* * *


Бязлітасна зязюля кукавала

Кароткі век.

«А колькі гэта —

Мала?..

I колькі — шмат,

Калі звініць у росах

Таемны цуд жыцця,

Людскога лёсу.

Ён — лістапад.

Ён — вецер угары.

Ля вуснаў — вусны любай.

Хай ён горкі! — Яго спазнаўшы —

Нерушна замры

Пад промнямі сваёй шчаслівай зоркі!

Ты не стары пад ёй.

Не малады.

Жывы.

Жывеш! Таму ўначы і днямі

Жыццё сваё л і чы не на гады —

На зробленае

Гэтымі гадамі.

Бо, можа стацца,

Небасхілу ля,

Дзе на дыбы ўстаюць зямныя коні,

Ты будзеш верашчаць,

Як немаўля,

Хоць і дапнеш

Да сівізны на скронях...»

Так сцешваў я сябе...

Ды толькі слоў,

Каб супакоіць сэрца,—

Не хапала...

Упартая,

у лесе зноў і зноў

Кароткі век зязюля кукавала.


Загрузка...