Майскай ноччу 1943 года некалькі партызан на чале з камандзірам брыгады «Полымя» Героем Савецкага Саюза Яўгенам Фёдаравічам Філіпскіх прабіралася ў вёску Новы Горадзень. На ўскраіне лесу Суперж Блужскага сельсавета Пухавіцкага раёна яны наткнуліся на нямецкую засаду.
Між партызанамі і немцамі завязалася моцная перастрэлка. У баі Філіпскіх быў цяжка ранены: адна куля прабіла плячо, другая — правае лёгкае. Ён упаў. Памочнік камандзіра брыгады Красільнікаў і партызан Мальцаў падхапілі яго і панеслі ў глыб лесу. Астатнія байцы сталі прыкрываць адыход.
У самым гушчары гэтага лесу знаходзілася патаемная зямлянка, у якой партызаны хаваліся ў час небяспекі. Красільнікаў з Мальцавым і прынеслі сюды непрытомнага камандзіра.
Я і маці ў той час жылі ў вёсцы Бабы, у якім-небудзь кіламетры ад лесу. Позна вечарам пачулася страляніна з аўтаматаў і кулямётаў. Мы хутчэй апрануліся і выбеглі на двор. Стралялі ў лесе. Вогненныя кулі раз-пораз праразалі начную цемень. Мы адразу здагадаліся, што партызаны, напэўна, нарваліся на фашыстаў. Доўга стаялі ля загарадак і думалі, што нам рабіць: бегчы ў яму ці заставацца дома? Калі страляніна сціхла, мы вярнуліся ў хату. Пачакалі крыху і, упэўніўшыся, што небяспека нам не пагражае, не распранаючыся, леглі спаць.
Мы ўжо засыналі, як раптам пачуўся асцярожны стук у акно. Маці хуценька падхапілася з ложка і выйшла ў сенцы. Неўзабаве яна вярнулася ў хату, завесіла вокны і запаліла газнічку. Пры яе цьмяным святле я ўбачыў чорнавалосага мужчыну ў вайсковай форме і з аўтаматам у руцэ. Гэта быў партызан Калнагораў.
Па яго бледным, узрушаным твары маці здагадалася, што здарылася штосьці непрыемнае. Яна падышла да партызана і з трывогай спытала, чаго ён прыйшоў адзін у такую пару.
— Філіпскіх ранены,— хмура прагаварыў ён і расказаў, як і пры якіх абставінах гэта адбылося.
— Ай-яй-яй! Як гэта вы не ўбераглі такога чалавека? — прастагнала маці, схапіўшыся за галаву.
Сумная навіна ўсхвалявала і мяне. Я ўжо даўно падтрымліваў сувязь з брыгадай і добра ведаў яе камандзіра. Знаёмства наша пачалося з год назад, калі я паказаў Філіпскіх вінтоўкі, схаваныя ў дупле асіны, у лесе. Як ён узрадаваўся тады, як дзякаваў мне за дапамогу. Пасля таго я адшукваў і заносіў у брыгаду гранаты, патроны і іншую зброю, лякарствы, якія браў у бацькавага знаёмага ў Тальцы, збіраў звесткі пра немцаў і паліцаяў.
Памятаю такі выпадак.
Аднойчы, гуляючы каля стрэльбішча, на якім паліцаі вучыліся страляць, я пачуў, як адзін з іх сказаў:
— Хлопцы, заўтра раніцою паедзем у Гоманаўку па хлеб. З намі будуць і немцы.
Аб пачутым я расказаў разведчыкам, якія прыходзілі да нас, а тыя перадалі камандзіру.
На дарозе між вёскамі Гоманаўка і Лапічы Філіпскіх зрабіў засаду і паставіў міны. Каля сарака гітлераўцаў і паліцаяў падарвалася на гэтых мінах. Спроба ворагаў забраць хлеб у вёсцы Гоманаўка была сарвана. Усё гэта я чамусьці ўспомніў цяпер, і мне стала вельмі шкада камандзіра. Сэрца маё сціскалася ад жалю.
— А дзе цяпер Філіпскіх? — дапытвалася маці.
— У зямлянку панеслі, без памяці ён,— адказаў Калнагораў і дадаў: — А я за лякарствамі і бінтамі прыйшоў. Трэба ж ратаваць камандзіра...
Маці падышла да акна, паглядзела пад занавеску і з роспаччу сказала:
— Лякарствы знойдуцца, але як іх занесці? Ужо развідняецца...
Вяртацца ў такі час у зямлянку Калнагораву было небяспечна, таму што ў суседніх вёсках размяшчаліся нямецкія гарнізоны. Яны, вядома, не толькі чулі перастрэлку, але маглі выставіць патрулёў і зрабіць засады. Я разумеў гэта, і ў мяне нечакана вырвалася:
— Я занясу...
Калнагораў узяў мяне за плечы.
— Куды табе... Я сам...
— Дзядзька, вас лягчэй заўважыць, чым мяне. А калі затрымаюць — ведаю, што сказаць... Я надумаўся... Скажу: «У лес іду, па дровы... У печы няма чым паліць...» Выкручуся як-небудзь...
— Калі так, то бяры лякарствы і шугай у лес.
— Хутчэй збірайся, сынок, час не чакае,— дрыготкім голасам сказала маці, дастаючы з патаемных вузялкоў сваіх лякарствы.— Вось толькі дрэнна, што Трафіма няма: хто там Філіпскіх дапамогу акажа?..
— Лекары знойдуцца,— сказаў Калнагораў,— не ўпершыню ў нас такое здараецца...
— Так-то яно так, але не ўсё яны могуць ведаць. Скажам, парашок даць няцяжка, але трэба ведаць які. Не той дасі — замест помачы немач будзе. Або ўкол... Жэня, ты хоць ведаеш, як ён робіцца? I ад чаго якое лякарства?..
— Ведаю,— выпаліў я.
Маці ўсё ж не паверыла і падрабязна расказала, як і што трэба рабіць. Затым я ўзяў шпрыц, бінт, камфару і другія лякарствы, склаў у палатняную сумачку і акуратна абвязаў яе вакол сябе. Хутка апрануўшыся, схапіў павадок, палку і выйшаў на двор.
Кароткая веснавая ноч была на зыходзе. На ўсходзе пачынала святлець. Я прайшоў агарод, мінуў калгасны сад і выйшаў у поле, па якім расло маладое жыта. Дарога мне была добра вядома, таму што я некалькі разоў хадзіў у зямлянку раней. Ішоў шпарка, уважліва прыслухоўплючыся да кожнага самага нязначнага гуку. У суседняй вёсцы на станцыі Блужа былі немцы і паліцаі, і я баяўся, каб іхнія патрулі не паскочылі на мяне. Але ўсё абышлося добра. У момант праскочыў поле і апынуўся ў лесе. Тут я адчуваў сябе смела: было дзе схавацца.
Зямлянка знаходзілася ў яловым гушчары, ля балота, і была добра замаскіравана. Над уваходам у яе расла пышная маладая елачка, якая нічым не адрознівалася ад дзесяткаў другіх, раскіданых навокал. Адшукаўшы яе, я злёгку працягнууў за верхавінку раз, другі, трэці і прыслухаўся. У зямляцы пачулі, што нехта тузае за дрэўца — сігналіць. Праз некалькі секунд да маіх вушэй данёсся ледзь чутны голас:
— Хто там?
— Гэта я, Жэня,— прыпаўшы да зямлі, сказаў я.
Партызаны ведалі мяне. Праз хвіліну дзверы прыўзняліся, і я па прыступках спусціўся ўніз. У зямлянцы палілася жалезная печка, труба ад якой была працягнута пад зямлёй да самага балота. Перад печкай, на нарах, я ўбачыў Філіпскіх. Ён ляжаў на спіне і цяжка дыхаў. Вочы ў яго былі заплюшчаны.
— Лякарствы прынёс,— сказаў я і, зняўшы з сябе сумачку, падаў партызанам. Тыя вельмі ўзрадаваліся.
— Што будзем цяпер рабіць? — звярнуўся Красільнікаў да сваіх таварышаў.
— Трэба укол,— адказаў Мальцаў, паглядваючы на мяне так, быццам чакаў пацверджання ці згоды.
Да вайны мой бацька працаваў ветфельчарам. У час акупацыі ён дапамагаў раненым і хворым партызанам. Нядаўна яго арыштавалі і пасадзілі ў бабруйскі канцлагер. Да арышту ён часта рабіў уколы пры мне. I заўсёды гаварыў, што як цяжкае раненне, то для падтрымкі сэрца добра ўводзіць камфару. Тое самае мне казала і маці. Аб усім гэтым я і паведаміў партызанам. Тады Красільнікаў і Мальцаў асцярожна перавярнулі Філіпскіх на левы бок, знялі кашулю і зрабілі ўкол ніжэй левай лапаткі. Затым расцерлі ў шклянцы таблетку чырвонага стрэптацыду і ўлілі ў рот. За ўвесь гэты час хворы нават не адкрыў вачэй.
Дняваць я застаўся ў зямлянцы. Праўда, Мальцаў спачатку не згаджаўся. Ён баяўся, каб чаго дрэннага не здарылася са мною ў такі трывожны час.
— Ды і маці будзе хвалявацца,— казаў ён.
Але Красільнікаў заступіўся за мяне.
— Куды ты,— кажа,— пагоніш хлапца ў такую пару?
Мальцаў падумаў і згадзіўся. Я быў вельмі рады гэтаму.
— Кладзіцеся спаць, а я буду даглядаць камандзіра,— прапанаваў я.
— Добра,— усміхнуўся Мальцаў і для большай пэўнасці прызначыў аднаго партызана мне «ў памочнікі», як ён сказаў.
Партызаны пападалі на нары і хутка паснулі. Я сеў на табурэтку і ўважліва глядзеў на камандзіра. Калі ён пачынаў моцна храпці, я даваў яму нюхаць нашатырны спірт. Я вельмі баяўся, каб ён хаця не памёр.
Дзень прайшоў спакойна, і вечарам я накіраваўся дадому. Не паспеў пераступіць парог хаты, як маці кінулася распытваць, як там Філіпскіх. Я расказаў аб усім па парадку. Даведаўшыся, што за цэлы дзень ён не ўзяў нічога ў рот, маці захвалявалася яшчэ больш.
— Адпачні крыху, сынок, ды занясі яму што-небудзь з'есці. Возьмеш малака... У мяме там некалькі кавалкаў цукру захавалася...
Але адпачываць не было калі: я трывожыўся за жыццё камандзіра не менш, чым маці. Калі сцямнела, я ўзяў лякарствы, якія ў нас былі, матчын вузялок з ядою і зноў адправіўся ў лес.
Ноччу Філіпскіх стала лепш. Ён адплюшчыў вочы, павярнуўся да мяне і з цікавасцю спытаў:
— Жэня, чаго ты тут сядзіш?
— Вы ранены, і я даглядаю вас.
— А як ты трапіў сюды?
Я расказаў.
— А маці ведае пра гэта?
— Ведае. Яна сама паслала мяне, каб я занёс вам цукру і малака.
Камандзіру цяжка было гаварыць, ём часта моршчыўся і змаўкаў. Я разумеў гэта і прапанаваў выпіць малака. Ён згадзіўся. Я зняў з печкі кубак і падаў яму. Ён выпіў і спытаў, ці дома бацька. Я сказаў, што ён арыштаваны і сядзіць у бабруйскім канцлагеры. Філіпскіх цяжка уздыхнуў і сказаў:
— Ідзі дамоў і дапамагай маме.
...У наступную ноч я зноў прыйшоў у зямлянку. Камандзір на той час спаў, і я стаў чакаць. Калі ён прачнуўся, я падышоў да яго і сказаў:
— Мама прыслала вам мёду, масла і яек. Яна казала, каб вы пілі мёд з малаком. Гэта вам дужа карысна будзе.
— Я ўжо і пітво падрыхтаваў,— абазваўся Мальцаў, падаючы шклянку з жаўтаватай вадкасцю. Філіпскіх выпіў, усміхнуўся і весела сказаў:
— Адразу палепшала...
Мне прыемна і радасна было чуць гэтыя словы. Я ўпэўніўся, што Філіпскіх будзе жыць.
Калі я вярнуўся дадому, то ў хаце застаў бацьку. Глядзеў і не верыў сваім вачам. Худы, зарослы валасамі, нямыты, ён выглядаў старэй сваіх гадоў. Бацька расказаў, як яму жылося ў канцлагеры, як ён уцёк адтуль. Хоць бацька прыйшоў дахаты незаўважаны, але заставацца ў вёсцы яму было небяспечна. У тую ж ноч ён пайшоў у партызанскі атрад.
Праз некалькі дзён Філіпскіх пераправілі на другі бок ракі Свіслач, у лес, пад вёску Балочча. Там яго ўжо лячыў бацька, а я па-ранейшаму дастаўляў медыкаменты і харчы.
Прайшло яшчэ крыху часу, і Філіпскіх зусім паправіўся. Аднойчы ён з двума партызанамі заехаў да нас.
— Хопіць вам тут быць,— звярнуўся ён да мамы.— А то немцы як дазнаюцца, што бацька ўцёк, закатуюць.— А мне ён сказаў:
— Ну, Жэня, шчыра дзякую, што ты даглядаў мяне. Я ўсё жыццё буду памятаць твой учынак.
I ён даў мне на памяць невялікую прыгожую фінку. Гэта быў самы дарагі для мяне падарунак. Праз дзень я і мама былі ў атрадзе. За дапамогу, якую я аказаў у выратаванні Філіпскіх, мяне ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі».
ЖЭНЯ БАЕШКА (1932 г.)
г/п Мар'іна Горка, Мінская вобласць.