Да вайны я жыў у вёсцы Марынішча Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Маці працавала ў калгасе, а бацька быў начальнікам пажарнай дружыны. Я закончыў два класы Марынішчанскай школы. Летам купаўся, лавіў рыбу ў Дрысе.
Калі пачалася вайна, бацьку ў Чырвоную Армію не ўзялі, бо ён быў хворы. Мы сталі капаць у садзе зямлянку-сховішча ад бомбаў. Туды хаваліся я, мама, бацька і бабуля.
У той дзень, як немцы ўпершыню абстрэльвалі наша сяло, мы сядзелі ў гэтым сховішчы. Калі супакоілася, мы вылезлі з зямлянкі. Я ўбачыў, што сцяна нашай хаты прастрэлена кулямі.
Потым у вёску прыйшлі немцы. Але я іх не бачыў зблізку. Мы ўцякалі ў лес. Карову прывязалі за біла, паклалі на воз пажыткі і разам з усімі паехалі ў гушчар.
Я чуў, што ў нашай вёсцы немцы забіраюць свіней, курэй — усё, што ўцалела на дварах. Я і Пецька Шырокаў парашылі схадзіць у Марынішча і паглядзець.
Прыйшлі. Бачым — салдаты ў зялёных фрэнчах з белымі каўнярамі паклалі дзеда Міхала і б'юць. Ён ляжыць на пасланых дошках, а яны сякуць бізунамі па голай спіне. Мы з Пецем — назад, схаваліся за хлеў, папаўзлі агародамі за сяло — і ў лес. Мы расказалі ўсё, што бачылі. Бацька насварыўся і прыгразіў, каб больш я нікуды не адлучаўся, а пільнаваўся воза.
Сям'я наша вярнулася ў сяло. Але як толькі немцы заглядвалі ў Марынішча, мы зноў хаваліся ў лес. Жыццё зрабілася цяжкім. Зіма надышла. Наша бабуля прастудзілася, захварэла і памерла.
— Пайду ў партызаны,— сказаў бацька мацеры.
Я вельмі рад быў, што мой тата будзе партызан. Бацька пайшоў. Мама і я засталіся дома. Калі бацьку здаралася вольная часіна, ён прыходзіў да нас.
Гэта было ў 1942 годзе. У нашым раёне зрабіўся партызанскі край. Партызаны стварылі моцную абарону ад немцаў. Я сам хадзіў капаць канавы, каб танкі не прарваліся да нашага сяла.
Аднойчы бацька ўзяў мяне з сабой у лес. Мне хацелася пабачыць партызанскі атрад. У лесе я спаткаў многа дзядзькоў. Я таксама хацеў застацца ў атрадзе, але трэба было памагаць маме.
Летам нямецкія самалёты спалілі наша жыта. Я дапамагаў маме ўпраўляцца з хатнімі справамі і час ад часу хаваўся ў лес. Немцы рабілі аблавы па вёсках. Яны стварылі блакаду.
Прайшла зіма. Надышоў сакавік месяц. У той дзень, як я пачуў першых жаваранкаў, вечарам да нас прыехала фурманка. Узброеныя дзядзькі насцеж расчынілі дзверы і ўнеслі ў хату штосьці доўгае, захутанае ў кажух. Гэта быў забіты бацька. Маці заплакала, загаласіла. Партызаны пачалі расказваць, што мой бацька вельмі смела біўся з немцамі. Асабліва я заплакаў тады, калі закапалі на могілках бацьку і паставілі над яго магілай помнік — белы слупок з чырвонай зоркай.
Застаўся я жыць з адной мамкай. Партызаны нам дапамагалі. Яны далі нам карову.
Я парашыў набыць зброю. Я стаў рабіць наган, каб ён страляў сапраўднымі патронамі. Знайшоў сук, да яго прымацаваў дротам трубку, а ў яе ўклаў яшчэ адну трубку, заклаў туды патрон так, што цвік, адцягнуты гумай, удараў па капсулю. Я пайшоў страляць: як стрэліў, дык і разарвала мой самаробны наган. I пальцы на левай руцэ да касці разадрала.
Калі Чырвоная Армія пачала гнаць немцаў назад, мы пачулі, што зямля гудзе, сталі чуваць разрывы снарадаў. З Марынішча ўсе людзі пайшлі ў лес. Я з маткай спяшаўся, але немцы на матацыклах дагналі нас каля лесу. Мама толькі крыкнула:
— Сынок.
З многімі людзьмі я ўцёк. Спыніўся, апамятаўся, мне стала шкада мамы. Я стаў думаць, што мне рабіць, куды мне ісці, і ўспомніў партызан. Я пайшоў туды, да іх у атрад, каб помсціць немцам, як дарослы.
У атрадзе я паведаміў, што карнікі захапілі нашых людзей і пастралялі. З боем партызаны пайшлі на тое месца, і я пабачыў тады забітую маму. Толькі доўга змагацца з немцамі атрад не мог. Немцы з большай сілай, з танкамі, з машынамі, рушылі на лес. Партызаны адышлі, і я не паспеў пахаваць маму.
Была восень 1943 года. У партызанскім атрадзе я стаў дапамагаць дзядзьку-повару мыць лыжкі, міскі. На кухні бульбу скроб, чысціў іржавыя патроны.
Аднойчы немцы напалі на нас і ўвесь атрад разагналі па лесе. Я з Шурам Шуміліным, які быў старэйшы за мяне на шэсць год і таксама находзіўся ў партызанах, забрылі ў глыбіню лесу. Мы так далёка забраліся, што не ведалі, куды ісці і дзе мы. Ішоў дождж, навокал дзесьці стралялі. Мы пераначавалі пад елкай. Есці ў нас не было чаго. У Шурыка было масла змазваць карабін. I карабін быў. Селі мы з ім пад дрэвам, пачысцілі карабін і пайшлі шукаць ежы.
Мы пяць дзён харчаваліся ягадамі журавінамі і ўвесь час шукалі наш атрад.
Калі напаткалі знаёмую сцежку, мы сталі асцярожна падкрадвацца да месца размяшчэння нашага атрада. Але там нікога не было, толькі хадзіла курыца, гадаванка дзядзькі-повара. Мы так хацелі есці, што злавілі яе, абарвалі пер'е і, паколькі ў нас не было сярнічак, пачалі есці яе сырую.
Потым пайшлі далей шукаць каго-небудзь з атрада. Нарэшце знайшлі.
— Мы ўжо думалі, што вас немцы злавілі,— сказаў камандзір атрада.
— Нас немцы ніколі не зловяць,— адказалі мы.
Нас завялі ў новы будан і далі добра пад'есці. Дзядзька-повар наліў крупніку з баранінай ды яшчэ па місцы заціркі. Хлеба не было.
Настаў час, калі партызаны злучыліся з Чырвонай Арміяй. Я стаў прасіцца, каб узялі і мяне. Але мяне не хацелі прымаць. Я сказаў, што ў мяне няма ні бацькі, ні маці, і тады лейтэнант Красных, камандзір узвода сувязі, прыняў мяне і нават пачаў зваць «сынам». Я і цяпер вяду з ім перапіску.
Ва ўзводзе я стаў вучыцца вайсковай справе — праходзіў уставы, вывучаў тэлефонныя апараты. Тут я ўпершыню ў жыцці атрымаў карабін. Я быў так рады, што нідзе з ім не разлучаўся. Цяпер на мне была вайсковая форма. Я зваўся выхаванцам Першага Прыбалтыйскага фронту.
Наша стралковая брыгада знаходзілася ў Віцебскай вобласці да 15 мая 1944 года. У гэты дзень мы пайшлі ў наступленне. Я ўжо ўмеў цягнуць сувязь, выдатна ведаў усе няспраўнасці тэлефонных апаратаў — і сваіх і нямецкіх. Я ішоў услед за разведчыкамі і прымаў удзел у вызваленні горада Полацка.
У Полацку нашу брыгаду расфарміравалі. Наш камандзір стралковай брыгады загінуў у баі. Цяпер я трапіў у батальён сувязі. I калі пайшлі ў наступленне далей, мне далі гвардзейскі значок. Я стаў гвардзейцам. З нашым гвардзейскім батальёнам я прайшоў Польшчу, Літву, Латвію. Мы многа вызвалілі гарадоў, але назвы іх усе такія, што запомніць цяжка. Вось, памятаю, у Рызе адзін дзядзька распытаў у мяне, як я трапіў у армію, і даў мне вялікі букет кветак. Я падзякаваў.
— Трымайся, сынок! — сказаў ён.— Хутка закончыцца гэтая вайна?
Я адказаў:
— Як да Берліна дойдзем.
Але я не дайшоў да Берліна. У Прусіі было такое здарэнне.
Я і тры разведчыкі — Кузьмін, Саўчанка і Байкадамаў — пайшлі да немцаў у тыл. Нам трэба было даведацца, колькі ў немцаў батарэй і дзе яны знаходзяцца. Пайшлі ноччу. Узялі аўтаматы і дзве шпулькі з провадам. Цераз лінію абароны ісці было страшна, але мы перабраліся шчасліва. Ішлі разам, пакуль ставала проваду. Тады я застаўся наладжваць сувязь, а разведчыкі пайшлі далей. Я падключыў апарат, паклікаў свой пазыўны, сказаў, што ўсё ў парадку, і пачаў маскіравацца. Праз нейкі час, калі стала світаць, Саўчанка прынёс мне паперку. На паперцы былі запісаны квадраты на карце і колькасць нямецкіх батарэй. Ён сказаў мне перадаць гэта камандзіру, а сам пайшоў да таварышаў. Я даў званок, чую — ручка апарата лёгка круціцца. Значыць, сувязі няма. Я пайшоў шукаць парыву на лініі. Іду, шукаю, а ўжо світае. Хутка знайшоў адзін канец проваду, потым другі і пачаў іх звязваць.
Раптам з-за кустоў паказаліся два немцы. Яны ішлі да мяне, але пакуль што мяне не бачылі Я хапіўся за аўтамат, прыклаўся і даў чаргу. Немцы паваліліся. Я хацеў ісці да апарата, а пасля парашыў: можа, у немцаў якія важныя дакументы. Пайшоў і забраў усё, што было ў іх з дакументаў. А зброю іх у кусты пакідаў. Вярнуўся і перадаў па тэлефоне весткі, а таксама і тое, што са мною было. Камандзір адказвае:
— Схавайся дзе-небудь там, каб нашы снарады не закранулі. Зараз мы распачнём агонь.
Калі пяхота пайшла ў наступленне, мяне падабралі нашы байцы.
На другі дзень капітан Анохін выклікаў мяне са строю.
— Гвардыі радавы таварыш Казлоў, вас узнагароджваем медалём «За адвагу».
Я адказаў:
— Служу Савецкаму Саюзу!
Я з яшчэ большай ахвотай пайшоў у наступленне, помсціць немцам за бацьку і маці, але хутка настаў Дзень Перамогі. Дзень Перамогі я спаткаў у Данцыгу і на радасці ўсе патроны і ракеты перастраляў.
Пасля вайны наш батальён тры месяцы стаяў на беразе Балтыйскага мора. Я часта ездзіў на лодках, караблях гуляць у мора.
А калі надышоў навучальны год, мяне накіравалі вучыцца.
АЛІК КАЗЛОЎ (1932 г.)
Мінск, чыгуначнае рамеснае вучылішча № 3.