Раздзел адзінаццаты Новы слуга шэрыфа

Аднаго дня, праз некалькі тыдняў пасля прыходу Артура-а-Бленда ў атрад Робін Гуда, у Шэрвудскі лес дайшлі чуткі, быццам нотынгемскі шэрыф зноў строіць нейкія каварныя планы і збірае вялікую сілу супраць сваіх ворагаў.

— Што на гэты раз прыдумаў шэрыф? — занепакоіўся Робін Гуд. — Ад шаўца Лоба няма ніякіх вестак.

— Хутка мы і так будзем усё ведаць, атаман, — сказаў Маленькі Джон. — Я сёння ж сам пайду ў Нотынгем і прынясу табе ўсе навіны, якія пачую на рыначнай плошчы альбо ў піўной. Там я пэўна дазнаюся, што нам рыхтуе шэрыф.

— Толькі, глядзі, будзь асцярожны, Маленькі Джон, — сказаў Робін Гуд. — Нават за ўсе навіны на свеце не хацеў бы я страціць цябе.

— He бойся, атаман, — адказаў велікан. — Я буду абачлівы ва ўсім.

Апаўдня да гарадскіх варотаў Нотынгема падышоў вялікага росту кульгавы жабрак у лахманах. Адно плячо ў яго было на паўфута вышэй за другое, твар скрыўлены набок, чорная павязка закрывала адно вока. Ідучы, ён моцна прыпадаў на адну нагу. Брамнікі кінулі некалькі грубых жартаў услед абарванаму калеку, але жабрак прапусціў іх міма вушэй і спакойна пайшоў далей, быццам шукаючы месца, дзе можна было б адпачыць. Ён мінуў рыначную плошчу і павярнуў у завулак. Тут ён спыніўся перад маленькім дамком, падобным на будку, з акенцам і аканіцамі, якія закрываліся нанач. Гэта была шавецкая майстэрня Лоба. Звычайна яго можна было амаль заўсёды ўбачыць тут з шылам ці малатком у адной руцэ і чаравікам у другой. Але на гэты раз праз акенца не было відаць нікога.

Калека-жабрак зайшоў у майстэрню праз заднія дзверы і апынуўся ў маленечкім пакойчыку. Тут ён і ўбачыў шаўца, які ляжаў на старым сенніку.

— Ты што, занядужаў, дружа? — ціхенька спытаў жабрак.

Лоб адразу пазнаў голас і зразумеў, што перад ім Маленькі Джон.

— Ага, Маленькі Джон, — адказаў ён, — хварэю ўжо амаль чатыры тыдні, але цяпер пачаў пакрысе папраўляцца.

— Вось і добра, — сказаў Маленькі Джон. — А мы ўсё гадалі, чаму ад цябе няма ніякіх вестак. Я і пайшоў у горад, каб дазнацца, што з табой здарылася.

— Добра, што ты пераапрануўся, — сказаў Лоб. — Я чуў, што вы прагналі шэрыфа з лесу, ды яшчэ са стралой у плячы. Суд будзе кароткі, а вяроўка доўгая, дружа, калі яны схопяць цябе або каго з вас.

— Твая праўда, Лоб, — адказаў Маленькі Джон і засмяяўся. — Таму я і прабраўся ў горад, каб пранюхаць, якія падкопы строіць супраць нас шэрыф гэтым разам.

— Калі ён што і задумаў, дык усё трымаецца ў строгім сакрэце, — сказаў Лоб. — У горадзе няма ніякіх чутак пра паход супраць Робін Гуда і яго людзей.

— Добра. Але ўсё ж я пахаджу па горадзе. Можа, што-небудзь новенькае і пачую. Дык пакуль што бывай, дарагі Лоб, папраўляйся.

Ад шаўца ўяўны жабрак падаўся на рыначную плошчу, сеў на прыступку ля крыжа, зняў з галавы сваю падраную шапку, каб збіраць у яе міласціну. Ніхто не кінуў У яе і меднага гроша, але жабрака гэта мала турбавала. Ён увесь ператварыўся ў слых: не прапускаў ніводнага слова з таго, пра што гаварыў і пляткарыў базарны люд.

Праседзеўшы гэтак з гадзіну, ён пайшоў з рыначнай плошчы, кіруючыся ў знаёмую піўную, куды часта завітвалі шэрыфавы людзі, каб прагнаць элем смагу.

Ён пераступаў парог піўной, як раптам да яго падскочыў пузаты шынкар, перагарадзіў дарогу.

— Ідзі прэч адсюль, жабрак! — крыкнуў гаспадар. — Я не дазволю табе прыставаць да маіх наведвальнікаў, выпрошваць у іх міласціну!

— Што вы, што вы, добры пане, — сказаў жабрак. — Я не па міласціну прыйшоў, а хачу выпіць элю. Думаеце, у мяне не знойдзецца, чым заплаціць за збанок гэтага пітва? Вось зірніце, — ён пакорпаўся ў сваёй жабрацкай торбе, што вісела на сырамятным рамяні, і выбудзіў адтуль жменю дробных медных манет.

Шынкар убачыў, што ў жабрака ёсць чым расплаціцца, і дазволіў яму зайсці, але ў галоўную залу не пусціў.

— Ідзі вось сюды, — сказаў ён, — у гэтую баковачку. Такому, як ты, і тут будзе добра.

Жабрак пакорліва зайшоў у цесную цёмную каморку побач з піўной залай. Вакол старога стала, які ледзь ліпеў, стаялі дзве-тры табурэткі.

Жабрак сядзеў адзін за сталом, пацягваючы з куфля эль, і быў дужа задаволены, бо праз адчыненыя дзверы яму добра было чуваць кожнае слова з піўной залы. Hi пра які паход супраць разбойнікаў гаворкі не было. Размова ішла пра вялікае спаборніцтва стралкоў з лука, якое мелася адбыцца назаўтра апоўдні на гарадскім стрэльбішчы. У тыя часы такія спартыўныя спаборніцтвы былі самымі любімымі з народных забаў, і амаль ніводнага пагодлівага дня не мінала, каб майстры лука не паспрачаліся між сабой у меткасці.

Жабрак прамармытаў сабе пад нос: «Вялікае спаборніцтва… Я пайду на стрэльбішча. Трэба толькі недзе дастаць лук і стрэлы. Там языкі развяжуцца, людзі пачнуць гаманіць пра тое, што ведаюць, і я, можа, пачую важныя навіны».

Калі жабрак выжлукціў збанок элю і пакінуў піўную, пачало ўжо брацца на ноч. Ён зноў пакандыбаў у майстэрню шаўца. Лоб зрабіў яму ў кутку пасцель з сена, і Маленькі Джон улёгся спаць.

Назаўтра, апаўдня, на рыначнай плошчы звонка заспявалі фанфары герольдаў — вяшчальнікаў. Тры герольды ў новых бліскучых накідках — табардах, надзьмуўшы шчокі, як мячыкі, збіралі народ, каб абвясціць пра ўрачыстую падзею. З самага ранку тут прадавалі і куплялі, таргаваліся, але цяпер гандаль ужо ішоў на спад. Наставаў час для розных забаў і спартыўных гульняў — аж да захаду сонца.

На плошчы сабраўся натоўп. Людзі хацелі паслухаць пра парадак і ўмовы стралковага спаборніцтва. Герольды абвясцілі, што пераможца атрымае новы прыгожы ражок і дваццаць сярэбраных пенсаў, і ўсе пагадзіліся, што прыз досыць каштоўны і яго будуць аспрэчваць лепшыя стралкі горада і навакольных сёл.

Ля крыжа на рынку ўсеўся пісар з лістом паперы ў руках, гусіным пяром і рагавой чарніліцай, і да яго пачалі адзін за адным падыходзіць гараджане і вяскоўцы, каб ён запісаў іх на спаборніцтва. Сярод іх быў брыдкі з выгляду кульгавы жабрак з лукам на плячы і калчанам стрэл на поясе. Калі ён падышоў да пісца, каб назваць сваё імя, усе зявакі, што стаялі навокал, гучна зарагаталі, а чалавек, які хацеў запісацца раней жабрака, груба адштурхнуў яго.

— Асадзі назад, хам! — сказаў яму гэты рослы, дужы чырванашчокі чалавек у адзенні лесніка. — Як ты смееш соваць сюды нос? Хіба не бачыш, тут людзі вышэйшага саслоўя? I наогул, чаго ты прыйшоў? Ідзі прэч адсюль! I не абкрадай пудзілы на аўсяных палетках!

Натоўп зарагатаў. Во як пажартаваў ляснік з убогай адзежы жабрака! Ды раптам смех абарваўся. Жабрак высунуў з-пад плашча дужую, нібы сук вялікага дуба, руку, схапіў лесніка за горла і шпурнуў убок, быццам малое дзіця.

— Хто першы прыйшоў, той першы і зайшоў,— абвясціў жабрак. — Дазвольце сказаць вам, шаноўны ляснік, што я бліжэй да пісара і таму маю большае права запісацца раней за вас.

Ляснік ад злосці зачырванеўся, нібы жар, падскочыў да жабрака і замахнуўся кулаком, цэлячыся яму ў твар.

— Дай яму, Хэл з Крофта! — закрычалі прыяцелі лесніка. — Пакажы гэтаму шэльму, што такое ўдар лесніка!

Але ўдар не трапіў у цэль. Жабрак спрытна адхіснуўся, і кулак Хэла з Крофта прамільгнуў за паўпядзі ад твару жабрака.

— Уцякай, жабрача, бяжы! — крыкнуў яму нейкі добразычлівец з натоўпу. — Хэл зробіць з цябе халадзец, вунь якія ў яго кулакі. Ратуйся!

— He, я ўцякаць не буду, — прабурчаў жабрак. — Дайце нам месца, станьце ў круг, і няхай Хэл б’е мяне, колькі душа пажадае.

— Круг! Круг! — зароў натоўп у захапленні.— Кулачны бой Хэла з Крофта і велікана-жабрака!

Адразу ўтварыўся круг. Хэл с Крофта скінуў з сябе кароткую скуранку, перадаў лук прыяцелю, папляваў у кулакі і паабяцаў збіць гэтага нахабнага абадранца на горкі яблык. Ніхто ва ўсім Нотынгеме не біўся на кулаках так спрытна, як Хэл з Крофта. Колькі ўжо ён атрымаў перамог на гэтай самай плошчы!

Жабрак аддаў патрымаць лук нейкаму вартаму даверу ёмену і пахаджваў, накульгваючы, узад і ўперад па сваім баку круга, і такая ў яго была пацешная паходка і ўся пастава, што гледачы заходзіліся ад смеху.

I вось пачаўся бой. Крыкі і выгукі захаплення павалілі з натоўпу, як дым з печы. Хэл махаў кулакамі, як кувалдамі, але ніводзін яго ўдар не пацэліў у галаву праціўніка. Бо жабрак гэтак моцна кульгаў, што пры кожным руху галава яго то імкліва апускалася на фут ніжэй, то падымалася на фут вышэй. Толькі Хэл з Крофта размахнецца, каб пацэліць у твар, галава жабрака апусціцца і кулак разразае паветра, а ў той самы момант кулак жабрака малоціць па Хэлавых рэбрах.

Хоць праціўнік Хэла з Крофта і быў калека, ён хутка і спрытна перамяшчаўся па крузе. Лахманы яго і торбы развяваліся і матляліся. На ўсё гэта было вельмі смешна глядзець, і прысутныя ад радасці так крычалі, што сарвалі галасы.

Нечакана бой скончыўся. Даведзены да шаленства ляснік загнаў жабрака ў кут, адкуль не было выйсця.

— Загнаў у кут! Загнаў у кут! — абрадаваліся прыяцелі Хэла. — Цяпер ён твой! Пакажы яму, Хэл, што такое ўдар лесніка!

Але ў тое імгненне, калі ўсе ўжо рыхтаваліся ўбачыць славуты баксёрскі прыём, жабрак прыўзняўся, і першы раз за ўвесь бой яго кулак па-сапраўднаму трапіў у цэль. Трэсь! Усе пачулі тры такія гукі. Гэта трэснулі, нібы сухія палкі, тры рабрыны Хэла з Крофта, і ён пераляцеў цераз увесь круг і грымнуўся на зямлю непрытомны. На некалькі імгненняў запанавала мёртвая цішыня, усе ад здзіўлення знерухомелі. Такі волатаўскі ўдар!

Потым наперад праціснуліся два-тры леснікі з кіямі ў руках, каб пакараць жабрака за тое, што ён так лёгка збіў з ног іх чэмпіёна. Але з натоўпу пачуліся крыкі абурэння:

— Гульня была сумленная! Гульня сумленная!

Нейкі гараджанін закрычаў:

— Удар быў па правілах! Па правілах! Хэл атрымаў тое, што сам хацеў зрабіць! Патрабую справядлівасці! Жабрака не чапаць! — і пачаў круціць над галавой вялікую дубіну.

Гэтага справядлівага чалавека дружна падтрымалі яго прыяцелі і знаёмыя, і леснікі вымушаны былі адмовіцца ад свайго намеру расправіцца з жабраком. Са змрочнымі тварамі пабрылі яны з рынку, несучы на руках свайго развенчанага куміра.

— Скажы, жабрак, — спытаў у пераможцы гараджанін, які так рашуча заступіўся за яго, — ты гэтаксама добра страляеш з лука, як б’ешся на кулаках?

— He горш, — упэўнена адказаў жабрак.

— Што ж, суседзі мае і прыяцелі,— сказаў дабрадушны гараджанін, абводзячы позіркам сваіх прыхільнікаў,— у такім разе давайце праводзім гэтага чалавека на стрэльбішча, і, я ўпэўнены, сёння мы з вамі ўбачым выдатную стральбу.

Усе згадзіліся і вялікім гуртам рушылі на месца спаборніцтва, цесным колам акружыўшы жабрака, каб па дарозе на яго не напалі леснікі. Але перш чым пайсці, Маленькі Джон сказаў пісару сваё імя, і той унёс яго ў спіс пад імем Рэно Грынліфа, якое абазначала — Лясны Ліс. Маленькі Джон ціхенька хіхікнуў, калі падумаў, як добра пасуе яму такое імя.

У пачатку спаборніцтва стралялі па мішэнях, што былі на стрэльбішчы, і жабрак выйшаў пераможцам. Тром лепшым стралкам паставілі цяжэйшую задачу — пацэліць у вярбовы прут, уваткнуты ў зямлю. З трох толькі жабрак даказаў сваё высокае майстэрства — яго страла, нібы вострым нажом, рассекла тонкую галінку на дзве роўныя палавінкі.

— У жыцці не бачыў такога! — усклікнуў шэрыф, які ўважліва сачыў за стральбой. У той дзень ён першы раз выйшаў з дому. Рана на плячы ў яго ўжо загаілася, і ён з задавальненнем сачыў за спаборніцтвам.

— Падыдзі да мяне, жабрак! — загадаў ён.

Маленькі Джон падышоў да яго і пакорліва сагнуў калена ў паклоне.

— Як цябе завуць і адкуль ты? — спытаў шэрыф.

— Я, шаноўны пане, Рэно Грынліф, а нарадзіўся ў Холдэрнесе, — адказаў Маленькі Джон.

— Ты, відаць, мог бы напяць і большы лук, Рэно Грынліф з Холдэрнеса? — сказаў шэрыф.

«Вядома, магу! — падумаў сам сабе Маленькі Джон. — Іначай як бы я ўсадзіў табе стралу ў плячо, горды шэрыф?» — але ўголас нічога не сказаў, толькі яшчэ раз сагнуў калена перад шэрыфам.

— Проста ганьба глядзець — такі выдатны стралок, a ходзіць у лахманах. Ідзі, добры маладзец, да мяне на службу, — прапанаваў шэрыф. — Кожны год будзеш мець ад мяне дваццаць марак жалавання.

Маленькі Джон адразу згадзіўся, бо быў упэўнены, што на службе ў шэрыфа даведаецца пра ўсё, што яму трэба. Шэрыф радаваўся, што ўзяў такога добрага стралка за целаахоўніка. А Маленькі Джон толькі пасмейваўся і мармытаў сабе пад нос: «Вялікі дзякуй, горды шэрыф, вялікі дзякуй! Ты думаеш, што Рэно Грынліф твой верны слуга, але памыляешся. Я так услужу табе, як ніколі ніхто з тваіх самых вераломных прыслугачоў».

Некалькі дзён Маленькі Джон, або Рэно Грынліф, жыў у доме шэрыфа. Смачна еў і смачна піў, сядзеў каля гарачага каміна або грэўся на сонейку і ні разу ні за што не зачапіў рук. Гэта злавала аканома, чалавека ганарлівага, які прывык, каб кожны чалядзінец хадзіў перад ім на задніх лапках. Але калі ён загадваў новаму прыслужніку што-небудзь зрабіць, гэты лайдак нават з месца не кранаўся, а толькі адказваў:

— Я лучнік, пан аканом. Вазьміце мяне туды, дзе трэба стрэлы пускаць, і я ваш пакорны слуга. А пакуль што пакіньце мяне ў спакоі.

Аднаго ранку Маленькі Джон заляжаўся ў мяккай пасцелі. У ёй было так прыемна, што не хацелася вылазіць. Калі ж нарэшце падняўся, яму сказалі, што шэрыф паехаў на паляванне. «Вось як! Шэрыфу, значыць, захацелася свежай дзічыны! — падумаў Маленькі Джон. — Дык, шчыра прызнаюся, мне і самому не церпіцца вярнуцца ў Шэрвудскі лес».

Увесь час, што Маленькі Джон прабыў у шэрыфавым доме, ён уважліва прыслухоўваўся і прыглядаўся да таго, што там адбывалася. Калі ўсе думалі, што ён моцна спіць, Маленькі Джон напружана прыслухоўваўся, пільна прыглядаўся да ўсяго, але ні разу не пачуў і не ўбачыў нічога, што сведчыла б, што шэрыф задумаў нешта нядобрае супраць Робін Гуда і яго зялёных стралкоў. Маленькі Джон зразумеў, што чуткі, якія дайшлі да іх у Шэрвудскі лес, былі беспадстаўныя.

«Падсілкуюся, а ўжо тады пайду ў лес да свайго атамана», — падумаў ён і пайшоў шукаць хлеба, мяса і элю.

Па дарозе на кухню ён сутыкнуўся ў калідоры з таўстуном аканомам.

— Шаноўны пан аканом, — сказаў яму Маленькі Джон, — пакарміце мяне, калі ласка, добра, а то я галодны, як воўк сярод зімы.

— А хоць бы як тры ваўкі! — гыркнуў аканом. — Час снедання даўно мінуў, Рэно Грынліф. Ужо даўно прыбралі са стала. He пра снеданне, а пра абед трэба цяпер думаць.

— Тады назавіце гэта абедам, калі хочаце, — сказаў Маленькі Джон. — Мне важна адно — паесці.

— Hi есці, ні піць я табе не дам, — закрычаў аканом, — пакуль не вернецца з палявання шэрыф.

— Што?! — абурыўся Маленькі Джон. — Гэтак доўга пасціцца? Беражыцеся, пан аканом, не ўводзьце мяне ў гнеў, a то я магу і трэснуць вас па галаве.

Аканом нічога больш не сказаў, з грукатам зачыніў дзверы кладоўкі і пераможна засмяяўся.

Але таўстун ранавата смяяўся.

Джон моцным кулаком сваім

Збіў аканома з ног.

I той, хоць жыў яшчэ шмат зім,

Смяяцца ўжо не мог.

Аканом зваліўся, як мех, на падлогу, а Маленькі Джон падышоў да кладоўкі і адным ударам пляча высадзіў дзверы. Ад таго, што ён убачыў у кладоўцы, у яго ажно слінкі пацяклі. Адразу яму на вочы трапіўся вялікі пірог з мясам, добра прапечаны, з румянай скарынкай. Ён адкроіў ад яго добрую лусту, з’еў і наліў з бочкі, што стаяла ў куце, вялікі куфаль светлага пеністага элю. Потым адрэзаў ад кумпяка і праглынуў з дзесятак кавалкаў халоднай аленіны і запіў цудоўным вінаградным канарскім віном, а пасля пачаў каштаваць усё падрад. Такога смакоцця ён яшчэ ніколі не еў. У кладоўцы не было на што сесці, і ён еў стоячы. Сталом яму служыла высокая паліца амаль пад самай столлю, і ён не абмінуў нічога, што на ёй ляжала.

У гэты час да кладоўкі падышоў кухар. Ён шукаў аканома. I раптам кухар знерухомеў, ашаломлены відовішчам, што паўстала перад яго вачамі: на падлозе ў калідоры стагнаў аканом, а ў кладоўцы лучнік шэрыфа спусташаў паліцы. Набег лучніка на кладоўку нібы вострым нажом разануў па сэрцы кухара. Гэты бамбіза знішчаў усё, што прыгатавалі на абед шэрыфу і яго свіце, якія неўзабаве вернуцца галодныя з палявання. Кухар аж закіпеў увесь ад злосці. Чалавек ён быў рашучы і дужы, таму падскочыў да Маленькага Джона і тры разы аперазаў яго па спіне палкай, што была ў яго ў руцэ.

— Клянуся, ты самы вялікі шэльма, якога я калі-небудзь бачыў у гэтым доме! — закрычаў кухар. — Гэтакі варварскі спосаб абедаць!

Маленькі Джон праглынуў ежу і сказаў:

— А ты, клянуся, залішне дзёрЗкі храбрэц: гэтак груба адрываеш людзей ад яды. I перш чым я пайду з гэтага дома, хачу праверыць, на што ты здольны.

I Джон ухапіў добры меч,

А кухар трымаў ужо свой —

Ніхто з іх не кінуўся прэч,

I жорсткі пачаўся бой.

Амаль гадзіну ўпарта біліся Маленькі Джон і шэрыфаў кухар, і ніхто з іх не атрымаў нават драпіны. Яны былі роўныя праціўнікі і добра валодалі ўсімі тайнамі бою на мячах.

Прытрымайце меч, пан кухар! — нарэшце крыкнуў Маленькі Джон. — Шчыра скажу, такога майстра арудаваць мячом, як ты, я яшчэ не сустракаў. Шкада, што такі маладзец мае справу з гаршкамі ды патэльнямі, каб набіць смачнымі стравамі чужыя жываты…

— Мне і самому гэта не даспадобы, — сказаў кухар. — Але што зробіш?

— Вы гэта шчыра кажаце? — абрадаваўся Маленькі Джон. — Дык калі вы валодаеце лукам гэтак жа добра, як мячом, я мог бы ўзяць вас з сабой у Шэрвудскі лес і прывесці да чалавека, якому вы з радасцю служылі б.

— А хто ён такі? — пацікавіўся кухар.

Маленькі Джон нахіліўся да яго і на вуха прашаптаў:

— Робін Гуд.

Кухар вылупіў вочы і здзіўлена ўтаропіўся на лучніка. I сапраўды, было ад чаго прыйсці ў замяшанне. Лясны разбойнік на службе ў шэрыфа! Потым кухар падняў левую руку і сказаў:

— Апусці меч. З гэтага дня я ваш таварыш.

— Тады пачастуйся разам са мной пірагом з аленінай, — засмяяўся Маленькі Джон. — Калі твая палка так нечакана апусцілася на мае лапаткі, я збіраўся якраз з’есці яшчэ адзін кавалак гэтага смачнага пірага. Цяпер, пасля нашага маленькага паядынку, у мяне разгарэўся яшчэ большы апетыт.

Кухар паклаў меч і пачаў арудаваць нажом сярод далікатэсаў на паліцах кладоўкі. Потым прынёс з кухні новыя прысмакі, і яны з Маленькім Джонам добра пабалявалі. Перад адыходам у Шэрвудскі лес кухар сказаў:

— He ісці ж нам у лес з пустымі рукамі. Я пакажу табе, дзе шэрыфава скарбніца.

— Вось каб забрацца туды! — усклікнуў Маленькі Джон. — Людзі кажуць, яна даверху набітая дарагім сярэбраным посудам, які шэрыф купіў на грошы беднякоў ад пабораў і штрафаў.

— Людзі гавораць праўду, — пацвердзіў кухар. — Дык пойдзем са мной, я пакажу, дзе ўсё гэта ляжыць.

Неўзабаве яны апынуліся перад шырокімі, акаванымі жалезам дзвярамі са сталёвымі заваламі.

— Прынясі, калі ласка, самы вялікі молат, які толькі зможаш падняць, — папрасіў Маленькі Джон кухара, і той хуценька пайшоў і прынёс цяжкі кавальскі молат.

Некалькімі магутнымі ўдарамі Маленькі Джон збіў замкі і разам з кухарам увайшоў у пакой, дзе шэрыф хаваў свае скарбы.

— Знайдзі самы вялікі мех, які толькі ёсць у доме,— зноў папрасіў Маленькі Джон, і кухар збегаў і прынёс мех, у якім мог схавацца чалавек.

Маленькі Джон напакаваў яго сярэбраным посудам і залатымі манетамі, завязаў і ўскінуў на плечы.

— А цяпер — у лес! — сказаў ён.

Кухар павёў яго таемным ходам да маленькіх патайных дзвярэй. Неўзабаве нашы героі апынуліся за сценамі горада і пашыбавалі ў лес.

Загрузка...