У апошні час наш атрад перабраўся з Амелькаўскіх лясоў на другі бок Дняпра, бліжэй да Лоева. Наш камандзір Васіль Анатольевіч Зарубаў мяне ведаў, бадай, лепей за ўсіх: ён да вайны быў дырэктар нашага Лоеўскага дзетдома. Аднойчы ён паклікаў мяне ў сваю зямлянку.
— Вось што, Косця,— сказаў ён,— ты павінен выканаць адно важнае заданне. Заўтра пойдзеш у Лоеў, у наш былы дзетдом.
Я ўважліва слухаў Васіля Анатольевіча. Мне прыемна было адчуваць, што ён даручаў мне важнае заданне. Прытым жа цікава было паглядзець будынак нашага дзетдома, дзе мы раней займаліся. Там цяпер знаходзіўся нямецкі штаб.
— Ты ведаеш выхады і ўваходы ў дзетдом лепш за ўсіх, а гэта зараз якраз і патрэбна,— гаварыў далей Васіль Анатольевіч, пакурваючы люльку, якую да вайны мы падарылі яму ў дзень імянін.— Міну з гадзіннікавым механізмам знаеш?
— Так,— адказаў я, здагадаўшыся, што павінен буду рабіць.— Мы ў гуртку падрыўнікоў вывучалі...
— То вось гэтую міну трэба падсунуць фрыцам на абед, калі афіцар'ё вьпівае. Зробіш?
— Вядома, зраблю,— сказаў я.
Мне тады здавалася, што падлажыць міну будзе зусім лёгка. Васіль Анатольевіч устаў і паклаў мне на плячо руку, як даросламу.
— Партызан Косця Бадравец, ідзі да майго памочніка Валодзькі; я зараз падыду, і ты атрымаеш падрабязныя ўказанні, што і як рабіць.
У Вішнёўскім пасёлку, у бабулі Насты, якая была сувязной у атрадзе, я надзеў лахманы, вялікую барановую шапку, а маленькую міну заматаў у анучы і падвязаў да нагі. У дарозе ўвесь час ішоў мокры снег. Ад доўгай хады нага, да якой была падвязана міна, пачала млець. Я перайшоў раку і нарэшце ўбачыў Лоеў. Парк, што стаяў над ракой, быў высечаны, і там тырчалі адны толькі пні. У атрадзе Васіль Анатольевіч з Валодзькам мне параілі зайсці да Арцёма, былога вадавоза з нашага дзетдома. Часта ён расклейваў на лоеўскіх будынках лістоўкі, якія мы яму перадавалі.
Я пастукаў у нізенькае акенца. Хутка мне адчыніла Арцёмава дачка Галя. Ёй было гадоў чатырнаццаць, так як і мне.
— Бацькі дома няма,— сказала яна.— Яго пагналі салдаты мост будаваць.
Змораны, я заснуў у Галінай хаце.
Яшчэ ў зямлянцы Васіль Анатольевіч мяне папярэдзіў, каб я не спяшаўся, а добра ўсё выгледзеў і ўжо толькі тады прыступаў да справы.
Назаўтра я падышоў да будынка былога дзетдома. На ганку стаяў нямецкі вартавы. Пад паветкай, дзе раней у нас змяшчалася сталярная майстэрня, дыміла палявая кухня. Я рашыў перш за ўсё прабрацца да кухні. Міна ў мяне ўжо ляжала за пазухай.
«А што, калі завесці механізм і як-небудзь укінуць міну ў каструлю з кавай?» — падумаў я.
Я смела накіраваўся да паветкі. Раззлаваны немец, што стаяў на ганку, грозна выставіў аўтамат, які вісеў у яго на шыі. «Не пусціць»,— думаў я, паказваючы вартавому, што я галодны. Аднак немец адышоў ад ганка і замахнуўся на мяне вальком, што валяўся каля сцяны. Тоўсты повар завіхаўся ля кухні і скоса пазіраў на мяне. Бачачы, што я ўсё ж такі кірую прайсці да кухні, вартавы злосна зароў і схапіў аўтамат. Я кінуўся ўцякаць.
Начаваў я зноў у Галі, якая баялася адна без бацькі. I толькі на другі дзень мяне раптам паклікаў повар да кухні.
Спачатку я спалохаўся. Мне здалося, што немец бачыць за маёй пазухай маленькую чорную штучку. Повар паказаў на сякеру і дровы. Я зразумеў, што ён хоча, каб я іх пакалоў. Я азірнуўся на вартавога. Той ківаў галавой. Повар узяў адну каструлю з чорнай кавай і панёс у памяшканне.
Поруч стаяла яшчэ адна такая каструля. Я захваляваўся і не папаў сякерай па палене. Вартавы азірнуўся на вуліцу. У гэты момант я хутка выцягнуў міну і завёў механізм. Сэрца маё калацілася, мне здавалася, што міна доўга не заводзіцца. Але яна ўжо ціхенька стукала, як кішанёвы гадзіннік: механізм завёў на дзесяць мінут. Праз дзесяць мінут яна павінна ўзарвацца. Напружана азіраючыся па баках, апусціў міну ў каву. Міна ціха звякнула аб дно.
Потым я схапіў сякеру і з сілай пачаў секчы дровы. У гэты час падышоў повар і заківаў галавой, паказваючы на жывот, што мяне добра накорміць. Затым ён узяў каструлю і панёс яе ў штаб.
Цяпер трэба было ўцякаць. Але як бегчы, калі вартавы затрымае і прымусіць зноў секчы дровы? Здалося, што мяне нехта абліў варам. «Праз дзесяць мінут — капцы»,— думаў я. Мне ўяўлялася, што там, у пакоі, повар ужо вылавіў чарпаком міну і зараз выбежыць на двор.
Раптам вартавы выцягнуўся на ганку. Да штаба падкаціла маленькая зялёная машына. Зараз жа з пакоя выскачылі два афіцэры і адчынілі дзверцы. З машыны выйшаў сухенькі дзядок з крыжам на грудзях. У той жа час з дзвярэй спрытна шмыгнуў тоўсты повар і заківаў на мяне, каб я непрыкметна ўцякаў па-за машынай.
Не памятаючы сябе ад радасці і хвалявання, я праскочыў праз разбураныя вароты і пабег вуліцай. Потым завярнуў улева і цераз вокны руін цаглянага дома кінуўся да ракі.
Ззаду раптам загрымеў выбух. Застрачыў аўтамат, прагудзела грузавая машына. Але я ўжо быў далёка. Спыніўся аддыхацца ў хмызняку, пад крутым берагам Дняпра, і засмяяўся: «Гэта вам Васіль Анатольевіч кавалак дзетдомаўскага цукру паслаў. Ад яго і зубы, мусіць, павыскаквалі...»
Пасля мы даведаліся, што міна разнесла на кавалкі чатырох афіцэраў і сухенькага падпалкоўніка. Васіль Анатольевіч казаў, што асабліва я добра ўладзіў з падпалкоўнікам, па загаду якога не адна вёска была спалена і расстраляны сотні людзей.
Мяне ўзнагародзілі медалямі «За адвагу» і «Партызану Айчыннай вайны I ступені».
Цяпер я вучуся ў Лоеўскай сярэдняй школе, а Васіль Анатольевіч працуе дырэктарам дзетдома ў Васілевіцкім раёне. Нядаўна ён быў у Лоеве, і мы аглядалі тое месца, дзе адбыўся выбух. Там зараз адрамантаваны клас і знаходзіцца канцылярыя нашай школы. На месцы ж паветкі нам пабудавалі лесвіцу і добры турнік для фізкультурных практыкаванняў. Ніяк нельга пазнаць цяпер гэтага месца. А фізруком у нас Валодзька Бандарэнка — былы памочнік Васіля Анатольевіча.
КОСЦЯ БАДРАВЕЦ (1931 г.)