КЕВАЛАЧ


Ён жыў не як усе...

Трымаў у вазах кветкі,

На нітцы суравой насіў пенснэ,

Штогод плаціў без спрэчкі ўсе узносы

У карысць добраахвотных таварыстваў,

Адпачываў не летам, а увосень,

I ехаў не на поўдзень, а пад Мінск,

I мерз там васемнаццаць дзён на дачцы,

Падобнай на сабачую буду,

Цягаў усюды за сабою скрыпку,

Але ціхто, нідзе не чуў ніколі,

Каб ён іграў на ёй або хаця каб

Даваў камусьці іншаму іграць...

Вось так ён жыў.

А побач

Жыў сусед і не трымаў

У вазах кветкі, не насіў пенснэ,

Заўжды з-за ўзносаў лаяўся, у жніўні

Адпачываў, і ўсё на поўдзень ездзіў,

I час ад часу сам іграў на скрыпцы,

Але ніхто нідзе таго не бачыў,

Каб ён насіў яе з сабой або хаця каб

Даваў камусьці іншаму насіць...

Так жыў сусед.

Вось так яны жылі

Адзін перад адным, нібы ў люстэрку,

I, мабыць, нехта з іх

Жыў так, як трэба,

I нехта, значыць,

Жыў наадварот.

Загрузка...