Мільгаюць палі, лясы, вагон дрыжыць, а я сяджу і гляджу праз акно. Раптам нейкі вялізны чалавек трасе мяне за плячо і крычыць: «Лерачка, уставай!»
З намаганнем расплюшчваю вочы, але нічога не магу зразумець. Нешта гудзе, вые, дом увесь дрыжыць. Што гэта — бура, ці землетрасенне, або працяг сну?
Тата бярэ мяне пад пахі і ставіць на падлогу. Раптам — страшэнны грукат, звон шкла, і ўнутраная аканіца бразнулася на зямлю.
— Хутчэй апранайцеся і ідзіце ў склеп,— кажа тата,— а я пайду ў паравознае дэпо.
У склепе я пачула, што немцы перайшлі мяжу і напалі на нас.
Так пачалася для нас вайна.
У пяць гадзін раніцы бамбіць перасталі. Мы вярнуліся на сваю кватэру. Таткі не было.
У шэсць гадзін на вуліцы затрашчалі матацыклы, і хвілін праз дваццаць да нас уварваўся нямецкі афіцэр з салдатамі.
— Савецкія?.. Муж?.. Зброя?..— крыкнуў афіцэр.
Дзесяцімесячная сястрычка Іначка спала на маім ложку. Афіцэр закрычаў, затупаў нагамі, падбег да ложка, ухапіў за канец матраца і з усёй сілы скінуў яго на падлогу разам з сястрычкай. Пад матрацам быў рэмень, канец якога немец палічыў за партупею. Штурхануўшы нагой маму, якая кінулася да Іначкі, афіцэр з салдатамі выйшаў.
Сястрычка так моцна стукнулася галавой аб жалеза, што тыдні праз два памерла... Сусед, які служыў у немцаў, загадаў казаць усім, што яна памерла ад дызентэрыі, і нават прыслаў дэзінфектара.
Немцы ў Брэсце больш за ўсіх праследавалі тых савецкіх людзей, якія пераехалі сюды з 1939 года. Таму да нас яны прыходзілі амаль кожны дзень. Жыць стала немагчыма, і мы перасяліліся на ўскраіну горада, дзе нас ніхто не ведаў. Туды прыйшоў і бацька, які да гэтага часу недзе хаваўся. Ён ад усіх таіў, што ён машыніст, і, нарэшце, калі не было куды дзецца, пайшоў на працу чорнарабочым. Мама дастала паперку, што яна інвалід, такім чынам ухілілася ад працы на немцаў.
У нашай кватэры пад кухняй быў добры бетанаваны склеп. Акно, што выходзіла з яго на двор, татка замураваў і засыпаў зямлёй. Калі ў горадзе з'явілася электрычнасць, татка зрабіў дзірку ў куце за печкай і па-за шпалерамі правёў у склеп провад. Там устанавілі радыёпрыёмнік. Дзверцы ў падлозе перарабілі ў падлогу, а замест таго ў сенцах, пад бочкай з вадой, пакінулі непрымацаваныя дзве дошкі. Да нас прыходзілі таварышы бацькоў слухаць радыё.
Тата стаў рабіць вёдры, паяць каструлі, і да нас пачалі прыходзіць заказчыкі, але ўсё адны і тыя ж. Мама стала шыць, але прымала заказы толькі ад сваіх людзей і часта аддавала іх нязробленымі. Людзі выносілі ад нас радыёзводкі Масквы.
Аднаго разу, увосень 1942 года, мы доўга чакалі маму.
Набліжалася дзевятая гадзіна вечара, да якой можна было хадзіць, а мамы ўсё не было. Нарэшце ў дзесяць гадзін мама прыйшла бледная, хістаючыся, у запэцканым адзенні. Яна сказала, што была ў суседзяў, праз вуліцу, што яе напалохаў сабака і яна павалілася ў гразь. Распрануцца яна не магла, і мне прыйшлося дапамагаць ёй. Я ўбачыла, што ў яе былі пашкоджаны правы бок, ногі, плячо распухла.
I толькі пазней, калі я стала дапамагаць маме ў яе падпольнай рабоце, мама мне расказала, што тады яна была на канспіратыўнай кватэры, што іх заспелі там немцы, і мама скочыла праз акно з другога паверха...
Увесну 1943 года арыштавалі многа моладзі. Была арыштавана і дачка мамінай падругі, Вера Краўцова, з дзесятага класа. Яна была ў нас піянерважатая. Разам з ёю арыштавалі сакратара камсамольскай арганізацыі Барыса Аноткіна. Іх расстралялі. Я іх добра ведала, і мне было вельмі цяжка.
Аднаго разу мама сказала мне, што ў адных знаёмых трэба ўзяць скруткі, а ёй ісці туды нельга. Тады я прапанавала пайсці самой. Мама ўзяла мяне за руку і сказала:
— Гэта вельмі сур'ёзная і небяспечная справа. Калі ты баішся, то не трэба, дзетка.
Я ёй сказала, што хачу быць такой, як Вера і Барыс. З таго часу я хадзіла па кватэрах, разносіла і брала пакункі. У нямецкай аптэцы працавала наша знаёмая Галя Аржанава. У яе я брала медыкаменты.
Увосень 1943 года зноў быў правал. Былі выданы дзве канспіратыўныя кватэры. Арыштавалі сакратара падпольнага гаркома партыі тав. Жулікава з сям'ёй і многіх таварышаў, якія заходзілі да яго, не ведаючы пра засаду немцаў. Там быў арыштаваны і мой тата, але яму ўдалося адгаварыцца, бо ён нёс запаяную каструлю. Тады расстралялі дваццаць чалавек.
У сакавіку 1944 года мама пайшла ў партызанскі атрад, куды яна часта хадзіла з заданнямі. Суседзям мы казалі, што мама пайшла ў вёску працаваць. На гэты раз мама затрымалася на цэлы месяц. Мы ўжо лічылі, што яна загінула. Але яна трапіла ў акружэнне і пасля месячных баёў выратавалася.
Вярнуўшыся, мама сказала, што большасць падпольшчыкаў адклікаецца з горада, а мы застаёмся. Хутка мы даведаліся, што Галя правалілася і была павешана...
Баючыся, што нашы самалёты будуць бамбіць Брэст, немцы на ноч выходзілі за горад і начавалі ў сховішчах. Брат Сярожа пазнаёміўся з аднымі такімі немцамі, і яны пачалі пускаць яго ў сваё сховішча. Тады тата і мама сталі даваць яму тол, які ён адносіў у сховішча і хаваў за абшыўку ў сцяне. Калі толу набралася чатыры кілаграмы, ён палажыў туды зараджаную міну, якая павінна была ўзарвацца ў гадзіну ночы. У тую ноч узляцела ў паветра восем немцаў і адна жанчына, якая з імі дружыла.
У мяне была добрая памяць, і мне часта даручалі сачыць за рухам нямецкіх войск. Я выходзіла за горад, дзе злучаліся шасэ з Масквы і Ковеля, хавалася ў канаву і запісвала, колькі машын ідзе, у які бок, чым гружаныя, якія знакі на машынах. Праседзеўшы да вечара, я несла звесткі маме. Я выяўляла таксама, дзе стаяць зеніткі, дзе знаходзяцца склады баявых прыпасаў гаручага. Вельмі радасна было пачуць, што, паводле нашых звестак, бомбы з нашых самалётаў трапілі ў такі склад.
Аднаго разу мама ўзяла рыдлёўку, кошык, і мы з ёю пайшлі за горад, на могілкі. Там мы сталі папраўляць магілку Іначкі. Раптам з кустоў выйшла да нас жанчына. Я пазнала цётку Надзю Сярову, якой ужо даўно не было відаць у горадзе.
Яна выняла з-за пазухі магнітныя міны, засмяялася мне і знікла ў кустах. Мама паклала ў кошык міны, зверху мы наклалі кветак. Кошык мама дала мне, сабе на плечы ўзяла рыдлёўку, і мы вярнуліся ў горад.
Пасля таго я стала хадзіць адна, і не толькі на могілкі, але і ў розныя іншыя месцы за горадам.
На вуліцы Карла Маркса быў трохпавярховы дом, дзе размяшчаліся нямецкія мотачасці. Раз мама даручыла мне аднесці ў гэты дом тол і перадаць нашай знаёмай Марусі Шаўчук, якая там працавала.
Але я сустрэла Марусю на вуліцы і перадала ёй тол. Дом быў узарваны, а Маруся ўцякла ў партызанскі атрад.
Горш было з домам на вуліцы Маякоўскага, дзе жылі нямецкія сувязісты, лётчыкі, афіцэры. Ён быў таксама трохпавярховы, і ля дзвярэй яго заўсёды стаяў вартавы. У доме гэтым працавала Насця Паршына, якая часта заходзіла да нас. Мама спачатку зняла план дома знадворку, потым Насця ў нас дома зрабіла ўнутраны план. Увесь гэты матэрыял мама панесла ў атрад, там абмеркавалі яго, распрацавалі план аперацыі і пачалі рыхтавацца. Дастаўляць тол даручылі мне.
У горадзе не хапала хлеба, і жыхары, асабліва дзеці, выменьвалі яго на яйкі. Мне клалі ў кошык тол, засыпалі мякінай, а наверх лажылі яйкі. Я прыбіралася прыгажэй, на валасах завязвала бант і ішла к дому на вуліцу Маякоўскага. Зрабіўшы перад вартавым рэверанс, я на польскай мове прасіла прапусціць мяне да «паноў афіцэраў», каб памяняць яйкі на хлеб. Пры гэтым я давала вартавому два-тры яйкі. Ён мяне прапускаў на кухню. Немец-повар ішоў па хлеб, а я перадавала яйкі і тол Насці.
Кожны раз, калі я ішла з яйкамі, у мяне сціскалася сэрца, але я ўспамінала Іначку, Веру, Галю і авалодвала сабой.
Аднаго разу повар не пайшоў па хлеб, а сам стаў выбіраць яйкі. Ён капаўся ў мякіне, а я з жахам думала, што зараз ён дабярэцца да дна... Тады Насця за яго спіной бразнула на падлогу каштоўнае блюда. Немец павярнуўся і стаў лаяць Насцю, а я тым часам выбрала з кошыка ўсе яйкі.
Калі дома я расказала аб гэтым маме, яна збялела, абняла мяне і сказала:
— А каб цябе выкрылі, пасадзілі ў турму, ты б сказала, чыя ты і хто ты?
Я адказала:
— Ніколі!
— А цябе білі б і катавалі, як Галю...
— Я тады думала б пра нашых камсамольцаў, якія загінулі. Яны былі мае старэйшыя таварышы, а я — піянерка, іх змена.
— Дачушка мая, а ты не крыўдзілася б на нас, што мы цябе пасылалі на гэту справу?
Я сказала маме:
— Ганаруся вамі і гэтай справай і з радасцю памру, калі трэба будзе.
Нарэшце прыйшоў дзень, калі Насця завяла міну і пайшла прама ў атрад. Праз шэсць гадзін, калі ўсе спалі, адбыўся выбух...
У хуткім часе татка з мамай завялі нас з братам у партызанскі атрад, а самі большай часткай былі ў горадзе, да прыходу нашай арміі.
КАЛЕРЫЯ ЗАЖАРСКАЯ (1930 г.)