Жыве гарбар у Нотынгеме спрытны,
Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй!
Артур-а-Бленд яго зваць.
Усе, сказаць шчыра, у Нотынгемшыры
Баяцца яго узлаваць.
З дубінай тоўстай на плячы шырокім,
Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй!
Ідзе гэтак смела сабе.
Хто ўбок не адыдзе, з дарогі не сыдзе,
Таго з яе палкай саб’е.
Пайшоў аднойчы з Нотынгема уранні,
Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй!
У лес каралеўскі Шэрвуд —
Зірнуць на аленяў хаця б на імгненне,
I стрэўся яму Робін Гуд.
У горадзе Нотынгеме ўсе ведалі, хто самы спрытны баец на дубінах, тут не было дзвюх думак. Калі хто-небудзь чужы прыходзіў у горад і выклікаў нотынгемцаў на паядынак, тыя толькі хітра пасмейваліся і выстаўлялі супраць прышлага Артура-а-Бленда. Чалавек пакідаў Нотынгем з памятымі рэбрамі, Артур-а-Бленд жа вяртаўся да сваёй будзённай справы — вырабу валовых скур. I такая вялікая была ў яго слава, што толькі людзі з далёкіх мясцін паддаваліся ўгаворам паспаборнічаць з ім. Усе мясцовыя асілкі спазналі ўжо страшную сілу яго тоўстага кія і без бою аддавалі яму першае месца.
Артур-а-Бленд быў цудоўны гарбар, усёй душою адданы свайму рамяству. Але ён вельмі любіў зялёную раскошу лесу, і часта, калі скроб валовую скуру ці намочваў дубільную кару, думкі яго адляталі далёка ад бруднага чана і пераносілі ў прыемныя глыбіні лесу з іх азоранымі сонцам палянамі, дзе водзяцца плямістыя высакародныя алені, якія імкліва прабягаюць пад цяністымі шатамі магутных дубоў.
Аднойчы прыгожым летнім ранкам ён кінуў працу і вырашыў — хай будзе, што будзе, — правесці гэты цудоўны дзень у зялёным лесе, каб палюбавацца на дзікіх аленяў, насыціцца вольным жыццём пад адкрытым небам, па якім ён ужо даўно сумаваў. Ён узяў лук, стрэлы і вялікую дубіну, без якой ні на крок не адлучаўся з дому, і падаўся ў Шэрвудскі лес.
Дзень выдаўся спякотны. Артур-а-Бленд амаль тры гадзіны гуляў па лесе, усё глыбей і глыбей забіраючыся ў яго. Ён ужо крыху прытаміўся, таму прылёг адпачыць на імшысты грудок пад купкай ляшчынніку. Нечакана перад яго вачамі паўстаў цудоўны малюнак: па паляне да яго набліжаўся статач зграбных плямістых аленяў.
Артур не адрываў ад аленяў вачэй. Вецер дзьмуў збоку статка, і алені не чулі чалавека. Вялікі важак-пяцігодак ішоў наперадзе статка, і пальцы Артура засвярбелі. Яму захацелася зняць шкуру з гэтага цудоўнага самца. Ён прыладзіў цеціву да лука, паклаў на яе стралу і пачаў крадком падбірацца бліжэй да аленя.
Але Артур-а-Бленд не ведаў, што рослы, моцнага складу чалавек, апрануты ва ўсё ярка-зялёнае, уважліва сочыць за кожным яго рухам. Гэта быў Робін Гуд.
Спачатку Робін Гуд прыняў яго за аднаго са сваіх людзей, але скураная куртка з капюшонам падказалі яму, што ён памыляецца.
— He разумею, хто гэта можа быць, — прамармытаў Робін Гуд. — He з маіх людзей і не ляснік. Чаго ён прыйшоў сюды, у гэты лес? Падумаць толькі, гэты нягоднік спакойна цэліцца ў аднаго з нашых самых прыгожых аленяў!
Сказаўшы «нашых» аленяў, Робін Гуд меў на ўвазе самога сябе і караля, бо быў у лесе сапраўдны гаспадар і лічыў, што мае на яго і на ўсё, што тут ёсць, такія ж правы, як і кароль. Таму ён адразу схапіўся за зброю, калі ўбачыў, што нехта цэліцца з лука ў важака статка. Ён рушыў да незнаёмага і на хаду закрычаў:
— Хто ты, дзёрзкі малойчык?
Чаго ты бадзяешся тут?
Ў Шэрвудскі лес, як злодзей, залез
I хочаш забіць гэткі цуд.
Артур-а-Бленд уважліва аглядаў чалавека, які падыходзіў да яго.
«Гэта не ляснік, — разважаў ён, — я іх усіх да аднаго ведаю. А раз ён не ляснік, дык і баяцца няма чаго», — а ўголас сказаў:
— А сам ты хто такі, што гэтак грозна крычыш?
— Я ахоўнік лесу, — адказаў Робін Гуд. — Сцерагу аленяў для караля і для сябе. Таму я не дазволю табе тут паляваць.
— А дзе астатнія? — спытаў Артур-а-Бленд.
— Якія астатнія? — не зразумеў Робін Гуд.
— А тыя, без каго ты не перашкодзіш мне рабіць, што захачу, — шырока ўсміхнуўся Артур-а-Бленд.
Запальчывага Робін Гуда ўзяў за жывое дзёрзкі намёк незнаёмца, быццам ён адзін не справіцца з ім.
— He, — сказаў Робін Гуд, — ніхто мне больш не патрэбны. He выпрабоўвай маю цярплівасць, прыяцель, a то раскалю твой чэрап за такую дзёрзкасць.
Але чалавек не спужаўся, толькі яшчэ шырэй усміхнуўся.
— Паслухай, шаноўны ахоўнік лесу, — сказаў ён, — ты маеш меч і лук, але навошта нам небяспечная гульня? Вунь ляжыць на траве, там, дзе ты стаяў, дубіна. Вазьмі яе, а я вазьму сваю, і паглядзім, хто каго.
— Яна мне паслужыць не горш за меч або лук. Я адаб’ю ў цябе ахвоту совацца ў гэты лес, — і Робін Гуд пайшоў па сваю дубіну.
Ён адшпіліў рэмень, паклаў на зямлю меч і побач з ім лук, узяў у руку свой цяжкі дубовы кій і стаў перад гарбаром.
Артур-а-Бленд падняў дубіну для замаху. Робін Гуд адразу зразумеў, што перад ім умелы праціўнік.
— Пачакай хвілінку, — сказаў ён. — Біцца будзем сумленна — у славу добрай старой Англіі! Мая палка, здаецца, даўжэйшая за тваю. Давай памераем, і я крыху пакарачу сваю, каб дужацца як роўным.
— He чапай ты сваю палку, хай застаецца, як ёсць, — безуважна ўсміхнуўся Артур-а-Бленд. — Я і гэткай аддубашу цябе як след. Добры дубовы сук даўжынёй восем з палавінай футаў бычка адным ударам зваліць, а цябе і пагатоў.
Пачуўшы такое, Робін Гуд ускіпеў. Маланкай мільгануў у паветры яго кій. Артур-а-Бленд не зусім удала адбіў удар, кій зачапіў галаву, і на ёй паказалася кроў. Гарбар адказаў імгненным, хітра нацэленым ударам. Робін Гуд не паспеў адхіснуцца, і на галаве ў яго таксама выступіла кроў. Так яны паквіталіся адзін з адным.
Спрытны ўдар і такі ж спрытны адказ паслужылі добрым урокам абодвум. Кожны з іх зразумеў, што перад ім упарты і хітры баец, і цяпер яны ўжо сталі біцца больш асцярожна. Яны рабілі падманныя выпады, наносілі ўдары і контрудары, адбівалі іх — толькі і чуўся стукат і грукат, калі тоўстыя дубовыя кіі сустракаліся ў паветры.
Артур-а-Бленд спадзяваўся атрымаць чарговую лёгкую перамогу, бо звычайна ніхто ў паядынку на дубінах не мог пратрымацца супраць яго больш за пяць хвілін. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэты ахоўнік лесу — самы ўпарты праціўнік з усіх, з кім яму калі-небудзь даводзілася скрыжоўваць дубіну.
Робін Гуд таксама пераканаўся, што чалавек у скураным адзенні — спрытны праціўнік. Робін ужываў супраць яго ўсялякія хітрыя прыёмы — усе, якія толькі ведаў, але баец гэты ведаў такія, што яго дубіна яшчэ не раз і не два даставала Робін Гуда, а сам ён ні разу не дакрануўся сваім кіем да скураной курткі, хоць і прыкладаў увесь свой спрыт і сілу, імкнучыся да перамогі.
Кружылі вакол адзін аднаго,
Як дзікі ля ахвяры сваёй,
I кожны ўдар Робін Гуд і гарбар
Наносілі з сілы усёй.
Дубінамі біліся доўга яны —
Мо дзве гадзіны запар,
Аж у лесе гуло, і рэха пайшло,
I пот заліваў увесь твар.
Нарэшце гэтыя вартыя адзін аднаго ваякі разышліся, страшэнна стомленыя, абаперліся на свае дубіны і прагна хапалі ротам паветра. Пот ручаямі цёк па іх тварах.
— Кінем дубіны, добры маладзец, — сказаў Робін Гуд. — Давай памірымся, a то пакалечым адзін аднаго дарэмна. Я дазваляю табе свабодна гуляць па Шэрвудскім лесе.
— Вялікі дзякуй, — засмяяўся Артур-а-Бленд, — але сваёй свабодай я абавязаны не табе, а вось гэтай дубіне.
— Чым ты займаешся, адкуль ты? — весела спытаў Робін Гуд. — Давай пазнаёмімся лепш.
— Гарбар з Нотынгема я, — Артур сказаў,— Дубільню там маю сваю.
Прыходзь да мяне, прадублю я табе Задарам шкуру тваю.
— Кідай свой чан, — сказаў яму Робін Гуд. — Ідзі лепш да мяне ў наш зялёны лес. Клянуся, я ніколі яшчэ не сустракаў больш спрытнага і храбрага чалавека, акрамя, вядома, Маленькага Джона.
— Маленькі Джон, ты сказаў? — усклікнуў Артур-а-Бленд. — Здаецца, я пачынаю разумець, хто гэтак зацята біўся са мной на дубінах. Як цябе завуць?
— Я — Робін Гуд, — пачуў ён адказ.
— Няхай заб’е мяне гром! — закрычаў гарбар. — Гэта ты, атаман разбойнікаў, што гуляюць па Шэрвудскім лесе? Душой я даўно ўжо з вамі, і вось табе мая рука. Мяне завуць Артур-а-Бленд. Я назаўсёды разам з вамі.
— Вітаю цябе, Артур-а-Бленд, і з радасцю прымаю да нас, — сказаў Робін Гуд, калі яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.— Ты вялікі майстар арудаваць дубінай не горш за Маленькага Джона.
Артур папрасіў:
— Скажы мне хутчэй, дзе Маленькі мой Джон,
Мне радасць ад слова твайго,
Мы па маці радня, і чакаю я дня,
Калі зноўку убачу яго.
— Ты хочаш стрэцца з Маленькім Джонам? — спытаў Робін Гуд. — Дык зараз убачыш яго, бо мой верны паплечнік ніколі не адыходзіцца далёка ад свайго ата мана.
Робін Гуд паднёс да рота ражок, і працяглыя высокія гукі прарэзалі паветра. Неўзабаве між дрэў замільгала вялікая постаць чалавека, які паспешліва бег да іх.
— Што здарылася, атаман? — закрычаў Маленькі Джон, спыніўшыся перад Робін Гудам. — Меч твой і лук валяюцца на зямлі, а ты стаіш, абапёршыся на дубіну. Насупраць цябе таксама стаіць нехта з дубінай. Відаць, табе добра папала. — Апошнія словы Маленькі Джон меў поўнае права сказаць, бо твар Робін Гуда ўвесь быў у запечанай крыві.
Робін Гуд засмяяўся і сказаў:
— Я ціха стаю. Ён прымусіў мяне —
Вось гэты гарбар-прайдзісвет.
Хлапец не прастак, на ўсе рукі мастак,
Прадубіў маю скуру як след.
— Хвала яму за тое, што ён такі спрытны і дужы баец! — сказаў Маленькі Джон. — Але яму не ўдасца вырабіць добрую скуру з майго атамана, бо глядзець збоку я не буду. Калі ён такі майстар, няхай паспрабуе зрабіць гэта з маёй.
— He, не! — запярэчыў Робін Гуд. — Калатні ўжо было досыць. Да таго ж ганебная справа — бойка паміж сваякамі. Бо, калі я правільна зразумеў, гэты добры рамеснік кроўны твой родзіч. Завуць яго Артур-а-Бленд.
— Што?! Артур-а-Бленд, першая дубінка горада Нотынгема?! Гэта ж мой стрыечны брат! — усклікнуў Маленькі Джон.
— Ты не памыліўся, Маленькі Джон, гэта я, — сказаў гарбар, зрабіў крок наперад і адкінуў на плечы скураны капюшон.
— Сардэчна запрашаю, дарагі мой брат Артур, у наш Шэрвудскі лес! — радасна прамовіў Маленькі Джон, і сваякі моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Артур сказаў:
— З сённяшняга дня гэты лес — мой дом. Разам з вамі буду я жыць і разам з вамі памру.
Робін Гуд быў шчаслівы, што ў яго атрад прыйшоў яшчэ адзін дужы і адважны чалавек, а Маленькі Джон і Артур-а-Бленд не маглі нарадавацца сустрэчы.
Усе яны пусціліся весела ў скокі. Маленькі Джон заспяваў задорную прыпеўку, астатнія двое падхапілі, і лес аж загуў ад іх гучных галасоў:
— Бо трое вясёлых нас, трое вясёлых,
Нас трое вясёлых хлапцоў.