Зімою тысяча дзевяцьсот сорак шостага года, калі я працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», выклікала мяне да сябе рэдактар Анастасія Сцяпанаўна Рокаш.
— Пятро Мікалаевіч, вы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і мне хочацца ведаць вашу думку. Ёсць прапанова сабраць расказы дзяцей пра барацьбу з фашысцкімі захопнікамі I вьщаць асобнай кніжкай. Што вы думаеце наконт гэтага?
I тут мне міжволі прыгадалася першая сустрэча з юным беларускім партызанам з Рагачова Колем Сіваваронкам, якая адбьшася ў 1943 годзе ў далёкім сібірскім горадзе Новакузнецку, дзе я знаходзіўся ў шпіталі. Яго расказ пра тое, як ён насіў партызанскі ультыматум каменданту горада, узрушыў мяне да глыбіні душы.
— Я згодзен з вашай ідэяй,— адказаў я.— I зрабіць гэта патрэбна як мага хутчэй, пакуль усё яшчэ жыва ў памяці.
Назаўтра Анастасія Сцяпанаўна пайшла ў Цэнтральны Камітэт камсамола Беларусі. Вярнулася яна адтуль задаволеная: ЦК камсамола адобрыў ініцыятыву «Піянера Беларусі». Рады былі і ўсе работнікі рэдакцыі. Анастасія Сцяпанаўна не абмежавалася гэтым. Яна напісала пісьмо ў Маскву, у ЦК ВЛКСМ, і там не толькі ўхвалілі задуму рэдакцыі, але і выдаткавалі на арганізатарскую работу 37 000 рублёў (на старыя грошы). Гэта было якраз тое, чаго не хапала рэдакцыі. Калі фінансавае пытанне было вырашана, бюро ЦК ЛКСМБ першага чэрвеня 1946 года прымае пастанову: мяне вызваляюць ад усякай работы ў рэдакцыі і даручаюць заняцца выключна зборам расказаў у будучую кнігу. Крыху пазней яе рэдактарам быў прызначаны вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр.
На чарговай рэдакцыйнай нарадзе стаяла адно толькі пытанне: стварэнне кнігі пра ўдзел беларускіх піянераў і школьнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Вырашылі ў бліжэйшым нумары газеты паведаміць чытачам пра рашэнне ЦК ЛКСМБ, звярнуцца да ўсіх удзельнікаў партызанскай барацьбы з заклікам напісаць матэрыялы ў гэтую кнігу. Па-другое, прыцягнуць да работы пісьменнікаў, журналістаў, студэнтаў журфака БДУ. Сустрэцца ў якой-небудзь мінскай школе з былымі піянерамі-партызанамі і сынамі палкоў, расказаць ім пра наш план.
У школьным адцзеле ЦК камсамола даведаўся, што ў 37-й мінскай школе вучыцца шмат піянераў — удзельнікаў партызанскай барацьбы на тэрыторыі нашай рэспублікі.
I вось у канцы тыдня я разам з Марыяй Бареток — студэнткай БДУ, якая супрацоўнічала ў нашай газеце,— адправіўся ў гэтую школу.
Дырэктар школы папрасіў завуча пасля апошняга ўрока сабраць былых школьнікаў-партызан у піянерскім пакоі.
На сустрэчу прыйшло каля дзесяці хлопцаў. Твар аднаго з хлапчукоў уразіў мяне. Ён увесь быў у чырвона-сініх шрамах. Алесь Булат — сын палка танкавай часці — ваяваў на тэрыторыі Украіны. У адным з баёў іх танк немцы падбілі, і ён загарэўся. З вялікай цяжкасцю танкістам, у тым ліку і Алесю, удалося выбрацца з палаючай машыны і застацца жывым.
Астатнія хлопчыкі — В. Сасіноўскі, В. Васянкоў, А. Казлоў, В. Давідзенка і іншыя — таксама знаходзіліся ў баявых воінскіх часцях ці партызанскіх атрадах. Мы папрасілі іх расказаць пра сябе. Завязалася шчырая, сяброўская гутарка. Простыя, няхітрыя расказы дзяцей захапілі і ўсхвалявалі нас, умацавалі веру ў патрэбнасць нашай задумы: з узростам уражанні сціраюцца, а факты забываюцца, асабліва імёны людзей і іншыя падрабязнасці. Мы прапанавалі дзецям напісаць у газету заметку-зварот да ўсіх юных мсціўцаў рэспублікі. Хлопчыкі ахвотна згадзіліся. Яны пры нас напісалі невялікую заметку, у якой звярталіся да школьнікаў Беларусі прыняць удзел у стварэнні калектыўнай кнігі. У гэтай заметцы былі такія словы:
«Давайце, рабяты, агульнымі сіламі пісаць кнігу. У нас ёсць пра што расказаць. Няхай усе савецкія дзеці і дарослыя ведаюць пра нашых герояў-піянераў, пра мужнасць і смеласць нашых юных партызан, пра падзеі, якія адбываліся на берагах Дняпра і Бярэзіны... Напісалі ж уральскія рабяты сваю кніжку «Урал — зямля залатая». А мы хіба не зможам?»
Калі мы паказалі пісьмо дзяцей рэдактару, яна тут жа прачытала яго і сказала:
— Добрае пісьмо! Ім мы і адкрыем нашу спецыяльную старонку. Рыхтуйце яе ў наступны нумар.
I вось 3 красавіка 1946 года трэцяя старонка газеты выйшла пад агульнай шапкай: «Пішыце ў кнігу беларускіх рабят». Думку пра стварэнне кнігі падтрымалі на гэтай старонцы пісьменнікі К. Крапіва, Я. Маўр, прафесар Ніканаў і іншыя.
«За гады акупацыі вы бачылі і перажылі такое, аб чым людзі будуць успамінаць стагоддзямі. Вы бачылі самых лютых ворагаў чалавецтва і па меры сваіх сіл змагаліся з імі. Вы бачылі пакуты і смерць блізкіх людзей, некаторыя з вас пабывалі на катарзе ў Германіі. Гэта такія падзеі, аб якіх нельга забыць. Яны павінны абавязкова ўвайсці ў будучую кнігу. Няхай кожны з вас, рабяты, напіша пра тое, што яго найбольш усхвалявала, што застадося ў памяці на ўсё жыццё»,— пісаў вядомы беларускі пісьменнік Янка Маўр і абяцаў юным аўтарам сваю дапамогу. Гэтая старонка ў газеце фактычна і стала пачаткам нараджэння папулярнай у беларускай дзіцячай літаратуры кнігі «Ніколі не забудзем».
Неяк мне падумалася: «А што, калі паслаць дзецям, актыўным удзельнікам партызанскага руху, пісьмы з просьба й адгукнуцца на наш заклік і напісаць пра свае баявыя справы?»
Рэдактар параіла мне схадзіць у штаб партызанскага руху і ўзяць там імёны і адрасы юных партызан.
— А дзе знаходзіцца гэты штаб? — спытаў я.
— Недалёка ад Мінска, у Лошыцы.
Назаўтра раніцай я пехатой адправіўся ў Лошыцу. Адшукаў штаб партызанскага руху. Зайшоў у пакой, тры сцяны якога знізу даверху былі застаўлены паліцамі з кардоннымі папкамі. Недалёка ад дзвярэй, за невысокім бар'ерчыкам, стаяў стол, за якім сядзела маладая жанчына. Я павітаўся. Яна адарвалася ад папкі, адказала на маё прывітанне і спытала, што мне патрэбна. Я папрасіў даць мне адрасы юных мсціўцаў. Яна здзіўлена паглядзела на мяне:
— А вы ведаеце, колькі дзяцей знаходзілася ў партызанскіх атрадах?
— Не, не ведаю,— сказаў я.
— Дык ведайде: каля дваццаці пяці тысяч. I даць усе адрасы я вам не магу.
— То хоць дайце найбольш актыўных.
Праз якую гадзіну жанчына падала мне спісаны лісток паперы, на якім былі імёны і адрасы каля пяці дзесяткаў маленькіх партызан Беларусі. Я, канечне, узрадаваўся — для пачатку гэта было не так ужо і дрэнна.
У рэдакцыі я напісаў усім ім пісьмы, і іх паслалі па адрасах.
Аднак на гэтым падрыхтоўчая работа па стварэнню кнігі не скончылася. Я напісаў тэкст для спецыяльнай лістоўкі «Пішы ў кнігу беларускіх рабят», якая была разаслана ў школы, дзіцячыя бібліятэкі, дзіцячыя дамы. Янка Маўр змясціў у газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул, у якім даў шэраг парад юным аўтарам, як і пра што трэба пісаць. I мы пачалі чакаць пісьмаў-расказаў пра іх удзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Трэба шчыра сказаць, што спачатку пісьмаў прыходзіла мала, таму мне даводзілася часта ездзіць у камандзіроўкі ў школы, дзіцячыя дамы, піянерскія лагеры.
Аднойчы зайшоў у школьны аддзел ЦК камсамола і дазнаўся, што ў Воўкавічах працуе ўжо трэці дзень рэспубліканскі піянерскі лагер. I, самае галоўнае, у ім адпачывае некалькі былых удзельнікаў партызанскай барацьбы. Я, зразумела, зараз жа паехаў туды.
Лагер размяшчаўся ў прыгожым чыстым саснов'ым лесе. Знайшоў яго без цяжкасці — туды вяла ўезджаная лясная дарога. Начальнік лагера, былы франтавік, паставіўся з вялікай увагай і цікавасцю да маёй просьбы, тут жа паклікаў старшую піянерважатую і загадаў сабраць дзяцей: маўляў, прыехаў карэспандэнт з рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» і хоча пагутарыць па вельмі важнай справе.
Неўзабаве на невялікай палянцы паблізу галоўнага корпуса сабраліся піянеры. Я коратка расказаў ім, што мы ўжо зрабілі па стварэнню калектыўнай кнігі пра баявыя справы беларускіх піянераў i школьнікаў і папрахіў былых дзяцей-партызан успомніць і апісаць самы яркі, хвалюючы эпізод свайго ваеннага жыцця.
Пасля гэтага выступалі дзеці, Адны гаварылі сцісла, другія больш падрабязна, але кожнае выступленне было цікавае і змястоўнае. Асабліва моцна ўразіў усіх расказ Каці Жачкінай пра тое, як яна разам з бацькамі трапіла ў лагер смерці Асвенцім і як яе ледзь не спалілі фашысцкія вылюдкі. Яе расказ усхваляваў да глыбіні душы і мяне.
Потым усе, хто выступаў, зайшлі ў сталовую (іншага вольнага памяшкання не знайшлося), напісалі свае расказы і аддалі мне. Я тут жа перачытаў іх. Сёе-тое ў расказе Каці Жачкінай трэба было ўдакладніць, і я зайшоў у пакой да яе. Дзяўчынкі, якія жылі разам з ёю, акружылі мяне і пачалі прасіць:
— Дзядзечка, вы ж хаця напішыце пра яе...
— Не хвалюйцеся, дзяўчынкі, яе расказ абавязкова будзе змешчаны ў кнізе,— паабяцаў я.
Вярнуўшыся ў Мінск, адразу ж пайшоў да Янкі Маўра, каб паведаміць, якія матэрыялы я прывёз з Воўчкавічаў. Прачытаўшы расказ Каці Жачкінай, Іван Міхайлавіч сказаў:
— З газет і перадач па радыё мы ведалі пра лагеры смерці, а вось сустракацца з чалавекам, які там пабываў, ні мне, ні вам пакуль што не даводзілася. Гэты расказ будзе адным з асноўных у нашай кнізе.
Праз некалькі дзён пасля паездкі ў Воўчкавічы Янка Маўр пазваніў мне і папрасіў зайсці да яго. Сярод матэрыялаў, якія я прывёз з Воўчкавічаў, адзін быў напісаны выхаванкай дзіцячага дома № 7 Зояй Васілеўскай. Іван Міхайлавіч сказаў, што ў яго ўзнікла пытанне: адкуль дзяўчынкі ўзялі нажніцы, каб перарэзаць дрот у агароджы? — Дык жа там напісана...
Іван Міхайлавіч папрасіў: — Прывядзі да мяне аўтарку. Я хачу пагаварыдь з ёю і ўсё высветліць.
Вечарам я зайшоў у дзіцячы дом і сказаў Зоі, каб яна пасля заняткаў прыехала да мяне ў рэдакцыю.
Назаўтра Зоя была ў мяне, і мы пайшлі да Маўра. Ён павiтўася з дзяўчынкай, запрасіў сесці і пацікавіўся, як ёй жывецца ў дзетдоме, як яна вучыцца.
На пяцёркі і чацвёркі,— ахвотна адказала Зоя.
Янка Маўр пачаў распытваць дзяўчынку, пахваліў яе за добрую вучобу, а потым асцярожна, каб не пакрыўдзіць, запытаў, як нажніцы трапілі ў іх рукі. I тут здарылася тое, чаго ён не чакаў: дзяўчынка голасна заплакала.— А-а, дык вы не верьще мне, думаеце, што я ўсё выдумала? — гаварыла яна, выціраючы кулачком слёзы.
Янка Маўр збянтэжыўся і пачаў супакойваць аўтарку, але яна працягвала ўсхліпваць. Тут я і сказаў Зоі, што апавяданне спадабалася ўсім і мы абавязкова змесцім яго ў кнізе. А калі Іван Міхайлавіч і запытаў пра нажніцы, дык толькі таму, каб лішні раз упэўніцца ў смеласці і знаходлівасці малых вязняў. Пасля гзтага Янка Маўр задаў яшчэ два-тры пытанні і адпусціў дзяўчынку.
Калі яна выйшла, ён спытаў, што я думаю наконт гэтага выпадку.— Па-мойму, яе раптоўныя слёзы — лепшы доказ, што яна не выдумала.— Згодзен. Словам я наўрад ці даў бы веры, а слязам паверыў,— з палёгкай уздыхнуў Іван Міхайлавіч і пачаў разважаць пра тое, што ў дакументальную кнігу не павінна трапіць ніводная недакладнасць. Кнігу будуць чытаць дзеці, і калі заўважаць хоць маленькую няпраўду, скажуць, што ў кнізе ўсё няпраўда. Наша кніга павінна быць крыштальна чыстай, як крынічная вада, праўдзівай. I дабіцца гэтага — наш святы абавязак.
Янка Маўр параіў мне, каб я, запісваючы расказы дзяцей, вельмі старанна правяраў факты, удакладняў дэталі, бо зрабіць гэта лягчэй на месцы, калі аўтар перад табой і ў яго можна ўсё высветліць.— Трэба зрабіць такую кнігу, каб чытачы ўспомнілі добрым словам і нас з табою,— сказаў пад канец Іван Міхайлавіч.
А час ішоў. Дасылаліся ў рэдакцыю расказы дзяцей. I лепшыя і горшыя. I ішлі яны з усіх куткоў Беларусі, бо партызанскія атрады дзейнічалі на ўсёй яе тэрыторыі.
Лепшыя з гэтых матэрыялаў сістэматычна друкаваліся на старонках «Піянера Беларусі». Час ад часу з'яўляліся яны і ў газеце «Чырвоная змена», рэдактарам якой у той час быў I. Матыль, які ўхвальна ставіўся да нашай задумы і чым мог садзейнічаў яе папулярызацыі. Але асабліва прыемным для нас з'явіўся той факт, калі ў адным з нумароў часопіса «Полымя» было надрукавана адразу некалькі апавяданняў дзяцей. Янка Маўр расцаніў гэтую з'яву як прызнанне каштоўнасці расказаў дзяцей пра вайну і той справы, якую мы з ім робім.
Работа па збору матэрыялаў у калектыўную кнігу ішла амаль два гады. За гэты час у рэдакцыю рознымі шляхамі паступіла звыш 400 дзіцячых расказаў пра слаўныя баявыя ўчынкі беларускіх піянераў і школьнікаў у гады нямецкай навалы. Сорак два з іх, самыя яркія, цікавыя, змястоўныя, і былі ўключаны ў кнігу. Калі ўсё, што ад нас залежала, было зроблена, Янка Маўр сказаў:
— А цяпер аддадзім чытаць рукапіс членам рэдкалегіі.
Рукапіс прачыталі першы сакратар ЦК ЛКСМБ К. Т. Мазураў, заслужены настаўнік школы БССР П. Чуліцкі. Апошні чытаў міністр асветы П. В. Саевіч.
Калі ў назначаны дзень я зайшоў да яго, каб забраць рукапіс, ён спытаў:
— Ці ведаеце вы, што вы зрабілі?
— А што такое? — насцярожыўся я, чакаючы пачуць нешта непрыемнае.
— Вы дапамаглі стварыць патрэбную кнігу... Выключна модную і праўдзівую... Яна — дастойны помнік нашым адважным дзецям-патрыётам, іх мужнасці і бяспрыкладнаму гераізму. Нічога падобнага я дагэтуль не чытаў,— з гэтымі словамі ён дастаў з шуфляды стала рукапіс і падаў мне,— Віншую з удачай!
Я падзякаваў Платону Васільевічу за шчырыя словы ў наш адрас.
Назаўтра я пайшоў да Янкі Маўра, каб расказаць пра сустрэчу з міністрам асветы. Іван Міхайлавіч уважліва слухаў, а потым сказаў:
— Значыцца, мы не дарэмна стараліся, аддаючы гэтай рабоце свой час, веды, вопыт. Цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што кніга атрымалася. I нядрэнная кніга. Такая ж думка не толькі ў міністра, але і ва ўсіх членаў рэдкалегіі. А калектыўная думка — правільная думка. Нам застаецца прыдумаць назву кнігі і на гэтым паставіць кропку.
I мы пачалі думаць пра назву.
— Назва кнігі, што імя для чалавека,— гаварыў Іван Міхайлавіч,— і мы павінны падабраць імя, дастойнае кнігі.
Паколькі і героі, і аўтары ўспамінаў піянеры і школьнікі, то мы і парашылі адштурхнуцца ад гэтага. Перабралі больш за дзесятак розных назваў, але ніводная з іх не задавальняла ні Янку Маўра, ні мяне.
Праз нейкі час, калі здавалася, што мы зайшлі ў тупік, я раптам успомніў лозунг, які бытаваў у час вайны: «Ніколі не забудзем, нікому не даруем!»
— Іван Міхайлавіч, а што, калі з гэтага лозунга ўзяць першую частку: «Ні-ко-лі не забудзем»? Не забудзем таго, што перажылі дзеці, ды і ўсе савецкія людзі, у дні чорнага ліхалецця.
— Сапраўды, добра! — усклікнуў Маўр і выразна паўтарыў: — «Ніколі не забудзем». Лепшага загалоўка нам, бадай, і не прыдумаць. Гэтак мы і назавём наша дзіця.
Як толькі была знойдзена назва кнігі, Янка Маўр з непрыхаваным задавальненнем прамовіў:
— Застаецца здаць рукапіс у выдавецтва, і наша місія скончана.
— А прадмова? — далікатна сказаў я.— Лічу, што такую незвычайную кнігу выдаваць без прадмовы ніяк нельга.
Янка Маўр зацікаўлена зірнуў на мяне.
— Праўда, праўда, нельга. А хто яе напіша?
— Па-мойму, вы рэдактар, вы і павінны гэта зрабіць,— сказаў я і тут жа вылажыў свае меркаванні.— Хто лепш за вас ведае ўсё да драбніцы: як яна стваралася, якія былі цяжкасці, што ўвайшло і што не ўвайшло ў кнігу. Так што вам, як гаворыцца, усе карты ў рукі.
Іван Міхайлавіч насупіў свае густыя пасівелыя бровы і хрыплаватым басам разважна сказаў:
— Усё гэта правілыіа. Але ўсё-такі будзе куды лепей, калі да такой своеасаблівай кнігі, першага вопыту ў нашай дзіцячай літаратуры, прадмову напіша хто-небудзь іншы, больш паважаны, чым я.
— Каго вы маеце на ўвазе? — спытаў я.
— Якуба Коласа,— не задумаўшыся, адказаў Маўр.— Тым больш што ён якраз і благаслаўляў нас на гэтую складаную, але высакародную справу. I дамаўляцца пойдзеш ты.
— А можа... зручней будзе зрабіць гэта вам? А што, калі ён не згодзіцца?
— Тады ўжо давядзецца схадзіць да яго мне самому. Але я ўпэўнены, што ён згодзіцца.
Я ўзяў рукапіс і, не заходзячы дахаты, рушыў да Коласа на кватэру. Канстэнцін Міхайлавіч быў якраз дома. Ён адчыніў мне дзверы, правёў у свой кабінет. Убачыўшы ў маіх руках пакунак, запытаў, што я прынёс.
— Рукапіс кнігі...
— Якой кнігі?
— Памятаеце, у 1946 годзе вы благаслаўлялі нашу рэдакцыю на стварэнне калектыўнай кнігі пра подзвігі беларускіх дзяцей у гады Айчыннай вайны? Памятаеце? Дык вось, кніга гатова. Я прынёс рукапіс і хачу прасіць, каб вы прачыталі яго і заадно напісалі прадмову.
— Ну-ну, пакажы,— зацікавіўся Якуб Колас.
Я падаў рукапіс. Ён узяў яго і пачаў паволі гартаць. Прачытаўшы некалькі загалоўкаў, закрыў яго, паклаў на стол і задуменна сказаў:
— Па загалоўках бачу: патрэбная будзе кніга і... цяжкая. Ды калі гаварыць праўду, пра вайну весела і не напішаш. Асабліва пра такую жудасную, як Вялікая Айчынная.
Канстанцін Міхайлавіч з хвіліну памаўчаў, а потым спытаў, калі трэба напісаць прадмову. Я сказаў, што пажадана як мага хутчэй. Рукапіс адрэдагаваны, і яго неабходна здаваць у выдавецтва.
— Добра, пастараюся не зацягваць,— паабяцаў Якуб Колас.
Я падзякаваў за згоду і развітаўся.
Канстанцін Міхайлавіч стрымаў сваё слова. Дзён праз тры ён сам прывёз прадмову ў рэдакцыю. Вось што пісаў Якуб Колас пра вартасці кнігі «Ніколі не забудзем», пра яе выхаваўчае значэнне, пра яе аўтараў:
«Кніга паказвае велічнасць душы і патрыятызм усяго народа ў цэлым і ў прыватнасці яго гераічных дзяцей, смелых, вынаходлівых, бясстрашных, цвёрдых воляй, мужна пераносячых нечуваныя пакуты, моцных сваёю вераю ў перамогу над ворагам». I далей: «Напісаная нашымі дзецьмі кніга аб вайне павінна стаць здабыткам не толькі чытачоў Савецкай Беларусі,— яна варта таго, каб яе перакласці на мовы іншых народаў Савецкага Саюза».
Лепш, бадай што, і не скажаш.
Кніга нарэшце была здадзена ў Дзяржаўнае выдавецтва. Варта тут адзначыць, што выдавецтва ўлічыла важнасць і надзённасць гэтай кнігі, дало ёй, як кажуць, «зялёную» вуліцу. I к пачатку навучальнага года кніга «Ніколі не забудзем» з'явілася на прылаўках кнігарань. Алесь Якімовіч, Аляксей Кулакоўскі, Іван Грамовіч, Валянцін Зуб, Цодзік Даўгапольскі, Міхась Даніленка і іншыя пісьменнікі, што прымалі ўдзел у апрацоўцы ўспамінаў дзяцей, падзялялі нашу радасць.
Па прапанове Янкі Маўра мы паслалі кожнаму аўтару экземпляр кнігі з аўтографам — разумелі, што гэтую кнігу яны будуць берагчы і шанаваць як самую дарагую і каштоўную памяць. Кніга ўмомант знікла з прылаўкаў кнігарань. Яе добразычліва сустрэла крытыка — у газетах, у часопісах, з'явіліся станоўчыя рэцэнзіі. Кніга знайшла жывы водгук у сэрцах піянераў і школьнікаў. У школах, дзіцячых бібліятэках, дзіцячых дамах наладжваліся калектыўныя абмеркаванні кнігі з удзелам яе аўтараў.
Шырокая папулярнасць кнігі «Ніколі не забудзем» дала падставу Петрусю Броўку на адным са сходаў беларускіх пісьменнікаў заявіць, што яна стала нашай класікай, настольнай кнігай у шматмільённай арміі чытачоў Савецкай Беларусі.
У канцы 1948 года я выпадкова сустрэўся ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі з ленінградскім пісьменнікам Паўлам Кабзарэўскім. Ён працаваў тады ў Ленінградскім аддзяленні выдавецтва «Дзіцячая літаратура» і займаўся падборам і перакладам на рускую мову лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і новых кніжак для дзяцей, што выходзілі ў Мінску.
— А ведаеш, «Ніколі не забудзем» — выдатная кніга,— прыязна прамовіў ён і дадаў: — Мы думаем выдаць яе ў Ленінградзе.
— Дзякуй за прыемную навіну! — узрадаваўся я.— I хто будзе перакладаць яе на рускую мову?
— Кніга запланавана да выдання ў наступным годзе,— ахвотна адказаў ён.— А перакладаць буду я сам.
I вось у канцы 1949 года кніга «Ніколі не забудзем» з'явілася на рускай мове.
Збылася мара народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — кніга стала здабыткам юных чытачоў нашай неабсяжнай Савецкай краіны.
У хуткім часе паміж школьнікамі нашай краіны і аўтарамі кнігі завязалася актыўная перапіска. Гэтаму спрыяла адна акалічнасць.
Пры выданні зборніка на роднай мове мы, каб надаць яму большую дакументальнасць, паставілі пад кожным расказам не толькі імя, прозвішча і год нараджэння аўтара, але і яго хатні адрас. Мы, вядома, і не падазравалі, якую ролю адыграюць гэтыя звесткі. А яны з'явіліся тымі нябачнымі ніцямі, што звязалі чытачоў з аўтарамі. Піянеры і школьнікі Савецкага Саюза пісалі сваім беларускім равеснікам пра тое вялікае ўражанне, якое зрабіла на іх кніга. Пра размах гэтай перапіскі сведчаць наступныя прыклады.
Іна Краснапёрка, аўтар апавядання «Восем сутак», штодзённа атрымлівала па 4-5 пісьмаў з розных гарадоў і вёсак Савецкай краіны. I бацькі з гордасцю называлі яе «наш дэпутат».
А вось і яшчэ такі факт. Вася Саульчанка, бацькі якога загінулі ў вайну, скончыў сямігодку і паступіў вучыцца ў Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум. На выхадныя дні і на летнія канікулы прыязджаў у дзіцячы дом.
— Вася, я чула, што табе дзеці адусюль пішуць пісьмы, цікавяцца тваім лёсам,— сказала яму аднойчы дырэктар дзіцячага дома.— Даў бы ты мне пачытаць хоць адно пісьмо.
— Добра, як буду ехаць наступны раз, прывязу,— адказаў хлопец.
У чарговы выхадны Вася прыехаў з чамаданам у руцэ. Дырэктар здзівілася:
— Вася, чаму ты з чамаданам? Што здарылася?
— Нічога не здарылася... Вы ж прасілі даць пачытаць пісьмы, якія я атрымліваю. Вось я і прывёз іх,— і хлопец адкрыў чамадан. Ён быў поўны пісьмаў.
Каб мець уяўленне, што пісалі аўтарам кнігі юныя карэспандэнты, прывяду вытрымкі з некаторых пісьмаў, якія былі надрукаваны ў другім выданні кнігі ў 1951 годзе.
«Мілая Іна! Чытаючы гэтую цяжкую, але праўдзівую кнігу, мы шмат чаго даведаліся аб гераізме беларускіх піянераў,— пісалі аўтару расказа «Восем сутак» Іне Краснапёрцы школьніцы Таня Канаева і Галя Сяргеева з горада Арэхава-Зуева Маскоўскай вобласці.— Мы разумеем, як страшна было вам, маленькім дзяўчынкам, блукаць па лесе адным. Але мы ганарымся і захапляемся табою і тваімі сяброўкамі: вы смела і мужна адказвалі гэтым праклятым звярам, стойка пераносілі ўсе жахі вайны».
Галя Уварава з горада Магадана напісала Зоі Васілеўскай, гераіні расказаў «У няволі» і «Каля возера»:
«Гэтую кнігу мы чыталі на зборах звенняў і атрадаў, калектыўна абмяркоўвалі яе. Кніга вельмі зацікавіла нас, асабліва піянераў майго атрада. Многія нашы рабяты хочудь быць падобнымі на цябе і тваіх таварышаў па барацьбе».
А вось што пісалі вучаніцы 7-й сярэдняй школы горада Данецка Украінскай ССР Ніна Громава і Валя Машута Васю Саульчанку:
«Дарагі Вася! Нядаўна мы прачыталі твой расказ і расказы іншых беларускіх рабят, сабраныя ў кнізе «Ніколі не забудзем». Мы з вялікім хваляваннем чыталі гэтую цудоўную кнігу. Усё, што напісана ў ёй,— праўда, хоць і страшная праўда. Мы верым кожнаму яе слову, таму што самі бачылі і перажылі здзекі фашысцкіх вылюдкаў».
У словах пісьмаў, на мой погляд, ключ да разумення той велізарнай папулярнасці, якую заваявала кніга сярод школьнікаў нашай краіны.
У 1951 годзе адна з аўтарак гэтай кнігі, Зоя Васілеўская, скончыла сямігодку. Дзяўчынка скардзілася на боль у грудзях. Дырэктар дзіцячага дома пайшла ў гарадскі аддзел аховы здароўя, і там для Зоі выдзелілі пуцёўку ў дзіцячы санаторый непадалёку ад Ялты. У ліпені яна паехала на лячэнне. Вярталася адтуль праз Маскву. Да адыходу цягніка на Мінск дзяўчынка мела шмат вольнага часу, і яна вырашыла наведаць маскоўскую сяброўку, з якой перапісвалася. Тая жыла паблізу ад Беларускага вакзала, і Зоя даволі лёгка знайшла яе кватэру, Пастукала. Дзверы адчыніла жанчына. I толькі Зоя назвалася і сказала, што яна з Мінска, як з другога пакоя выскачыла дзяўчынка і са словамі: «Ты Зоя Васілеўская? З кнігі «Ніколі не забудзем»?» — кінулася да яе. Калі першае хваляванне прайшло, сяброўка сказала:
— А я ўяўляла цябе іншай... Ну, такой, ведаеш, гераіняй... змагаркай... А ты... такая звычайная...— I тут жа павярнулася да маці: — Мама, пакармі Зою, а я пабягу да дзяўчынак свайго атрада... Ім таксама цікава будзе пабачыць Зою, пагутарыць з ёю...— і выскачыла з кватэры.
Неўзабаве яна вярнулася разам з дзесяткам аднакласніц. Калі ўсе расселіся, яна з радасным хваляваннем сказала:
— Дзяўчынкі, вы чыталі і ведаеце кнігу «Ніколі не забудзем», якую напісалі беларускія піянеры. Перад вамі адна з гераінь гэтай кнігі Зоя Васілеўская, Яна напісала...
— Ведаем, ведаем! Чыталі! — закрычалі дзяўчынкі.— Зоя, раскажы пра сябе! I пра барацьбу з фашыстамі! I пра ўсё, усё, што бачыла і перажыла!..
Сяброўка папрасіла дзяўчат супакоіцца, а затым дала слова Зоі. Зоя так расхвалявалася, што спачатку не магла гаварыць. Ад пачуццяў, якія нахлынулі на яе, словы засядалі ў горле, і яна толькі варушыла вуснамі. Праз хвіліну яна авалодала сабою і начала расказваць, як цяжка жылося людзям пры гітлераўцах, як яна трапіла ў канцлагер, як здекаваліся з дзяцей фашысты, як яна з таварышкамі ўцякла з лагера смерці.
Маскоўскія школьніцы слухалі яе затаіўшы дыханне, стараліся не прапусціць ніводнага слова. I гэта зразумела. Перад імі была не кніжная гераіня, а жывая, якая дапамагала дарослым наблізіць светлы Дзень Перамогі.
Вечарам дзяўчынкі правялі Зою на вакзал. Ноччу, лежачы на вагоннай паліцы, яна доўга не магла заснуць ад перажытых уражанняў.
У заключэнне хочадца паўтарыць выказаную раней ісціну: калектыўная кніга беларускіх дзяцей «Ніколі не забудзем» стала прыкметнай з'явай у нашай дзідячай літаратуры пра вайну. I сёння яе ахвотна чытаюць новыя пакаленні савецкіх школьнікаў.
Цікава адзначыць і яшчэ адно, не вядомае шырокаму колу чытачоў, значэнне кнігі: яна памагла некаторым сваім аўтарам і героям знайсці родных ці знаёмых або сустрэцца пасля доўгай разлукі. Прывяду некалькі прыкладаў. У 1948 годзе, у хуткім часе пасля выхаду з друку кнігі «Ніколі не забудзем», знайшліся маці і старэйшая сястра Зоі Васілеўскай. Пра тое, што Зоя жывая, яны даведаліся, прачытаўшы ў кнізе яе апавяданні. Васю Саульчанку кніга дапамагла знайсці дзядзьку, якога ён лічыў загінуўшым. Праз дваццаць адзін год пасля вайны сустрэліся чатыры гераіні расказа «Восем сутак». Якаў Паўлавіч Літвіненка, які ў вайну быў камандзірам роты ў адным з партызанскіх атрадаў Беларусі, а зараз жыве ў горадзе Кізляр Дагестанскай АССР, дзякуючы кнізе пачаў перапісвацца са сваім юным падрыўніком Віцем Чалавым.
Нельга не ўпамянуць і пра тое, што кніга «Ніколі не забудзем» апрача беларускай выйшла на рускай, украінскай, кіргізскай, татарскай, казахскай, малдаўскай, каракалпакскай, а таксама на замежных — венгерскай і японскай мовах.
ПЯТРО РУНЕЦ