панёс мех дахаты.

- Няхай перахоўваецца, - думае сам, - на асалоду аматарам прыгожае літаратуры ў прышласьці. Нашчадкі будуць удзячныя за перахаваньне. Гэта-ж непаўторныя здабыткі нашае культуры, багацьці нашае нацыянальнае душы, россып дум лепшых сыноў нашага народу, ягонага цьвету.

Таму пазьней пазайздросьціць Кастусёвай калекцыі кніжак з беларусаведы маглі нават дзе-якія дзяржаўныя бібліятэкі, якія ў часы пагрому на беларускую культуру, у часе дзеяньня строгіх прадпісаньняў аб забароненых кнігах, панішчылі бальшыню сваіх кніжных багацьцяў.

У гады выгнаньня з бацькаўшчыны Кастусёў кнігазбор перахоўваўся ў ягоных старых бацькоў, невядомых афіцыйным колам асобаў. Таму пад пластом пылу й пад пажоўклай паперай праляжалі ў бясьпецы гэтыя цікавыя беларускія кніжкі.

Аднак на гэты раз агентам НКВД было ні да гэтага. Пацікавіліся яшчэ толькі, ці няма якіх трацкістаўскіх кніжак, але атрымаўшы адмоўны адказ, яны адразу перайшлі да фармальнае працэдуры. Перш прапанавалі суседцы з-за сьцяны прыйсьці за панятую й падпісаць пратакол вобыску. А тады загадалі Кастусю зьбірацца йсьці зь імі.

Тут толькі Кастусь успомніў, што яны мусяць паказаць афіцыйны ордар на арышт, ды запытаў іх пра гэта.

- Нічога, зьбірайцеся, хутка вернецеся. А калі ўжо так хочаце гэтага, дык калі ласка.

І яны, ня выпускаючы са сваіх рук, паказалі яму якісь цэталь паперы. Толькі й пасьпеў заўважыць друкаваны назоў, - «Ордер на Арест», а ніжэй чарнілам упісанае ягонае прозьвішча й імя, але гэтак нявыразна, што ледзь-ледзь можна было дадумацца, што гэта датычыць яго. Што да адрасу, то не пасьпеў ён угледзець сярод якіхсьці там знакаў.

- Вось падпішыце пратакол вобыску ды пойдзем, - сказаў старэйшы, - час ня церпіць.

Кастусь хутка прабег вачыма ўжо некалі добра знаёмую яму форму. Там было колькі балонак капіравальнай паперы пад ёю. Дрыжачай рукой зь нявымерным сумам у вачох неяк нязвычна доўга падпісваў ён гэты пратакол адмыслова для гэтай мэты прапанаваным хімічным алаўком.

Адну копію аддалі Кастусю. Мэханічна, нават не прыпамінаючы пасьля, як гэта было, нейкім інстыктыўным рухам паклаў ён яе ў споднюю кішэню свае камізэлькі, ды адразу пачаў зьбірацца ў дарогу. Ён ведаў, што іхныя заспакаеньні, што хутка вернецца - пустыя словы, якія яны гавораць кожнаму арыштаванаму, калі забіраюць яго з дому.

Папярэдняе дасьведчаньне падказвала яму, што вельмі й вельмі няхутка прыдзецца, калі наагул гэта й станецца калі-небудзь, пераступіць зноў гэты парог. Прад ягоным уяўленьнем стаялі даўгія этапныя шляхі, начныя допыты, азьвярэлыя твары канваераў і канцлягерных паганятых, гады прыгоньніцкае нявольніцкае працы дзесьці на далёкай халоднай поўначы.

Ён ведаў, чаго каштуе чалавеку паляжаць колькі месяцаў на каменнай сырой халоднай падлозе камэры папярэдняга ўвязьненьня ў часы сьледзтва.

Таму на гэты раз ён цьвёрда наважыўся ня выйсьці з хаты, дарма што лета, без зімовага ватняга паліто. Ён добра ведаў, якім яно будзе ратункам, калі будзе заступаць і коўдру, і матрац у бясконцыя дні й ночы папярэдняга зьняволеньня, даўгое дарогі на полках таварных вагонаў ды на жорсткіх нарах у лягерных бараках. На гэты раз ён не рабіў ніякіх ілюзыяў адносна прышласьці, ня цешыў сябе магчымай памылкай, што, можа, разьбяруцца й выпусьцяць. Ён ведаў, куды й для чаго яго забіраюць ўначы з ягонае хаты гэтыя людзі.

Тыя былі зьдзіўленыя зь ягонага прадугледжаньня. Старэйшы незнарок усьміхнуўся, калі адчуў, што Кастусь не дае веры іхным уцешлівым словам, аднак перашкаджаць ня сталі.

Узяў Кастусь яшчэ колькі параў бялізны. З сьлязамі на вачох маці сунула яму ў рукі клумачак з сухарамі ды цукрам, як-бы сумысьля прыгатаваным дзеля такога выпадку.

Наапошку маці ня вытрывала й залілася буйнымі сьлязьмі, яна пачала галошаньне на той вясковы лад, які можа ёй даводзілася чуць у маленсьцьве ў роднай вёсцы.

- А, мой-жа сынок, карміцель ты наш, уцеха наша адзіная, куды-ж яны цябе забіраюць ад нас старых, хворых, бездапаможных, чаму-ж яны адрываюць цябе ад нас ды на пагібель вядуць?..

- Мама, ня плач, дарэмна, не ад іх гэта залежыць. Загад загадам. Яны толькі выканаўцы. Гэта з гары ўказ вышаў - ізаляваць... Каб ня шкодзілі. Вось я й трапіў у гэты лік. Нічога ня зробіш. Трэба ператрываць. Можа калі спаткаемся. Цярпі. Трымай сябе, матулька, пакінь плакаць.

Гэта мала ўспакойвала маці. Адчувала ейнае сэрца, што можа назаўсёды забіраюць ад яе іхную адзіную надзею й уцеху, дзеля якое яшчэ можна й варта было ім жыць. Што-ж ім рабіць на сьвеце, калі яго ня будзе зь імі - адно гора ростані, калі й сьлёзаў ня выплачаш.

Перад разьвітаньнем да ейнага галошаньня далучыліся ўсхліпы старога бацькі, які да гэтага сядзеў на сваім тапчане як-бы анямеўшы, нібыта доўга не даходзячы да сэнсу ўсіх гэтых падзеяў.

Нязьмерна глыбокі жаль да сваіх пакіданых бацькоў агарнуў душу Кастуся.

- Чаму ім такі лёс? Яны-ж за сваё жыцьцё нікому нічога благога не зрабілі. А іх цяпер зноў пазбаўляюць апошняга сына.

У гэты момант ён зусім ня думаў пра сябе, не прыгадваў больш сваіх былых выпрабаваньняў. Ягоная існасьць пранялася цяпер нясьцерпным болем за тых, без каго ён - самотны, а без яго - яны нешчасьлівыя.

Пякучы глухі боль за сваіх родных выціснуў усе страхоцьці за сябе самога. Цяпер ён толькі бязустанку прыгаварваў, зьвяртаючыся то да бацькі, то да маці:

- Родненькія, не бядуйце, ня плачце, ня трэба, можа дасьць Бог, усё абернецца добра, і мы яшчэ пабачымся.

- Прабачце мне, калі чым-небудзь калі ўгнявіў вас. А я заўсёды буду думкамі з вамі, мае даражэнькія.

І ён падыйшоў да старога бацькі, абняў ягоную сівую галаву, ды пачаў горача цалаваць. Затым пацалаваў маці ў мокры твар, доўга ўглядаючыся ў яе поўныя гарачых сьлёзаў вочы. Яму й самому было цяжка ўстрымацца, каб не заплакаць. Ён адчуваў, як комам цісьне жаль у сярэдзіне, і як у самога на вочы міжвольна набягаюць сьлёзы.

Перад растаньнем маці яшчэ мацней загаласіла наўзрыд ды ўскінула рукі яму на шыю.

- А мой-жа ты родненькі, даражэнькі сыночак... мусіць ня ўбачу я цябе больш... Забіраюць ад нас... забіраюць...

Яна гэтак ахапіла ягоную шыю, што канваеры ня сьцерпелі й пачалі адрываць яе сілком ад Кастуся.

- Выходзьце, даволі!.. - крыкнулі яны разам на яго.

Не адрываючы вачэй ад упаўшае на падлогу маці, якая сударгава білася ў канвульсіі, і яшчэ больш узрушанага й бездапаможнага бацьку, што далей сядзеў ня ведаючы, што рабіць яму ў гэтай складанай сытуацыі, Кастусь пераступаў за парог свае роднае хаты.

А на двары, як і над усёй зямлёю віднела ўгары тое-ж бяздоннае неба, усыпанае карункамі зоркавага россыпу. Скрозь адчуваўся непарушаны спакой, панавала цішыня летняга перадсьвітаньня. Усё спала перадранішнім непрабудным сном... Ня чуваць было яшчэ птушынага сьпеву... Толькі шчабятаньне конікаў у садох усьведамляла, што жыцьцё не памерла й за якіх колькі гадзінаў зноў прабудзіцца да снаваньня свае адвечнае песьні.


Загрузка...