ВЫЗВАЛЕННЕ БРАТА

Нам хочацца расказаць пра выпадак, які быў у часы Вялікай Айчыннай вайны.

У нашай вёсцы стаялі немцы. У хаце Алесевага бацькі размяшчаўся іхні штаб. У штабе жыў камендант са сваім перакладчыкам. Мы часта хадзілі да іх купляць цыгарэты для старэйшых.

Аднойчы я і Алесь узялі тры яйкі і пайшлі ў штаб.

— Чаго вы прыйшлі? — спытаў камендант, які добра размаўляў па-руску.

Мы паказалі яму яйкі. Камендант усміхнуўся і, узяўшы яйкі, даў нам тры цыгарэты. Мы хацелі ўжо ісці, як раптам камендант зрабіў знак пачакаць. Ён падышоў да печы, узяў пілу і вярнуўся да нас. Мы пераглянуліся: дык вось нашто мы патрэбны яму? «Трасцу, працаваць мы на вас не будзем!» — падумаў я. I, нібы згаварыўшыся, кінуліся наўцёкі. Камендант выскачыў з хаты, выхапіў рэвальвер і пачаў страляць. Але мы не звярнулі ўвагі на гэта і з усіх ног імчаліся дамоў.

Хутка да нашага двара падышоў мой брат і з ім немец. Як потым мы даведаліся, камендант прымусіў яго завесці і паказаць, дзе жывуць тыя непаслухмяныя хлапцы. Заўважыўшы немца, мы пабеглі ў сенцы хавацца. Фрыц убачыў нас і пачаў грозна крычаць, каб мы вярнуліся назад. Мы перапалохаліся і кінуліся з сянец, але выскачыць не паспелі. Немец схапіў нас за рукі і павалок да каменданта. Мы ўпіраліся і не хацелі ісці, бо ведалі, што чакае нас, калі мы трапім у яго рукі. Немец узлаваўся і ўдарыў мяне прыкладам, а Алеся — ботам у спіну. Мы заенчылі так, быццам нас рэзалі, вырваліся ў яго з рук і кінуліся ўцякаць у лес, які сінеў недалёка. Салдат схапіў вінтоўку і стаў страляць па нас. Куля трапіла Алесю крыху ніжэй калена, але ён не звярнуў увагі на боль і бег за мною.

У лесе мы спыніліся і, пераканаўшыся, што пагоні няма, селі пад густую купчастую яліну.

— Як твая рана, баліць? — спытаў я ў сябра.

— Баліць,— адказаў Алесь моршчачыся.

Я разарваў сваю кашулю і перавязаў яму нагу. Потым, адпачыўшы крыху, параіліся паміж сабою і пайшлі ў суседнюю вёску, да маёй цёткі. У яе мы пражылі больш двух тыдняў.

Тым часам немцы забралі майго брата і пасадзілі ў астрог. Яны яго часта дапытвалі, збівалі, стараючыся выведаць пра партызан і падпольшчыкаў. Але ён стойка перанёс усе здзекі і пакуты і нічога не сказаў пра народных мсціўцаў.

Неяк уранні прыбегла Алесева сястра і сказала, што немцы выехалі з вёскі. Гэта навіна ўзрадавала нас. У той жа дзень мы былі дома. Тут я даведаўся, што ў суседняй вёсцы знаходзіцца нямецкі астрог, у якім сядзіць і мой родны брат. Параіўшыся з Алесем, я рашыў вызваліць брата, чаго б гэта ні каштавала. К гэтаму часу Алесева нага зажыла, і ён зусім не кульгаў. Смелы і дружацкі, Алесь гатовы быў дапамагчы мне.

У нашым агародзе я калісьці схаваў кінжал і два рэвальверы. Цяпер мы дасталі іх, узброіліся і адправіліся ў вёску, дзе сядзеў брат. Калі сцямнела, падабраліся да астрога. Ля дзвярэй убачылі вартавога, які, прыпёршыся да сцяны, соладка драмаў. Я шапнуў Алесю быць напагатове, а сам папоўз да вартавога. Калі я быў на крок ад яго, ён раскрыў вочы і хацеў крыкнуць, але кінжал мой апярэдзіў яго крык... Вартавы ўпаў. Алесь падскочыў да дзвярэй і пачаў цвіком адмыкаць замок.

Адамкнуўшы замок, мы ўскочылі ў астрог. Злева ў кутку заўважылі брата. Ён з радасцю кінуўся да нас. Мы асцярожна выйшлі на двор і праз агароды памчаліся дадому.

Калі мы прайшлі лес і пачалі мінаць апошнія кусты, перад намі раптам паказаўся ствол аўтамата і пачуўся злосны вокліч «стой». Алесь імкліва выхапіў рэвальвер і стрэліў у фашыста. Той мяшком упаў на траву, а мы кінуліся ў лес. Немцы пачулі і пачалі страляць. Пакуль мы беглі ў Мармонаву лазу, страляніна спынілася. Мы вылезлі з кустоў, разгледзеліся і пайшлі дадому.

Дома мы даведаліся, што гэта ехаў нямецкі абоз і спыніўся адпачыць. А мы якраз і напароліся на возчыкаў.

Праз некалькі дзён прыйшлі нашы савецкія войскі, і наша барацьба з фашыстамі спынілася. Мы аддалі байцам сваю зброю, а самі ў хуткім часе падаліся вучыцца.

Мы і зараз вучымся.


ІВАН ЦАРАЎ

Дрыбінскі раён, Чэрнеўская СШ.

Загрузка...