Раздзел пятнаццаты Робін Гуд і меднік

Калі біскуп Герфардскі вярнуўся ў Нотынгем без ніводнай, нават дробнай манеты з тых грошай, што ён сабраў за арэнду, небарака адразу пайшоў да шэрыфа, каб расказаць пра ўсё і параіцца з ім, што рабіць. А ў таго ж таксама нядаўна ачысцілі скарбніцу, і цяпер яна стаяла пустая. Абодва ненавідзелі Робін Гуда.

Назаўтра на рыначнай плошчы ад імя караля было абвешчана, што кожны, хто захоча злавіць у Шэрвудскім лесе славутага атамана разбойнікаў, атрымае ордэр на яго арышт і ўзнагароду ў сто фунтаў золатам за яго галаву.

Гараджане, якія слухалі абяву вяшчальнікаў каля рыначнага крыжа, пераглянуліся і заўсміхаліся. Яны ведалі, як лёгка паабяцаць сто фунтаў і як цяжка гэтыя грошы зарабіць. Ніхто не выйшаў наперад і не вызваўся ісці на пошукі разбойніка.

З краю натоўпу стаяў чалавек маленькага росту, каржакаваты, з брудным тварам і кірпатым носам. Вялікі скураны мех вісеў у яго за спінай на ручцы цяжкага малатка, які ён трымаў за брусок у левай руцэ. У правай у яго быў доўгі тоўсты яблыневы кій, на які ён абапіраўся, калі ўважліва слухаў вяшчальнікаў. Гэта быў вандроўны меднік, і звалі яго Джон Слай. «Сто фунтаў! — падумаў ён. — Што ж, узнагарода добрая. I ўсяго толькі за нейкага грабежніка, які хаваецца непадалёку ў лесе. Усё жыццё магу я вырабляць тазы і каструлі, а такіх грошай ніколі не ўбачу. Далібог, варта паспрабаваць».

Слай крануў за плячо гараджаніна, што стаяў побач, і спытаў:

— А ці цяжка, прыяцель, прабрацца ў логава Робін Гуда?

— Лягчэй лёгкага, — адказаў гараджанін і ўхмыльнуўся. — Але там ужо, думаю, пачнуцца для вас непрыемнасці.

Слай пагардліва трасянуў галавой. Дзень выдаўся спякотны, апошні сярэбраны пені медніка пайшоў на эль, якім ён наталіў сваю смагу.

— Клянуся, ён так лёгка не выслізне з маіх рук, — сказаў Слай і пайшоў па ордэр, які даваў яму права схапіць закаранелага злачынца Робін Гуда.

Медніку Слаю не толькі далі паперу, але яшчэ і падрабязна апісалі тыя мясціны, дзе можна знайсці Робін Гуда.

На другі дзень, на світанні, ён пайшоў з горада, цвёрда ўпэўнены, што схопіць Робін Гуда і разбагацее на гэтым. «Я пакажу паўночным тупіцам два-тры лоўкіяпрыёмчыкі,— думаў меднік Слай, размахваючы над галавой цяжкай дубінай. — Яны тут нават і не ўяўляюць сабе, якія кемныя і хітрыя жыхары поўдня. Я з горада Бэнберы, а ў нас там, у Оксфардшыры, тупагаловыя не водзяцца».

Слай ішоў ужо дзве гадзіны. Сонца паднялося высока, было вельмі горача, і ён прысеў пад вялікім разгалістым дубам, каб выцерці пот з ілба і яшчэ раз глянуць на паперу, уладанне якой поўніла сэрца гордасцю.

Зірнуўшы на паперу, ён зноў схаваў яе ў сумку і сабраўся ўжо ісці, як раптам убачыў, што па дарозе ў яго бок ідзе, не спяшаючыся, чалавек высокага росту ў пунсовым адзенні, з мячом на поясе.

«Вось добра! — падумаў Слай. — Гэты прыстойна апрануты ёмен, відаць, тутэйшы. Ручаюся, ён пакажа мне дарогу да разбойніка Робін Гуда».

Слай пайшоў насустрач чалавеку ў пунсовым адзенні. А той брыў, унурыўшы галаву. Калі падарожны выпадкова падняў вочы і ўбачыў чалавека з сумкай за плячамі, ён ветліва яму ўсміхнуўся і пачціва прывітаў яго.

— Хай вам спрыяюць нябёсы, — адказаў на прывітанне меднік. — Б’юся аб заклад, вы тутэйшы жыхар.

— Правільна, я жыву тут недалёка, — сказаў чалавек у пунсовым. — А вы дзе жывяце?

— Я меднік Джон Слай, а прыйшоў з Бэнберы, — адказаў Слай. — Якія ў вас тут навіны?

— Ат! Баюся, не вельмі прыемныя для людзей вашага рамяства, — лагодна ўсміхнуўся незнаёмы.

— А што такое? — пацікавіўся Слай.

— Ды ўчора ў нас двух меднікаў у калодкі пасадзілі за тое, што яны перапіліся.

— Кіньце вы! — закрычаў Слай, чалавек даволі запальчывы. — He стройце такія жарцікі са мной, прыяцель, a то ўраз пазнаёміцеся вось з гэтай тоўстай палкай.

— Вы прасілі расказаць вам навіны, — мякка запярэчыў незнаёмы, — і я рады быў вам услужыць. Аднак вы ж самі вандруеце з горада ў горад, з вёскі ў вёску, — навін у вас, відаць, поўны кораб. Дык, можа, раскажаце што-небудзь цікавае?

— Цікавае?! — закрычаў Слай. — А цікавае тое, што можна зарабіць сто фунтаў золатам, калі зловіш злачынца.

— Ого, няўжо праўда? — не паверыў незнаёмы. — А як гэта зрабіць?

— Ды вельмі проста. У вашых лясах хаваецца дзёрзкі разбойнік па імені Робін Гуд. У мяне ёсць дазвол злавіць яго. I калі я схаплю яго і прывяду ў Нотынгем да шэрыфа, у мяне ў кішэні зазвіняць сто фунтаў узнагароды. Памажыце мне, і частка гэтых грошай будзе ваша.

Незнаёмы пацёр пальцам лоб і, здавалася, глыбока задумаўся.

— Грошы вялікія… — прамовіў нарэшце ён. — Думаю, я мог бы паказаць вам, дзе яго шукаць.

— Цудоўна! Цудоўна! — усклікнуў меднік Слай і задаволена захіхікаў.— Тады разам і пойдзем, бо ў мяне

Папера ёсць ад караля

Спыніць яго разбой.

Дзе ён, скажыце мне, і я

Вазьму і вас з сабой.

— Пакажыце, калі ласка, мне дакумент, — папрасіў дружалюбны незнаёмы, — і, калі ён сапраўдны, я зраблю ўсё, каб вы сустрэліся з Робін Гудам.

Слай толькі ўхмыльнуўся і падмаргнуў адным вокам.

— He, не! — сказаў ён. — Дакумент гэты я нікому не пакажу. He магу нікому даверыць. Памажыце знайсці разбойніка, і я падзялюся з вамі ўзнагародай. А калі не захочаце, што ж, мне напляваць: я і сам яго знайду.

— Бачу, вы чалавек асцярожны, — сказаў незнаёмы. — Але не асуджаю вас за гэта. Апошнім часам на дарогах сустракаюцца і нядобрыя людзі. Ды грошы ўсё ж вялікія, і я шчыра прызнаюся: мне вельмі б хацелася атрымаць з іх долю. А што, калі мы разам з вамі завітаем у «Каралеўскі алень» і ўсё там як след абгаворым за збанком халоднага элю?

— О, з радасцю, — меднік нават аблізнуўся, уявіўшы вялікі куфаль з элем, і пашыбаваў услед за незнаёмцам.

Праз мілю ці крыху больш яны падышлі да карчмы. Дзверы адчыніў ім сам карчмар. Гаспадар сустрэў госця ў пунсовым вельмі пачціва і адразу паспяшаўся прынесці пузаты збан элю і бутэльку канарскага. Маленькія вочкі медніка заблішчалі ад такой гасціннасці і шчодрасці. Ён з вялікай ахвотай і смакам апаражняў кубак за кубкам і горача дзякаваў чалавеку, што прывёў яго сюды, за цудоўны пачастунак.

Амаль увесь эль і віно выпіў ён адзін, бо незнаёмы толькі ледзь дакранаўся губамі да свайго куфля, а на падахвочванні медніка адказваў, што ён абдумвае, як найлепш ім злавіць Робін Гуда.

Збан і бутэлька апусцелі. Меднік пачаў кляваць носам і неўзабаве ўжо мірна хроп у кутку на лаве.

Чалавек у пунсовым усміхнуўся і адкрыў сумку Слая. Выняў з яе дакумент, прачытаў, і ўсмешка расплылася на яго твары. Ён засунуў паперу сабе ў кішэню і ціхенька выйшаў з карчмы.

Хвілін праз дзесяць у піўную залу ўвайшоў карчмар і аж здрыгануўся, калі ўбачыў, што чалавек у пунсовым знік, пакінуўшы бруднага абарванага медніка аднаго. Ён устрывожыўся: хто ж заплаціць за выпітае?

— Прачынайцеся! — крыкнуў ён і тузануў соннага госця.

— He, не, больш не трэба, дружа, больш ні-ні,— скрозь сон прамармытаў меднік. — Я ўжо добра такі выпіў за твой кошт.

— Я паклапачуся, каб гэта было не за мой кошт! — зазлаваў карчмар. — Прачынайся, санлівы бадзяга, ты не заплаціў па рахунку!

— Ты ўжо заплаціў па рахунку? — зноў прамармытаў меднік, думаючы, што размаўляе са сваім сабутэльнікам. — Як велікадушна з твайго боку. Павер мне, я не забуду тваёй шчодрасці, калі справа дойдзе да дзяльбы ўзнагароды.

— Навошта мне твая ўзнагарода! — кіпеў гневам карчмар. — Аддай, што вінен, і будзь здароў,— і так страсянуў медніка, што з яго імгненна зляцеў сон.

— Што? Чаго? Чаму? — прагаварыў ён збянтэжана. — А дзе мой таварыш, адважны ёмен, які падрадзіўся ісці са мной і браўся заплаціць за дваіх?

Раптам позірк Слая ўпаў на раскрытую сумку. Ён схапіў яе і зазірнуў усярэдзіну. I адразу зароў, як бык.

— Памажыце! — закрычаў ён. — Памажыце! Мяне разарылі! Абакралі, абрабавалі, прадалі! Дзе папера ад караля? Яна знікла, яе ўкралі!

— Папера ад караля? — здзівіўся карчмар. — Хто даверыць такому абадранцу паперу караля? А што ў ёй?

— Паверце мне, добры гаспадар, у мяне быў дакумент ад самога шэрыфа Нотынгема: дазвол караля злавіць злачынца па імені Робін Гуд.

— Злавіць Робін Гуда? — усклікнуў карчмар. — Нічога не разумею… Ты ж толькі што піў з ім, з Робін Гудам.

Толькі замест ярка-зялёнай вопраткі, у якой ён звычайна ходзіць, сёння на ім была пунсовая.

Ад здзіўлення меднік разявіў рот, вочы яго, здавалася, вось-вось выскачаць з вачніц. Нейкі час ён не мог вымавіць ні слова, потым сутаргава глытнуў паветра і выціснуў з сябе:

— Гэта быў Робін Гуд?! А людзі ж казалі, што з выгляду ён вельмі страшны, што ў яго дужа жорсткі твар. Сапраўдны дзікі лясны разбойнік. А гэты чалавек вельмі прыстойны, падобны на добрага ёмена.

— Робін Гуд мае шмат абліччаў,— зазначыў карчмар. — З табою быў ён. Гэта такая ж праўда, як тое, што я стаю вось тут, перад табою, і як тое, што ты выжлукціў вялікі збан найлепшага майго элю і цэлую бутэльку канарскага.

— Дык ён жа абяцаў заплаціць. Сам запрасіў мяне ў карчму выпіць з ім.

— Пра гэта я нічога не ведаю, — суха адрэзаў карчмар. — Адно ведаю: збан і пляшка стаяць парожнія і ты павінен расплаціцца.

— Колькі ж гэта выходзіць? — сумна спытаў меднік.

— Дзесяць шылінгаў.

— Дзесяць шылінгаў? — усклікнуў меднік. — У мяне не знойдзецца і дзесяці няшчасных фартынгаў.

— Раз так, аддавай свой малаток і сумку з начыннем.

— Што?! Малаток і прылады? А як на харч я сабе зараблю?

— Раней трэба было пра гэта думаць, да таго, як у даўгі ўлазіць, — холадна адказаў карчмар.

Меднік бушаваў, ашалела крычаў, пасылаў праклёны на галаву ашуканца, абвінавачваў карчмара ў змове з ім, прысягаў, што знойдзе на іх управу.

— Вось і добра, — сказаў карчмар. — Думаю, закон будзе на маім баку. Сядзіш, п’еш з нейкім разбойнікам, а калі той дае драла, не хочаш плаціць па рахунку. Я ўпэўнены, давядзецца табе адказаць па закону.

Слай зразумеў, што карчмар кажа праўду і што лепш як мага далей уцякаць ад бяды. Ён аддаў карчмару малаток і прылады, схапіў свой тоўсты яблыневы кій і пайшоў з «Каралеўскага аленя» ні з чым.

— Мне б толькі спаткаць дзе-небудзь гэтага прайдзісвета ў пунсовым, — прабурчаў Слай, зачыніўшы за сабой дзверы карчмы. — Я выб’ю тады пыл з яго курткі, каб на яго чума і мор! — Ён помсліва пакруціў над галавой цяжкай дубінай.

Меднік рушыў у дарогу і выпадкова збочыў на тую ж сцяжыну, па якой незадоўга перад гэтым ішоў Робін Гуд. He прайшоў Слай і мілі, як наперадзе, на павароце, мільганула яркая пляма, а потым ён убачыў чалавека ў пунсовым. Чалавек стаяў і пазіраў на аленяў, якія мірна пасвіліся на лужку.

Слай з усіх ног кінуўся да незнаёмца, выкрыкваючы — пагрозы і выклікаючы на бой.

Робін Гуд павярнуўся да раз’юшанага медніка і, усміхаючыся, сказаў:

— Што за грабежнік бяжыць да мяне?

— Я не грабежнік! Гэта ты грабежнік! Нарэшце я высачыў цябе, Робін Гуд, і вось гэтай цяжкай дубінай адаб'ю ў цябе ахвоту абкрадаць людзей. Я разлічуся з табой.

Як маланка наляцеў Слай на Робін Гуда. Робін Гуд не паспеў выхапіць з ножан меч, і цяжкі кій са свістам апусціўся на яго плечы. Ён пахіснуўся, але праз момант трымаў ужо меч у руцэ і гатовы быў да паядынку.

Спачатку Робін Гуд ухіляўся ад страшных удараў медніка, а потым у ім закіпела кроў, і ён сам пачаў атакаваць праціўніка, прымусіў яго перайсці да абароны. Але і ў абароне Слай паказаў умельства і спрыт, раз за разам адбіваючы напады. Меч звінеў, стукаючыся аб дрэва, дрэва гуло пры ўдары аб меч, і рэхам адгукаўся лес. Нарэшце імклівым выпадам Слай моцна выцяў сваёй доўгай дубінай Робін Гуда па локці правай рукі. Рука анямела ад кончыкаў пальцаў да пляча, і Робін Гуд не мог ужо трымаць зброю.

— Давай перадыхнём трохі, меднік, — сказаў Робін Гуд. — Я гатовы нават прасіць літасці.

— Літасці захацеў?! — закрычаў меднік. — Перш чым злітавацца, я павешу цябе вось на гэтым суку! Ну падыдзі, падыдзі, нягоднік. Здаецца, я зараз схаплю славутага Робін Гуда. Узнагарода ўжо ў мяне ў кішэні!

Меднік бачыў ужо сто залатых у кішэні і нават некалькі разоў падскочыў ад радасці. Потым азірнуўся, шукаючы, у якім баку Нотынгем.

Улучыўшы момант, калі Слай павярнуўся да яго спінай, Робін Гуд схапіў свой сігнальны ражок і затрубіў.

— Кінь! — закрычаў меднік. — Цяпер позна ўжо трубіць у ражок. Пойдзеш са мной, а калі заўпарцішся, дык я ўгавару цябе вось гэтай дубінай, — і кій Слая прасвісцеў у паветры.

Але тут на сцежку выскачылі Маленькі Джон і Уіл Скарлет. Яны спяшаліся на дапамогу свайму атаману.

Меднік здзіўлена ўтаропіўся на Маленькага Джона. Людзей такога вялікага росту яму яшчэ не даводзілася бачыць.

— Клянуся галавой, — усклікнуў Слай, — я такіх веліканаў у жыцці не бачыў! He думайце, што я ўцякаю. Вы яшчэ мяне не знаеце! — закрычаў ён, падбег да бліжэйшага дрэва і прыхінуўся да яго спінай. Ён пільна сачыў за праціўнікамі, гатовы абараняцца і атакаваць.

Робін Гуд апусціўся на прыдарожны грудок, бо ногі яго не трымалі. Усё цела налілося болем, рукі і пляча ён амаль не адчуваў: дубіна медніка Слая добра пагуляла па ім.

— Што тут было, атаман? — устрывожыўся Маленькі Джон. — Чаму ты такі змрочны і зняможаны?

— Бачыш каля дуба чалавека з дубінаю? Гэта вандроўны меднік. Ён зрабіў з мяне адбіўную, — сказаў Робін Гуд.

— Ах нягоднік! — закрычаў Маленькі Джон. — Дык няхай паспрабуе і з мяне зрабіць тое ж самае! Цяпер мая чарга.

I, узняўшы над галавой дубіну, волат кінуўся да Слая, які храбра чакаў яго нападу. Але палкі іх не паспелі скрыжавацца. Робін Гуд загадаў свайму першаму памочніку спыніцца.

— Я на гэтага чалавека не крыўдую, — сказаў атаман разбойнікаў.— Ён меў усе падставы біцца са мною. Я пазбавіў яго багацця: адняў грамату на маё затрыманне, а ён ускладаў на яе вялікія надзеі. Але раз я разарыў яго адным спосабам, дык узбагачу другім. Скажы, меднік, колькі ты зарабляеш у час сваіх вандровак?

— Пахваліцца няма чым, — адказаў Слай. — Бывае, атрымаеш за дзень адну-дзве манеты і вячэру, а бывае, цалюткі дзень праходзіш — і ні граша не заробіш. Калі надарыцца купіць збанок элю, я лічу, што мне пашанцавала.

— He дужа весела жывеш, — засмяяўся Робін Гуд.

— Сабачае жыццё, — пагадзіўся меднік. — Сабачае.

— Тады памяняй яго на наша і жыві ў слаўным зялёным лесе. Удзень мы палюем на аленяў, а ўвечары шчодра частуемся аленінай і запіваем залацістым элем. Ты адважны чалавек, такіх я люблю. Гайда да нас!

— Я згодны, атаман! — абрадаваўся меднік. — Такое жыццё па мне, як добры бот на назе. Я з вамі на жыццё і на смерць, — і яны з Робін Гудам паціснулі адзін аднаму руку, змацаваўшы дагавор.

Вось так меднік Джон Слай, замест таго каб паляваць на Робін Гуда, стаў верна яму служыць, зрабіўся яго прыхільнікам. Старадаўняя балада, якая апавядае пра тое, як Робін Гуд залучыў у свой атрад новага слаўнага стралка, канчаецца словамі:

Цяпер адзін у нас з ім лёс —

Ён з намі хоча жыць.

Што б нам выпадак ні прынёс,

З ім будзем ўсё дзяліць.

I меднік йшоў сярод дуброў,

Ад радасці аж млеў,

Што добрых ён знайшоў сяброў.

На тым я скончу спеў.

Загрузка...