Раздзел дванаццаты Шэрыф начуе ў лece

Робін Гуд, Мач, Уіл Скарлет і брат Тук стаялі каля ўвахода ў пячору, захопленыя гутаркай.

— Я вельмі непакоюся за Маленькага Джона, — сказаў Робін Гуд. — Ужо некалькі дзён мінула, а ад яго няма ніякіх вестак.

— Няма гуку — няма груку, — сказаў Мач. — Бо калі б шэрыфавы людзі схапілі яго, падняўся б страшэнны шум на ўсю акругу.

— Можа, мне схадзіць у горад і паспрабаваць што-небудзь разведаць пра яго? — прапанаваў Уіл Скарлет.

— He, не, — запярэчыў брат Тук. — Пайду я. Апрануся вандроўным багамольцам і спакойна пранікну, куды захачу. Раптам Тук вытрашчыў вочы, паказаў на лес рукой і закрычаў: — Гляньце, гляньце, вунь, вунь туды! Пра воўка памоўка, а воўк тут! Клянуся сваёй рызай іружанцам, калі гэты асілак з мехам на спіне не Маленькі Джон, дык я не манах!

Усе павярнуліся ў той бок, куды паказваў брат Тук, і радасны крык вырваўся з іх грудзей. Шырокім крокам да іх набліжаўся Маленькі Джон.

— Адважны наш таварыш! — усклікнуў Робін Гуд. — Клянуся, Маленькі Джон, я проста шчаслівы, што зноў бачу цябе. Што новага прынёс з Нотынгема?

— Прынёс, атаман, прынёс. Прывітанне ад шэрыфа,— адказаў Маленькі Джон і пакланіўся. — I прывёў шэрыфавага кухара. — Ён паказаў на свайго спадарожніка і зноў пакланіўся атаману. — А яшчэ я прынёс скарбы шэрыфа.

Маленькі Джон скінуў з плячэй мех. Там штосьці весела зазвінела і задзынкала. Лес выбухнуў гучнымі воклічамі адабрэння і радаснага рогату, калі з меха пасыпаліся сярэбраныя вазы і кубкі і залатыя манеты.

— Баюся, тут няма ніводнай рэчы, якую б ты ўзяў з дазволу пана шэрыфа, — засмяяўся Робін Гуд.

Тут да яго імкліва падбег Уіл Ст’ютлі і закрычаў:

— Атаман! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі не сам шэрыф палюе на аленяў у Свяшчэнным парку! Я прыкмеціў загоншчыкаў, яны ішлі ланцугом. I я адразу кінуўся сюды, каб вам паведаміць.

— Ты праўду кажаш, Уіл? — абрадаваўся Маленькі Джон. — У такім разе, клянуся сваім лукам і стрэламі, у нас акрамя шэрыфавых скарбаў і кухара зараз будзе і сам шэрыф! — і шпарка памчаўся ў глыб лесу.

Маленькі Джон бег, пакуль не апынуўся ў Свяшчэнным парку і не ўбачыў шэрыфа. Шэрыф ехаў на кані вельмі змрочны і злосны. Сабакі шалёна брахалі, надрываліся ражкі, але не было ніякіх прыкмет, што паляванне ўдалося. Маленькі Джон падышоў да шэрыфа і нізка пакланіўся яму.

— Бог вам у помач, мілорд, бог у помач! — прывітаў ён шэрыфа.

— А-а, гэта ты, Рэно Грынліф! — здзівіўся шэрыф. — Чаго ты тут?

— А я пайшоў следам за вамі, мілорд, — адказаў Маленькі Джон. — Ну, як паляванне? Шмат здабычы, пан шэрыф?

— Ды не, нічога не знайшлі, мой добры Грынліф,— з горыччу адказаў шэрыф. — Цэлы дзень ганяліся па лесе з сабакамі, а не паднялі і не загналі ніводнага звера.

— Ну, дык дазвольце, мілорд, я пакажу вам, дзе ёсць дзічына. Ідучы па лесе, я раптам убачыў такое! Больш цудоўнага відовішча ніколі не было. Магутны рагач, увесь зялёны, а з ім амаль паўтары сотні галоў. А рогі якія! Такія вострыя, што я, мілорд, не адважыўся нават цэліцца ў яго: баяўся, што ён кінецца на мяне і падыме на рогі.

— Сапраўды цуд! — загарэўся шэрыф. — Пакажы, дзе ён, Рэно Грынліф, я вельмі хачу паглядзець на яго. Вядзі!

— Што ж, калі ласка, мілорд. Скачыце за мной і вы ўбачыце гэтага незвычайнага важака.

Маленькі Джон пабег так шпарка, што шэрыфу давялося пусціць каня ў галоп. Гаспадар са слугой далёка апярэдзілі ўсіх астатніх паляўнічых. Нарэшце дрэвы парадзелі, і яны апынуліся на прагаліне і там убачылі Робін Гуда ў ярка-зялёным адзенні з ражком у руцэ.

— Вось, мілорд, вось ён, гэты магутны важак! — закрычаў Маленькі Джон.

I тут Робін Гуд падзьмуў у ражок. Праз імгненне паўтары сотні стралкоў у зялёных куртках выскачылі з-за дрэў і прывіталі шэрыфа гучнымі воклічамі, якія рэхам пракаціліся па лесе. Шэрыфава світа перапужалася і кінулася наўцёкі. Лясныя стралкі акружылі шэрыфа, і ён зразумеў, што трапіў у палон.

I пабялеў шэрыф,

Рукой не варухне.

— Пракляты будзь, Грынліф,

Ты здрадзіў мне.

— Клянуся, пане шэрыф, — сказаў Маленькі Джон,— вы самі вінаватыя. Калі б вы былі добры гаспадар, я спакойна паснедаў бы, і ўсяго гэтага магло з вамі і не здарыцца.

— З добрым прыбыццём у наш лес, шэрыф! — сказаў Робін Гуд. — Будзьце нашым госцем.

Шэрыф са страхам думаў, які пачастунак яго чакае. Але ратавацца ўцёкамі было позна. Маленькі Джон схапіў яго каня за аброць і павёў у лес, разбойнікі пайшлі следам.

Праз тры мілі яны выйшлі на шырокае адкрытае месца ў самых нетрах Шэрвудскага лесу. Пасярэдзіне паляны ярка гарэла вялікае вогнішча, там нешта весела шыпела і сквірчэла, чуўся прыемны пах. У шэрыфа ажно слінкі пацяклі. За цэлы дзень ён добра выгаладаўся. Раптам ён вырачыў вочы: каля патэльняў завіхаўся яго кухар, гатуючы смажаніну з аленіны.

— Павячэрайце з намі, шэрыф, — сказаў Робін Гуд. — Стравы ў нас не вельмі далікатныя, але голад не цётка.

Шэрыф сеў на вялікі корань дуба і змрочным позіркам абвёў твары людзей. Шмат разоў спрабаваў ён злавіць гэтых разбойнікаў, але не ён, а яны схапілі яго. Ён ведаў: іх чакала б немінучая смерць, калі б яны трапілі яму ў рукі, і разумеў: галава яго нетрывала сядзіць на плячах, калі ён апынуўся ў іхняй уладзе.

Робін Гуд падышоў да яго і сказаў:

— За вячэру, шэрыф, за вячэру! Нас чакае цудоўная аленіна.

Шэрыфа не давялося доўга ўгаворваць. Яму дужа хацелася есці. Да таго ж ён пачаў спадзявацца, што разбойнікі, можа, не пазбавяць яго жыцця. He падобна, каб яны задумалі што-небудзь вельмі страшнае супраць яго, калі гэтак гасцінна запрашаюць на добрую вячэру.

Шэрыф акінуў вокам яду і ахнуў ад здзіўлення. Смажаная аленіна ляжала на блюдах з чыстага серабра!

«Вось яно як! — падумаў ён. — Далібог, гэтыя разбойнікі ядуць з сярэбраных блюдаў! Самому каралю не падаюць на багацейшым посудзе».

Шэрыф уважліва прыгледзеўся і зразумеў, што перад ім яго сталовы сервіз. У яго раптам неяк дзіўна адвісла сківіца. Разбойнікі гучна зарагаталі: такі смешны быў у шэрыфа твар.

— Што такое? — гнеўна закрычаў ён. — Мой сярэбраны посуд! Ён знаходзіўся за сямю замкамі ў маёй скарбніцы, а цяпер бачу яго тут, у руках вераломных бадзяг! О, Рэно Грынліф, Рэно Грынліф, я ведаю, гэта ты яго выкраў!

Волат шырока ўсміхнуўся:

— Завіце мяне Маленькі Джон, пан шэрыф. Другое імя я ўжо скінуў з сябе разам з плашчом.

Вочы шэрыфа бліснулі шаленствам. Яго абвялі вакол пальца! Рэно Грынліф, яго прыслужнік, на самай справе пераапрануты страшны разбойнік Маленькі Джон, а ён і не ведаў! Шэрыф асеў на дзёран. Здавалася, цяпер і кавалак не палезе яму ў рот. Ды Робін Гуд так далікатна запрашаў, а голад так настойліва прымушаў яго ўзяцца за ежу, што шэрыф нарэшце пачаў есці і добра такі падсілкаваўся.

Як заўсёды пасля сытай вячэры, шэрыфа пацягнула легчы на мяккую пуховую пасцель і добра выспацца, але ў Шэрвудскім лесе не было пуховых пярын.

— Вы застанецеся з намі, шэрыф, — сказаў яму Робін Гуд, — і гэтай ноччу да вашых паслуг будзе лясны ложак. Гэта вельмі справядліва, бо вы сваёй жорсткасцю павыганялі шмат бедных сялян з іх вёсак у лес, дзе яны вымушаны спаць на голай зямлі, не заўсёды маючы плашч, каб накрыцца.

Робін Гуд загадаў Маленькаму Джону зняць з шэрыфа штаны і чаравікі, забраць падшыты мехам плашч і цёплую тоўстую камізэльку. Шэрыфу далі накідку з ярка-зялёнага сукна, і ён з радасцю ўзяў яе і захутаўся.

— А цяпер добрай ночы, шэрыф, — сказаў Робін Гуд.

— Добрай ночы? — здзівіўся шэрыф. — А дзе мне легчы? Дзе мой ложак?

— Ваш ложак? — усміхнуўся Робін Гуд. — У нас ва ўсіх адзін ложак. Паглядзіце, што мае людзі робяць, і рабіце тое ж самае.

Шэрыф убачыў, што гэтыя дужыя, загартаваныя хлопцы кладуцца проста на голую зямлю, і зразумеў, што і яму давядзецца гэтак пераначаваць. Лясныя стралкі Робін Гуда захуталіся ў ярка-зялёныя плашчы-накідкі, расцягнуліся на траве, выбраўшы пад галаву замест падушкі вытырклы корань, і адразу заснулі глыбокім сном здаровых людзей, што жывуць на свежым паветры.

Шэрыф, хочаш не хочаш, таксама лёг на зямлю, але яна была яму пасцеллю пакутніка. Ён стараўся заснуць. Нейкі востры корань упіўся яму ў бок, і шэрыф павярнуўся на спіну, але паміж лапатак трапіўся ладны камень. Давялося адсунуцца далей. Аднак тут не было на што пакласці галаву. Шэрыф перайшоў на іншае месца. Там дзёран крыху ўзнімаўся, нібы падушка. Сон не браў яго, бо ён увесь час дрыжаў ад холаду, часам яго моцна калаціла. Цэлую ноч не звёў шэрыф вачэй і вельмі ўзрадаваўся, калі нарэшце пачало шарэць на ўсходзе. Ён устаў і пачаў хадзіць сюд-туд па паляне, каб хоць крышачку сагрэцца. Тут да яго падышоў Робін Гуд.

— Ці даводзілася вам калі-небудзь спаць на лепшым ложку, пан шэрыф? — засмяяўся атаман разбойнікаў.— Што вы цяпер скажаце пра наша жыццё пад гэтымі магутнымі дрэвамі?

Шэрыф сказаў:

— Горш не жыве ніводзін

Пустэльнік ці манах.

На ўсё пайсці я згодзен,

Каб знік ўвесь гэты жах.

А Робін Гуд яму:

— He выйдзеш ты з Шэрвуда,

Год з намі будзеш жыць.

«Разбойнік Робін Гуда» —

Вось слаўна прагучыць!

Пачуўшы, што Робін Гуд задумаў трымаць яго ў Шэрвудскім лесе за палонніка цэлых дванаццаць месяцаў, шэрыф ажно застагнаў.

— Робін Гуд! — закрычаў ён. — Я лепш памру, чым яшчэ буду начаваць у гэтым лесе. Адсячы мне галаву, я табе дарую. Жыць як разбойнік! He, не, ніколі!

Аднак праз хвіліну шэрыф пачаў маліць Робін Гуда не пазбаўляць яго жыцця і адпусціць на волю, горача абяцаючы, што, калі яго вызваляць, ён заўсёды будзе надзейным сябрам Робін Гуда.

Робін Гуд цярпліва слухаў, потым падняў руку, каб спыніць паток мальбы палоннага шэрыфа.

— Паслухайце, пан шэрыф, — сказаў ён і вострым позіркам сваіх праніклівых вачэй нібы працяў шэрыфа. — Вашаму жыццю з майго боку ніколі нічога не пагражала. Толькі не думайце, што гэта з павагі да вас. Ніякай павагі да вас у мяне няма. Але я паважаю вашу пасаду. Я не хачу караць прадстаўніка караля. Калі б вы не былі на службе ў караля, я павесіў бы вас на самым высокім дрэве ў Шэрвудскім лесе. А цяпер, перш чым пайсці, вы дасце мне ўрачыстае абяцанне.

Як гаворыцца ў адной старажытнай баладзе,

— Вось меч — на ім дай слова,

Ніколі і нідзе

He зробіш мне благога —

На сушы й на вадзе.

Людзей маіх заўважыш

Удзень ці уначы,

Кляніся, ўміг разважыш,

Як ім дапамагчы.

Шэрыф так абрадаваўся, што доўга не думаючы даў клятву. Робін Гуд паверыў яму на слова, аддаў яму каня, вывеў шэрыфа з лесу і паказаў дарогу ў Нотынгем.

Шэрыф патрухаў верхам дадому, увесь разбіты і змрочны, аддаўшыся горкім думкам пра сваю пустую скарбніцу.

Загрузка...