НЕВЯДОМЫ ГЕРОЙ (З успамінаў партызан)

Наша група прабіралася па лесе. Ціха, утульна было пад зялёнымі галінамі ў гэты гарачы летні дзень. Мякка шамацела лісце ў верхавінах, бадзёра стукаў дзяцел, пераклікаліся птушкі усё, як звычайна, нібы лес і не ведае ніякай вайны.

Недзе побач павінна быць шасэ Бабруйск-Магілёў, але на сённяшні дзень яно нас не цікавіла — была свая задача. Раптам з таго боку пачулася страляніна: узнікла адразу, без ніякіх папярэдніх стрэлаў. Трашчаў кулямёт. Да яго далучыліся вінтовачныя стрэлы, потым застракатаў другі кулямёт, трэці. Агонь узмацняўся і пашыраўся, перакінуўся ў адзін бок, у другі.

Распачалася, відаць, сур'ёзная бойка. Але з кім? Нам добра вядома, што з нашых таварышаў ніхто засады сёння тут не робіць. Значыцца, сюды трапілі «чужыя». Хто? Чаму? Якім чынам? Хто на каго напаў?

Як бы там ні было, а трэба ісці на дапамогу.

Мы рассыпаліся і пачалі прабірацца ў той бок. Бой разгараўся. Але раптам страляніна сціхла. Сціхла таксама адразу, як пачалася.

Мы прыпыніліся. Што гэта значыць? Ці нейкі незвычайны канец, ці манеўр які? Але ўсё было ціха, як і раней.

Яшчэ больш насцярожыліся і пайшлі далей. Пасоўваліся вельмі марудна, бо ў гэтай таемнай цішыні кожны шолах і трэск былі далека чуваць.

Праз некаторы час паказаўся прасвет. Потым заўважылі дым...

Выпаўзлі на ўскраек лесу і ўбачылі шасэ. На ім гараць два грузавікі. Можа, на тым баку ці недзе побач нямецкая засада? Але адкуль немцы маглі ведаць, што сюды прабіраюцца партызаны?

Падпаўзлі да самага шасэ, высунулі галовы — усё спакойна. Узышлі на шасэ, азіраемся — нікога. Між дзвюх зялёных канаў блішчыць на сонцы бязлюднае шасэ, а на ім дымяцца два грузавікі. Ніхто не страляе — значыцца, ніякай засады няма.

Вось на шасэ некалькі крывавых плям. Відаць, былі раненыя ці забітыя. Але хто? I куды яны дзеліся?

Можна меркаваць так: немцаў было больш як два грузавікі: партызаны з засады абстралялі іх; немцы, адстрэльваючыся, забралі сваіх раненых і забітых і на астатніх машынах уцяклі. Але чаму страляніна абарвалася адразу? Няўжо ніхто ні разу не стрэліў ім услед? Ды і наўрад ці маглі яны на адкрытым шасэ, пад абстрэлам, перагружацца, падбіраць сваіх раненых і забітых і ўцякаць, не прадпрымаючы ніякіх аперацый супроць партызан. Страляніна сведчыла, што тут адбывалася значная бойка, што яна пашыралася і ў адзін і ў другі бок. А калі яны ўсё ж такі нейкім чынам уцяклі, то куды дзеліся партызаны? Няўжо і яны ўсе чамусьці хуценька паўцякалі?

Сталі мы шукаць слядоў.

I вось воддалі, на самым краі шасэ, за ўзгоркам, знайшлі папсаваны ручны кулямёт Дзегцярова, а побач — кучку гільз.

А потым за дзесяць — пятнаццаць метраў, у балотнай лужыцы, убачылі забітага. Вакол яго — сляды нямецкіх ботаў. Відаць, тут тупалі на месцы некалькі немцаў. Забіты быў хлопчык прыблізна чатырнаццаці гадоў. Калі выцягнулі яго і агледзелі, то знайшлі на ім шэсць ран. Раны былі такія, ад якіх ён не мог памерці адразу. Значыцца, немцы старанна тапілі яго ў маленькай лужыне яшчэ жывога. Стараліся, працавалі, трацілі час толькі дзеля таго, каб спагнаць на гэтым хлопчыку сваю злосць. Значыцца, ён даўся ім у знакі...

I тады перад намі паўстаў малюнак...

...Вось гэты невядомы хлопчык дастаў недзе ручны кулямёт. Якім чынам — гэта не дзіва. Не дзіва і тое, што ён навучыўся валодаць ім. Ці мала нашых піянераў умелі і ўмеюць валодаць зброяй?

З гэтым кулямётам ён зрабіў засаду — сам, адзін. У вялікім сэрцы малога хлопчыка была такая нянавісць да ворага, такая любоў да Радзімы, што ён не захацеў чакаць нічыёй дапамогі. I такая адвага, што ён выступіў адзін на адзін супроць цэлай калоны.

Вось ён залёг тут, у гэтай ямцы, і стаў чакаць. Здалёк набліжаліся машыны з немцамі. Колькі іх — ён не глядзеў. Што будзе з ім самім — ён не думаў. Ён думаў толькі пра адно: чым больш страт зробіць ворагу, тым больш карысці будзе для ўсіх нашых людзей. Вядома, і сэрца яго моцна калацілася, вядома, нервы яго былі напружаны, але ён быў цвёрды і спакойны, бо іначай не мог бы не толькі выбіць са строю машыны і людзей, але і распачаць гэтую бойку.

Машыны імчацца да яго. Ён цэліцца, выбірае момант, націскае спуск — і ўсё навокал затрашчала, загуло, закруцілася... Немцы з крыкам «партызант!» выскокваюць з машын, залягаюць каля дарогі. Ягоныя кулі косяць іх. Загарэлася адна машына, другая. Немцы страляюць хто куды і усёй сваёй зброі. За кожным кустом ім здаюцца грозныя партызаны. Афіцэры мітусяцца, камандуюць. Вось наперадзе заўважылі партызанскі кулямёт і накіравалі туды галоўны агонь. Але не забываюць яны і лес, паляць направа і налева.

А хлопчыка ўжо раніла адзін раз, другі... Ён аб гэтым не думае, а ўсё страляе і страляе... Раніла трэці, чацвёрты, пяты раз... ён, сцяўшы зубы, страляе... Яму нават лёгка і радасна робіцца, калі ён бачыць, як ад яго рукі паміраюць ворагі, гараць машыны.

Нямецкае камандаванне загадвае ў першую чаргу ўзяць гэты партызанскі апорны пункт. Адна група немцаў ідзе ў абход з правага фланга, другая — з левага. Спецыяльныя сілы вылучаны прыкрываць іх ад лесу, з тылу. Справа ідзе аб лёсе ўсяго нямецкага атрада. Трэба, чаго б гэта ні каштавала, прарвацца.

Раптам кулямёт сціх. Прыціхлі і немцы. Стаіліся, наставілі свае кулямёты і аўтаматы на лес і чакаюць, адкуль пачнуцца новыя стрэлы. Але ніякіх стрэлаў больш няма. Перадавыя часці тым часам наблізіліся да прыціхлага партызанскага кулямётнага гнязда.

I знайшлі там аднаго-адзінага раненага хлопчыка...

Дык вось з кім яны ваявалі па ўсіх правілах нямецкай ваеннай навукі! Дык вось каго яны «перамаглі» пасля цяжкай і ўпартай бойкі! Нават хлопчык гэты, як відаць, не партызанскі, бо каму магло б прыйсці ў галаву пасылаць яго аднаго з кулямётам у засаду. I партызанскім разведчыкам нельга яго лічыць, бо які ж гэта разведчык — хлапчук з цяжкім нязграбным кулямётам? Немцы бачылі перад сабой аднаго з тых мільёнаў дзяцей, якія нарадзіліся і выгадаваліся на савецкай зямлі. I, відаць, адчулі перад ім страх, бо чаго ж тады было ім яшчэ далей «змагацца» з раненым дзіцем? Мусіць, не адзін з немцаў у гэтую хвіліну з жахам падумаў: «Што нас чакае ў гэтай краіне, калі ўсур'ёз прыходзіцца ваяваць нават з такімі дзецьмі?..»

...З вялікай любасцю і жалем глядзелі мы на невядомага маленькага героя. З пашанай пахавалі яго ў «кулямётным гняздзе». Дружны, шчыры ваенны салют рэхам пакаціўся па лесе.

Мы пайшлі сваёй дарогай.

Хто ён, маленькі герой?

Пазней мы недзе чулі, што гэта сын ляснічага, што з ім нібы быў яшчэ яго васьмігадовы брат, якога ён адаслаў ці дадому, ці кудысьці з данясеннем... Аперацыі і баі закінулі нас далёка ад тых месц і на некаторы час засланілі ў памяці гэты эпізод. А калі я ўспамінаю аб ім цяпер, то адчуваю, што ён — адзін з самых значных здарэнняў нашага партызанскага жыцця.


Н. А. БАРЫСЕВІЧ,

студэнт БДУ.

Загрузка...