Раздзел трынаццаты Робін Гуд, Джордж-а-Грын і жабрак

Неяк аднаго дня Робін Гуд, Уіл Скарлет і Маленькі Джон ішлі па вялікай дарозе. Раптам да іх вушэй данесліся гукі вясёлай песні. Усе трое спыніліся, каб лепш разабраць словы, і вось што пачулі:

— Hi рыцар, ні сквайр,

Hi дзёрзкі барон,

Hi дзёрзкі барон

He адважыцца шкодзіць Вэйкфілду —

Зарукай таму мой загон.

Трое сяброў прайшлі яшчэ крыху па дарозе і ўбачылі дужага з выгляду, вясёлага чалавека, які сядзеў на зямлі, прыхінуўшыся спінай да цёрну, і заліваўся драздом.

— А-а! Я ведаю яго, — сказаў Маленькі Джон. — Гэта Джордж-а-Грын, вэйкфілдскі заганяты.

Заганятым у тыя часы называўся чалавек, які меў загон — адгароджанае месца для жывёлы, што адбілася ад статка, ці для прыблуднага звера.

— Ен, відаць, вялікі весялун, — сказаў Робін Гуд. — Але не такіх мы шукаем. Пайшлі цяпер сюды, — і ён збочыў з бальшака на пшанічнае поле.

Але не паспелі яны прайсці па полі і дзесяць крокаў, як Джордж-а-Грын кінуў спяваць і закрычаў ім услед:

— Куды вы пайшлі? Гэй, куды вы пайшлі?

Так не ходзяць у нас тут ніколі.

З каралеўскай дарогі вы раптам сышлі

I пшанічнае топчаце поле!

— Усё-такі ён чалавек адважны, — спакойна сказаў Робін Гуд сваім спадарожнікам. — Нас трое, а ён адзін, і яшчэ камандуе.

— Думаю, у адвазе ён не ўступіць нікому ў Паўночным краі,— сказаў Маленькі Джон. — Я чуў, ён не адзін раз вырашаў спрэчкі з мячом і шчытом.

— Давайце выпрабуем яго, — прапанаваў Робін Гуд. — Смелыя людзі мне заўсёды па душы. Я вазьму яго да нас у атрад, калі ён дакажа сваю адвагу.

— А як мы зробім гэта, атаман? — пацікавіўся Уіл Скарлет.

— Я прыдумаў ужо. Выпрабаванне будзе сур’ёзнае. Мы ўтрох накінемся на яго, быццам узлаваліся за тое, што ён гэтак дзёрзка на нас крычыць. Калі ён не пабяжыць, а пачне біцца адзін супраць трох, значыць, чалавек гэты варты таго, каб стаць нашым таварышам.

— Гэй, вы! — гарлаў тым часам Джордж-а-Грын. — Чаго стаіце там, сярод поля, і лясы точыце? Сыдзіце з пшаніцы! Вяртайцеся на дарогу!

— Што я чую? — закрычаў яму Робін Гуд. — Ты думаеш, грубіян, мы дазволім табе ўказваць нам? Клянуся, зараз мы адсячом табе вушы!

Робін Гуд агаліў меч і рынуўся на Джорджа-а-Грына. Маленькі Джон з Уілам Скарлетам памчаліся за ім, на хаду размахвалі стальнымі клінкамі і крычалі:

— Ага, правільна, правільна, гаспадар! Адрэжам начыста гэтаму шэльму вушы!

Джордж-а-Грын паспешліва павярнуўся і зрабіў вялікі скачок убок. Але не, ён не ўцякаў. Ён спяшаўся да тоўстага цёрну. Там прытуліўся спінай да шырокага камля і ўпёрся нагой у вялікі камень. Бліснуў у паветры меч, выцягнуты з ножан, круглы шчыт прыкрыў яму грудзі. Джордж-а-Грын быў гатовы адбіваць напад. Трое накінуліся на яго. Пад імгненныя ўдары іх стальных клінкоў Джордж-а-Грын таксама імгненна падстаўляў свой шчыт. Яму часам нават удавалася нанесці ўдар у адказ, і не раз ён быў вельмі блізкі да таго, каб адплаціць разбойнікам тым жа, чым яны пагражалі яму. Неўзабаве Робін Гул пераканаўся, што пастух-заганяты добра валодае зброяй.

— Апусці долу меч, — тут сказаў Робін Гуд,—

А свае мы схаваем у ножны.

Пастуха не страчаў я такога, як тут,

На мячах гэтак б’ецца не кожны.

Бой спыніўся. Джордж-а-Грын з задавальненнем перавёў дух і абапёрся на меч, каб адпачыць. Але ні на міг не спускаў вачэй з гвалтаўнікоў і ў любы момант гатовы быў зноў абараняцца.

— Паслухай, заганяты, — сказаў яму Робін Гуд, — хлопец ты што трэба. Такія, як ты, мне даспадобы. Пойдзеш да нас?

— Куды гэта? — пацікавіўся Джордж-а-Грын.

— У наш слаўны Шэрвудскі лес. Там на лясных палянах мае малайцы палююць на аленяў і цешацца вольным жыццём.

— Хто ты?

— Я — Робін Гуд.

Джордж-а-Грын хуценька схаваў у ножны меч, адкінуў ад сябе шчыт, падышоў і паціснуў працягнутую яму Робін Гудам руку.

— Я з вамі,— сказаў ён рашуча. — He адзін дзень ужо хачу стрэцца з табой, каб зажыць вольным, незалежным жыццём. Вазьмі мяне ў свой атрад.

— Бяру, — весела сказаў Робін Гуд. — А хлопцы гэтыя, Маленькі Джон і Уіл Скарлет, будуць тваімі таварышамі.

— А-а… Маленькі Джон… — Джордж-а-Грын падаў руку велікану. — Я пачаў ужо здагадвацца, хто ты такі. Калісьці бачыў цябе ў Вэйкфілдзе, яшчэ да таго, як ты падаўся ў лес.

Маленькі Джон і Уіл Скарлет моцна паціснулі свайму новаму таварышу руку, а потым разам селі пад вялікім цёрнам, каб падсілкавацца. Джордж-а-Грын дастаў са сваёй дарожнай сумкі хлеб, ялавічыну, эль.

Калі яны паелі, Робін Гуд падняўся з травы і сказаў сябрам:

— Пасядзіце тут і пасачыце за дарогай. А я прайду крыху далей. Калі нічога цікавага не сустрэну, вярнуся да вас.

— А калі ў нас нічога не будзе цікавага, што нам рабіць? — спытаў Маленькі Джон.

— Што ж, тады даганяйце мяне, — адказаў Робін Гуд.

Маленькі Джон, Уіл Скарлет і Джордж-а-Грын засталіся пад цёрнам, а Робін Гуд пакрочыў па бальшаку. Праз дзве мілі яго пераразала палявая дарога. Робін стаяў на скрыжаванні даволі доўга. Нарэшце на палявой дарозе паказаўся чалавек у жабрацкіх лахманах. Ён ішоў роўным, рашучым крокам. Робін Гуд пільна ў яго ўглядаўся.

«Клянуся, чалавек гэты ідзе смела і трымае ў руцэ добры сук ад дзікай яблыні,— падумаў Робін Гуд. — Людзі кажуць, што такія бадзягі-старцы нярэдка падбіраюць усё, што дрэнна ляжыць, і можна знайсці каштоўныя рэчы і ў іхніх брудных торбах. Зараз я з ім пабалакаю».

Робін Гуд стаяў пасярод палявой дарогі. Жабрак заўважыў яго, але ішоў усё тым жа роўным, шырокім крокам — ні шпарчэй, ні павольней. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым ясней рабілася, што мець з ім справу небяспечна. Лахманы яго развяваліся ад ветру, і цераз шматлікія прарэхі віднеліся загарэлыя дужыя рукі і ногі. Падраны плашч быў скрозь у латках усіх колераў вясёлкі. На галаве ў яго былі адразу тры патрапаныя і сплюшчаныя капелюшы адзін на адным. Вялікая скураная сумка матлялася на сырамятным раменьчыку, перакінутым цераз шыю.

— Спыніся, прыяцель, — сказаў Робін Гуд. — Спыніся, і давай пагаворым.

Жабрак і вухам не павёў, зрабіў выгляд, што ні слова не пачуў. Ішоў, не запавольваючы хады.

— I ўсё-такі давядзецца табе спыніцца, — сказаў Робін Гуд і перагарадзіў дарогу.

— Далібог, у мяне няма ахвоты слухаць цябе, — буркнуў жабрак. — Мне, скажу я табе, яшчэ далёка ісці, і не хочацца прыходзіць у начлежны дом позна, бо вячэру ўжо ўсю паядуць. Уяўляеш, які будзе ў мяне выгляд, калі ў жываце будзе пуста да раніцы?

— Нядобра, што ты клапоцішся пра тое, каб самому павячэраць, а пра другіх не думаеш, — сказаў Робін Гуд. — А як наконт маёй вячэры? Пазыч мне трохі грошай, і я мігам злятаю ў бліжэйшую карчму.

— Грошай! — закрычаў жабрак. — У мяне няма грошай, каб табе пазычыць. А каб нават і былі, я табе і медзяка не даў бы. Гадамі ты не старэйшы за мяне, і здароўе ў цябе не горшае. Так што прэч з дарогі, сам здабывай сабе на харч! Калі ты думаеш, што будзеш есці хлеб за мае грошы, дык у цябе і крошкі ў роце не будзе ўсе наступныя дванаццаць месяцаў. За гэта я табе галавой ручаюся.

— Ну і дзёрзкі ж ты на язык! Знімай сваю торбу, жабрак, я сам пагляджу, што ў ёй ёсць! Развязвай завязкі, a то разарву вось гэтай рукой. Калі там маецца хоць адзін медны грош, дык я хачу на яго зірнуць.

— Без прадаўца няма купца, — усміхнуўся жабрак. — А што будзе, калі я цябе не паслухаюся?

— Як не паслухаешся? — павысіў голас Робін Гуд. — Толькі паспрабуй заўпарціцца і падняць шум, і я ўраз зраблю дзіравай тваю жабрацкую шкуру.

— Лепш прапусці мяне, — сказаў жабрак са злавеснай усмешкай. — Мне не страшны твой лук і твае тоўстыя стрэлы. Папярэджваю, ад мяне ты нічога не даможашся, акрамя непрыемнасцей.

Робін Гуда апанавала злосць. Ён хуценька ўскінуў лук і паклаў вялікую стралу на цеціву. Але жабрак на імгненне апярэдзіў яго і нанёс такі ўдар сваім суком, што і лук, і тоўстая страла разляцеліся на дробныя кавалкі.

Робін Гуд схапіўся рукой за эфес мяча. Але зноў узняўся вялікі сук і ўдарыў па костачках пальцаў. Рука ў Робін Гуда адразу анямела, і ён не змог выцягнуць з ножан меч. Праз імгненне трэці раз апусціўся тоўсты яблыневы сук — цяпер ужо на галаву разбойніка. Хрась! — і Робін Гуд распасцёрся на зямлі. А бясстрашны жабрак абапёрся на сваю кульбу і пачаў насміхацца з беднага Робін Гуда.

— Уставай, чалавеча! — хіхікаў ён. — Рана яшчэ спачываць. Падыміся і палічы, колькі грошай ты ў мяне ўзяў, а тады ідзі ў карчомку і весела пагуляй з прыяцелямі, выпі вінца і піўца за кошт жабрака. Уставай, кажу табе!

Але пасля такога моцнага ўдару па галаве Робін Гуд не спяшаўся падымацца на ногі. Жабрак яшчэ крыху пакпіў з распластанага на зямлі праціўніка і пайшоў сваёй дарогай.

Хвілін праз пяць на дарозе паказаліся Маленькі Джон, Уіл Скарлет і вясёлы пастух-заганяты Джордж-а-Грын. На іх долю не выпала ніякіх прыгод, і яны пайшлі шукаць свайго атамана. Убачыўшы здалёку, што ён ляжыць пластом на зямлі, яны з усіх ног памчаліся да яго.

— Што здарылася, атаман? — з трывогай спытаў Маленькі Джон. — Што з табой? Твае лук і страла пашчапаныя і галава ў крыві.

— Ох, сябры мае, — прастагнаў Робін Гуд. — Сустрэўся мне на дарозе нейкі старац. Ён так спрытна арудуе кульбай, як ніхто іншы, — і расказаў, што з ім было.

— Падумаць толькі! — усклікнуў Маленькі Джон. — Мы не дазволім нейкаму жабраку так жорстка абыходзіцца з нашым атаманам, ды яшчэ ўцячы цэлым і здаровым! Ты, Уіл, пабудзь тут з Робін Гудам, а мы з Джорджам дагонім нахабніка і адплацім яму той жа манетай.

Ніхто не пярэчыў. Уіл Скарлет узяўся перавязваць галаву Робін Гуду, а Маленькі Джон з Джорджам-а-Грынам кінуліся даганяць старца.

— Толькі беражыцеся яго кульбы! — крыкнуў ім услед Робін Гуд. Маленькі Джон адказаў:

— Што кульба нам? Такой бяды!

Мы выб’ем палку з рук,

Прывалачом яго сюды,

Вішчыць хай, як вяпрук.

Тады вяршы ужо свой суд —

Пад меч альбо на сук.

— Я ведаю, як дагнаць нягодніка, — сказаў Маленькі Джон Джорджу-а-Грыну. — Тут паблізу ёсць сцяжынка праз лясок. Яна скарачае дарогу на тры мілі і зноў выходзіць на балыпак. Там і падпільнуем жабрака.

Неўзабаве яны павярнулі ў лес і пабеглі напрасткі, не разбіраючы дарогі. Яны гарэлі жаданнем апярэдзіць і злавіць чалавека, які гэтак жорстка расправіўся з іх атаманам. Нарэшце яны апынуліся ў вузкай, зарослай дрэвамі лагчыне, па якой пралягала вялікая дарога. Тут Маленькі Джон схіліўся да зямлі і пачаў уважліва ўглядацца ў пыл і пясок.

— Свежых слядоў чалавека або звера на дарозе няма, — нарэшце вызначыў ён. — Відаць, жабрак тут яшчэ не праходзіў.

— Тады ён наш, — абрадаваўся Джордж-а-Грын, — і шкурай сваёй заплаціць за сённяшні дзёрзкі ўчынак.

У адным месцы дарога звужвалася і ішла паміж двух вялікіх дубоў. Прыяцелі схаваліся за дрэвы. Адзін стаў за адзін дуб, другі — за другі. Хутка яны ўбачылі старца. Ён ішоў сваім звычайным шырокім размашыстым крокам і нешта ціхенька насвістваў, як чалавек, якому ніхто і нічога не пагражае. Калі ён параўняўся з дубамі, Маленькі Джон схапіўся за яго доўгі кій, а Джордж-а-Грын прыставіў кінжал да горла жабрака.

— Подлы нягоднік! — закрычаў Джордж. — Адпусці кій, а не, дык гэты кінжал перарэжа табе горла!

Жабрак выпусціў з рук кій. Маленькі Джон узяў і ўсадзіў яго ў зямлю.

— Злітуйцеся, не забівайце! — залямантаваў старац. Становішча яго было безнадзейнае, бо яго трымалі два рослыя здаравякі.— Прыміце гэты страшны нож ад маёй шыі, a то нядоўга і памерці ад страху. Што я вам зрабіў? За што вы хочаце забіць мяне?

— За што? — закрычаў Маленькі Джон. — Ах ты абадранец! Ты ледзь не забіў самага высакароднага, самага сумленнага чалавека, які калі-небудзь нараджаўся на свет! Там, на скрыжаванні дарог.

Прывалачом цябе туды,

Вішчы хоць, як вяпрук.

Наш атаман учыніць суд —

Пад меч альбо на сук.

Але старац настойліва прасіў літасці, маліў не забіваць яго.

— Паны дабрадзеі,— прасіў-маліў старац. — Якая вам карысць, калі вы пазбавіце жыцця нейкага жабрака? Адпусціце мяне з мірам, і я сам аддам вам усё, што ёсць у маёй сумцы: сто фунтаў золатам ды яшчэ трохі серабра. Я збіраў усё гэта не год і не два, але чалавеку лепш расстацца з грашамі, чым з жыццём.

— Ты чуеш, што кажа гэты шэльма? — абурыўся Джордж-а-Грын. — У яго жабрацкім кашальку цэлых сто фунтаў і нават больш! He, сапраўды, пра чалавека нельга меркаваць па яго адзежы. Знешнасць падманлівая.

— А я ўжо даўно гэта ведаю, — усміхнуўся Маленькі Джон. — He раз даводзілася пераканацца, што ў наш трывожны век дзіравы плашч прыкрывае вялікае багацце. Што ж, выкладвай, што ты там назбіраў. Паглядзім, колькі ў цябе грошай.

— З вялікім задавальненнем, — сказаў жабрак. Ён адшпіліў ад раменьчыка вялікую скураную сумку і асцярожна, з намаганнем, нібы цяжкі груз, апусціў на зямлю. У вузкай лагчыне падзьмуў моцны вецер. Пад яго раптоўным подыхам лахманы старца ўзвіліся. Ён павярнуўся спінай да разбойнікаў, нібы хаваючыся ад ветру, і нахіліўся над сумкай. Маленькі Джон і Джордж-а-Грын уважліва сачылі за кожным рухам жабрака.

Жабрак засунуў абедзве рукі ў сумку і раптам падняў іх угору. Але не грошы былі ў яго ў жменях, а мука, і ён сыпануў яе проста ў твар разбойнікам. У Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына адразу пацямнела ўваччу і заняло дыханне. Мука зацерушыла ім вочы, забіла ноздры, рот і ўсё сыпалася і сыпалася, пакуль яны зусім не аслеплі і не пачалі задыхацца. А тут яшчэ моцны вецер узвіхурыў муку, схаваўшы за непрагляднай белай пялёнкай каварнага і спрытнага жабрака.

Жменю за жменяй кідаў ён муку ў твары разбойнікаў і напаследак рэшткі вытрас ім на галовы. Небаракі намагаліся нешта крычаць, але мука душыла іх, яны сутаргава хапалі ротам паветра, намагаючыся выціснуць нейкія словы, няшчадна церлі вочы, але ад гэтага ім рабілася яшчэ горш.

Раптам старац скочыў і схапіў свой кій, які тырчаў у зямлі там, дзе яго ўваткнуў Маленькі Джон.

— Што гэта з вамі, паны дабрадзеі?! — закрычаў жабрак. — Ой, здаецца, я нарабіў вам бяды, запэцкаў мукой вашу вопратку! Дык, калі ласка, я памагу выбіць вашы куртачкі,— і пачаў бязлітасна малаціць цяжкім кіем няшчасных разбойнікаў. Бух! Бух! — апускаўся кій жабрака на спіны і плечы Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына. Мука зноў белым воблакам заклубілася вакол іх, і яны, як сляпыя шчаняты, тыцкаліся ва ўсе бакі, выстаўлялі рукі, шукаючы свайго крыўдзіцеля, але той лёгка ўхіляўся ад іх і няшчадна малаціў па галаве, па спіне, па плячах, нібы цэпам па снапах.

Нарэшце небаракі зразумелі: выйсце ёсць толькі адно — ратавацца ўцёкамі. Адчуваючы боль ва ўсім целе, яны задалі драпака па лагчыне, ледзь разбіраючы дарогу.

— Куды вы спяшаецеся? — крычаў жабрак і бег за ўцекачамі, якія імчаліся, спатыкаючыся аб карані і апалае вецце. — Пачакайце адну хвілінку! Я з вамі яшчэ не разлічыўся! He бойцеся, я не жмінда!

Але Маленькаму Джону і Джорджу-а-Грыну ўжо досыць перапала той манеты, якою старац плаціў свае даўгі, і яны яшчэ шпарчэй прыпусцілі да лагчыны.

— Ага, вы не маеце часу! Дык вось вам апошняе маё бласлаўленне на дарогу! — жабрак дагнаў іх і з усяе сілы агрэў іх па чарзе кіем, павярнуўся і пайшоў сваёй дарогаю.

Калі Маленькі Джон і Джордж-а-Грын пераканаліся, што жабрак пакінуў іх у спакоі, яны спыніліся каля ручая і прамылі вочы. Да іх вярнуўся зрок. А жабрака ўжо і след прастыў. Ён знік у лесе, як іголка ў стозе сена. Давялося ім ні з чым вяртацца да атамана і Уіла Скарлета.

— Што такое? — здзівіўся Робін Гуд, убачыўшы іх белыя постаці.— Што з вамі здарылася? Вы пайшлі за жабраком, але, відаць, набрылі на млын і з галавы да ног запэцкаліся мукой.

Маленькі Джон шырока ўхмыльнуўся. Хоць яму і шмат перапала, але пачуццё гумару перамагло.

— Мы схапілі яго, нікуды ён ад нас са сваім кашальком не ўцёк. Нават сам прапанаваў нам выкуп, — і Маленькі Джон расказаў усё, як было: і пра муку, і пра кій.

Робін Гуд і Уіл Скарлет не маглі ўтрымацца ад смеху. Уіл аж заходзіўся ад рогату, бо адзін ён не пакаштаваў жабрацкай палкі.

— Што ж тут скажаш, жабрак нас адолеў,— зазначыў Робін Гуд, бо паважаў смелых і спрытных праціўнікаў.— Давядзецца нам вяртацца, акрамя сінякоў і шышак, з пустымі рукамі. I здаецца, ён пакалаціў вас абодвух куды горш, чым мяне.

— Я акрыяю толькі праз тыдзень, — прабурчаў Маленькі Джон.

— На мне жывога месца не засталося, — паведаміў Джордж-а-Грын.

— Думаю, нам лепш нікому нічога не расказваць, — сказаў напаследак Робін Гуд, — бо мы зняславім сябе павек. Гэта ж трэба, каб нас збіў нейкі старац!

Маленькі Джон і Джордж-а-Грын не мелі, вядома, ніякай ахвоты выстаўляць сябе на пасмешышча, але Уіл Скарлет, відаць, палічыў, што гэтай смешнай гісторыяй нельга з кім-небудзь не падзяліцца, бо неўзабаве яна пайшла гуляць па краіне. Склалі нават баладу і доўга яшчэ спявалі ў народзе пра сустрэчу Робін Гуда і яго слаўных стралкоў з жабраком, у якога торба была набіта мукой.

Загрузка...