* * *


Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў.

Такая ціш з канца ў канец зямлі,

Што, надалося, гром апаў, калі

Па бруку конь падковамі працокаў.

Пасля ў садах, налітых чыстым сокам,

Над яблынямі загулі чмялі.

Ні слыху не хапіла мне, ні зроку,

Каб зразумець, пра што яны гулі.

Пасля я чуў, як срэбрана звінеў

Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў

Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.

I я падумаў: мо таму і ціш

Стаіць над светам, што ты сам маўчыш,

Што чуць і бачыць — значыць быць маўклівым.


Загрузка...