Да нас пачалі прыходзіць незнаёмыя людзі. Яны падоўгу аб чымсьці шапталіся з маткай. Потым і яна стала знікаць з дому. Мяне ўзяла цікавасць. Я не вытрымала і спытала:
— Куды ты ходзіш, мама?
— Да знаёмых,— адказала яна.
Аднойчы ўранні мама вярнулася стомленая і заклапочаная. Я падбегла да яе, абхапіла за шыю і лісліва спытала, дзе яна так доўга была. Яна спагадна зірнула на мяне, пагладзіла любоўна па галаве і ласкава сказала:
— Зоечка, мне няма калі з табою гутарыць. Трэба рыхтаваць снеданне. Вы ж, напэўна, прагаладаліся і хочаце есці?
Яна прынесла дроў, распаліла ў печы і пачала варыць ежу. Калі снеданне было гатова, яна паклікала нас. Толькі мы ўселіся за стол, як у сенцах пачуліся крокі. Маці ўсхапілася і падышла да дзвярэй. У хату ўвалілася некалькі немцаў. Адзін з іх, высокі, штосьці злосна гаркнуў па-нямецку. Я спалохалася, схапіла браціка і прытуліла да сябе. Немец паўтарыў сваё пытанне яшчэ больш грозна. Маці разумела, што кажа немец, але прыкінулася, што не ведае. Раз'юшаны немец падскочыў да яе і ўдарыў прыкладам у спіну. Маці ўскрыкнула і схапілася за балючае месца. Я і Ніна кінуліся да яе. Немцы груба адштурхнулі нас і загадалі ёй збірацца.
— Бывайце, дзеткі! — сказала мама і выйшла з хаты.
Гэтыя словы як нажом паласнулі па сэрцы. Я і Ніна з лямантам пабеглі за ёю. Таня і Вася — за намі.
Далейшае помню, як праз сон. Бачыла, як маці і Ніну павялі па вёсцы, а нас, дзяцей, пасадзілі ў аўтамашыну.
— Мама, мамачка! — закрычалі ў адзін голас я і Таня і саскочылі на зямлю. Нас падхапілі салдаты і зноў пацягнулі да машыны. На хаду я азірнулася. Перад маімі вачыма мільганула знаёмая постаць маёй любімай мамы і схавалася за паваротам вуліцы. Тады я не ведала, што бачу яе апошні раз. Нас упіхнулі ў кузаў грузавіка і накрылі брызентам.
Праз некалькі хвілін машына загрукатала і кранулася з месца. Мне стала страшна. Я абняла сястрычку і браціка і залілася горкімі слязамі. Наплакаўшыся досыць, пачала думаць, як вылезці адсюль. Паспрабавала падняць брызент, але ён быў моцна прывязаны вяроўкамі. Разрэзаць яго не было чым. Ад вялікага гора я зноў заплакала.
Пад вечар нас прывезлі ў Віцебск. Я ўбачыла вялікі двор, агароджаны калючым дротам, рад доўгіх будынкаў, а за дротам — нашых, савецкіх людзей. Нас прывялі ў асобны пакой і старанна абшукалі. У маіх ботах паліцай знайшоў гадзіннік, які калісьці падарыў мне бацька. Ён пакруціў гадзіннік у руках, засмяяўся і сказаў:
— Ты тут здохнеш з голаду. Табе ён не патрэбен,— і паклаў у кішэню.
Пасля гэтага нас дапытвалі. Здаровы паліцай у чорным касцюме дамагаўся выпытаць ласкай. Я або маўчала, або гаварыла, што нічога не ведаю. Ён узлаваўся і пачаў пагражаць:
— Прызнаешся — дам есці, не прызнаешся — будзеш сядзець галодная... Не дапаможа і гэта — загадаю адлупцаваць...
Не дабіўшыся ад мяне праўды, ён запісаў імёны сястры і браціка і загадаў вывесці. Нас упіхнулі ў вялікае памяшканне, у якім знаходзілася многа людзей. Да нас падышла пажылая жанчына.
— Адкуль вы, дзеткі? — спытала яна.
Я адказала. Жанчына заміргала павекамі і пайшла ў свой куток. У яе сутаргава ўздрыгвалі плечы. Я здагадалася: у яе таксама ёсць дзеці і яна не ведае, што з імі цяпер.
У бараку было сыра, цёмна, брудна. Я разгубілася і не ведала, дзе нам прытуліцца. Выратаваў стары дзядуля. Ён паклікаў нас да сябе і паказаў, дзе ёсць свабоднае месца. Нары былі ў тры паверхі. Мы размясціліся на другім. Таня і Вася так змардаваліся за дзень, што яны адразу пападалі на голыя дошкі і заснулі. Я доўга не магла заснуць. Перад вачыма стаяў высокі немец, што ўдарыў маму, а ў вушах гучалі развітальныя яе словы: «Бывайце, дзеткі!»
Уранні я прахапілася ад зычнага вокрыку: то выганялі на работу дарослых. Адзін рабочы не хацеў паднімацца. Яго збілі гумавымі палкамі і прымусілі ісці пад канвоем. У бараку засталіся адны дзеці. Тут былі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Яны былі бледныя, худыя, абшарпаныя. Некаторыя так аслабелі, што не маглі трымацца на нагах. Дзве дзяўчынкі захварэлі. Прыйшлі нямецкія санітары і забралі іх. Больш я іх не бачыла.
Кармілі нас два разы ў суткі: удзень — талерка мутнага варыва, якое празвалі «жыжай», вечарам — шклянка голай гарбаты. Хлеба (з апілкамі) давалі мала і рэдка. Я, напрыклад, за восем дзён атрымала тры разы грамаў па трыста. Ад галадухі і хвароб штодзённа памірала многа людзей.
Праз тры дні ад недаядання і нечалавечых умоў жыцця захварэў Вася, а потым Таня. Іх забралі і кудысьці панеслі. Што зрабілі з імі немцы, я не дазналася. Расставацца з імі было вельмі балюча. Я чакала, што і са мной будзе тое самае. Хадзіла па бараку, не знаходзячы сабе месца.
Я слабела з кожным днём. Мяне чакаў такі ж канец, што і другіх дзяцей. Адсюль ніхто не выходзіў жывы. «Чым паміраць павольнай смерцю, хай мяне лепш заб'юць»,— падумала я і наважылася ўцякаць. Аб сваім намеры рашыла расказаць Мані і Любе, дзвюм дзяўчынкам, з якімі паспела пасябраваць за гэты кароткі час.
— Дзяўчаткі, мы ўсё роўна памром,— шапнула я ім.— Давайце вырывацца з гэтага пекла.
— Ты без маткі, і мы без бацькоў, шкадаваць і плакаць па нас не будзе каму,— сказала большая Люба і ахвотна згадзілася. Маня таксама.
Вартавыя стаялі толькі пры ўваходзе ў барак. Выбірацца можна было з процілеглага боку. Там вокны былі забіты сеткаю. Але дрот тонкі і ржавы.
Ноччу, калі зняволеныя спалі, я асцярожна падышла да акна і пачала ціхенька ламаць сетку. Раніцай усё было гатова. Але як перарэзаць калючы дрот вакол лагера? Тут нам пашанцавала. Доктар пры наведванні забыў свае нажніцы. Нажніцы былі невялікія і гладкія. Тады мы іх назубілі.
Наступнай ноччу мы вылезлі з барака і паўзком дабраліся да дротавай агарожы. Люба была большая і дужэйшая за мяне і Маню. Яна лягла на зямлю і пачала рэзаць. Дрот быў стары і ржавы. Каб лягчэй было рэзаць, мы асцярожна нацягвалі яго на сябе. З вялікімі цяжкасцямі ўдалося перарэзаць тры драціны. Пасля гэтага мы прапаўзлі пад агарожай і апынуліся за межамі гэтага жудаснага лагера смерці. Радасці нашай не было канца. Не верылася, што мы вольныя і можна ісці, куды хочам.
За намі пачалі выбірацца другія зняволеныя. Калі вартавыя паднялі страляніну, мы ўжо былі каля вёскі Дабрэйкі. Тут мы рассталіся. Люба і Маня рашылі прабірацца бліжэй да дому, а я — у лес, каб дабрацца да партызан. На развітанні абняліся і моцна пацалаваліся. Яны пайшлі ў адзін бок, а я — у другі.
ЗОЯ ВАСІЛЕЎСКАЯ (1933 г.)
7-мы дзетдом, г.Мінск