* * *


Не, не таю надзей на бессмяротнасць,

Але і ў смерць паверыць не магу,

I, як ад кулі сэрца, берагу

I пачуцця і слова першароднасць.

I пачуцця і слова першароднасць,

I песні пра каханне і зямлю,

Пра зерне, што пасеена ў раллю,

Бо ёсць на свеце хлеба неабходнасць.

Я ведаю пра хлеба неабходнасць,

Але таксама ведаю не горш,

Як неабходны задуменны Сож,

Начных нябёс і вышыня і зорнасць.

Начных нябёс і вышыня і зорнасць,

Птушыны гоман і дзіцячы смех,

Дождж красавіцкі, сакавіцкі снег,

Шчымлівая іх першасць і апошнясць.

Шчымлівая іх першасць і апошнясць,

Што раптам прасякае пачуццём

Не вечнай нашай сувязі з жыццём

I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.


Загрузка...