На золаку Кастусь прачнуўся. Птушынае рознагалосьсе поўніла навакольле. Ён ляжаў і думаў пра свой лёс, пра сьвет, пра жыцьцё. Думаў і пра свае кнігі. Ён іх марудна зьбіраў, ратаваў ад зьнішчэньня, а цяпер усё загінула ў вагні. А былі-ж гэта й «Гісторыя беларускага мастацтва» Шчакаціхіна й акадэмічныя выданьні М.Багдановіча, А.Гаруна, выданьні Інстытуту Беларускай Культуры. Былі творы беларускіх дзеячоў часоў адноснага лібэралізму, калі яшчэ можна было выдаць сёе-тое навуковае без аглядкі на ідэялёгію. Там былі, бадай што ўсе творы ранейшых маладнякоўцаў ды ўзвышэнцаў. Былі рэдкія рукапісы неапублікаваных ды забароненых твораў... Агонь зьнішчыў усё... Але зь лёсам трэба пагадзіцца. Трэба неяк пачынаць жыцьцё спачатку...
З гэтымі думкамі Кастусь падняўся, за ім усталі бацькі. Гэтак ажыла разбураная пажарам мясьціна й пачаліся звычайныя дзённыя турботы. Маці расклала агонь і між двума каменьнямі на жэрдцы павесіла імбрычак з вадой, каб заварыць гарбаты. Бацька тупаў больш для фатыгі каля сухароў. Неўзабаве сямейка пачала сьнедаць. Гаркавая гарбата ды сухары выдаваліся вялікім прысмакам. Наступіла летняя раніца. Паказаліся людзі. Адны шукалі сваіх родных, іншыя ішлі на пошукі чагось пажыўнага. Ля Кастуся спыніўся чалавек з партфэлям. Ён выглядаў разгубленым і галодным. Яго запрасілі на гарбату. Незнаёмы з радасьцю прыняў прапанову. Ён жадліва паглынаў запіваны гарбатай сухар і апавядаў, што ён уцёк з свайго навукова-дасьледчага Інстытуту ў часе бамбардыроўкі места й з тога часу блукаў за местам. Пасьпеў захапіць толькі сваю працу ў партфэлі, і ад тога часу ня быў дома. Ня ведае, ці стаіць той дом, дзе ён жыў на прывакзальнай вуліцы. Людзі казалі, што ўвесь той раён згарэў. Расказаў ён Кастусю, што немцы ўсіх дарослых мужчын зьбіраюць на полі каля Драздоў. У месьце расклеяны абвесткі, што мужчыны ад шаснаццаці гадоў і да 60-летняга веку мусяць ісьці да тога месца. Хто ўхіліцца, таму пагражае сьмерць. Такі загад ваеннае камэндантуры.
- Выглядае, што й мне прыйдзецца ісьці, калі такі загад выдалі, - сказаў Кастусь. - Баюся толькі аднаго, каб не пагналі тых людзей у Нямеччыну, як палонных.
- Як-бы там ня было, але калі загад такі выдалі, значыць трэба ісьці, пакуль ліха перамелецца, - сказала маці, шкадуючы сына.
Счакаўшы, Кастусь схадзіў на рог вуліцы Максіма Горкага й сам прачытаў той загад. Загад выдаваўся вельмі суровым: за непадначаленьне адна толькі кара - сьмерць. «Трэба йсьці, іншага выхаду няма. Нельга адразу быць непаслухмяным, бо з вайсковаю ўладаю жартаваць цяжка», - наважыўся Кастусь ды вярнуўся да бацькоў. Яму было шкода іх, бо ня мелі кватэры, а дапамагчы ім ня было калі. Ён ня ведаў калі вернецца назад, можа гэта й зацягнуцца. Прыдзецца ім самым даваць сабе рады ды шукаць лепшы прытулак. Кастусь абняў маці й пацалаваў яе ў мокры твар.
- Ня доўга цешылася, бо кароткім выпала нашае спатканьне, - сказала маці. - Ну, але дапамажы Божа, каб усё было добра. Каб вярнуўся бяз шкоды. Маці Божая, абараняй майго сына!
І яна ізноў прыціснула да грудзей сына й пацалавала. Бацька наводалі сядзеў панурым. Кастусь разчулена разьвітаўся зь ім і пайшоў на вуліцу. За ім засталіся пагляды заплаканых вачэй бацькоў.
Ня доўга Кастусю прышлося быць вольным чалавекам. На былой Аляксандроўскай вулцы немцы ўжо гналі вялікую калёну такіх зьбіраных з усіх куткоў места мужчын. Яшчэ здалёку нямецкі канваер даў знак Кастусю, каб далучаўся да калёны. Калёна рухалася хутка, але гэта не перашкаджала немцам бясконца гарлапаніць: «Шнэль, шнэль, шнэль!» Людзі й бяз гэтага ледзь ні беглі, бо канваеры паслугоўваліся ўжываньнем прыкладаў сваіх стрэльбаў...
Якое-ж было зьдзіўленьне, калі людзей праз Пярэспу па дарозе ў Дразды падвялі да нізкага рэчышча Сьвіслачы, дзе ў вялікай, як вокам сягнуць лукавіне, на мокрым сподзе сядзелі й ляжалі ўжо тысячы такіх, як яны людзей. Загналі й іх у гэтую масу. Людзі ляжалі хто на чым. Адны прымайстраваліся на коўдрах або нечым іншым, але большасьць сядзела на зямлі ў тым, у чым яны трапілі сюды. Відаць, найгорш прыходзілася людзям ноччу на гэтым балотным тарфяным полі. Аднак, больш уражала тое, што большыня людзей была галодная. Людзей сабралі сюды, але есьці не даюць. Некаторыя прынесьлі ежу з дому, але большасьць аб гэтым не падумала. Нятутэйшым было найгорш, ім ня было ніякае дапамогі. Іншым сваякі прыносілі ежу, але знайсьці свайго чалавека ў такім натоўпе ня было так проста. Трэба было выгукваць прозьвішча іншы раз даволі доўга.
Гэтак здарылася й з маці Кастуся. Ён даведаўся толькі праз гадзіну або дзьве, што ягонае прозьвішча дзесьці выгукаецца. Адшукаў маці зь цяжкасьцю, бо гэта было ня так проста ў такім скапленьні людзей. Маці прынесла збанок зупы й хлеба. Яны ўселіся на грудок, і Кастусь пачаў сілкавацца. Хутка маці трэба было вяртацца дамоў, і ці хочаш, ці ня хочаш, прышлося разьвітацца.
Па некім часе Кастусь прайшоўся праз усю даўжыню тае лугавіны й апынуўся ля ракі. Ніжэй плыла тая самая рака, якую ён любіў зь дзяцінства. Па той бок ракі хадзілі канваеры, пільнуючы інтэрнаваных. Але на гэтым беразе некалькі асоб плюхалася ў вадзе на жоўтым чыстым жвіры. Канваеры, здавалася, не зьвярталі на іх увагі. Кастусь таксама наважыўся апусьціцца ў воду. Нейкі мужчына, відаць, задалёка забрыў на той бок ракі, і канваер выстраліў па ім. Зірнуўшы на канваера, Кастусь хуценька вылез на бераг ды падаўся ад тога небясьпечнага месца. «Ліха ведае, што можа прыйсьці ў голаў таго канваера. Проста можа захацецца паказаць сябе гаспадаром-пераможцам і даць волю свайму жаданьню забіць нейкага «унтэрмэнша». Лепш далей ад бяды. Беражонага Бог беражэ!» - думаў Кастусь...
Вярнуўся на тое самае месца, дзе праседзеў ноч і раніцу. Недалёчка гурт людзей слухалі чалавека, які даводзіў, што нацыянал-сацыялізм - найноўшая й самая прагрэсыўная партыя ў сьвеце. Яна прапагуе справядлівасьць у Эўропе ды хоча пакласьці канец панаваньню плютакратаў і бальшавікоў. Канец бальшавізму ўжо відавочны...
Кастусь глянуў у твар прапаведніку новае ідэялёгіі, і аж зьбянтэжыўся. Ён адразу пазнаў тога самага «таварышча» Вечара, які згуляў ролю правакатара яшчэ ў канцы трыццатых гадоў. Гэта тады Вечар быў перакінуты ГПУ з Бабруйска ў Менск студэнтам Беларускага Пэдагагічнага тэхнікума, дзе ён выдаваў сябе за прыхільніка апазыцыйных групаў, уваходзіў у давер студэнцкай моладзі, каб вынюхваць іх думкі ды даносіць у ўстанову з трох літараў. Гэта ён прычыніўся да пазьнейшага арышту й выгнаньня Кастуся. Пазьней ён працаваў у Беларускім Унівэрсытэце, дзе выконваў сваю каінаву работу да самай вайны. А цяпер ён выступае прапагандыстам новай ідэялёгіі. Ёсьць-жа на сьвеце такія шэльмы й нягоднікі... І Кастусь пастанавіў трымацца далей ад такіх Хрыстапрадаўцаў...
Адышоўшыся далей, Кастусь усеўся сярод мірнае групоўкі людзей і моўчкі наглядаў навакольле. Зусім нечакана зьявіўся малады немец у чорнай форме з рэвальвэрам на баку. Гаварыў ён крыху па-расейску. Спыніўшыся недалёка ад Кастуся, ён пачаў расказваць аб прывабнасьцях жыцьця пасьля нямецкае перамогі. Гутарка яго была зласьліва-нахабнаю. Потым ён дастаў наган і прыўзьняў яго высока над галавой, а затым хуценька апусьціў яго й выстраліў наўздагад у натоўп людзей... Безадказнасьць за жыцьцё людзей была відавочнаю... Адважны ваяка пайшоў... Людзі акружылі маладога чалавека з прабітаю нагою. Ніжэй калена цякла стужка крыві. Нехта перавязаў рану хустачкай. Ні бінту, ні ёду тут ня было. Прышлося раненаму аддацца на волю лёсу...
«Гадкі чалавек, - падумаў Кастусь і пайшоў бліжэй да выхаднай брамы. - Дабра тут не дачакаешся. Трэба прыгледзіцца, ці няма якога ратунку з гэтага хаосу». Падыйсьці да брамы было ня лёгка. Сотні людзей ціснуліся да выхаду... А там, на драўляным узвышэньні немец ломанай расейскай гаворкаю выкрыкваў:
- Каторі тут немці, будіт выходзіл вперёд. Немці, каторі немці, на свобода...
Кастусь зразумеў, што гэта выпускаюць людзей нямецкага паходжаньня. Аднак такіх было мала... Некаторых Кастусь пазнаў. Ніколі ня думаў, што яны немцы. Выглядалі яны тут такімі-ж абдзёртымі й жалю годнымі, як і ўсе іншыя.
Кастусь абіваўся каля брамы мусіць з гадзіну. Ажно чуе, што выклікаюць ізноў кагосьці. Ён прыслухаўся. Выклікалі вадаправодчыкаў. Ён ужо раней заўважыў, што праверка павярхоўная. Адважыўся назвацца вадаправодчыкам. «Абы выбрацца адсюль. А калі прыдзецца працаваць вадаправодчыкам, буду працаваць і ад іншых вучыцца». А немец усё выкрыкваў:
- Каторі труба чыніль, будзіт выходзіль. Каторі труба чініль, ідзі тут...
Аднак, выходзіла мала. Відаць, ня было тут вадаправодчыкаў. Кастусь дайшоў да брамы й назваўся. Яго прапусьцілі за браму. На полі за брамаю можа з дзесятак «спэцыялістаў» таўкліся ў чаканьні. Канваер у чорнай форме адвёў усіх у бок і пачаў правяраць дакуманты. Кастусь меў толькі вайсковы білет, бо пашпарт забралі пры арышце. У ім чорным па белым у графе аб прафэсіі было напісана: навуковы работнік. Кастусь баяўся, што выявіцца хлусьня. Але немец ня вельмі ўчытваўся. Зірнуўшы на дакумант, ён хутка вяртаў яго собсьніку. Затым паставіўшы ўсіх у шарэнгу, загадаў ісьці ў бок места. Усе рушылі ўперад. Праз колькі часу агледзеліся, што іх ніхто не праводзіць. Ступілі яшчэ колькі крокаў калёнаю, а затым рассыпаліся, і кожны пайшоў сваёй дарогай дамоў.
О, як прыемна было Кастусю ізноў адчуць сябе вольным. Ён ішоў Пярэсьпінскай вулкай у места й нібыта чымсьці ганарыўся. Чым, ён і сам ня ведаў. Адчуваў сябе нібы прывілігаваным... Жыхары Пярэспы выглядалі з-за весьніцаў сваіх домікаў і пыталіся, ці ўжо выпускаюць інтэрнаваных. Кастусь казаў, што толькі спэцыялістаў... А рэшта яшчэ за агарожаю... Кастуся бязьмежна радавала адчуваньне волі й жыцьця наогул. Моцна пахла цьвітучым язьмінам. Вочы ўбіралі рознакаляровыя фарбы кветак. Навокал усё выдавалася такім звычайным і штодзённым. Малыя дзеці безтурботна гулялі на вуліцах. «Трэба жыць, ізноў змагацца трэба за лепшую долю народу, за тыя ідэялы, якімі значылася ягонае маладое жыцьцё на пачатку жыцьцёвай дарогі», - думаў Кастусь, ідучы дахаты. А хаты ў яго цяпер ня было. «Ды дарма, што няма дзе жыць, але ёсьць ідэя. Можа цяпер удасца аднавіць Беларусь ды здабыць ёй дзяржаўнасьць», - разважаў Кастусь падыходзячы да свайго пажарышча. Бацькі чакалі яго кожную хвіліну, бо разьнесьліся чуткі, што немцы пачалі звальняць людзей ды адсылаць іх дамоў.
Радасьці не было канца, хоць і прыходзілася начаваць пад голым небам. Радасьць напаўняла сэрцы й Кастуся й ягоных бацькоў...