ПУСТЫ ДОМ


Ніхто ніколі ў доме тым не жыў,

Зусім пусты стаяў святочны дом,

Ніводным не свяціўся ён акном

I дымам над страхою не курыў.

А гаспадар, што дом той збудаваў,

Век дажываў у нізенькай хаціне

I ўсё чакаў вяртання свайго сына,

Ад самае вайны яго чакаў.

Так і памёр, не дачакаўся ён,

Так і памёр, а дом стаяў і гніў,

I неяк ноччу запалаў агнём...

Казалі, што ён сам сябе спаліў.

Загрузка...