Заранак на ўсходзе здавалася абяцаў тому аўторку цудоўны летні дзень. Ён не хаваў ў сабе нічога таямніча-трывожнага й зусім не пасаваў да тых насьцярожана-няпэўных прадчуваньняў, якімі жыло насельніцтва гэтага, прыбітага навінаю вайны, места. Менск яшчэ спаў цяжкім і ад позьняе стомы непрабудным сном, калі чэрвенскае сонца пачынала паволі ўсё вышэй і вышэй уздымацца над зубчастымі спадамі ўсходніх лясоў і ружовіць шчарбатыя сьцены камяніцаў вясёлым адбіткам сваіх зырка-іскрыстых, гарэзьлівых праменьняў.
Колькі першых тоненькіх праменьчыкаў прабіліся праз вузкую шчыліну камэрнага вакенца й пачалі павольна рухацца па шурпатай, скрозь у дзюрках, бруднай сьцяне пад стольлю. Кастусь прачнуўся першым. Цяжкія павекі нейкі час не слухаліся й доўга заставаліся апушчанымі на змучаныя бяссоньнем вочы. Цяжкі тлум стаяў у галаве. Быццам нейкая сьвінцовая заслона залягла пад чэрапам, сьвідравала мозг і затуляла Божы сьвет. Балела ў патыліцы. Дрыготка-востры нэрв стукаў у скроні. Кастусь намагаўся пераадолець цяжар апушчаных павекаў. Ён павольна расплюшчыў вочы, і адразу ягоны погляд прыцягнула да сябе блакітнае прадоньне неба, якое віднелася праз ваконную фортку ўгары. Ніводная хмарка не зацяняла нябеснае сіні. Яно зырчэла ў далячыні бяздонным пералівам аднае чыстае фарбы й цешыла зрок спакусамі вечнае прыгажосьці. Палетняму гарачае сонца ўжо надавала яму лёгкае празрыстасьці й рабіла яго радасным у адчуваньнях кожнага сузіральніка, не кранутага людзкою бядою. Блакітнае неба клікала да адвечнае красы й спакою. На момант, здавалася, чалавек тады забываўся аб той скрусе, што ўжо трэці ваенны дзень неадступна скрабла цяжкімі згрызотамі душу чалавека.
Кастусь доўга ляжаў на падсьцеленым пад бок паліто. Ён стомлена глядзеў на асьветленую пасмамі сонца шчарбатасьць сьцяны, на плахтачку сіняга неба, на камэру, на бледныя твары яшчэ сьпячых на доле людзей і думаў аб неспадзяванасьцях людзкога лёсу. На ягоных вачох сонечны прамень на сьцяне значна абнізіўся, пакуль ён павольна ўзважваў перагасы свае горкае долі. Неўзабаве адзін за другім пачалі прачынацца й іншыя небаракі. Незадоўга ў камэры загаманілі. Людзі прыўздымаліся з каменнага долу й ужо седзячы або стоячы даходзілі да зразуменьня свайго становішча. Не хацелася ні аб чым гаварыць. Ня было чым цікавым дзяліцца зь іншымі. Цяжкія думы поўнілі голаў зьняволенага. Кожны толькі тое й рабіў, што акідаў трывожнымі вачыма іншых, пераводзіў пагляд на ваўчок у дзьвярох, затым журботна прыліпаў зрокам да сьвятла блакітнае палонкі ўгары. І толькі там кожны адчуваў нешта сьветлае й ачышчальнае, што лучыць яшчэ душу з жыцьцём і не дае памерці чалавечым спадзяваньням. Кожны верыў, што нешта мусіць здарыцца такое, што зьменіць няпраўду на праўду, прынясе жаданую волю й канец цярпеньням. Толькі там, за вакном, дзе шумеў жыцьцёвы прыбой, бытавала канечнае шчасьце кожнага. Там засталіся пакутваць, можа яшчэ больш, чым тут за кратамі, іхныя родзічы, дзеткі, жонкі, браты ды сёстры. Кожны зьняволены трымаў у сваёй уяве вобраз найдаражэйшых, пакінутых самотнымі на выпрабаваньні долі. Трывога міжвольна выдзялялася вонкі й клала разоры на задумныя твары прыціхлых нявольнікаў.
Кастусю прыгадаліся словы калішняга сябры па няволі з 1933 году. Тады той выказаўся, што каб якая-небудзь сіла раптам вызваліла ўсіх з вязьніцы й дала кожнаму ў рукі зброю, дык зь якім-бы натхненьнем і энтузыязмам кожны змагаўся супраць сваіх панявольнікаў. Цяпер думка гэтая зноў прыйшла ў голаў Кастусю й ужо на гэты раз як ягоная собская, падмацаваная новымі выпрабаваньнямі. «Эх, каб турэмная брама раптам рашчынілася, а народ пачаў разьбіраць зброю з вайсковых складаў - вось тады крышыў-бы гадаўскія чарапы апрычнікавых галоваў. Ні адзін нявольнік зазнаў-бы смаку помсты справядлівага народнага гневу. Дазналіся-б тады каты, чаго яны вартыя. Пайшлі-б полымям і дымам угару ўсе катавальні й шыбеніцы. Дрыжэлі-б усе ахоўнікі інквізыцыйнае машыны», - лунала ў сьмедамасьці Кастуся.
Не пасьпеў ён закончыць свае думкі, як раптам над местам трывожна й працягла загулі дзесяткі сырэнаў. Супрацьпаветраная абарона азвалася безьліччу фабрычных гудкоў. Яны настырліва раўлі з усіх бакоў і нараджалі дакучлівыя думкі. Папераджаючы аб набліжэньні нямецкіх самалётаў, яны сваім няроўным пранізьлівым выцьцём паглыблялі нядобрыя прадчуваньні й сеялі ў душы чорны сум.
За колькі хвілінаў у блакітнай вышыні нябеснага прадоньня пачалі лунаць бялявенькія, злучаныя ў купкі, самалёты. На вышыні яны выглядалі чарадою асьветленых сонцам птушак, што ўзьняліся ў паднябесьсе, каб там трымацца свае дарогі ў вырай.
«Але чаму-ж яны ня трымаюцца аднаго кірунку, а ўсё зноў і зноў вяртаюцца на свой, ужо пралятаны колькі часінаў таму, шлях, нібы яны лунаюць уздоўж пэўнага кола?» - думаў Кастусь, дзівячыся на іх скрозь вакенную палонку. І якраз у той момант, калі яны зноў пачалі быць бачнымі скрозь гэты адзіны выхад у нябесны сьвет з камэры, колькі самалётаў пачалі адрывацца ад свае чарады й імкліва кідацца ўніз. Пачуўся моцны гул матораў, што жорстка рваў паветра й набліжаўся да зямлі. Затым з агульнае мешаніны гулу выразна вылучыліся тоненькія й даўгія посьвісты паветра. Яны адзін па адным праразалі празрыстую прастору, а за імі неўзабаве калацілася зямля, дрыжэлі камяніцы й паветра поўнілася магутнымі выбухамі.
Пасьля кожнага ўздрыгу зямлі пад нагамі чуліся глухія ўзрывы й вывараты. Дзесьці важка рушыліся камяніцы, а над усім уздымаўся дым, зьмешаны з пылам вапны. Ад здрыгаў закалаціліся таксама турэмныя сьцены, з гары пасыпаўся пясок. Камэрнікі паселі ў кутох і не адрывалі вачэй ад бачанага кавалачка неба.
«Дык дзе-ж тая хвалёная супрацьпаветраная абарона, якой пратрубілі вушы? Як прышлося, дык нідзе ніводнага савецкага самалёта й сьледу ня відно. Адны немцы поўныя гаспадары ў небе. Вось яна, праўда, а ні прапагандовая мана! - думалі ў гэты час зьняволеныя, і ці адны толькі яны. - Хіба аднымі гудкамі й трывогамі выратуешся ад варожае навалы, што несла з гары сьмерць і разбурэньне няшчаснаму месту».
На блакітнай раўніне па часе зноў паказалася такая-ж чарада бялявенькіх бліскавак. Яны ляцелі проста ў кірунку турмы. За момант яны зьніклі з абмежаванае рамкаю вакна нябеснае прасторы. Толькі гул матораў ставаўся што-раз мацнейшым. Нарэшце гул гэты ўжо вычуваўся проста над галавою. І тут адзін з самалётаў рэзка адарваўся ад іншых і куляю пачаў зьніжацца. Пачуўся кароткі сьвіст, які перапыніўся цяжкай трасянінай і магутным выбухам недзе тут, зусім поблізу ад Кастусёвай камэры. Моцна задрыжэлі й нібыта адразу пайшлі ў лукаткі камэрныя сьцены. Падлога закалыхалася. Са сьценаў і столі пасыпаўся пясок і пыл. У камэры стала душна й туманна. Усе кінуліся на дол, прабуючы ўхапіцца за каменны спод камэры, як за нейкі ратунак.
У першы момант Кастусю здалося, што бомба трапіла проста ў іхны будынак. Пылам пачало затыкаць нос, вочы й вушы. Яго багата насыпалася за каўняры кашуляў, асела на стрыжаных галовах, ён забраўся і ў кішэні ды ў кожную дзірку вопраткі. Колькі часінаў усе ляжалі зьбянтэжаныя, ледзь бачныя адзін другому. Калі па часе сьціх гул самалётных матораў і ў месьце сырэны адгулі адбой, пачалі ўздымацца й гэтыя людзі. Адны, стоячы, атрасаліся ад пылу й пяску, іншыя рабілі гэта на кукішках або падагнуўшы ногі, седзячы на сваім барахле, а хто яго ня меў - проста на цэмэнтным сподзе. Усе маўчалі. Гаварыць ня было патрэбы. Кожны адчуваў тое-самае, што й іншы. Страх мяшаўся з пачуцьцём няўлоўнай радасьці, што на гэты раз ліха праняслося. Знадворная панурасьць прыхоўвала ўдзячнасьць лёсу за тое, што ён пакуль-што зьлітаваўся над імі й не зачапіў іх сваёю сьмяротнаю ліхаманкавасьцяй.
У той дзень было яшчэ колькі варожых налётаў на Менск. Кожны раз усьлед за трывожнымі гудкамі неба блішчэла серабрыстымі птахамі, што пасылалі на зямлю полымя, гул выбухаў і сьмерць. З розных частак вялікага места глуха даносілася водгульле жахлівых насьледкаў бамбардаваньня. У турме праз дзьверы камэраў даходзілі гукі якіхсьці незразумелых рухаў і бясконцыя шорганьні. На час, калі ў месьце ўсё заціхла, выразьней чулася рознагалосая людзкая гаворка, зьбянтэжаны рух канваераў у турэмных калідорах. Выглядала, што адбылося штосьці надзвычайнае. Сваёй невядомасьцю яно выдавалася зьняволеным чымсьці таемным і нязвычным. Нават ваўчок у дзьвярох, які дагэтуль адчыняўся канваерам бадай-што кожную чвэртку гадзіны, цяпер не адчыняўся. Відаць, было ні да гэтага. Рухі за дзьвярыма набывалі характар нейкае суматохі й неразьбярыхі. Чаканага абеду гэтак ніхто й ня прыносіў. Зьдзіўленымі паглядамі ўзіраліся адзін другому ў вочы зьняволеныя, быццам стараючыся прачытаць у іх адказ на пытаньне, што хвалявала й мучыла ўсіх і кожнага паасобку.
Апаўдні зьняволеных апанаваў нясьцерпны неспакой. Дзеля таго, што зірканьне праз вакенца з падлогі не давала значнейшага ўяўленьня, што тварылася вонкі, адважыліся падсадзіць кагось, каб лепш змог пабачыць ход справаў. Кастусю, як маладзейшаму й лягчэйшаму, першаму выпаў чарод на чужых сьпінах прыўзьняцца да самага вакенца. Перад ягонымі вачамі адразу паўстаў нязвычны малюнак: зьлева гарэў будынак былога Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытуту, ператворанага перад вайною ў Кіраўніцтва Заходняе Вайсковае Акругі. Відаць, немцы мелі дакладныя весткі аб характары працы ў гэтым будынку, калі ўжо на самым пачатку вайны лучылі запальную бомбу проста ў самы ягоны сяродак. Высокі слуп дыму стаяў над вялікімі языкамі чырвонага полымя, што лізалі яго з усіх бакоў. Вакол віднеліся разьбітыя камяніцы з пабітымі шыбамі.
Малюнак разбурэньняў глыбака ўразіў Кастуся і ўпяршыню даў уяўленьне аб жахах вайны. Пасьля дзівіліся іншыя, і кожны злазіў назад сумны й утрапёны. Падзеі ўва ўсёй сваё жудасьці паўставалі ўва ўяўленьні кожнага. Усе адчулі, што вайна тоіць у сабе непрадбачаныя выпрабаваньні. Панурыя думкі скавалі ўсіх у бязнадзейнае маўчаньне.
Даўно мінуў поўдзень, а чаканага падмацунку гэтак і ня было. Недзе каля чацьвёртае гадзіны першы раз за дзень, людзей вывелі ў прыбіральню. Смурод і забруджанасьць давалі знаць аб тым, што ў турме не працавала каналізацыя, ня было вады. Звычайна асьветленыя калідоры, на гэты раз былі ў мроку. Турма была адрэзаная ад крыніцы электрычнага сьвятла. Праз вокны з прыбіральні ўсім яшчэ больш выразна паўстаў абраз нанесенага разбурэньня. У дамох чарнелі павыбіваныя шыбы вокан, тырчэлі шкілеты разбураных камяніцаў.
Неўзабаве зноў усе апынуліся ў камэры. Смага змушала марыць аб вадзе. У кожнага перасохла ў роце й на думцы было адно, каб глынуць якое вадзіцы. Гэта параджала абыякавасьць да падзеяў навокал. Цікавасьць да іх толькі крыху ажывіў пад вечар укінуты ў камэру сьвежы чалавек з волі. Яго толькі-што арыштавалі, як колішняга трацкістага. Яшчэ з гадзіну назад ён ішоў вуліцай, на якой жылі бацькі Кастуся. Ад яго Кастусь і даведаўся, што ярказ той бок вуліцы, які яго асабліва цікавіў, гарэў. Ад запальных бомбаў, скінутых на вайсковыя кашары ў Чырвоных камяніцах, насупраць Сьцяпанавага саду, загарэўся ўвесь той драўляны раён. Вецер гнаў агонь да Аляксандраўскай і Шырокай. Полымя пасоўвалася і ўздоўж аднаго боку вуліцы й дайшло аж да Сэмінарыі. А там на рагу якраз і жылі ў драўляным дамку ягоныя бацькі. Кастусь заціскаў нявагаю збуджаны боль. Перастаў распытвацца. Адылі чалавек яшчэ доўга апавядаў аб здарэньнях на вуліцах места. Гаварыў аб тым, як маладыя хлопцы ловяць падазроных асобаў і выдаюць іх за шпіёнаў, як асобаўпаўнаважаныя Службы Бясьпекі вядуць іх у завугольле й страляюць бяз суду й разбору. Апавядаў пра выпадак, калі ён сам выратаваў аднаго знаёмага, да якога прычапіўся хлапчук, што той нібы нятутэйшы й выклікае падазрэньне, ці не нямецкі шпіён ён. Толькі ўмяшаньне расказчыка й ягонае сьведчаньне, што ведае гэтага чалавека, як жыхара Менску, выратавала таму жыцьцё. Чалавек быў яшчэ дужым, з нерастрачанымі ў змаганьні са сьледчымі сіламі. Ягоная гаворка, відаць памагала яму пераадольваць горкую сьведамасьць свайго становішча. Ён яшчэ доўга стараўся займаць увагу сяброў па камэры апавяданьнямі аб масавых падпалах у месьце, што прыпісваліся нямецкім шпіёнам. Ад сябе ён ціхенька дадаваў, што бачыў адмысловыя камсамольскія й піянэрскія групы, што расплыліся па ўсім месьце з запальнымі матэрыяламі й, на адмысловы загад партыі, запальваюць буйныя дзяржаўныя будынкі. Ён сам бачыў, як хлопец і дзяўчына праз адчыненае вакно аблівалі памешканьне бэнзінаю й кідалі туды запаленыя сярнічкі. У іншым мейсцы школьнікі кідалі ў будынкі абмочаныя ў газе, палымеючыя скруткі бавоўны. І гэта тады, калі яшчэ з раньня меў моц загад усім выходзіць на працу, як звычайна. Ужо пасьля ранішніх і дзённых бамбардаваньняў і паўсюдных пажарах і забурэньнях, установам загадалі апавесьціць усіх службоўцаў, што яны мусяць зараз-жа й неадкладна, не заходзячы да хаты, выходзіць зь места й кіравацца на ўсход па Маскоўска-Смаленскай або Магілёўскай дарогах. Гэтак пачаўся вялікі выхад насельніцтва Менску на ўсход, далей ад небясьпечнага поступу вайны. Чалавек бачыў гэтыя ўцёкі народу скрозь на загрувашчаных дарогах. Яшчэ больш засмылела ў кожнага на сэрцы за лёс сваіх блізкіх у абнятым пажарамі пусьцеючым месьце.
Пад вечар, неяк перад самым захадам сонца, раптам адчыніўся ваўчок у дзьвярох, цікавае вока канваера агледзіла праз яго прыціхлых нявольнікаў. Затым упэўніўшыся, што ўсё ў парадку, канваер адамкнуў дзьверы й апавесьціў усім зьбірацца з рэчамі. За якіх пяць хвілінаў дзьверы ізноў расчыніліся, і ўсім было загадана выходзіць у калідор. Цьмяна мітусіліся сьцені, калыханыя агеньчыкамі некалькіх сьвечак на прыстасаваных да сьценаў умацаваньнях. Бледныя водбліскі ляглі на твары зганяных туды, няголеных, з клумачкамі або й бяз іх, розна апраненых людзей. Ад руху людзкога натоўпу калыхалася паветра, як п'янае ківалася полымя агаркаў. У шэрай цемені людзі выглядалі дзіўнымі зданямі з катакомбнага сьвету. Адылі доўга затрымвацца не далі. Было загадана паціху сходзіць па сходах уніз і шарэнгамі выходзіць на панадворак. Там усіх ставілі на правым баку турэмнага двара й вымагалі поўнае цішыні.
Перад зрокам Кастуся толькі тады паўстаў сапраўдны малюнак таго, што адбылося ў часе бамбардыроўкі. Абедзве цяжкія жалезныя брамы гэтак званага Каманданцкага будынку, праз які праходзіў шлях у вязьніцу зь места, былі пакашмачаныя й разламаныя. Сам будынак, дзе адбываліся допыты арыштаваных, рэгістрацыя й прыймо дакумантаў ад іх, зразаньне гузікаў з вопраткі й адбіраньне недазволеных рэчаў, дзе хавалася ўся турэмная дакумэнтацыя й зайходзілася турэмнае начальства, выглядаў пабітым і зруйнаваным. Рэшткі пабітай мэблі, ножкі сталоў і крэслаў, зьмяшаныя з абрыўкамі канцылярскіх папераў, валяліся тут-жа на двары зь левага боку, каля тае-ж каманданцкае будыніны. Там-жа ўзвышалася гара рознага іншага сьмецьця пасьля разьбітае дашчэнту турэмнае канцылярыі. На доле ляжалі пашпарты й вокладкі спраў зьняволеных.
«Вось-жа й ўгадзіў! Мусіць, добры цалок быў ды й, відаць, ведаў куды цаляць, калі лучыў якраз у самае зборышча турэмных катаў. Нябось, ня патрапіў-жа ён на вязьняў скідаць бомбы, а вось у самае гняздо нягоднікаў нацэліўся. А можа ён наўмысьле, каб даць нам змогу праз разьбітую браму на волю выйсьці, лучыў туды? Выпадкова гэта ці не, аднак ёсьць, відаць, вышэйшая Боская сіла, якая кіравала рукою гэтага лятуна, наўсуперак ягоным асабістым, праўдападобна, далёкім ад ідэялаў, жаўнерскім меркаваньням», - абагульніў для сябе бачанае Кастусь.
Гэтая думка надала ягонаму настрою крыху прасьвятленьня й падтрымала веру ў нейкі сэнс гэтых падзеяў. Яшчэ большае значаньне для Кастусёвага ўздыму мелі параскіданыя пашпарты, згорнутыя ў кучы падраныя папкі асабістых справаў вязьняў.
«Калі так, значыць - мажліва будзе ўцякаць. Бомба панішчыла дакуманты. Ніякіх сьпісаў арыштаваных цяпер няма. Палітычных ад звычайных крыміналістых цяпер ніхто не адрозьніць. Трэба будзе шукаць нагоды ўцячы яшчэ па дарозе, - наважана зацеміў сабе ў думках Кастусь. - Нельга-ж быць паслухмянаю жывёлаю ды ісьці, куды вядуць, каб недзе ў лесе па дарозе куля прыкончыла. А цяпер усё можа быць - час благі для іх і для нас. Хіба яны цяпер будуць разьбірацца ў тым, хто вінаваты, а хто - не? Можа за першым лесам дзе-небудзь у рове кулямётам скосяць усе нашы галовы. Тым больш, што да гэтага іх змушае маскоўскі загад ізаляваць усіх «сацыяльна-небясьпечных» і «ненадзейных». У гэтай сьпешцы ўсяго трэба чакаць. У іх заўсёды было правілам - лепш перавыканаць, чымся не давыканаць. Лепш расстраляць лішнюю сотню нявінаватых, чымся заставіць хоць аднаго жывым вінаватага або падазронага ў ненадзейнасьці. Даўно мінулі часы, калі дзеля апраўданьня хоць аднаго нявінаватага выпускалі сотні вінаватых. Сучасная ўлада рабіла заўсёды наадварот, а цяпер у вайну й падаўна. Уцякаць, толькі ўцякаць як мага хутчэй, хоць-бы дзеля маіх самотных старых».
У гэтай наважанасьці Кастусь яшчэ больш пераканаўся, калі пабачыў, што з галоўнага вязьнічнага будынку вывялі немаладую ўжо жанчыну, з зьвязанымі ззаду рукамі, правялі праз увесь турэмны двор і на вачох усіх скіравалі ў чырвоную камяніцу майстроўняў на ўзбоччы. Яна горка акінула ўсіх паглядам і з прызьнятай галавой зьнікла за дзьвярыма. За часінку вушы ўсіх прысутных людзей улавілі прыглушаны стрэл. Па часе адтуль выйшлі два канваеры, што былі зь ёю. Яны спакойна, як быццам пасьля звычайнае справы, узяліся за свае абавязкі па наглядзе за ўсімі іншымі. Натоўп зьняволеных стаяў у атупленьні. Кожны маўчаў і толькі яшчэ больш туліўся адзін да аднаго.
Усё новыя й новыя групы выводжаных з камэраў людзей далучаліся да вязьняў у двары. Сярод іх Кастусь пазнаваў дзе-каго. Былі там знаёмыя яму інспэктары з Народнага Камісарыяту Асьветы, выкладчыкі менскіх школаў, прафэсары з Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, навуковыя работнікі з Акадэміі Навук. Кідаліся ў вочы інтэлігэнтныя твары, што неяк вылучаліся сярод агромністае грамады сялянскіх і работніцкіх абліччаў. Былі сярод іх і асобы ў вайсковых шынялёх. Зрэдку блішчэлі змарнелымі вачыма твары фаховых жулікаў. Бальшыню іх яшчэ ўдзень выпусьцілі на волю. І ўсім разам прышлося цяпер колькі гадзінаў таптацца на мейсцы, пераступаць з нагі на нагу, нечага невядомага й няпэўнага доўга чакаць пад адкрытым небам. Ужо даўно было зьвечарэла...
Змрок ужо накладаў свае сьцені нявыразнасьці на ўсё навакольле. Натоўп людзей ужо пашарэў і набываў аднаколернай аднастайнасьці. Ён ўсё больш і больш губляў тую пярэстасьць, якою вызначаўся пры дзённым сьвятле. Здалёк ён мог выдацца пабочнаму чалавеку якойсьці нярухомаю глыбаю, што невядома чаму прыстала да ўзбочыны турэмнага панадворку і творыць там якуюсь вялікую пляму на рудым пясочным доле. Паўночная палова неба адбівала ў сабе вялізарнае зарыва пажараў, якое стаяла над местам ўва ўсю шырыню небасхілу. Ружовыя пасмы клаліся на край сьветлых хмарынак і налівалі іх зыркай чырваньню. Сіняе яшчэ неба на поўдні з мільгаючымі зоркамі паступова зацянялася водблескамі агнёвых языкоў унізе й мяшалася з нявыразнасьцяй колераў неба над зруйнаваным будынкам. Але яшчэ ніхто ў натоўпе не ўяўляў сабе тога вогненнага пекла, якое тварылася ў месьце каля Траецкае Гары. Толькі калі людзей вывялі з турэмнага панадворку на вуліцу, па другі бок сьценаў, сталася відавочнаю вялікая трагэдыя нашага Менску.
Як толькі магло сягнуць вока ў далягляд, вялікія чырвоныя вогнішчы бушавалі над зямлёю й выкідалі ў неба з дымам і агнём людзкія набыткі. Чуўся моцны трэск, калі агню ўдавалася авалодаць новую будыніну. З боку агнявога мора несла гарам. Вуліцаю недзе ў няведам'е цягнуліся натоўпы спалоханых людзей.
Кастусь з трывожнымі думкамі ўглядаўся ў тое мора агню й думаў аб сваіх родных. «Што зь імі, слабымі й бездапаможнымі, у гэтым пякельным віры? Ці знайшлі яны ў сабе сілы й змогі выбрацца з гэтага д'ябальскага насланьня на грэшную зямлю? Каб хоць Бог даў ім нагоду выйсьці жывымі й непашкоджанымі з гэтае катастрофы».
Пачуўся загад ставаць па восем чалавек у шарэнгу. Абвясьцілі, што крок управа або ўлева будзе лічыцца спробаю ўцечкі. Вінаваты будзе расстраляны без папярэджаньня. Уперадзе рушылася аўтамашына з канваерамі й колькімі сабакамі. Па бакох былі таксама канваеры. Увесь этап крануўся зь мейсца й падаўся ўздоўж вуліцы Валадарскага ў кірунку на ўсход да нязнанага ніводнаму вязьню мейсца прызначаньня.