* * *


Нам не спіцца... Пра гэта

Мы гаворым: не спіцца

Нам таму, што над светам

Гудзе навальніца!..

Так, што праўда — то праўда...

Навальніц незлічона...

Набываем мы «заўтра»

I губляем «учора»,

Бессмяроццю на поед

Дні трасём з кашалёў,

Як білеты на поезд,

Які адышоў.

Гэта — страх небыцця.

Страх пякельна гарачы.

Нам інстынкт да жыцця

Захаваны ад прашчураў,

Птушак, рыб і звяроў,—

Але хто з нас заплакаў бы,

Раскаціўшыся ў гром

Нейкай ноччу маланкавай!

Хто заплакаў бы — дрэвам

Прабіўшы трысцё!

Каб жыццё — не дарэмна.

Не дарэмна жыццё.

...Ноччу залівень-лівень.

Гром... I, хочам — не хочам,

Мы уночы маўклівей

I святочней уночы.

Загрузка...