ПІЯНЕРСКІ СЦЯГ

Мы жылі ў Добрушы, на самым канцы горада. Зусім блізка ад нас цячэ рака Іпуць, з другога боку — луг і лес. Летам у нас было вельмі весела. Мы і купаліся, і кветкі збіралі, і ў лес хадзілі. Іншы раз аж дадому не хацелася вяртацца.

У адзін сонечны дзень мы ўбачылі многа нашых самалётаў. Людзі загаварылі, што пачалася вайна. А потым прыляцелі нямецкія самалёты і пачалі кідаць на горад бомбы. Гульні нашы скончыліся. Я сядзела дома і нікуды не адлучалася: мама не дазваляла.

— Мала што можа здарыцца ў такі ліхі час,— гаварыла яна.

Калі немцы пачалі яшчэ больш бамбіць і страляць, мы ўсёй сям'ёй пайшлі ў лес. I суседзі з намі. Тата зрабіў будан, і мы жылі ў ім. Калі зрабілася ціха, вярнуліся дадому. Хата наша ўцалела, толькі не было акон. Не засталося і ніводнай курыцы — немцы з'елі.

Калі я ўпершыню ўбачыла немцаў, то вельмі спалохалася. Яны здаліся мне страшныя. Ад дарослых я чула, што яны рабуюць і забіваюць людзей, і мне ўяўлялася, што немцы гатовы схапіць і павесіць мяне. Крыўдна было, што яны тут гаспадараць і праз іх, можа, я не ўбачу сваіх братоў Івана і Апакаса, якія былі ка фронце.

Бацька спачатку нідзе не працаваў, але немцы прымусілі пайсці на фабрыку. Мама займалася хатнімі справамі. Я і брат Міша дапамагалі ёй.

Так прайшло некалькі месяцаў.

Аднойчы да нас прыйшла суседка і сказала маме:

— Ты чула? Немцы дашчэнту разрабавалі піянерскі клуб.

— Мусіць, хутка яны і да нас дабяруцца,— сказала мама.

Да вайны я часта наведвала гарадскі піянерскі клуб. Як прыгожа было ў ім! На сценах віселі розныя малюнкі і плакаты. У асобным пакоі знаходзіліся малюнкі, намаляваныя піянерамі, рэчы, вышытыя рукадзельным гуртком, і многа чаго іншага. На сцэне ставіліся пастаноўкі, выступалі нашы самадзейнікі. Мне захацелася паглядзець, як выглядае цяпер клуб. Апранулася і, не сказаўшы маме ні слова, выйшла з хаты.

У клубе ўбачыла сваіх сябровак Аню Скараходаву і Соню Ткачову. Яны таксама прыйшлі паглядзець, што здарылася з нашым клубам. Мы разбрыліся па пакоях. Немцаў нідзе не было.

У адным пакоі я ўбачыла паламаныя сталы, параскіданыя кнігі, партрэты. Раптам у кутку заўважыла чырвоны скрутак. Падышла да яго, падняла і разгарнула. Гэта быў наш піянерскі сцяг, які вісеў калісьці на сцяне клуба. Сэрца маё закалацілася. Я не хацела, каб немцы знайшлі і здзекаваліся са сцяга. Дрыготкімі рукамі хутка згарнула яго, засунула пад жакетку з левага боку і моцна прыціснула да грудзей, каб ён не тырчаў.

Выйшла на вуліцу і агледзелася. Блізка нікога не было. Гэта мяне крыху супакоіла. Прыйшла дадому спацелая. Мне здавалася, што гэта нагрэў мяне сцяг. Бацькі сядзелі на ганку і аб чымсьці шапталіся.

— Дзе ты была? — спытала ў мяне мама.

— У піянерскім клубе.

— Чаго? — здзівілася яна.— Што табе там патрэбна?

— Так сабе,— адказала я і пайшла ў хату. Не магла ж я на двары гаварыць пра сцяг. За мною ў хату ўвайшлі і мама і тата. Тады я расшпіліла жакетку, выняла з-пад пахі сцяг і сказала:

— Вось што я прынесла!

Маці ўзяла скрутак, разгарнула і ціха войкнула.

— Навошта ты яго ўзяла? — сказала яна.— Што мы будзем з ім рабіць?

— Яго трэба схаваць...

— Схаваць? Спаліць яго трэба, а не хаваць.

— Мамачка, як гэта спаліць? Гэта ж наш піянерскі сцяг!

— Ну і што ж? А ты ведаеш, што будзе нам, калі яго знойдуць немцы? Нас усіх пазабіваюць...

— Калі добра схаваць, то не знойдуць,— абазваўся бацька.

Я ўзрадавалася, пачуўшы гэтыя словы. А мама падумала і сказала да бацькі:

— I ты за яе. Калі так, то рабі як знаеш. Табе відней.

Я папрасіла ў мамы што-небудзь, каб загарнуць сцяг. Яна дала мне старую хустку. Я стала загортваць сцяг. Бацька не вытрымаў, уздыхнуў і прагаварыў:

— Вось якая пара настала... Свайго трэба баяцца, хаваць...

— Ды і ў мяне ў душы кіпіць,— прызналася мама.— Але што ты зробіш. Ну, дык схаваем. Можа, калі павесім яго на месца.

Я загарнула сцяг у хустку і палажыла ў шафу, якая стаяла ў цёмным кутку, за печкай.

Мінуў дзень. Настаў другі. Мне не цярпелася. З галавы не выходзілі думкі пра сцяг. Падпільнаваўшы, калі ў хаце нікога не было, дастала з шафы сцяг, паглядзела і зноў палажыла на ранейшае месца.

З тыдзень у горадзе было ціха, і сцяг ляжаў у шафе. Затым пачаліся вобыскі. Я спалохалася і схавала сцяг у стары валёнак, а валёнак паставіла на печку. Я думала — нікому і ў галаву не прыйдзе, што ў валёнку хаваецца такая каштоўная рэч. Праз чатыры дні не ўцярпела і зноў перахавала. На гэты раз загарнула яго ў анучы і палажыла ў грубку, у попел, а маме сказала:

— У печцы не палі, там сцяг.

Настала восень. Пачаліся халады. Трэба было паліць печку. Я спытала ў мамы, куды перахаваць сцяг. Мама падумала і сказала:

— Трэба закапаць у зямлю. I надзейней і спакайней.

Татка таксама сказаў, што так будзе лепш.

Назаўтра выдалася хмурная, туманная раніца. Я ўзяла рыдлёўку і пайшла на агарод. На бульбянішчы выкапала ямку і палажыла ў яе сцяг. Каб ён не папсаваўся ад вільгаці, укруціла яго ў толь. Ямку засыпала і зямлю разраўняла так, што нават зблізку нельга было пазнаць гэтае месца.

Мой бацька дзесьці дастаў каровіну скуру і хацеў вырабіць яе на сырыцу. Але ён дрэнна прасаліў, і ў ёй завяліся чарвякі. Тады бацька ўзяў і закапаў яе пад плотам, на агародзе. Суседка Шура Ісарава, жонка паліцая, бачыла гэта. Яна пабегла ў камендатуру і заявіла, што Галафаспы схавалі савецкае дабро. Назаўтра з'явілася шэсць немцаў і паліцаяў. Яны пачалі дапытвацца ў бацькі, дзе і што ён хаваў. Бацька падумаў, што пытаюць пра сцяг, і сказаў, што нічога не хаваў. Яму не паверылі і пачалі рабіць вобыск. Перарылі ўсё ў хаце, але нічога не знайшлі. Выйшлі на двор і сталі прыглядацца, ці няма дзе свежа ўскапанлй зямлі. Я круцілася каля іх збоку і дрыжала.

Вельмі баялася, каб яны не пайшлі на агарод. Бацька зразумеў, якая небяспека пагражае ўсім нам, калі яны знойдуць сцяг. Тады ён успомніў пра скуру і паказаў, дзе яна закапана. Скуру адкапалі. Немцы паглядзелі і пайшлі.

Хутка пачаліся дажджы. Зямля набракла. Я пачала хвалявацца, каб не згніў сцяг. Вечарам, калі пачало цямнець, адкапала яго і прынесла ў хату. Сцяг быў сухі. У мяне адлягло ад сэрца. Маці спытала, навошта я адкапала яго.

— Баялася, каб не згніў,— адказала я.

— Пакладзі яго на печку. Там ён будзе сухі,— параіла мама.

Я зноў схавала сцяг у валёнак.

Уранні нечакана прыйшлі немцы і паліцаі рабіць у хаце вобыск. Яны капаліся ў камодзе, у ложках, у шафе. Мусіць, шукалі зброі. Бацькі тупалі каля іх. Я ў гэты час была на кухні. Ад страху не знаходзіла сабе месца. Мне думалася, што яны вось-вось палезуць на печ, знойдуць сцяг, і тады мы ўсе прапалі. Але калі яны будуць пытацца, навошта я ўзяла яго, усё роўна не скажу. На наша шчасце, яны аблазілі ўсю хату, а ў валёнак не заглянулі.

Аднаго разу я гуляла на вуліцы. Гляджу, бяжыць незнаёмая жанчына. I нідзе нікога не відаць. Я ўстрывожылася і падбегла да яе.

— У Кукобнічыхі робяць вобыск,— сказала яна і пабегла далей.

А гэта зусім блізка ад нас. Я бягом у хату. Схапіла на печцы сцяг, сунула яго пад палу і ў лес. Забралася ў гушчар, але так, каб бачыць, што робіцца на вуліцы. Села на пень і давай сачыць. У лесе прасядзела датуль, пакуль паліцаі не абышлі ўсю вуліцу. Вярнулася дадому позна ўвечары і схавала сцяг у той жа валёнак.

Пяты раз немцы рабілі вобыск на двары, а ў хату не зайшлі. Я тады набралася страху, але не так, як першыя разы. Мне чамусьці здавалася, што немцы сцяга не знойдуць.

Неяк малодшы брат Міша поркаўся на печы, залез у валёнак і выцягнуў адтуль сцяг.

— Глядзі, глядзі, што я знайшоў! — крыкнуў ён мне.

Я спалохалася: да гэтага часу мы яму нічога не гаварылі пра сцяг. Я хацела была адабраць ад яго сцяг і вынесці, але Міша прычапіўся:

— Пакажы, пакажы, што гэта такое?

Я вымушана была сказаць яму і стала прасіць:

— Маўчы, Міша, і нікому пра гэта не гавары. Калі скажаш, то ўсім кам будзе дрэнна.

— Не вучы, сам ведаю,— сказаў ён і даў слова, што ніколі нікому не скажа.

Сваё слова ён стрымаў. Нават са мною ён ні разу потым не загаварыў пра сцяг.

Пра тое, што я хаваю піянерскі сцяг, акрамя нашай сям'і, ніхто з пабочных не ведаў. Аб гэтым я не сказала нават сваёй цётцы і сяброўкам. Праўда, іншы раз, гуляючы з дзяўчынкамі, мне карцела паведаміць ім пра свой сакрэт. Але як падумаю, бывала, што яны могуць пахваліцца каму-небудзь ці прагаварыцца, у мяне адразу прападала ахвота ўспамінаць пра гэта. Я чакала таго дня, калі можна будзе дастаць сцяг і панесці па вуліцы так, як гэта было да вайны.

Настала лета 1944 года. Людзі ўсё часцей і часцей гаварылі, што наша армія наступае і хутка будзе тут. А праз некаторы час загрукацела і каля нашага горада. Мы кінуліся ў лес. Колькі прабылі ў ім — не ведаю. Толькі аднаго разу ўдзень па лесе разнеслася радасная вестка: «Нашы прыйшлі!» Мы пабеглі ў горад. На вуліцах было паўнютка нашых байцоў. Як радасна было бачыць іх! Я падскочыла да байцоў і спытала, ці хутка скончыцца вайна.

— Для цябе яна ўжо скончылася,— адказалі яны і засмяяліся.

Тут я ўспомніла пра сцяг. Дужа захацелася паказаць яго воінам-вызваліцелям. Я памчалася дадому і расказала аб гэтым бацьку. Бацька выслухаў і сказаў:

— Пачакай крыху. Вось я зраблю дрэўка, і тады занясём.

Я дастала сцяг, разгарнула і сказала:

— Вось і дачакаліся, калі цябе не трэба хаваць.

Бацька зрабіў дрэўка, пафарбаваў чырвонай фарбай і прымацаваў да яго сцяг. Я ўзяла сцяг і разам з бацькам пайшла ў райком партыі. Цяпер я несла яго смела. Людзі глядзелі і дзівіліся: адкуль у мяне сцяг?

У райкоме зайшлі да сакратара Мікалая Сцяпанавіча Клюева. Я першая, бацька — за мною. Павіталіся з ім.

— Добры дзень! — адказаў ён і спытаў: — Што скажаце?

— Прынесла піянерскі сцяг, які я хавала і берагла ўсю вайну,— сказала я і падала сцяг.

Сакратар узяў яго, паглядзеў і ласкава сказаў:

— Дзякуй, Маня! Ты — сапраўдная піянерка.


МАНЯ ГАЛАФАЕВА (1932 г.)

г. Добруш, вул. Піянерская, 8.

Загрузка...