МАЕ ПАКУТЫ

22 чэрвеня. Выхадны дзень. На вуліцы нашай вёскі многа народу. Бачым — ляцяць пяць самалётаў. Мы зацікавіліся, але здзівіліся. Потым чуем:

— Вайна!

Мне тады было восем год, а браціку Мішу — пяць. Я не ведала, што такое вайна і як там б'юцца. Мне татка кажа:

— Б'юць чалавек чалавека.

А я дзіўлюся: як гэта б'юць адзін аднаго? Чаму не жывуць дружна?

Народ заварушыўся. Мужчын сталі браць у армію. Майго татку не ўзялі, бо ён быў хворы. Ён хадзіў сумны і казаў:

— Расію ніхто яшчэ не перамог і не пераможа.

У народзе казалі, што немец лезе на нашу зямлю. А я думала: як гэта немец адзін лезе на нас усіх? Я ўяўляла сабе: вось цячэ рака; на тым беразе стаіць адзін страшны немец, а на гэтым беразе — нашы, і немец ірвецца на нас.

I вось чуем, што немцы будуць у нас. Потым пачуўся стрэл. Бачым — яны едуць на веласіпедах. Прыехалі і пачалі заходзіць у хаты. Мы схаваліся за печчу. Да нас прыйшоў адзін немец і крыкнуў:

— Матка, млека, млека!

Бабуля сказала, што няма. Тады ён сам пайшоў шукаць — і знайшоў. Потым прыйшоў другі і крыкнуў маме:

— Яйкі, яйкі!

На акне ляжала адно яечка. Ён узяў і паказаў пальцамі,— маўляў, яшчэ тры. Мама кажа:

— Няма.

Тады ён яе — прыкладам. Потым убачыў на двары курку, выбег, злавіў яе і адкруціў галаву.

Тут немцаў наехала многа. Яны занялі ўвесь калгасны двор. Вечарам прыйшлі да нас, сталі крычаць і махаць рукамі. Мы зразумелі, што яны нас выганяюць вон.

Мама кажа:

— Дзе нам начаваць?

Яны гавораць:

— Рус свіння!

Мы пераначавалі на двары. Вельмі было крыўдна, што з тваёй хаты цябе выганяюць.

Немцы паехалі далей. У вёску вярнулася некалькі мужчын з тых, каго прызывалі ў армію. Гэты былі здраднікі, яны паступілі ў паліцыю. Яны і бацьку майму казалі:

— Ідзі, Іван, у паліцыю, так лепей будзе.

Але тата сказаў:

— Не пайду людзей рабаваць.

Паліцаі хадзілі па вёсках і рабавалі. Людзі сабралі ўраджай, а яны забралі сабе ў двор.

Прыйшла зіма. Немцы прыязджалі са станцыі Старушкі і забіралі ўсё, што ім хацелася. Нам не дазвалялі хадзіць у лес па галлё, і мы жылі ў халоднай хаце. Было вельмі нудна. Раней, бывала, пойдзеш у школу, атрымаеш добрую адзнаку — і так радасна. А цяпер усё аднялі праклятыя фашысты.

Сяк-так перазімавалі. Прыйшла вясна. Сталі бацька і маці старацца, каб што-небудзь пасеяць. Коней немцы забралі. Трэба было араць на сабе. Я таксама запрагалася ў плуг. А паліцай прыйшоў на поле адбіраць зямлю і ўдарыў бацьку абухом па спіне.

Маці старалася хоць дзе-небудзь што-небудзь пасеяць. Устане раненька і бяжыць. Потым прастудзілася і захварэла на тыф. Уся яе работа лягла на мяне. Праз два тыдні мамка памерла. Яна пакінула нас, траіх дзяцей. Малодшаму быў адзін месяц. Па начах я не спала, а ўсё калыхала браціка. Трэба было прысыпаць бульбу, палоць грады. Бацька папрасіў суседку, каб яна дапамагла. Хлеба не было, малака не было. Раней, бывала, пойдзеш у краму і купіш, што трэба, а цяпер усё для немцаў. Пасля шасці гадзін не дазвалялі выходзіць з хаты. Маленькі брацік хутка памёр.

Не было солі. На наша шчасце, партызаны падарвалі эшалон з соллю. Мы пайшлі ноччу, набралі многа солі і закапалі, каб немцы не знайшлі. Партызаны часта прыязджалі па соль, і мы ім давалі.

Аднаго разу немцы акружылі вёску і сталі зганяць у кучу ўсіх людзей: і старых і малых. Наставілі кулямёты і пытаюцца:

— Хто карміў партызан?

Стараста сказаў, што ніхто не карміў, што партызаны як ішлі праз вёску, так і пайшлі. Немцы нас адпусцілі, але папярэдзілі: калі будзем карміць партызан, то нас усіх пастраляюць. Але мы яшчэ лепш сталі дапамагаць партызанам.

Партызаны хадзілі на падрыў чыгункі праз нашу вёску. Яны часта ў нас начавалі. Паліцаі сталі хавацца. Мы заўсёды былі гатовы ўцякаць у лес. Сваю адзежу і хлеб мы закапалі ў зямлю. Думалі: няхай лепш згніе, чым пападзе ворагу.

Раз пачуўся стрэл. Я выбегла на двор і ўбачыла, што немцы і паліцаі зноў акружаюць вёску. Хто з людзей уцякаў, у таго яны стралялі. Бацькі дома не было. Я адразу пабегла за вёску, але ўспомніла, што брат застаўся ў хаце, і вярнулася.

Яго дома не было: я думала, што немцы яго забілі. Але нехта сказаў, што ён пабег з людзьмі ў лес. Я была вельмі рада. У той раз немцы забілі дзяўчынку Кацю, год чатырнаццаці. Яна схавалася ў кустах. Падышоў немец, паглядзеў на яе і выстраліў. Былі ранены і двое дзяцей. Немцы пабілі б яшчэ многа людзей, але яны тады ішлі не на нас, а на Вялікія Сялючычы. Там спалілі многа людзей: сярод іх былі мой дзядзька Кузьма і цётка Дуня.

Мы выбраліся ў лес. Бацька мой зрабіў курэнь, і мы там жылі. Была ўжо зіма, холадна, не было ніякай цёплай адзежы. Потым мы зноў перасяліліся ў вёску.

Я па некалькі дзён не раздзявалася, бо баялася, што немцы нападуць на нас сонных. Не разувалася, і ногі былі мокрыя. Потым разулася, і акурат у тую ноч партызаны хадзілі на падрыў поезда. Там забілі дзевяць немцаў, узялі два кулямёты і сем вінтовак. Зрабіўшы сваю справу, партызаны ў нашай вёсцы спыніліся начаваць.

Усе спалі да раніцы. Устаўшы, я крыху абулася і стала пячы бліны ў печы. Чуем — стрэл. Гэта вартавы даў трывогу. Мы ўсе выбеглі на двор. Нас акружылі немцы. Я прыбегла ў хату, схапіла з ложка коўдру і пабегла сама. Толькі татку сказала:

— Бяры Мішу і ўцякай!

Партызан Міця сеў на свіран і стаў з кулямёта сячы немцаў. Ён страляў, пакуль усе людзі не выбеглі з вёскі. Потым і сам пабег у лес. Быў вялікі мароз. Я трошкі адбеглася — і мая нага разулася. Пабегла босая. Я не ведала тады ні страху, нічога. Бягу, а навокал мяне кулі ціўкаюць. Я нагу не адчувала, грукала ёю, як дзеравяшкаю.

Так мы прабеглі сем кіламетраў. Снег быў да калень. Прыбеглі ў вёску Грабаў. Калі я ўвайшла ў нейкую хату, нага мая стукнула, як арэх. Стала мая нага раставаць і вельмі балець. У мяне зрабілася гарачка.

Тут прыехаў з вёскі Міхедавічы адзін чалавек па сваю пляменніцу. Я папрасілася, каб ён і мяне ўзяў з сабою, бо там жыў мой дзед. Ён прывёз мяне да дзядулі. У іх на кватэры былі партызаны. Бабуля прыклала мне да нагі льнянога семя. У мяне тады моцна балела галава, і я не магла заснуць. Тады адзін партызан даў мне такіх кружочкаў, каб можна было спаць. Мне крыху палягчэла.

Я не ведала, дзе знаходзяцца татка і Міша. Але потым людзі сказалі, што Міша ў нашай вёсцы. Дом наш немцы спалілі, але татка паспеў выратаваць з хлява карову, якую немцы не агледзелі. Ён пакінуў Мішу і карову ў суседкі, а сам пайшоў у партызаны. Я была вельмі рада, што яны засталіся жывыя.

Калі татка даведаўся, дзе я, то прыйшоў і прынёс мне коўдру. Потым прывёў партызанскага доктара Рымшу, які сам быў з вёскі Бабунічы. Доктар сварыўся, што мне прыкладалі льняное семя. Ён зняў з нагі мёртвую скуру. Вельмі балюча было, але я не плакала. Ён мне нагу перавязаў. Потым раніцою яшчэ раз перавязаў. Быў вельмі добры чалавек. Калі ад'язджаў у другое месца, то даў мне бінт і паласканне.

Татка хацеў забраць мяне ў свой лес, бо на гэту вёску часта нападалі немцы. Ён хацеў несці мяне на плячах, але я была цяжкая. Тады ён пасадзіў мяне на маленькія санкі. Толькі мы ад'ехалі, як людзі гавораць, што ў Сялючычах (гэта наша вёска) немцы. Татка вярнуўся. Я думала: «А як жа Міша?»

Потым мы даведаліся, што немцы забралі ў нашай вёсцы ўсіх людзей і пагналі ў Капцэвічы. Мішу нашы людзі неслі на руках і перадалі там цётцы. А потым прыехала з Брынёва маміна сястра і ўзяла Мішу да сябе.

Татка пайшоў у свой лес. Я засталася ў дзеда. Нага мая гніла, лякарстваў не было. Я лячылася сама: татка надраў з дуба кары, я кару запарвала і гэтай вадой прамывала нагу. Вельмі шчыпала.

Пасля і дзед з сям'ёй пайшоў у лес, а мяне пакінулі ў хаце. Яны казалі:

— Будзь у хаце, а то застудзіш нагу.

Мне было вельмі крыўдна, што яны пакідалі мяне адну. А што, калі прыйдуць немцы і спаляць? Вельмі страшна было. Я хадзіла на адной назе. Есці не было чаго. Я хадзіла есці да людзей. Аднаго разу, калі я вярнулася дадому, то не знайшла сваёй коўдры. Я засталася без нічога.

Надыходзіла вясна. Раставаў снег. Жудасна было, калі пачыналася трывога. Усе як пачнуць бегаць, а я не магу. Вельмі балела нага, пальцы паадпадалі: спачатку вялікі, потым мезік, а потым сярэднія.

Мяне ўзяў да сябе чужы дзядзька Сяргей. У яго былі дзеці, і я іх даглядала. Ён зрабіў у лесе курэнь, і мы там жылі. Было лета. Я трошкі пачала хадзіць. Але калі дзе зачаплю нагой, то з яе льецца кроў. Асабліва, калі нам прыходзілася бегчы. Але калі бяжыш, то нічога не адчуваеш. Раніцою я ўставала, збірала грыбы, і мы іх варылі.

Аднаго разу мы пачулі, што немцы ідуць на Міхедавічы. Мы ад'ехалі далей ад куранёў. Немцы спалілі вёску, двух дзядоў і адну бабу. Уся моладзь была ў лесе.

Падступала восень. Раптам чуем — немцы на людзей ідуць аблавай. Мы сабраліся і паехалі за раку Арэсу. Праехалі вёску Белы Пераезд, затым заехалі ў вёску Замосце. I чуем, што немцы ўжо ў Белым Пераездзе. Не адпачываючы, ноччу мы паехалі далей, у вёску Палічын. Там пажылі некалькі тыдняў і зноў пачулі, што немцы ідуць на нас. Мы выбраліся ў лес. У чужым незнаёмым лесе нам было нядобра, і мы падаліся ў наш бок, але зусім другой дарогай, укругавую. Ехалі мы шмат дзён па розных вёсках. Потым разам з партызанамі зноў пад'ехалі да ракі Арэсы. На ёй не было моста, а толькі дзве кладкі высока, метры на тры ад вады. Была ноч, вельмі многа людзей. Кожны стараўся перайсці хутчэй, бо немцы ў дарозе нас часта абстрэльвалі. Дзядзька Сяргей панёс адзенне, а я паўзла за ім. Было цёмна, і я вельмі баялася зваліцца ў ваду. Каровы і коні перапраўляліся ўплаў. Мы ехалі дні і ночы праз лясы і балоты.

Нарэшце вярнуліся ў Міхедавічы, у нашы курані. Там жыла наша суседка. Яна сказала, што немцы блізка, вакол нас, і мы перабраліся ў другі лес і прасядзелі да вясны.

А ўвесну немцы зноў пайшлі на нас аблавай. Як сталі ганяць па лесе,— дзе ні паслухаеш, усюды страляюць. I нарэшце ўсіх нас палавілі. Прывялі на нейкі востраў і сталі пускаць чырвоныя ракеты. Потым павялі нас да чыгункі. Як убачыла я рэйкі, то горка заплакала: думала, што нас павязуць у Германію. Мы былі галодныя, нічога не было есці, дзеці плакалі.

Вечарам нас пагрузілі на платформу і павезлі. Везлі там, дзе былі нашы курані, дзе я збірала грыбы. Так хацелася саскочыць — лепш загінуць, чым быць немцу рабом. На пераездзе нас высадзілі і пагналі ў вёску Грабаў. Людзі папрыставалі. Хто спыняўся, таго білі прыкладамі.

У Грабаў прыйшлі ноччу. Паставілі нас у шарэнгу і з ліхтарыкамі сталі лічыць. Потым далі баланды — на дзвесце чалавек бак. А есці не было чым. У цемры мы шукалі па двары банкі і чарапкі. Потым адвялі нам тры скляпы, напхалі туды нас і над кожным склепам паставілі вартавога. Назаўтра завезлі ў Белы Пераезд і размясцілі ў хатах, па пяць сямействаў.

Праз некалькі дзён немцы сабралі ўсіх людзей на сход. Я думала, што яны нас спаляць. Але яны сказалі:

— Хто хоча ехаць у Германію, таму будзе добра.

Ніхто не згадзіўся. А на другі дзень немцы ўцяклі. Мы паехалі дадому.

Тут я даведалася, што татку майго немцы забілі. Яны злавілі яго ў лесе, павялі ў вёску Брынёў, дзе знаходзіўся Міша, мучылі, дапытвалі, а потым расстралялі.

Я вельмі плакала і ўсё думала, што хутка прыйдуць нашы і адпомсцяць за здзекі. Раз мы сядзелі ў лесе каля шашы і ўбачылі, як немцы бягуць і ўсё на хаду кідаюць. А потым з'явіліся нашы. Нам здалося, што гэта сон. Усе пабеглі насустрач і крычалі:

— Нашы! Нашы! Ура!

Я расказала дарагім вызваліцелям, як я адмарозіла нагу, як памерла мама і маленькі брацік, як і за што забілі бацьку.

Я хачу цяпер сказаць пра тых паліцаяў-здраднікаў. Гарошка як пачуў, што ідзе Чырвоная Армія, то павесіўся. А яго брат Антон ехаў на машыне, і яго партызаны забілі з засады. Машука Васіля партызаны забілі, калі ён спаў у пасцелі. Няхай сабакі ляжаць у зямлі!

Цяпер я жыву з Мішам у дзетдоме ў Петрыкаве.


ЖЭНЯ ЕЎСТРАТАВА (1933 г.)

Загрузка...